Выхад 38 разьдзел
Выхад
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 2002
Зрабіў ён і ахвярнік цэласпалення з дрэва акацыі, пяць локцяў даўжыні, і пяць локцяў у шырыню, і тры локці ў вышыню,
І зрабіў ахвярнік цэлапаленьня з дрэва акацыі, пяць локцяў даўжыні і пяць локцяў шырыні, квадратны, і тры локці вышыні.
рогі якога выходзілі з вуглоў; і пакрыў яго меднымі пласцінамі.
І зрабіў рогі на чатырох вуглах ягоных, так што рогі выставалі зь яго, і пацягнуў іх медзьдзю.
І зрабіў з медзі ўсе прыналежнасці да ахвярніка: папяльніцы, гаршкі, лапаткі, крапільніцы, вілкі і кадзільніцы.
І зрабіў зь медзі ўсе прыналежнасьці да ахвярнік: папяльніцы, гаршчкі, лапаткі, крапільніцы, вілкі і кадзільніцы.
І зрабіў медныя краты для яго накшталт сеткі пад край ахвярніка знізу аж да сярэдзіны яго,
І зрабіў для ахвярніка краты зь медзі ў форме сеткі, пад краем ахвярніка зьнізу аж да паловы вышыні яго.
зрабіўшы чатыры кольцы на такую ж колькасць краёў кратаў для прасоўвання жэрдак, каб несці ахвярнік.
І зрабіў чатыры колцы на чатырох вуглах медзянай краты на ўкладаньне насілаў.
І зрабіў іх саміх з дрэва акацыі, і пакрыў меднымі пласцінамі;
І зрабіў насілы з дрэва акацыі, і пацягнуў іх медзьдзю.
і прасунуў у кольцы, што выступалі з бакоў ахвярніка. Сам жа ахвярнік быў пусты, зроблены з дошак, полы ўнутры, а не суцэльны.
І ўлажыў насілы ў колцы па баках ахвярніка, каб яго на іх пераносіць. Сам жа ахвярнік зрабіў з дошкаў, у сярэдзіне пусты.
Зрабіў і таз медны з падножжам яго з люстэрак жанчын, якія служылі пры ўваходзе ў палатку сустрэчы.
І зрабіў умывальнік медзяны з падставамі зь медзі; зрабіў яго зь люстэрак жанчынаў, якія служылі пры ўваходзе ў Палатку Сустрэчы.
Зрабіў і панадворак, на паўднёвым баку якога былі заслоны з кручанага вісону даўжынёю ў сто локцяў;
І зрабіў панадворак Скініі. З паўдзённага боку заслоны панадворку былі з кручанага вісону, доўгія ў сто локцяў,
дваццаць слупоў медных з падножжамі іх; аплікі слупоў і кольцы іх — срэбраныя.
і слупкоў да іх дваццаць, і падножак да іх дваццаць медзяных, поруч кручкі і зьвязы серабраныя.
Таксама на паўночным баку былі заслоны, слупы і падножжы, аплікі і кольцы пры слупах тых жа памеру, работы і металу.
На паўночным баку заслоны былі даўжынёй у сто локцяў, а да таго — дваццаць слупкоў і дваццаць падножак зь медзі, поруч кручкі пры слупках ды зьвязы на іх зь серабра.
А на тым баку, які глядзіць на захад, былі заслоны пяцьдзесят локцяў у шырыню, дзесяць слупоў з іх падножжамі; і аплікі слупоў і кольцы іх — срэбраныя.
Ад заходняга боку заслоны мелі пяцьдзесят локцяў шырыні, а пры тым дзесяць слупкоў і дзесяць падножак, кручкі на слупках і зьвязы на іх зь серабра.
У сваю чаргу ён падрыхтаваў для ўсходняга боку заслоны пяцьдзесят локцяў шырыні,
Ад ўсходняга боку заслоны мелі такжа пяцьдзесят локцяў шырыні.
з якіх адзін бок меў заслоны ў пятнаццаць локцяў і тры слупы і столькі ж падножжаў;
З аднога боку заслоны былі ў пятнаццаць локцяў, а пры тым тры слупкі і тры падножкі.
а з другога боку — бо ён зрабіў выхад з палаткі з абодвух бакоў — заслоны былі таксама ў пятнаццаць локцяў, і тры слупы і столькі ж падножжаў.
І з другога ж боку, па абодвух баках брамы панадворку, заслоны былі такжа ў пятнаццаць локцяў, а пры тым тры слупкі і тры падножкі.
Усе заслоны панадворка кругом ён выткаў з кручанага вісону.
Усе заслоны, што ўтваралі агараджэньне панадворку, былі вытканы з кручанага вісону.
Падножжы слупоў былі з медзі, аплікі ж іх і кольцы іх срэбраныя, і вяршыні іх ён пакрыў срэбрам, і ўсе слупы панадворка абклаў ён срэбранымі кольцамі.
А падножкі да слупкоў былі зь медзі, кручкі ж пры слупках, поруч іх зьвязы — зь серабра, а галоўкі іхнія былі пацягнуты серабром, і ўсе слупкі панадворка мелі серабраныя зьвязы.
Зрабіў заслону ля ўваходу ў панадворак з гіяцынту і пурпуру, чырвані і кручанага вісону залататканай работы; і мела яна дваццаць локцяў у шырыню і пяць локцяў у вышыню згодна з памерам, які мелі ўсе заслоны панадворка.
Заслона ля ўваходу на панадворак была зь фіялетавага і чырвонага пурпуру, кармазыну і кручанага вісону, шматколерна вышытая, і мела дваццаць локцяў шырыні і пяць локцяў вышыні згодна зь мерамі іншых заслонаў панадворку.
І было чатыры слупы ля ўваходу з меднымі падножжамі і срэбранымі аплікамі; і вяршыні, і кольцы іх ён пакрыў срэбрам.
Чатыры слупкі да яе ды іх падножкі былі зроблены зь медзі, а кручкі пры іх — зь серабра, поруч пакрыцьцё іх галоўкаў ды зьвязы былі зь серабра.
Таксама зрабіў ён калкі скініі і калкі панадворка з медзі.
Усе калкі Скініі і панадворку былі скрозь зь медзі.
Вось падрахунак выдаткаў на скінію, на скінію сведчання, які быў зроблены па загадзе Майсея з дапамогаю левітаў пад наглядам Ітамара, сына Аарона святара.
Вось падрахунак выдаткаў на Скінію, на Скінію Сьведчаньня, каторую па загаду Майсея пабудавалі левіты пад наглядам Ітамара, сына Аарона сьвятара.
А Бесэлеэль, сын Ура, сына Гура з пакалення Юды, выканаў усё, што загадаў Госпад Майсею, узяўшы сабе
А Бэцалеэль, сын Урыі, сына Гура з пакаленнья Юды, выканаў усё, што загадаў Госпад Майсею.
памочнікам Агаліяба, сына Ахісамаха з пакалення Дана, майстра, ткача-адамашніка, вышывальшчыка па гіяцынце і пурпуры, чырвані і вісоне.
Зь ім працаваў Агаліяб, сын Ахісамаха з пакаленьня Дана, як выдатны разьбяр, ткач і вышывальнік па фіялетавым і чырвоным пурпуру, карамзыну поруч вісону.
Усяго золата, што было ўзважана для работы над святыняй і што было прынесена ў дарах, было дваццаць дзевяць талентаў і семсот трыццаць сікляў па вазе сікля святога.
Выкарысталі ж усяго золата на работы пры пабудове сьвятыні дваццаць дзевяць талентаў з ахвяраваньняў і семсот трыццаць сыкляў па вазе сыкля сьвятыні.
Срэбра ж ад тых, хто быў запісаны ў грамадзе, было сто талентаў і тысяча семсот семдзесят пяць сікляў паводле памераў сікля святога.
Серабра ж ад запісаных у супольнасьць было сто талентаў і тысяча семсот семдзесят пяць сыкляў паводле вагі сыкля сьвятыні.
Адну бэку, гэта значыць паўсікля паводле памеру сікля святога, даў кожны, хто падпаў пад спіс, пачынаючы ад дваццаці гадоў і вышэй, ад шасцісот трох тысяч пяцісот пяцідзесяці мужчын.
Адзін бэка на галаву, або паўсыкля, паводле вагі сыкля сьвятыні, брана ад усіх, каторыя падпалі пад сьпіс, пачынаючы ад дваццаці гадоў і вышэй, гэта значыць ад шасьцісот трох тысячаў пяцісот пяцідзесяці мужчынаў.
Сто талентаў срэбра было скарыстана на адліццё падножжаў святыні, і падножжаў ля пакрывалаў; было адлічана па адным таленце на адно падножжа.
Сто талентаў серабра скарыстана на адліцьцё падножак сьвятыні і падножак для заслонаў; сто талентаў на сто падножак, значыць, па таленце на адну падножку.
А з тысячы семісот сямідзесяці пяці сікляў ён зрабіў аплікі да слупоў і пакрыў іх вяршыні, і абклаў іх срэбрам.
З тысячы семісот сямідзесяці пяці сыкляў зроблена кручкі да слупкоў і пакрыцьці на іх галоўкі, і зроблена таксама для іх зьвязы.
Таксама медзі было прынесена семдзесят талентаў і дзве тысячы чатырыста сікляў, з якіх ён
А медзі, каторую складзена ў ахвяру, было семдзесят талентаў і дзьве тысячы чатырыста сыкляў.
зрабіў падножжы для ўваходу ў палатку сустрэчы і медны ахвярнік з яго кратамі і ўсімі пасудзінамі, што служаць яму,
Адліта зь яе падножкі для ўваходнай брамы ў Палатку Сустрэчы, медзяны ахвярнік з кратай медзянай на ім і другія прыналежнасьці ахвярніка,
і падножжы панадворка, як вакол яго, так і для ўваходу, і ўсе калкі скініі і панадворка кругом.
падножкі панадворку, падножкі ў браму на панадворак, усе калкі Скініі і ўсе калкі панадворку.