Выхад 17 разьдзел
Выхад
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 2002
Такім чынам, па загадзе Госпада ўся супольнасць сыноў Ізраэля, выйшаўшы з пустыні Сін у далейшую дарогу, стала лагерам у Рэфідыме, дзе ў народа не было вады для піцця.
Па загаду Госпада ўся супольнасьць сыноў Ізраэля выйшла з пустыні Сін у далейшую дарогу. І сталі яны табарам у Рэфідыме, дзе народ ня меў вады да піцьця.
Дакараў народ Майсея, кажучы: «Дай нам вады, каб напіцца». Адказаў ім Майсей: «Што вы дакараеце мяне? Чаму спакушаеце Госпада?»
І дакараў народ Майсея, і казаў: «Дай нам вады напіцца». Адказаў ім Майсей: «Што вы дакараеце мяне? Чаму спакушаеце Госпада?»
Але народ там смагнуў з-за недахопу вады, і таму наракаў на Майсея, кажучы: «Навошта вы прымусілі нас выйсці з Егіпта, каб нас і нашых дзяцей, і нашую жывёлу замарыць смагаю?»
Але народ там смагнуў вады, і таму наракаў на Майсея, і казаў: «Пашто ты выводзіў нас з Эгіпту, каб нас, і нашых дзяцей, і нашую жывёлу ўмарыць смагаю?»
І паклікаў Майсей Госпада, кажучы: «Што мне рабіць з гэтым народам? Мала не хапае, і ўкамянуюць мяне!»
І прызываў Майсей Госпада, і казаў: «Што маю рабіць я з гэтым народам? Мала не хапае, і ўкамянуюць мяне!»
І Госпад сказаў Майсею, кажучы: «Выйдзі да народа і вазьмі некалькі старэйшын Ізраэля з сабою, і кій трымай у руцэ тваёй, якім ударыў раку, і ідзі.
Госпад адказаў Майсею: «Выйдзі перад народам і вазьмі некалькі старшыняў Ізраэля з сабою. Вазьмі ў руку палку, катораю ўдарыў Раку, і ідзі.
А Я стану перад табой на скале Гарэб, і ты ўдарыш скалу, і пацячэ з яе вада, каб народ піў». Майсей зрабіў так на вачах старэйшын Ізраэля.
Вось жа Я стану перад табой на скале, на Гарэбе. І ты ўдарыш у скалу, і пацячэ зь яе вада, і народ нап'ецца». І Майсей зрабіў так на вачах старшыняў Ізраэля.
І назваў ён гэта месца Маса і Мэрыба з-за папрокаў сыноў Ізраэля і таму, што яны спакушалі Госпада, кажучы: «Ці сапраўды Госпад прабывае паміж нас, ці не?»
І назваў ён гэтае месца Масса і Мэрыба, бо тут вадзіліся сыны Ізраэля і спакушалі Госпада, кажучы: «Ці сапраўды Госпад прабывае паміж нас, ці не?»
І прыйшоў Амалек, і змагаўся з Ізраэлем у Рэфідыме.
І прыйшоў Амалек ў Рэфідым, каб ваяваць зь Ізраэлем.
І Майсей сказаў Ешуа: «Выберы нам мужчын і ідзі, ваюй з Амалекам; заўтра я стану на вяршыні гары, трымаючы кій Божы ў руцэ сваёй».
Майсей тады сказаў Ешуу: «Выбяры сабе мужчын і ідзі, ваюй з Амалекам. Заўтра я стану на вяршыні гары, трымаючы кій Божы ў руцэ маёй».
І зрабіў Ешуа, як сказаў яму Майсей, і ваяваў супраць Амалека; а Майсей, і Аарон, і Гур узышлі на вяршыню гары.
І зрабіў Ешуа, як сказаў яму Майсей, і ваяваў супраць Амалека. А Майсей, Аарон і Гур узыйшлі на верх гары.
І пакуль Майсей трымаў рукі паднятымі, перамагаў Ізраэль, а калі апускаў, перамагаў Амалек.
І пакуль Майсей трымаў рукі паднятымі, перамагаў Ізраэль, а калі апускаў, перамагаў Амалек.
А рукі Майсея былі цяжкімі; таму ўзялі яны камень і паклалі пад яго, і ён сеў на яго; а Аарон і Гур падтрымлівалі рукі яго з абодвух бакоў. І здарылася так, што рукі яго не стамляліся да захаду сонца.
А рукі Майсея зрабіліся цяжкімі, дык узялі яны камень і палажылі пад яго, і ён сеў на ім, а Аарон і Гур падтрымоўвалі рукі ягоныя з абодвух бакоў. І так рукі яго не апускаліся да заходу сонца.
І Ешуа перамог Амалека і народ яго вастрыём меча.
І так Ешуа перамог Амалека і народ ягоны вострывам мяча.
І сказаў Госпад Майсею: «Запішы гэта дзеля памяці ў кнізе і перадай Ешуа; бо Я вынішчу памяць пра Амалека пад небам».
І сказаў тады Госпад Майсею: «Запішы гэта на памятку ў кнігу і перадай Ешуу, што Я вынішчу цалкам памяць пра Амалека пад небам».
І Майсей пабудаваў ахвярнік, і даў яму імя Ягвэ Нісі а ,
Пасьля Майсей пабудаваў ахвярнік, каторы назваў Ягвэ Нісі, кажучы:
кажучы: «Бо падняў руку на пасад Госпада; дзеля таго вайна ў Госпада супраць Амалека будзе з пакалення ў пакаленне».
«Бо падняў руку на трон Госпада, дзеля таго вайна ў Госпада супраць Амалека будзе з пакаленьня ў пакаленьне».