Выхад 14 разьдзел
Выхад
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Васіля Сёмухі
І сказаў Госпад Майсею, гаворачы:
І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:
«Скажы сынам Ізраэля, хай, звярнуўшыся, стануць яны лагерам пад мясцовасцю Пігахірот, што паміж Магдолам і морам, насупраць Баал-Сэфона; насупраць яго раскладвайце лагер над морам.
скажы сынам Ізраілевым, каб яны павярнуліся і сталі табарам перад Пі-Гахіротам, паміж Мігдолам і морам, перад Ваал-Цафонам; насупраць яго атабарцеся каля мора.
І скажа фараон пра сыноў Ізраэля: “Яны блукаюць у зямлі гэтай; замкнула іх пустыня”.
І скажа фараон пра сыноў Ізраілевых: яны заблудзіліся ў зямлі гэтай, замкнула іх пустыня.
І Я зраблю цвёрдым сэрца яго, і ён будзе пераследаваць вас, і Я ўслаўлюся на фараоне і на ўсім войску яго; і хай ведаюць егіпцяне, што Я — Госпад». Яны так і зрабілі.
А Я напоўню чэрствасьцю сэрца фараону, і ён пагоніцца за імі, і пакажу славу Маю на фараоне і на ўсім войску ягоным; і ўведаюць Егіпцяне, што Я Гасподзь. І зрабілі так.
І паведамілі цару Егіпецкаму, што ўцёк народ; і змянілася сэрца фараона і паслугачоў яго адносна народа, і яны сказалі: «Што гэта мы зрабілі, калі выгналі Ізраэль, каб ён не служыў нам?»
І абвешчана было цару Егіпецкаму, што народ уцёк; і абярнулася сэрца фараонава і рабоў ягоных супроць народу гэтага, і яны сказалі: што гэта мы зрабілі? навошта мы адпусьцілі Ізраільцянаў, каб яны не працавалі на нас?
Таму фараон узяў з сабою калясніцы і ўвесь свой народ;
Фараон запрог калясьніцу сваю і народ свой узяў з сабою;
і ўзяў ён шэсцьсот калясніц адборных і ўсе калясніцы, што былі ў Егіпце, і на кожнай калясніцы былі воіны.
і ўзяў шасьцьсот калясьніц адборных, і ўсе калясьніцы Егіпецкія, і правадыроў над усімі імі.
І зрабіў Госпад цвёрдым сэрца фараона, цара Егіпта, і ён пачаў пераследаваць сыноў Ізраэля; але яны выйшлі пад рукою ўзвышняю.
І ачарсьцьвіў Гасподзь сэрца фараону, цару Егіпецкаму, і ён пагнаўся за сынамі Ізраілевымі; а сыны Ізраілевыя ішлі пад рукою высокаю.
І, паколькі егіпцяне, усе коні і калясніцы фараона, коннікі і войска яго ішлі па слядах тых, хто быў наперадзе, яны заспелі іх у лагеры над морам; пад Пігахіротам і насупраць Баал-Сэфона.
І пагналіся за імі Егіпцяне, і ўсе коні з калясьніцамі фараонавымі, і верхаўцы, і ўсё войска ягонае, і дагналі іх атабараных каля мора, пры Пі-Гахіроце, перад Ваал-Цафонам.
І, калі наблізіўся фараон, сыны Ізраэля, паднімаючы вочы, убачылі егіпцян за сабою, і вельмі спалохаліся і пачалі клікаць Госпада,
Фараон наблізіўся, і сыны Ізраілевыя азірнуліся, і вось, Егіпцяне ідуць за імі: і вельмі спалохаліся і закрычалі сыны Ізраілевыя да Госпада,
і казалі Майсею: «Магчыма, не было магіл у Егіпце? Таму ты прывёў нас, каб мы паўміралі ў пустыні. Што гэта вы зрабілі, вывеўшы нас з Егіпта?
і сказалі Майсею: хіба няма магілаў у Егіпце, што ты прывёў нас паміраць у пустыні? што гэта ты зрабіў з намі, вывеўшы нас зь Егіпта?
Ці ж не тую самую размову вялі мы з табою ў Егіпце, гаворачы: “Пакінь нас, каб мы служылі егіпцянам”? Бо значна лепей было служыць ім, чым прападаць у пустыні».
Ці ж ня гэта самае казалі мы табе ў Егіпце, сказаўшы: пакінь нас, няхай мы будзем працаваць на Егіпцянаў. Бо лепш нам быць у рабстве ў Егіпцянаў, чым памерці ў пустыні.
Але Майсей сказаў народу: «Не бойцеся; стойце на месцы і ўбачыце збаўленне Госпада, якое ўчыніць Ён вам сёння; бо егіпцян, якіх цяпер бачыце, ужо ніколі не ўбачыце да веку.
Але Майсей сказаў народу: ня бойцеся, стойце — і ўбачыце выратаваньне ад Госпада, якое Ён дасьць вам і сёньня, бо Егіпцянаў, якіх вы бачыце сёньня, больш ня ўбачыце вавек;
Госпад будзе ваяваць за вас, а вы будзьце спакойнымі».
Гасподзь будзе змагацца за вас, і вы будзьце спакойныя.
І сказаў Госпад Майсею: «Чаму прызываеш Мяне? Скажы сынам Ізраэля, хай ідуць.
І сказаў Гасподзь Майсею: чаго ты крычыш да Мяне? скажы сынам Ізраілевым, каб яны ішлі;
А ты падымі кій твой, і выцягні руку тваю над морам, і раздзялі яго, каб прайшлі сыны Ізраэля праз сярэдзіну мора па сухім.
а ты падымі посах твой, і працягні руку тваю на мора, і падзялі яго, і пройдуць сыны Ізраілевыя сярод мора па сухім;
А Я зраблю цвёрдым сэрца егіпцян, каб гналіся за імі; і ўслаўлю Сябе на фараоне і на ўсім войску яго, на калясніцах і на конніках яго.
А Я зраблю чэрствым сэрца Егіпцянам, і яны пойдуць сьледам за імі; і пакажу славу Маю на фараоне і на ўсім войску ягоным і на верхаўцах ягоных:
І хай ведаюць егіпцяне, што Я — Госпад, калі ўслаўлюся на фараоне, на калясніцах і на конніках яго».
І спазнаюць Егіпцяне, што Я Гасподзь, калі пакажу славу Маю на фараоне, на калясьніцах ягоных і на верхаўцах ягоных.
І, уздымаючыся, Анёл Божы, які ішоў перад лагерам Ізраэля, пайшоў за імі; і разам з ім слуп воблачны, пакідаючы іх наперадзе, стаў за імі.
І рушыўся анёл Божы, які ішоў за імі; рушыўся і слуп воблачны ад аблічча іхняга, і стаў па-за імі.
І стаў паміж войскам егіпцян і лагерам Ізраэля; і быў хмарай цёмнай, і тою, што асвятляе ноч, так што яны не змаглі падысці адзін да аднаго за ўвесь час ночы.
і ўвайшоў усярэдзіну паміж табарам Егіпецкім і табарам Ізраілевым, і быў воблакам і змрокам адным і асьвятляў ноч другім, і ня зьблізіліся яны адны з аднымі праз усю ноч.
І, калі працягнуў Майсей руку над морам, Госпад адагнаў яго, бо дзьмуў гвалтоўны і сухі вецер усю ноч і ператварыў яго ў сухую зямлю; вада раздзялілася,
І прасьцёр Майсей руку сваю на мора, і гнаў Гасподзь мора моцным усходнім ветрам усю ноч і зрабіў мора сушаю; і расступіліся воды.
і пайшлі сыны Ізраэля праз сярэдзіну мора па сушы; а вада была, быццам мур, з правага і з левага іх боку.
І пайшлі сыны Ізраілевыя сярод мора па сухім: а воды былі ім сьцяною з правага і зь левага боку.
І, пераследуючы іх, егіпцяне пайшлі за імі, уся конніца фараона, калясніцы яго і коннікі праз сярэдзіну мора.
Пагналіся Егіпцяне, і ўвайшлі за імі ўсярэдзіну мора ўсе коні фараонавыя, калясьніцы ягоныя і верхаўцы ягоныя.
І ўжо прыйшла ранішняя варта, і вось, Госпад, назіраючы за лагерам егіпцян праз вогненны і воблачны слуп, збянтэжыў войска іх;
І ў ранішнюю варту паглядзеў Гасподзь на табар Егіпцянаў з слупа вогненнага і воблачнага і прывёў у замяшаньне табар Егіпцянаў;
і затрымаў Ён колы калясніц, так што з цяжкасцю рухаліся яны. І казалі егіпцяне: «Уцячэм ад Ізраэля! Бо Госпад змагаецца за іх супраць нас».
і зьнярухоміў колы ў калясьніцах іхніх, так што яны валаклі іх зь цяжкасьцю. І сказалі Егіпцяне: пабяжым ад Ізраільцянаў, бо Гасподзь змагаецца за іх супроць Егіпцянаў.
І сказаў Госпад Майсею: «Выцягні руку сваю над морам, каб нахлынулі воды на егіпцян, на калясніцы іх і коннікаў».
І сказаў Гасподзь Майсею: працягні руку тваю на мора, і хай павернуцца воды на Егіпцянаў, на калясьніцы іхнія і на верхаўцоў іхніх.
І, калі выцягнуў Майсей руку над морам, яно на світанні вярнулася на ранейшае месца; і на ўцякаючых егіпцян нахлынулі воды, і апусціў іх Госпад у сярэдзіну хваль.
І прасьцёр Майсей руку сваю на мора, і пад раніцу вада вярнулася ў сваё месца; а Егіпцяне беглі насустрач. Так патапіў Гасподзь Егіпцянаў сярод мора.
І нахлынулі воды і пакрылі калясніцы і коннікаў усяго войска фараона, якое, гонячыся, увайшло ў мора; так што ні адзін з іх не застаўся жывым.
І вада вярнулася і пакрыла калясьніцы і верхаўцоў усяго войска фараонавага, якія ўвайшлі за імі ў мора; не засталося ніводнага зь іх.
А сыны Ізраэля па сухім перайшлі праз сярэдзіну мора; і воды былі для іх, як мур, з правага і з левага боку.
А сыны Ізраілевыя прайшлі па сушы сярод мора: воды былі ім сьцяною па правы і па левы бок.
І ў той дзень вызваліў Госпад Ізраэль ад рукі егіпцян, і ўбачылі яны мёртвых егіпцян на беразе мора;
І выбавіў Гасподзь у дзень той Ізраільцянаў з рук Егіпцянаў, і ўбачылі сыны Ізраілевыя Егіпцянаў мёртвых на беразе мора.
і магутную руку, якую выявіў Госпад супраць іх; і ўшанаваў народ Госпада, і паверылі Госпаду і Майсею, паслугачу Яго.
І ўбачылі Ізраільцяне руку вялікую, якую прасьцёр Гасподзь над Егіпцянамі, і спалохаўся народ Госпада і паверыў Госпаду і Майсею, рабу Ягонаму.