Выхад 22 разьдзел

Выхад
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Калі хто ўкрадзе вала або авечку і заб’е іх або прадасць, хай верне пяць валоў за аднаго вала і чатыры авечкі за адну авечку.
 
Калі хто ўкрадзе вала, альбо прадасьць, дык пяць валоў заплаціць за вала і чатыры авечкі за авечку.

Калі будзе захоплены злодзей, калі ён уломліваецца ў дом або робіць падкоп, і калі, атрымаўшы рану, ён памрэ, то той, хто нанёс рану, не будзе вінаваты ў забойстве.
 
Калі хто застане злодзея, які падкопваецца, і ўдарыць яго так, што той памрэ, дык кроў не залічыцца на яго;

Але калі гэта будзе зроблена на ўзыходзе сонца, ён будзе вінаваты ў забойстве. Злодзей хай цалкам пакрывае страту. Калі не мае чым аддаць, то трэба яго прадаць за тую самую суму, якую ўкраў.
 
але калі ўзышло над ім сонца, дык залічыцца на ім кроў. Хто ўкраў, павінен заплаціць; а калі няма чым, дык няхай прададуць яго на плату за ўкрадзенае ім;

Калі ж тое, што ўкраў, знойдзецца ў яго жывое, ці вол, ці асёл, ці авечка, хай аддасць падвоеную колькасць.
 
калі ўкрадзенае знойдзецца ў яго ў руках жывым, ці то вол, ці асёл, ці авечка, хай заплаціць удвая.

Калі хто дазволіць пасвіцца ў полі або вінаградніку і пусціць жывёлу сваю, каб пасвілася яна на чужым полі, хай пакрые страту цалкам са свайго поля па пладах яго; а калі ўсё поле будзе стаптана, хай пакрывае ён страту тым, што мае найлепшага на полі сваім або ў вінаградніку.
 
Калі хто паглуміць поле, альбо вінаграднік, пусьціўшы быдла сваё глуміць чужое поле, няхай адшкадуе лепшым з поля свайго і лепшым зь вінаградніка свайго.

Калі ўзнікне агонь, і ахопіць церні, і ахопіць сцірты або збожжа, што ўзнімаецца, або ніву, хай пакрые страту той, хто запаліў агонь.
 
Калі зьявіцца агонь і ахопіць пожню і выпаліць капіцы, альбо жніво, альбо поле, дык павінен заплаціць, хто ўчыніў гэты пажар, удвая;

Калі хто даў сябру грошы або посуд на захаванне і ад таго, хто прыняў іх, яны былі б скрадзеныя, калі злодзей будзе выяўлены, хай ён аддасць падвоеную колькасць.
 
Калі хто аддасьць блізкаму на захаваньне срэбра, альбо рэчы, і яны ўкрадзены будуць з дому ягонага, дык, калі знойдзецца злодзей, няхай ён заплаціць удвая;

Калі злодзей хаваецца, хай гаспадар дома стане перад Богам і прысягне, што не працягнуў ён рукі на дабро свайго блізкага.
 
а калі ня знойдзецца злодзей, няхай гаспадар дома прыйдзе да судзьдзяў і прысягне, што не прасьцёр рукі сваёй на ўласнасьць блізкага свайго.

У кожнай справе злачынства, ці то адносна вала, ці асла, ці авечкі, ці адзення, ці ўсяго, што можа прычыніць страту, калі хто скажа: «Гэта маё», справа абодвух павінна быць прадстаўлена Богу, і каго Бог прызнае вінаватым, той хай верне падвоеную колькасць блізкаму свайму.
 
Пра ўсякую спрэчную рэч, пра вала, пра асла, пра авечку, пра вопратку, пра ўсякую згубленую рэч, пра якую хто-небудзь скажа, што яна ягоная, справа абодвух павінна быць даведзена да судзьдзяў: каго зьвінавацяць судзьдзі, той заплаціць блізкаму свайму ўдвая.

Калі хто даручыць блізкаму свайму дзеля захавання асла, вала, авечку або якую другую жывёлу, а яна памрэ або пакалечыцца, або будзе захоплена ворагамі, і ніхто гэта не ўбачыць,
 
Калі хто аддасьць блізкаму свайму асла, альбо вала, альбо авечку, альбо якое-небудзь іншае быдла на захаваньне, а ён памрэ, альбо будзе пашкоджаны, альбо зьведзены, так што ніхто гэтага ня ўбачыць, —

то хай будзе прылюдна прысяга перад Госпадам, што ніхто не працягнуў рукі да дабра блізкага свайго; і хай гаспадар прыме прысягу, і хай той не будзе прымушаны плаціць страту.
 
прысяга перад Госпадам хай будзе паміж абодвума пра тое, што той, хто ўзяў, не працягне рукі сваёй на ўласнасьць блізкага свайго; і гаспадар павінен прыняць, а той ня будзе плаціць;

А калі што будзе ўкрадзена ў яго, хай ён пакрые страту гаспадару;
 
а калі ўкрадзены будзе ў яго, дык павінен заплаціць гаспадару ягонаму;

а калі тая жывёла будзе разарваная дзікім зверам, хай ён прынясе тое, што было забіта, як доказ і не пакрывае страту.
 
калі ж будзе зьверам разадраны, дык няхай за доказ пакажа разадранае: за разадранае ён ня плаціць.

Калі хто пазычыць у блізкага свайго штосьці з жывёлы, а яна пакалечыцца або падзе ў адсутнасць гаспадара, хай яго прымусяць пакрыць страту.
 
Калі хто пазычыць у блізкага свайго быдла, і яно будзе пашкоджана, альбо памрэ, а гаспадара яго ня было пры ім, дык павінен заплаціць;

Але калі гаспадар прысутнічаў, хай не пакрывае страту. Калі яна была нанятая за грошы, то атрымае цану найму.
 
а калі гаспадар ягоны быў пры ім, дык не павінен плаціць; калі ён узяты быў у наймы за грошы, дык няхай і пойдзе за тую цану.

Калі хто звядзе дзяўчыну, яшчэ не заручаную, і будзе спаць з ёю, хай заплаціць плату за яе, як за жонку для сябе.
 
Калі спакусіць хто дзяўчыну заручаную і перасьпіць зь ёю, няхай дасьць ёй вена і возьме сабе за жонку;

Калі бацька дзяўчыны не згадзіцца аддаць яе, хай ён узважыць яму грошай згодна цане, што патрэбна даваць пры заручынах.
 
а калі бацька ня згодзіцца выдаць яе за яго, няхай заплаціць срэбрам, колькі належыць на вена дзяўчатам.

Не дазваляй жыць чараўніцы.
 
Варажбіткі не пакідай жывою.

Хто ляжа з жывёлай, хай будзе пакараны смерцю.
 
Кожны скаталожнік хай будзе аддадзены сьмерці.

Хто складае ахвяры багам, акрамя адзінага Госпада, хай загіне.
 
Той, хто прыносіць ахвяру божышчам, акрамя аднаго Госпада, хай будзе зьнішчаны.

Чужынца не ўціскай і не пераследуй, бо чужынцамі былі і вы самі ў зямлі Егіпецкай.
 
Прыхадня ня ўціскай і не прыгнятай яго, бо вы самыя былі прыхадні ў зямлі Егіпецкай.

Удаве і сіраце не рабіце крыўды.
 
Ні ўдавы, ні сіраты ня ўціскайце;

Калі іх будзеце крыўдзіць, будуць яны прызываць Мяне, і Я выслухаю лямант іх,
 
калі ж ты ўцісьнеш іх, дык, калі яны залямантуюць да Мяне, Я пачую лямант іхні,

і разгарыцца гнеў Мой, і ўдару вас мечам, і стануць жонкі вашы ўдовамі, а дзеці вашы — сіротамі.
 
і запалае гнеў Мой, і заб’ю вас мечам, і будуць жонкі вашыя ўдовамі і дзеці вашыя сіротамі.

Калі пазычыш грошы ўбогаму з Майго народа, што пражывае побач з табою, не будзь яму як ліхвяр і не прызначай яму працэнты.
 
Калі пазычыш грошы беднаму з народу Майго, дык ня ўціскай яго і не накладвай на яго ліхвы.

Калі ў заклад возьмеш верхняе адзенне ад блізкага свайго, перад захадам сонца аддай яму яго;
 
Калі возьмеш у заклад вопратку блізкага твайго, да захаду сонца аддай яе,

бо яно адзінае ў яго, ім накрываецца ён, гэта абалонка цела яго, і не мае ён іншага, у чым спаць; калі будзе ён клікаць Мяне, выслухаю яго, бо Я міласэрны.
 
бо яна адзінае покрыва ў яго, яна — адзеньне цела ягонага, у чым будзе ён спаць? дык вось, калі ён залямантуе да Мяне, Я пачую, бо Я міласэрны.

Не блюзні на Бога і не ганьбі кіраўніка народа свайго.
 
Судзьдзяў не ліхаслові і правадыра ў народзе тваім ня ганьбі.

Не марудзь аддаць лішкі тока твайго і давільні тваёй. І дасі Мне першароднага з сыноў тваіх.
 
Не марудзь прыносіць пачаткі з гумна твайго і з чавільні тваёй; аддавай Мне першынца з сыноў тваіх;

Тое ж самае зробіш з першародным ад быкоў і авечак: сем дзён хай будзе ён пры маці сваёй, а ў восьмы дзень аддасі яго Мне.
 
тое самае рабі з валом тваім і з авечкаю тваёю: сем дзён няхай яны будуць пры маці сваёй, а восьмага дня аддавай іх Мне.

Вы будзеце Мне людзьмі святымі: не ежце мяса звера, разарванага на полі, але кіньце яго сабакам.
 
І будзеце ў Мяне людзьмі сьвятымі; і мяса, разадранага зьверам у полі, ня ежце, сабакам выкідайце яго.