Выхад 20 разьдзел

Выхад
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

І сказаў Госпад усе гэтыя словы:
 
Тады вось сказаў Госпад усе гэтыя словы:

«Я — Госпад, Бог твой, Які вывеў цябе з зямлі Егіпта, з дому няволі.
 
«Я — Госпад, Бог твой, Каторы вывеў цябе зь зямлі Эгіпецкай, з дому няволі.

Не май другіх багоў перада Мною.
 
Ня мей другіх багоў побач Мяне.

Не рабі сабе ніякай выявы ўсяго, да таго падобнага, што ў небе высока, і што на зямлі ўнізе, і што ў вадзе пад зямлёю.
 
Не рабі разьбы і ніякай выявы таго, што ўверсе ў небе, ані што на зямлі ўнізе, ані што ў вадзе ніжэй зямлі.

Не пакланяйся ім і не служы, бо Я — Госпад, Бог твой, Бог руплівы апякун, Які карае правіннасць бацькоў на дзецях да трэцяга і чацвёртага пакалення тых, хто Мяне ненавідзіць,
 
Не пакланяйся ім і ня служы ім, бо Я — Госпад, Бог твой, Бог зайздросны, Які карае дзяцей за няправасьць бацькоў да трэцяга і чацьвёртага пакаленьня адносна тых, каторыя Мяне ненавідзяць,

Які ўчыняе міласэрнасць аж да тысячнага пакалення тым, хто любіць Мяне і захоўвае пастановы Мае.
 
і аказвае міласэрдзе аж да тысячнага пакаленьня тым, каторыя любяць Мяне і спаўняюць прыказаньні Мае.

Не вымаўляй імя Госпада, Бога твайго, дарэмна, бо Госпад не пакіне без кары таго, хто прызывае імя Госпада, Бога свайго, марна.
 
Не гавары імя Госпада, Бога твайго, легкадумна, бо Госпад не пакіне бяз кары таго, хто прызывае імя Госпада, Бога свайго, надарэмна.

Памятай, што дзень суботы ты святкуеш.
 
Памятай, каб сьвяткаваць дзень суботы.

Шэсць дзён працуй і выконвай усе справы свае;
 
Шэсьць дзён будзеш працаваць і выконваць усе працы свае,

а сёмы дзень — субота для Госпада, Бога твайго; не выконвай ніякай працы ты, ані сын твой, ані дачка твая, раб твой і рабыня твая, жывёла твая і чужынец, што жыве ў цябе.
 
а сёмы дзень — субота Госпада, Бога твайго. Не працуй ты, і сын твой, і дачка твая, нявольнік твой і нявольніца твая, жывёла твая і чужынец, каторы жыве ў цябе.

Бо за шэсць дзён стварыў Госпад неба, і зямлю, і мора, і ўсё, што на іх ёсць, і супачыў у сёмы дзень; таму дабраславіў Госпад дзень суботы і ўсвяціў яго.
 
Бо ў шасьці днях стварыў Госпад неба, і зямлю, і мора, ды ўсё, што на іх ёсьць, і супачыў у сёмы дзень. Дзеля таго багаславіў Госпад дзень суботы і ўсьвяціў яго.

Паважай бацьку свайго і маці сваю, каб быць даўгавечным на зямлі, якую дасць табе Госпад, Бог твой.
 
Паважай бацьку свайго і маці сваю, каб быў ты даўгавечны на зямлі, якую дасьць табе Госпад, Бог твой.

Не забівай.
 
Не забівай.

Не чужалож.
 
Не чужалож.

Не крадзі.
 
Не крадзі.

Не сведчы фальшыва супраць блізкага свайго.
 
Не гавары фальшывага сьведчаньня на бліжняга свайго.

Не будзь прагны да жонкі блізкага свайго. Не зажадай дома яго, ані раба, ані рабыні, ані вала, ані асла, і нічога, што ёсць у яго».
 
Не квапся на дом бліжняга свайго. Не жадай жонкі яго, ані слугі, ані служанкі, ані вала, ані асла, ані нічога, што да яго належыць».

А ўвесь народ назіраў за шумам, і за ззяннем, і за гукам трубы, і за гарою, што дымілася; і, спалоханыя і ахопленыя трымценнем, паўсталі яны паводдаль,
 
А народ увесь, чуючы грымоты і голас трубы, бачучы маланкі і гару дымячую, спалохаўся і дрыжэў ад страху, і стаяў здалёк,

кажучы Майсею: «Ты гавары нам, і мы будзем слухаць; хай не гаворыць з намі Бог, каб мы не памерлі».
 
і казаў Майсею: «Ты гавары нам, і мы будзем слухаць! Хай не гаворыць да нас Бог, бо паўміраем».

І сказаў Майсей народу: «Не палохайцеся, бо выпрабаваць вас прыйшоў Бог і каб страх Яго быў у вас, каб вы не грашылі».
 
І сказаў Майсей народу: «Ня бойцеся, каб выспрабаваць вас, прыбыў Бог, і каб страх Ягоны быў у вас, каб вы не грашылі».

І народ усё стаяў воддаль; а Майсей наблізіўся да цёмнага воблака, у якім быў Бог.
 
І народ усё стаяў воддаль, а Майсей наблізіўся да цёмнага воблака, у каторым быў Бог.

Потым сказаў Госпад Майсею: «Вось што скажаш сынам Ізраэля: “Вы бачылі, як Я з неба да вас прамаўляў.
 
І сказаў Госпад Майсею: «Вось што скажаш сынам Ізраэля: Вы самі бачылі, як Я зь неба да вас прамаўляў.

Для сябе не рабіце перада Мною багоў срэбраных, ані багоў з золата.
 
Не рабіце побач Мяне багоў серабраных, ані багоў з золата.

Зрабіце Мне ахвярнік з зямлі і на ім складайце цэласпаленні і ўскладайце мірныя ахвяры вашы, авечак вашых і валоў; на кожным месцы, дзе загадаю ўспамінаць імя Маё, прыйду да цябе і дабраслаўлю цябе.
 
Зробіце Мне ахвярнік зь зямлі і на ім будзеце складаць цэлапаленьні і ахвяры прымірэньня вашыя, авечкі вашыя і валы; на кожным месцы, дзе Я загадаю табе ўспамінаць імя Маё, прыйду да цябе і буду дабраславіць табе.

А калі пабудуеш Мне ахвярнік каменны, то не будуй яго з камянёў часаных, бо, калі ўздымеш на яго склюд, ён будзе апаганены.
 
А калі пабудуеш Мне ахвярнік з каменьняў, то не будуй з каменьняў чэсаных, бо спаганіш яго, калі прыложыш да яго долата тваё.

Не ўзыходзь па прыступках да Майго ахвярніка, каб не адкрылася галізна твая”».
 
Ня будзеш узыходзіць па прыступках да Майго ахвярніку, каб не адкрылася голасьць твая.