Выхад 3 разьдзел
Выхад
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 2002
А Майсей пасвіў авечак для Етры, цесця свайго, святара мадыянскага; і, калі гнаў ён статак па-за пустыню, прыйшоў да гары Божай Гарэб.
А Майсей пасьвіў авечкі Етра, цесьця свайго, сьвятара Мадыянскага. І завёў ён статак па-за пустыню, і падыйшоў пад гару Божую Гарэб.
З’явіўся яму Анёл Госпадаў у полымі агню, з сярэдзіны куста; бачыў ён, што куст гарыць, але не згарае.
І явіўся яму Анёл Госпадаў у полымі агню зь сярэдзіны куста. І бачыў ён, што куст гарыць, але не згарае.
Тады сказаў Майсей: «Пайду і ўбачу з’яву гэтую вялікую, чаму не згарае куст».
Тады сказаў Майсей: «Пайду і пагляджу зьяву гэтую вялікую, чаму не згарае куст».
А Госпад убачыў, што ён пасоўваецца, каб паглядзець на з’яву; паклікаў яго Госпад з сярэдзіны куста і сказаў: «Майсей, Майсей!» Ён адказаў: «Я тут».
А Госпад, убачыўшы, што ён сьпяшае паглядзець зьяву, паклікаў яго зь сярэдзіны куста, кажучы: «Майсей, Майсей!» Ён адказаў: «Вось я».
І сказаў Ён: «Не падыходзь сюды; здымі абутак з ног тваіх; бо месца, на якім стаіш, ёсць зямля святая».
І сказаў Ён: «Не падыходзь сюды, здымі сандалы з ног тваіх, бо месца, на якім стаіш, ёсьць зямля сьвятая».
І сказаў: «Я — Бог бацькі твайго, Бог Абрагама, Бог Ізаака і Бог Якуба». Схаваў Майсей твар свой, бо не адважваўся глядзець на Бога.
І сказаў: «Я — Бог бацькі твайго, Бог Абрагама, Бог Ізаака і Бог Якуба». І схаваў Майсей твар свой, бо не адважваўся глядзець на Бога.
Сказаў яму Госпад: «Убачыў Я смутак народа Майго ў Егіпце і пачуў лямант яго ад бязлітаснасці наглядчыкаў яго.
І сказаў яму Госпад: «Бачыў Я гора народу Майго ў Эгіпце, і чуў стогны яго ад зьдзекаў прыгнятальнікаў ягоных.
І, ведаючы пакуту яго, Я спусціўся, каб вызваліць яго з рук егіпцян і вывесці з гэтай зямлі ў зямлю добрую і прасторную, у зямлю, што ацякае малаком і мёдам, да мясцін хананеяў і хетэяў, амарэяў і феразеяў, гівеяў і евусеяў.
І, ведаючы цярпеньне ягонае, іду вызваліць яго з рук Эгіпцянаў і вывесьці з гэтае зямлі ў зямлю добрую і прасторную, у зямлю, ацякаючую малаком і мёдам, на месца Хананейцаў і Гэтытаў, Амарэйцаў і Пэрэзэяў, Гівеяў і Ебусеяў.
Вось, крык сыноў Ізраэля дайшоў да Мяне, і ўбачыў Я смутак іх, як прыгнятаюцца яны егіпцянамі;
Крык вось сыноў Ізраэля дайшоў да Мяне, і бачыў Я гора іх, як крыўдзяць іх Эгіпцяне.
а ты ідзі, Я пашлю цябе да фараона, каб ты вывеў народ Мой, сыноў Ізраэля, з Егіпта».
Дык ідзі, Я пасылаю цябе да фараона, каб ты вывеў народ Мой, сыноў Ізраэля, з Эгіпту».
І сказаў Майсей Богу: «Хто я, каб ісці да фараона і вывесці сыноў Ізраэля з Егіпта?»
Сказаў Майсей Богу: «Хто я, каб ісьці мне да фараона і вывесьці сыноў Ізраэля з Эгіпту?»
Адказаў яму Ён: «Я буду з табой; будзеш мець гэты знак, што Я паслаў цябе: калі выведзеш народ з Егіпта, будзеш служыць Богу на гэтай гары».
Адказаў яму Бог: «Я буду з табой. Вось табе знак, што Я паслаў цябе: калі вывядзеш народ з Эгіпту, будзеш служыць Богу на гэтай гары».
Майсей сказаў Богу: «Вось, я пайду да сыноў Ізраэля і скажу ім: “Бог бацькоў вашых паслаў мяне да вас”. А калі яны запытаюць мяне: “Якое імя Яго?”, што я адкажу ім?»
Майсей сказаў Богу: «Добра, я пайду да сыноў Ізраэля і скажу ім: «Бог бацькоў вашых паслаў мяне да вас». А калі яны запытаюць мяне: «Якое імя Яго?», што я маю адказаць ім?»
Сказаў Бог Майсею: «Я — Той, Хто ёсць». Сказаў: «Так скажаш сынам Ізраэля: “Той, Хто ёсць, паслаў мяне да вас”».
І сказаў Бог Майсею: «Я — Той, Хто Ёсьць». І дадаў: «Так скажаш сынам Ізраэля: «Той, Хто Ёсьць, паслаў мяне да вас»«.
І зноў сказаў Бог Майсею: «Гэта скажаш сынам Ізраэля: “Той, Хто ёсць, Бог бацькоў вашых, Бог Абрагама, Бог Ізаака і Бог Якуба паслаў мяне да вас; гэта імя ў Мяне навек, і гэта памятны Мой знак з пакалення ў пакаленне”.
І паўторна сказаў Бог Майсею: «Гэта скажаш сынам Ізраэля: «Той, Хто Ёсьць, Бог бацькоў вашых, Бог Абрагама, Бог Ізаака і Бог Якуба, паслаў мяне да вас»; гэта імя Маё ў вякі, і гэта памятны Мой знак з пакаленьня ў пакаленьне.
Ідзі і збяры старэйшын Ізраэля, і скажы ім: “Госпад, Бог бацькоў вашых, з’явіўся мне, Бог Абрагама, Бог Ізаака і Бог Якуба, гаворачы тым, якіх наведаў: “Я наведаў вас і ўбачыў усё, што адбылося з вамі ў Егіпце”;
Ідзі, і зьбяры старшыняў Ізраэля, і скажы ім: «Госпад, Бог бацькоў вашых, явіўся мне, Бог Абрагама, Бог Ізаака і Бог Якуба, і сказаў: «Я наведаў вас і ўбачыў усё, што перажываеце ў Эгіпце.
і сказаў: “Я ўвяду вас ад смутку Егіпта ў зямлю хананеяў і хетэяў, амарэяў і феразеяў, і гівеяў, і евусеяў, у зямлю, што ацякае малаком і мёдам”.
Я вывяду вас з прыгнёту Эгіпецкага ў зямлю Хананейцаў і Гетытаў, Амарэйцаў і Пэрэзэяў, і Гівеяў, і Ебусеяў, у зямлю, ацякаючую малаком і мёдам».
І яны паслухаюць голас твой, і ты, і старэйшыны Ізраэля пойдзеце да цара Егіпта і скажаце яму: “Госпад, Бог гебраяў, з’явіўся нам; і цяпер мы пойдзем у дарогу на тры дні ў пустыню, каб прынесці ахвяру Госпаду, Богу нашаму”.
І яны паслухаюць голасу твайго, і ты, і старшыні Ізраэля пойдзеце да караля Эгіпецкага і скажаце яму: «Госпад, Бог Гебраяў, явіўся нам. Дык пусьці нас, мы цяпер пойдзем у дарогу на тры дні ў пустыню, каб скласьці ахвяру Госпаду, Богу нашаму».
Але Я ведаю, што не адпусціць вас цар Егіпта, каб вы пайшлі, хіба праз магутную руку.
Але Я ведаю, што ня пусьціць вас кароль Эгіпецкі, каб вы пайшлі, хіба будзе змушаны магутнаю рукою.
І Я выцягну руку Маю і ўдару Егіпет усімі цудамі Маімі, якія ўчыню пасярод яго; і пасля гэтага адпусціць ён вас.
І Я выцягну руку Маю, і ўдару Эгіпет усімі цудамі Маімі, якія ўчыню пасярод яго, і тады пусьціць ён вас.
І дам я ласку гэтаму народу з боку егіпцян, і, калі выйдзеце, не выйдзеце вы з пустымі рукамі.
І акажу Я ласку гэтаму народу адносна Эгіпцянаў, каб, калі выйдзеце, ня выйшлі вы з пустымі рукамі.
А кожная жанчына папросіць ад сваёй суседкі і ад гаспадыні сваёй срэбраны і залаты посуд, а таксама адзенне; і апранеце ў яго сыноў і дачок вашых, і аббярэце Егіпет».
Кожная вось жанчына выпрасіць у сваёй суседкі і ад гаспадыні сваёй залаты і серабраны посуд, а таксама адзеньне, і адзенеце ў яго сыноў і дачок вашых, і абрабуеце Эгіпцянаў».