Выхад 34 разьдзел
Выхад
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 2002
І сказаў Госпад Майсею: «Вычашы сабе дзве каменныя табліцы, падобныя папярэднім, а Я напішу на іх словы, якія мелі табліцы, што ты разбіў.
І сказаў Госпад Майсею: «Вычашы сабе дзьве каменныя табліцы, падобныя папярэднім, а Я напішу на іх словы, каторыя мелі тыя табліцы, каторыя ты пабіў.
Будзь гатовы раніцай, каб узысці зараз жа на гару Сінай; і стань там перада Мною на вяршыні гары.
Будзь гатовы заўтра рана ўзыйсьці зараз жа на гару Сынай і стаць там перада Мною на вяршыні гары.
Ніхто хай не ўзыходзіць з табою, і ніхто хай не паказваецца на ўсёй гары; таксама авечкі і валы хай не пасвяцца насупраць».
Ніхто ня можа ўзыходзіць з табою, і ніхто ня можа паказацца на ўсёй гары. Таксама авечкі і валы ня можна пасьвіць насупраць (гары)».
Такім чынам, Майсей вычасаў дзве каменныя табліцы, як раней былі; і, падняўшыся зацемна, узышоў на гару Сінай, як яму загадаў Госпад, несучы з сабой табліцы.
Дык Майсей вычасаў дзьве каменныя табліцы, як раней былі, і, падняўшыся рана, узыйшоў на гару Сынай, як яму загадаў Госпад, несучы з сабой табліцы.
Калі Госпад сышоў у воблаку, ён стаў каля Яго, прызываючы імя Госпада.
І Госпад зыйшоў у воблаку, а ён (Майсей) стаў каля Яго і прызваў імя Госпада.
І, праходзячы перад ім, ён усклікнуў: «Госпадзе, Госпадзе Божа, міласэрны і літасцівы, цярплівы і з вялікай літасцю, і праўдзівы,
І калі Госпад праходзіў перад ім, ён клікаў Яго: «Госпадзе, Госпадзе Божа, міласэрны і спагадны, цярплівы і вельмі міласьцівы, і любячы праўду,
Які захоўвае міласэрнасць на тысячы [пакаленняў], Які прабачае беззаконні, і злачынствы, і грахі, але не пакідае нічога беспакараным, Які вяртае правіннасць бацькоў сынам і ўнукам у трэцім і чацвёртым пакаленні».
Каторы захоўваеш міласэрдзе на тысячы пакаленьняў і Каторы прабачаеш беззаконьні, і злачынствы, і грахі, але не без пакараньня, Каторы адгаджаеш няправасьць бацькоў на сынах і ўнуках аж да трэцяга і чацьвёртага пакаленьня».
І зараз жа Майсей пакланіўся, нахіляючыся да зямлі, і сказаў, кланяючыся:
І зараз жа Майсей упаў на зямлю і пакланіўся,
«Калі я знайшоў ласку перад абліччам Тваім, Госпадзе, малю, каб Ты пайшоў з намі; народ, што праўда, цвёрдага карка, але Ты прабач правіннасці нашыя і грахі і зрабі нас Сваёй спадчынай».
кажучы: «Калі я знаходжу ласку перад абліччам Тваім, Госпадзе, малю, пайдзі з намі. Народ, што праўда, цьвёрдага карку, але Ты прабач правіннасьці нашыя і грахі, і зрабі нас Сваёй спадчынай».
Адказаў Госпад: «Я заключаю запавет перад усім народам тваім; буду чыніць цуды, ніколі яшчэ не бачаныя на ўсёй зямлі і ні ў якіх народаў, каб убачыў увесь народ, у якім ты пражываеш, справу Госпадаву страшную, якую Я маю зрабіць з табою.
Адказаў Госпад: «Вось Я заключаю запавет перад усім народам тваім. Буду чыніць цуды, ніколі яшчэ ня бачаныя на ўсёй зямлі і ні ў якіх народаў, каб убачыў увесь народ, у якім ты пражываеш, дакон Госпадаў страшны, які Я чыню з табою.
Захавай усё, што Я табе загадваю сёння, і Я Сам выганю перад абліччам тваім амарэя, хананея, хетэя, феразея, гівея і евусея.
Захавай усё, што Я табе загадваю сягоньня, а Я выганю перад табой Амарэйца, Хананейца, Гетыта, Пэрэзея, Гівея і Ебусея.
Сцеражыся, каб з жыхарамі зямлі, у якую ўвойдзеш, ніколі не заключаць пагаднення, якое будзе табе на загубу;
Сьцеражыся, каб з жыхарамі зямлі, у якую ўвойдзеш, ніколі не завязваў сяброўства, бо яны табе будуць на загубу;
але знішчы іх ахвярнікі, разбі іх камяні і ссячы святыя гаі.
але зьнішчыце іхнія ахвярнікі, і разьбіце каменьні і павысякайце сьвятыя гаі.
Не пакланяйся богу чужому: Госпад, імя Якога — руплівы апякун, Ён — Бог апякун, Які любіць.
Не пакланяйся богу чужому, бо Зайздросны — імя Госпада, Ён — Бог зайздросны.
Не заключай пагаднення з людзьмі гэтых земляў, каб, калі будуць яны распуснічаць са сваімі багамі і складаць ім ахвяры, не запрасіў цябе хто-небудзь і каб ты не еў ахвяры іх.
Не заключай угоды зь людзьмі гэтае зямлі, каб, калі будуць яны распусьнічаць са сваімі багамі і складаць ім ахвяры, не запрасіў цябе хто, і каб ты ня еў ахвяры іхнія.
Не бяры з іх дачок сынам сваім жонак, каб, калі будуць яны распуснічаць са сваімі багамі, не прымусілі і сыноў тваіх распуснічаць з багамі сваімі.
Не бяры з дачок іхніх сынам сваім жонак, каб, калі яны будуць распусьнічаць з багамі сваімі, ня сталі з багамі іхнімі распусьнічаць і сыны твае.
Не рабі сабе багоў літых.
Не рабі сабе багоў літых.
Захоўвай урачыстасць праснакоў: сем дзён еж праснакі, як Я загадаў табе, у вызначаны час месяца Абіб; бо ў месяцы Абіб веснавой пары выйшаў ты з Егіпта.
Сьвяткуй Урачыстасьць Праснакоў: сем дзён будзеш есьці прэснае, як Я загадаў табе, ў вызначаны час месяца Абіб, бо ў месяцы Абіб выйшаў ты з Эгіпту.
Усё, што разрывае ўлонне, мужчынскга роду хай будзе Маім; ад усяго статка твайго, як з валоў, так і з авечак, хай Маім будзе.
Усё мужчынскага роду, што разрывае ўлоньне, Мне належыцца; усё са статку твайго, як з валоў, так і з авечак, Маім будзе.
Першароднага асла выкупі авечкай, а калі не дасі за яго цану, то скруці яму шыю. Першароднага з сыноў сваіх выкупляй і не з’яўляйся перад абліччам Маім з пустымі рукамі.
Першароднага асла выкупіш авечкай, а калі не заменіш, то скруці яму шыю. Усіх першародных сыноў сваіх выкупляй, і не прыходзь на від Мой з пустымі рукамі.
Шэсць дзён працуй, а ў дзень сёмы пакінь нават араць і жаць.
Шэсьць дзён будзеш працаваць, а ў дзень сёмы перастанеш нават араць і жаць.
Учыні сабе свята сёмага дня ў час пяршыняў жніва твайго пшанічнага і свята збораў, калі ўсё збіраецца ў канцы года.
Сьвяткуй Сьвята Тыдняў, сьвята Пяршынаў жніва пшаніцы, і сьвята Збораў у канцы года.
Тры разы ў год хай кожны мужчына твой з’явіцца перад абліччам Усемагутнага Госпада, Бога Ізраэля.
Тры разы ў год павінен кожны мужчына твой явіцца перад аблічча Ўсемагутнага Госпада, Бога Ізраэля.
Бо калі Я выганю народы ад твару твайго і пашыру твае межы, ніхто не будзе наладжваць засаду на зямлю тваю, калі тры разы ў год ты пойдзеш і пакажашся перад абліччам Госпада, Бога твайго.
Бо Я выганю народы ад цябе і пашыру твае межы, і ніхто ня будзе нападаць на зямлю тваю, калі тры разы ў год пойдзеш паказацца перад воблікам Госпада, Бога твайго.
Не пускай кроў ахвяры Маёй над рошчынаю; і хай нічога не застаецца да раніцы наступнага дня з ахвяры пасхальнай.
Не ахвяроўвай крыві ахвяры Маёй з квашаным хлебам; і нічога не павінна заставацца на другі дзень з ахвяры пасхальнай.
Пяршыні пладоў зямлі тваёй прынясі ў дом Госпада, Бога твайго. Не вары казляня ў малацэ маці яго».
Найлепшыя пяршыны зямлі тваёй прынясі ў дом Госпада, Бога твайго. Не вары казьлянё ў малаку маці ягонай».
І сказаў Госпад Майсею: «Занатуй гэтыя словы сабе, якімі Я заключыў запавет з табою і з Ізраэлем».
І сказаў Госпад Майсею: «Запішы гэтыя словы сабе, бо ў гэтыя словы Я заключыў запавет з табою і зь Ізраэлем».
Такім чынам, быў там з Госпадам сорак дзён і сорак начэй; не еў хлеба і не піў вады; і напісаў [Бог] на табліцах словы запавету, дзесяць слоў.
І быў (Майсей) у Госпада сорак дзён і сорак начэй, і ня еў хлеба ды ня піў вады, і напісаў на табліцах словы запавету, Дзесяць словаў.
І, калі Майсей сыходзіў з гары Сінай, ён трымаў дзве табліцы сведчання, і не ведаў ён, што скура твару яго ззяла з-за размовы яго з Госпадам.
Калі Майсей зыходзіў з гары Сынай з дзьвюма табліцамі Сьведчаньня ў руцэ, ня ведаў ён, што твар яго праменяваў дзеля размовы яго з Госпадам.
А Аарон і сыны Ізраэля, бачачы здалёк, што скура твару яго ззяла, пабаяліся падысці бліжэй;
Калі Аарон і сыны Ізраэля ўбачылі здалёк, што твар Майсея праменяваў, баяліся прыступіцца да яго.
і, пакліканыя ім, вярнуліся і Аарон, і ўсе кіраўнікі грамады. І, калі Майсей гаварыў з імі,
А калі Майсей паклікаў іх, прыйшлі да яго Аарон і ўсе князі грамады, і калі Майсей гаварыў зь імі,
прыйшлі да яго таксама ўсе сыны Ізраэля; ім ён загадаў зрабіць усё, што чуў ад Госпада на гары Сінай.
прыйшлі да яго таксама ўсе сыны Ізраэля, каторым ён загадаў зрабіць усё, што чуў ад Госпада на гары Сынай.
Па заканчэнні размоў паклаў ён пакрывала на твар свой,
Па заканчэньні размоваў зь імі залажыў ён засланку на твар свой,
якое здымаў, уваходзячы да Госпада і размаўляючы з Ім, пакуль не выходзіў; і тады расказваў сынам Ізраэля ўсё, што яму было Госпадам загадана.
каторую здымаў, калі ўзыходзіў да Госпада і гаварыў зь Ім, аж пакуль зыходзіў. І тады расказваў сынам Ізраэля ўсё, што яму было Госпадам загадана.
Яны бачылі, што скура твару Майсея ззяла, але ён закрываў зноў твар свой, аж пакуль, увайшоўшы, размаўляў з Ім.
І сыны Ізраэля маглі бачыць твар Майсея, як праменявала скура вобліку яго, але Майсей закрываў зноў твар свой, пакуль не ўзыходзіў гаварыць зь Ім.