Выхад 30 разьдзел

Выхад
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

Зрабі таксама ахвярнік з дрэва акацыі дзеля спальвання кадзіла, што мае
 
І зробіш таксама ахвярнік з дрэва акацыі для каджэньня.

даўжыню — локаць, і шырыню — локаць, гэта значыць чатырохвугольны, а ў вышыню — два локці; з яго вуглоў павінны выходзіць рогі.
 
Яго даўжыня — локаць, і шырыня — локаць, ён мае быць квадратны, а вышыня яго — два локці. Зь яго павінны выходзіць рагі.

І пакрый яго найчысцейшым золатам, як верх яго, так і сцены кругом, і рогі. І зрабі на ім залаты вянок кругом
 
І пацягнеш яго чыстым золатам, як верх ягоны, так і сьцены кругом, і рагі. І зробіш на ім залаты вянок кругом.

і пад вянком, з двух бакоў, зрабі два кольцы залатыя, каб прасоўваліся ў іх жэрдкі і каб насіць ахвярнік.
 
Пад вянком, па двух вуглах яго, зробіш два колцы з чыстага золата; зробіш іх з двух бакоў яго; і будуць яны для ўкладаньня двух насілаў, каб насіць яго на іх.

Самі жэрдкі таксама зрабі з дрэва акацыі і пакрый золатам.
 
А насілы гэтыя зробіш з дрэва акацыі і пацягнеш іх золатам.

І пастаў ахвярнік перад заслонай, якая вісіць перад каўчэгам сведчання, перад перамольняй, якой зачыняецца сведчанне, дзе Я буду з табой сустракацца.
 
І паставіш ахвярнік перад заслонай, каторая вісіць перад Каўчэгам Сьведчаньня, перад накрыўкай, каторая над Сьведчаньнем, дзе Я буду з табой сустракацца.

І хай Аарон на ім спальвае прыемную пахучую ахвяру раніцай. Хай ён спальвае яе, калі рыхтуе каганцы на асвятленне;
 
Кожнае раніцы будзе на ім Аарон паліціь пахкае кадзіла, калі будзе прыгатаўляць лямпы на асьвятленьне.

а калі Аарон запаліць увечары іх, ён запаліць таксама кадзіла вечнае перад Госпадам у пакаленнях вашых.
 
І калі Аарон запаліць вечарам лямпы, паліць таксама кадзіла, каторае будзе безупынна спальвацца паред Госпадам усімі пакаленьнямі вашымі.

Не ахвяруйце на ім кадзіла іншага складу, ані цэласпалення, ані перамольную ахвяру, ані ўзліванні не ліце.
 
Не ахвяроўвайце на ім ніякага іншага кадзіла, і не складайце на ім цэлапаленьня, ані ахвяраў хлебных, ані ахвяраў вадкіх.

Штогод Аарон павінен рабіць ачышчэнне над рагамі яго крывёй ахвяры за грэх; і будзе ласка да яго ў пакаленнях вашых: гэта хай будзе святыня святынь для Госпада».
 
Раз у год Аарон і павінен ачышчаць яго (ахвярніка) крывёй ахвяры, каторая будзе складацца за грэх. Раз у год павінен ён на ім ачышчаць пакаленьні вашыя. Гэта сьвятое зь сьвятых для Госпада».

І сказаў Госпад Майсею, кажучы:
 
І сказаў Госпад Майсею:

«Калі будзеш рабіць падлік сыноў Ізраэля па колькасці, кожны няхай складзе выкуп перамольнай ахвяры за жыццё сваё Госпаду; і хай не будзе кары на іх, калі будуць перапісвацца.
 
«Калі будзеш лічыць сыноў Ізраэля, кожны няхай складзе выкуп за жыцьцё сваё Госпаду, каб ня спала кара на іх, калі будуць перапісвацца.

А гэта будзе павінен даць кожны, хто падпадае пад падлік: паўсікля паводле вагі святыні, — а сікль мае дваццаць гераў, — паўсікля на ахвяру Госпаду.
 
Гэта вось павінен даць кожны, хто падпадае пад сьпіс: паўсыкля паводле вагі сьвятыні, а сыкаль мае дваццаць гераў, паўсыкля на ахвяру Госпаду.

А хто знаходзіцца ў ліку тых, каму ад дваццаці гадоў і болей, хай дае ахвяру;
 
Кожны, падпадаючы пад сьпіс з сыноў Ізраэля, маючы дваццаць і болей гадоў, мае скласьці ахвяру Госпаду.

багаты хай не дае больш за паўсікля, а ўбогі хай не змяншае нічога, калі складаеце ахвяраванне Госпаду на ачышчэнне душ вашых.
 
Багаты ня будзе дадаваць, а ўбогі зьмяншаць вагі паўсыкля, каб скласьці ахвяру Госпаду на перамаленьне за сваё жыцьцё.

І ўзятыя грошы перамольнай ахвяры, што сабраны ад сыноў Ізраэля, дасі на ўжыванне ў палатцы сустрэчы, каб былі памяццю іх перад Госпадам і ўміласціўлялі за душы іх».
 
І ўзяўшы гэтыя грошы выкупу ад сыноў Ізраэля, дасі іх на абслугу ў Палатцы Сустрэчы, каб былі памяцьцю сынам Ізраэля перад Госпадам і ўміласьціленьнем за душы іхнія».

І сказаў Госпад Майсею, гаворачы:
 
І сказаў Госпад Майсею:

«Зрабі медны таз для абмывання з падножжам медным і памясці яго між палаткай сустрэчы і ахвярнікам. І, наліўшы ў яго вады,
 
«Зробіш медзяны ўмывальнік для абмываньня з падставай медзяныя і памясьці яго між Палаткай Сустрэчы і ахвярнікам, і нальеш у яго вады.

Аарон і сыны яго хай абмываюць у ім рукі свае і ногі.
 
Аарон і сыны яго будуць абмываць у ім рукі і ногі свае.

Калі пажадаюць увайсці ў палатку сустрэчы, хай абмыюцца ў вадзе, каб не памерці; альбо пажадаюць прыступіць да ахвярніка, каб служыць, каб паліць ахвяру Госпаду,
 
Перш, чым увойдуць яны ў Палатку Сустрэчы, маюць абмыцца ў вадзе, каб не памерлі. Таксама калі будуць прыступацца да ахвярніка для служэньня і каб складаць ахвяру агнявую Госпаду,

і хай яны абмыюць рукі і ногі, каб не памерці: хай будзе гэта пастановай вечнай яму і патомству яго на ўсе часы».
 
мусяць абмыць рукі і ногі, каб не памерлі. І будзе гэта пастановай вечнай яму і патомству яго на ўсе часы».

І сказаў Госпад Майсею, гаворачы:
 
І сказаў Госпад Майсею:

«Вазьмі сабе найлепшых духмяных рэчываў, адборнай міры пяцьсот сікляў, палову толькі, гэта значыць дзвесце пяцьдзесят сікляў, пахкай карыцы, таксама дзвесце пяцьдзесят сікляў пахкага трыснягу,
 
«Вазьмі сабе найлепшых пахнідлаў, адборнай міры пяцьсот сыкляў; палову толькі, значыць, дзьвесьце пяцьдзесят сыкляў, пахкага цынамону; таксама дзьвесьце пяцьдзесят сыкляў пахкага трысьнёгу,

пяцьсот сікляў касіі паводле вагі святыні, і адзін гін алею з алівак.
 
на астатак пяцьсот сыкляў касіі паводле вагі сьвятыні, і адзін гін алею з алівак.

І зрабі алей для святога намашчэння; кадзіла састаўное працы майстра складальніка намашчэнняў; хай будзе гэта святы алей для памазання.
 
І зробіш з гэтага сьвяты алей для памазаньня. Гэта будзе пахкая масьць, зробленая так, як робяць знаўцы масьцяў. Будзе гэта сьвяты алей для памазаньня.

І памаж ім палатку сустрэчы і каўчэг сведчання,
 
І памажаш ім Палатку Сустрэчы і Каўчэг Сьведчаньня,

і стол з посудам яго, падсвечнік і прыналежнасці яго, ахвярнік і прылады кадзільныя,
 
і стол, і ўвесь посуд, таксама сьвечнік з усімі прыналежнасьцямі, ахвярнік каджэньня

і ахвярнік цэласпалення з усім тым, што мае дачыненне да абраду, таз і яго падножжа,
 
і ахвярнік цэлапаленьня з усім тым, што да яго належыць, умывальнік і яго падставу,

і асвяці ўсё, і хай стане яно святым з святых: кожны, хто дакранецца іх, асвяціцца.
 
І калі асьвяціш усё, стануцца яны сьвятымі зь сьвятых; кожны, хто дакранецца іх, асьвяціцца.

Памаж таксама Аарона і сыноў яго, і пасвяці іх, каб служылі Мне святарамі.
 
Памажаш таксама Аарона і сыноў ягоных, і пасьвяціш іх, каб служылі Мне сьвятарамі.

Таксама сынам Ізраэля скажаш: “Гэты святы алей для памазання хай будзе Маім у пакаленнях вашых.
 
А сынам Ізраэля скажаш так: «Гэты сьвяты алей для памазаньня будзе Маім у пакаленьнях вашых.

Цела чалавека не мажце ім і не рабіце іншага саставу, апрача гэтага, бо ён святы і святым хай будзе вам.
 
Цела чалавека не памазвайце ім і не рабіце іншага саставу, апрача гэтага, бо ён сьвяты і сьвятым будзе для вас.

А чалавек, які саставіць такі алей і памажа ім чужынца, мае быць выгнаны са свайго народа”».
 
А чалавек, каторы саставіў бы такі алей і памазаў бы ім чужынца, мае быць выключаны са свайго народу».

І сказаў Госпад Майсею: «Вазьмі сабе духмянасці: сок міры, і оныху, пахкі гальбан і найчысцейшае кадзіла, і хай будуць яны ў роўнай колькасці.
 
І сказаў Госпад Майсею: «Вазьмі сабе пахнідлы: пахкую жывіцу, оныху, пахкі гальбан ды чыстае кадзіла, і хай будуць яны ў роўнай колькасьці.

І зрабі змяшанае кадзіла работы складальніка масцяў, у разумнай меры вострае, чыстае і святое.
 
І, зьмяшаўшы, зробіш зь іх пахкае кадзіла спосабам знаўцы, сьцёртае, чыстае і сьвятое.

І, калі сатрэш на найдрабнейшы парашок яго часткі, пакладзі яго перад сведчаннем у палатцы сустрэчы, дзе Я буду сустракацца з табой: хай будзе вам кадзіла святое святых.
 
І сатрэш на парашок яго часткі і пакладзеш перад Сьведчаньнем у Палатцы Сустрэчы, дзе Я буду сустракацца з табой, і будзе гэтае кадзіла для вас сьвятое зь сьвятых.

Не рабіце такога саставу на свой ужытак, бо хай ён будзе табе святым перад Госпадам;
 
Не рабіце кадзіла такога саставу на свой ужытак, бо гэтае (кадзіла) будзе табе сьвятое перад Госпадам.

калі які чалавек зробіць падобнае, каб яго пахам захапляцца, хай будзе выгнаны ён са свайго народа».
 
Калі б хто зрабіў сабе падобнае, каб яго пахам захапляцца, той мае быць выключаны са свайго народу».