Выхад 5 разьдзел
Выхад
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Васіля Сёмухі
Пасля гэтага ўвайшлі Майсей і Аарон і сказалі фараону: «Гэта кажа Госпад, Бог Ізраэля: “Адпусці народ Мой, каб ён учыніў Мне ахвярапрынашэнне ў пустыні”».
Пасьля гэтага Майсей і Аарон прыйшлі да фараона і сказалі: так кажа Гасподзь: адпусьці народ Мой, каб ён учыніў Мне сьвята ў пустыні.
А ён адказаў: «Хто такі Госпад, каб я слухаў голас Яго і адпусціў Ізраэля? Не ведаю Госпада і не адпушчу Ізраэля».
Але фараон сказаў: хто такі Гасподзь, каб я паслухаўся голасу Ягонага і адпусьціў Ізраіля? я ня ведаю Госпада і Ізраіля не адпушчу.
І сказалі яны: «Гэта Бог гебраяў з’явіўся нам; калі ласка, мы пойдзем на тры дні дарогі ў пустыню і ўчынім ахвярапрынашэнне Госпаду, Богу нашаму, каб не спасцігла нас часам пошасць або меч».
Яны сказалі: Бог Габрэяў заклікаў нас; адпусьці нас у пустыню на тры дні дарогі прынесьці ахвяру Госпаду, Богу нашаму, каб Ён не пакараў нас пошасьцю, альбо мячом.
Сказаў ім цар Егіпта: «Чаму вы, Майсей і Аарон, адцягваеце народ ад працы яго? Ідзіце да сваіх абавязкаў».
І сказаў ім цар Егіпецкі: навошта вы, Майсей і Аарон, ухіляеце народ ад справаў ягоных? ідзеце да сваёй працы.
І сказаў фараон: «Ужо занадта шматлікі народ зямлі; вы бачыце, што колькасць людзей павялічваецца; тым болей, калі вы дасцё яму адпачынак ад працы».
І сказаў фараон: вось, народ у зямлі гэтай шматлікі, і вы ўхіляеце яго ад працы ягонай.
Вось, загадаў ён у той дзень наглядчыкам за народам і кіраўнікам яго, кажучы:
І таго ж самага дня фараон даў загад прыстаўнікам над народам і наглядчыкам, кажучы:
«Надалей зусім не давайце народу саломы для вырабу цэглы, як раней, але няхай яны самі ходзяць і збіраюць сцябло.
не давайце наперад народу саломы, каб рабіць цэглу, як учора і заўчора: хай яны самыя ходзяць і зьбіраюць сабе салому;
А колькасць цэглы, якую выраблялі раней, ускладайце на іх; і не памяншайце ніколькі. Бо ходзяць яны без працы і таму заклікаюць: “Пойдзем і ўчынім ахвярапрынашэнне Богу нашаму”.
а цэглы накладзеце на іх тую ж самую зададзеную норму, якую яны рабілі ўчора і заўчора, і не зьмяншайце; яны гультаі, таму і крычаць: хадзем, прынясем ахвяру Богу нашаму;
Хай будуць прыгнечаны яны працаю і хай выконваюць яе, каб не адпачываць з ілжывымі словамі».
даць ім болей працы, каб яны працавалі і не займаліся пустымі размовамі.
Такім чынам, наглядчыкі за народам і кіраўнікі яго, што выйшлі, казалі народу: «Так гаворыць фараон: “Я не даю вам саломы.
І выйшлі прыстаўнікі народу і наглядчыкі ягоныя і сказалі народу: так кажа фараон: не даю вам саломы;
Ідзіце і збірайце, колькі здолееце знайсці, і ніколькі не паменшыцца [выраб] ад працы вашай”».
самі ідзеце, бярэце сабе салому, дзе знойдзеце; а ад працы вашай нічога не зьмяншаецца.
І рассыпаліся людзі па ўсёй зямлі Егіпта дзеля збору саломы.
І расьсеяўся народ па ўсёй зямлі Егіпецкай зьбіраць жніво замест саломы.
Таксама і наглядчыкі пагражалі, кажучы: «Выконвайце працу вашую штодзень, як раней звычайна выконвалі, калі вам дастаўлялі салому».
А прыстаўнікі пануквалі, кажучы: выконвайце працу сваю кожны дзень, як і тады, калі была ў вас салома.
І былі збітыя бізунамі кіраўнікі сыноў Ізраэля, якіх наглядчыкі фараона паставілі над імі, кажучы: «Чаму не вырабляеце колькасць цэглы, як раней, ані ўчора, ані сёння?»
А наглядчыкі з сыноў Ізраілевых, якіх паставілі над імі прыстаўнікі фараонавыя, білі, кажучы: чаму вы ўчора і сёньня ня робіце зададзенай вам нормы цэглы, як было дагэтуль?
І прыйшлі кіраўнікі сыноў Ізраэля, і ўсклікнулі, кажучы фараону: «Чаму так робіш адносна паслугачоў тваіх?
І прыйшлі наглядчыкі сыноў Ізраілевых і залямантавалі фараону, кажучы: навошта ты так робіш з рабамі тваімі?
Саломы не дастаўляюць нам, а цэглы вырабляць загадваюць столькі ж; вось, б’юць нас, паслугачоў тваіх, бізунамі і вінавацяць народ твой».
саломы не даюць рабам тваім, а цэглу, кажуць нам, рабеце. І вось, рабоў тваіх б’юць. Грэх народу твайму!
Ён адказаў: «Адпачываеце вы і таму кажаце: “Пойдзем і ўчынім ахвярапрынашэнне Госпаду”.
Але ён сказаў: гультаі вы, гультаі, таму і кажаце: хадзем, прынясем ахвяру Госпаду.
Таму ідзіце і працуйце; саломы вам даваць не будуць, а вырабляйце звычайную колькасць цэглы».
Ідзеце ж, працуйце; саломы не дадуць вам, а належную колькасьць цэглы давайце.
І бачылі кіраўнікі сыноў Ізраэля, што апынуліся ў бядзе, таму што было сказана ім: «Не змяншайце ніколькі ад штодзённага вырабу цэглы»,
І ўбачылі наглядчыкі сыноў Ізраілевых бяду сваю ў словах: не зьмяншайце нормы цэглы, што на кожны дзень.
і сустрэлі Майсея і Аарона, якія стаялі насупраць тых, што выходзілі ад фараона,
І калі яны выйшлі ад фараона, дык сустрэліся з Майсеем і Ааронам, якія стаялі, чакаючы іх,
і сказалі ім: «Хай бачыць Госпад вас і асудзіць, бо вы зрабілі, каб дух наш быў непрыемны для фараона і паслугачоў яго; і далі яму меч, каб забіваць нас».
і сказалі ім: хай бачыць і судзіць вас Гасподзь за тое, што вы зрабілі нас ненавісьнікамі ў вачах фараонавых і рабоў ягоных і далі ім меч у рукі, каб забіць нас.
І звярнуўся Майсей да Госпада, і сказаў: «Госпадзе, чаму пераследуеш Ты народ гэты? Чаму паслаў мяне?
І зьвярнуўся Майсей да Госпада і сказаў: Госпадзе! навошта Ты паддаеш народ гэты такому бедству, навошта паслаў мяне?
Бо з таго часу, калі я ўвайшоў да фараона, каб гаварыць імем Тваім, ён стаў чыніць шкоду народу Твайму, і не вызваліў Ты іх».
бо з таго часу, як я прыйшоў да фараона і пачаў гаварыць ад імя Твайго, ён пачаў горш абыходзіцца з народам гэтым; вызвалі ж, — Ты ня вызваліў народу Твайго.