Выхад 13 разьдзел
Выхад
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Васіля Сёмухі
І сказаў Госпад Майсею, кажучы:
І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:
«Пасвяці Мне ўсё першароднае, што адкрывае ўлонне ў сыноў Ізраэля: як сярод людзей, так і сярод жывёлы, бо гэта ўсё Маё».
высьвяці мне кожнага першынца, які раскрывае ўлоньне сярод сыноў Ізраілевых, ад чалавека да быдла, Мае яны.
І сказаў Майсей народу: «Памятайце пра той дзень, у які выйшлі вы з Егіпта, з дома няволі; бо дужаю рукою вывеў вас Госпад з таго месца; так што не ежце вы заквашанага хлеба.
І сказаў Майсей народу: памятайце гэты дзень, у які выйшлі вы зь Егіпта, з дому рабства, бо рукою моцнаю вывеў вас Гасподзь адтуль, і ня ежце квашанага:
Сёння выходзіце вы, у месяцы Абіб.
сёньня выходзіце вы, у месяцы Авіве.
І калі ўвядзе цябе Госпад у зямлю хананеяў і хетэяў, амарэяў, гівеяў і евусеяў, якою прысягнуў Ён бацькам тваім, што дасць табе зямлю, што ацякае малаком і мёдам, тады павінен ты святкаваць яго ў гэтым самым месяцы.
І калі ўвядзе цябе Гасподзь у зямлю Хананэяў і Хэтэяў, і Амарэяў і Эвэяў і Евусэяў, якою запрысягнуўся Ён бацькам тваім, што дасьць табе зямлю, дзе цячэ малако і мёд, — дык учыняй гэта служэньне ў гэтым месяцы;
Сем дзён карміцеся праснакамі, а ў сёмы дзень будзе ўрачыстасць Госпаду.
сем дзён еж прэсны хлеб, і ў сёмы дзень сьвята Госпаду:
Праснакі будзеце есці сем дзён: і не з’явіцца ў цябе нічога заквашанага, і не будзе заквашанага ва ўсіх межах зямлі тваёй.
прэсны хлеб трэба есьці сем дзён, і не павінен быць у цябе квашаны хлеб, і не павінна быць у цябе квашанага ва ўсіх межах тваіх.
І ў той дзень раскажаш ты сыну свайму, гаворачы: “Гэта дзеля таго, што зрабіў мне Госпад, калі я выйшаў з Егіпта”.
І абвясьці ў дзень той сыну твайму, кажучы: гэта дзеля таго, што Гасподзь зрабіў са мною, калі я выйшаў зь Егіпта.
І вось, гэта будзе табе як знак у руцэ тваёй і як напамін у вачах тваіх, каб закон Госпадаў быў заўсёды ў вуснах тваіх; бо рукою дужаю вывеў цябе Госпад з Егіпта.
І хай будзе табе гэта знакам на руцэ тваёй і помнікам перад вачыма тваімі, каб закон Гасподні быў у вуснах тваіх; бо рукою моцнаю вывеў Гасподзь зь Егіпта.
Спаўняй гэты святы звычай у вызначаны час дзень пры дні.
Выконвай жа статут гэты ў прызначаны час, год у год.
І калі ўвядзе цябе Госпад у зямлю хананеяў, якою прысягнуў Ён табе і бацькам тваім, і дасць табе яе,
І калі выведзе цябе Гасподзь у зямлю Ханаанскую, як ён запрысягаўся табе і бацькам тваім, і дасьць яе табе, —
то аддзялі Госпаду ўсё, што адкрывае ўлонне і што першароднае ў жывёлы тваёй; і што будзеш мець мужчынскага роду — прысвяці Госпаду.
аддзяляй Госпаду ўсё, што расхіляе сьцёгны; і ўсё першароднае з жывёлы, якое ў цябе будзе, мужчынскага полу, Госпаду;
Першароднага ад асла заменіш авечкай; тое, што не выкупіш, забі. Усё ж першароднае ад чалавека з сыноў тваіх выкупляй за грошы.
а кожнага асла, які расхіляе, замяняй ягнём; а калі не заменіш; выкупі яго; і кожнага першынца чалавечага з сыноў тваіх выкупай.
І калі заўтра спытае ў цябе сын твой, гаворачы: “Што гэта?”, — ты адкажаш яму: “Дужаю рукою вывеў нас Госпад з Егіпта, з дому няволі.
І калі пасьля спытаецца ў цябе сын твой, кажучы: што гэта? дык скажы яму: рукою моцнаю вывеў нас Гасподзь зь Егіпта, з дому рабства;
Бо калі фараон заўпарціўся і не хацеў нас адпусціць, забіў Госпад усё паршароднае на зямлі Егіпецкай, ад першароднага чалавека аж да першароднага жывёлы; таму я ахвярую Госпаду ўсё, што адкрывае ўлонне, мужчынскага роду, і ўсіх першародных сыноў маіх выкупляю”.
бо калі фараон упарціўся адпусьціць нас, Гасподзь усьмерціў усіх першынцаў у зямлі Егіпецкай, ад першынца чалавечага да першынца з жывёлы, — таму я прыношу ў ахвяру Госпаду ўсё, што расхіляе сьцёгны, мужчынскага полу, а кожнага першынца з сыноў маіх выкупляю;
Такім чынам, гэта будзе быццам знак на руцэ тваёй і быццам тое, што падвешана перад вачамі тваімі дзеля ўспаміну, бо Госпад дужаю рукою вывеў нас з Егіпта».
і хай будзе гэта знакам на руцэ тваёй і замест павязкі над вачыма тваімі; бо рукою моцнаю Гасподзь вывеў нас зь Егіпта.
Бо калі фараон выслаў народ, не павёў іх Бог па дарозе да зямлі філістынцаў, што была найкарацейшай, думаючы аб тым, каб народ, часам, не раскаяўся, калі б убачыў перад сабою войны, і каб ён не вярнуўся ў Егіпет,
Калі ж фараон адпусьціў народ, Бог не павёў яго па дарозе зямлі Філістымскай, бо яна блізкая; бо сказаў Бог: каб не раскаяўся народ, убачыўшы вайну, і не вярнуўся ў Егіпет.
а павёў яго навокал па дарозе пустыні, якая праходзіць каля Чырвонага мора. А сыны Ізраэля выйшлі ўзброенымі з зямлі Егіпецкай.
І абвёў Бог народ дарогаю пустэльнаю да Чэрмнага мора. І выйшлі сыны Ізраілевыя ўзброеныя зь зямлі Егіпецкай.
Таксама забраў Майсей з сабою косці Язэпа, бо ён заклінаў сыноў Ізраэля, гаворачы: «Бог наведае вас; тады панясіце з сабою адсюль косці мае».
І ўзяў Майсей з сабою косьці Язэпа, бо прысягаю запрысягнуў сыноў Ізраілевых, сказаўшы: наведае вас Бог, і вы з сабою вынесіце косьці мае адгэтуль.
І выйшаўшы з Сукота, яны сталі лагерам у Этаме, на крайніх межах пустыні.
І рушылі з Сакхота і разьмясьціліся табарам у Этаме, на краі пустыні.
А Госпад ішоў перад імі днём у воблачным слупе, каб паказваць дарогу, а ноччу ў слупе агню, каб свяціць ім, каб быў правадыр у дарозе ў любы час.
А Гасподзь ішоў перад імі ўдзень у слупе воблачным, паказваючы ім дарогу, а ўначы ў слупе вогненным, сьвецячы ім, каб ішлі яны і ўдзень і ўначы.
Ніколі не знікаў з вачэй народа слуп воблачны днём, ані вогненны слуп ноччу.
Ня ўхіляўся слуп воблачны ўдзень і слуп вогненны ўначы з вачэй народа.