Выхад 5 разьдзел

Выхад
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

Пасля гэтага ўвайшлі Майсей і Аарон і сказалі фараону: «Гэта кажа Госпад, Бог Ізраэля: “Адпусці народ Мой, каб ён учыніў Мне ахвярапрынашэнне ў пустыні”».
 
І ўвайшлі Майсей і Аарон да фараона, і сказалі яму: «Вось што кажа Госпад, Бог Ізраэля: Пусьці народ Мой, каб ён злажыў Мне ахвяру на пустыні».

А ён адказаў: «Хто такі Госпад, каб я слухаў голас Яго і адпусціў Ізраэля? Не ведаю Госпада і не адпушчу Ізраэля».
 
А ён адказаў: «Хто такі Госпад, каб я меў Яго слухаць і адпусьціць Ізраэля? Ня ведаю Госпада і не адпушчу Ізраэля».

І сказалі яны: «Гэта Бог гебраяў з’явіўся нам; калі ласка, мы пойдзем на тры дні дарогі ў пустыню і ўчынім ахвярапрынашэнне Госпаду, Богу нашаму, каб не спасцігла нас часам пошасць або меч».
 
І сказалі яны яму: «Гэта Бог Гебраяў явіўся нам. Дык вось мы пойдзем на тры дні дарогі ў пустыню і складзем ахвяру Госпаду, Богу нашаму, каб не наведаў Ён нас пошасьцю або мячом».

Сказаў ім цар Егіпта: «Чаму вы, Майсей і Аарон, адцягваеце народ ад працы яго? Ідзіце да сваіх абавязкаў».
 
І сказаў ім кароль Эгіпту: «Чаму вы, Майсей і Аарон, стараецеся адцягнуць народ ад работаў іхніх? Ідзіце чым хутчэй да сваіх работаў».

І сказаў фараон: «Ужо занадта шматлікі народ зямлі; вы бачыце, што колькасць людзей павялічваецца; тым болей, калі вы дасцё яму адпачынак ад працы».
 
І сказаў фараон: «Народ на зямлі ўжо надта вялікі, бачыце, як ён расьце, тым болей, калі яго адцягнеце ад работы».

Вось, загадаў ён у той дзень наглядчыкам за народам і кіраўнікам яго, кажучы:
 
І загадаў ён у той дзень наглядчыкам народу і пісарам ягоным, кажучы:

«Надалей зусім не давайце народу саломы для вырабу цэглы, як раней, але няхай яны самі ходзяць і збіраюць сцябло.
 
«Не давайце ўжо народу саломы на выраб цэглы, як раней, але хай самі ідуць і зьбіраюць салому.

А колькасць цэглы, якую выраблялі раней, ускладайце на іх; і не памяншайце ніколькі. Бо ходзяць яны без працы і таму заклікаюць: “Пойдзем і ўчынім ахвярапрынашэнне Богу нашаму”.
 
А колькасьць цэглы, якую выраблялі раней, накладайце на іх і цяпер, і не зьмяньшайце ані трохі. Бо ходзяць без работы і таму кажуць: «Ідзёмце і складзем ахвяру Богу нашаму».

Хай будуць прыгнечаны яны працаю і хай выконваюць яе, каб не адпачываць з ілжывымі словамі».
 
Дык уцісьнем іх работамі, і хай выпаўняюць іх, і не прыслухоўваюцца словам фальшывым».

Такім чынам, наглядчыкі за народам і кіраўнікі яго, што выйшлі, казалі народу: «Так гаворыць фараон: “Я не даю вам саломы.
 
І выступілі наглядчыкі народу і пісары іхнія, і сказалі народу: «Фараон так сказаў: «Ня дам вам саломы.»

Ідзіце і збірайце, колькі здолееце знайсці, і ніколькі не паменшыцца [выраб] ад працы вашай”».
 
Ідзіце і зьбярыце, колькі зможаце сабраць, але хай лічба вырабу працы вашай анітрохі ня зьменьшыцца».

І рассыпаліся людзі па ўсёй зямлі Егіпта дзеля збору саломы.
 
І рассыпаліся людзі па ўсёй зямлі Эгіпецкай зьбіраць сьцяб'ё замест саломы.

Таксама і наглядчыкі пагражалі, кажучы: «Выконвайце працу вашую штодзень, як раней звычайна выконвалі, калі вам дастаўлялі салому».
 
А наглядчыкі падганялі іх, кажучы: «Выпаўняйце работу вашую ў час, як раней звычайна выконвалі, калі вам дастаўлялі салому».

І былі збітыя бізунамі кіраўнікі сыноў Ізраэля, якіх наглядчыкі фараона паставілі над імі, кажучы: «Чаму не вырабляеце колькасць цэглы, як раней, ані ўчора, ані сёння?»
 
І білі пісараў з сыноў Ізраэля, каторых наглядчыкі фараона паставілі над імі, кажучы: «Чаму не вырабляеце лічбы цэглаў як раней, ані ўчора, ані сягоньня?»

І прыйшлі кіраўнікі сыноў Ізраэля, і ўсклікнулі, кажучы фараону: «Чаму так робіш адносна паслугачоў тваіх?
 
І прыйшлі пісары з сыноў Ізраэля, і казалі ў голас фараону: «Чаму так робіш адносна слугаў тваіх?

Саломы не дастаўляюць нам, а цэглы вырабляць загадваюць столькі ж; вось, б’юць нас, паслугачоў тваіх, бізунамі і вінавацяць народ твой».
 
Саломы не дастаўляюць нам, а цэглы вырабляць загадваюць столькі сама. Вось жа б'юць слугаў тваіх і вінавацяць народ твой».

Ён адказаў: «Адпачываеце вы і таму кажаце: “Пойдзем і ўчынім ахвярапрынашэнне Госпаду”.
 
А ён адказаў: «Гультуеце вы і таму кажаце: «Хадземце і складзем ахвяру Госпаду».

Таму ідзіце і працуйце; саломы вам даваць не будуць, а вырабляйце звычайную колькасць цэглы».
 
Дык ідзіце і працуйце; саломы вам даваць ня будуць, а вырабляйце звычайную норму цэглаў».

І бачылі кіраўнікі сыноў Ізраэля, што апынуліся ў бядзе, таму што было сказана ім: «Не змяншайце ніколькі ад штодзённага вырабу цэглы»,
 
І бачылі пісары з сыноў Ізраэля, што апынуліся яны ў бядзе, таму што было сказана ім: «Не зьмяньшайце ані трохі дзённага вырабу цэглаў».

і сустрэлі Майсея і Аарона, якія стаялі насупраць тых, што выходзілі ад фараона,
 
І калі выходзілі яны ад фараона, сустрэлі Майсея і Аарона, каторыя іх чакалі,

і сказалі ім: «Хай бачыць Госпад вас і асудзіць, бо вы зрабілі, каб дух наш быў непрыемны для фараона і паслугачоў яго; і далі яму меч, каб забіваць нас».
 
і сказалі ім: «Хай ўзгляне Госпад на вас і асудзіць, бо вы зрабілі нас ненавіснымі ў вачах фараона і слугаў ягоных, і далі яму меч у рукі, каб забіваў нас».

І звярнуўся Майсей да Госпада, і сказаў: «Госпадзе, чаму пераследуеш Ты народ гэты? Чаму паслаў мяне?
 
І зьвярнуўся Майсей да Госпада, і сказаў: «Госпадзе, чаму перасьледуеш Ты народ Свой? Чаму паслаў мяне?

Бо з таго часу, калі я ўвайшоў да фараона, каб гаварыць імем Тваім, ён стаў чыніць шкоду народу Твайму, і не вызваліў Ты іх».
 
Ад таго часу, калі я пайшоў да фараона, каб прамаўляць у імя Тваё, ён стаў зьдзекавацца над народам Тваім, і не вызваліў Ты іх».