Выхад 6 разьдзел

Выхад
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Сказаў Госпад Майсею: «Цяпер убачыш, што Я зраблю фараону; бо праз дужую руку адпусціць іх і моцнай рукою выкіне іх з зямлі сваёй».
 
І сказаў Гасподзь Майсею: цяпер убачыш ты, што Я зраблю з фараонам: дзеяньнем рукі моцнай ён адпусьціць іх; дзеяньнем рукі моцнай нават прагоніць іх зь зямлі сваёй.

І сказаў Госпад, гаворачы Майсею: «Я — Госпад,
 
І маўляў Бог Майсею і сказаў яму: Я Гасподзь.

Які з’явіўся Абрагаму, Ізааку і Якубу як Бог Усемагутны; і імя Сваё, Ягвэ, не аб’явіў ім.
 
Яўляўся Я Абрагаму, Ісааку і Якаву зь імем «Бог Усемагутны»; а зь імем Маім «Гасподзь» не адкрыўся ім;

І заключыў Я з імі запавет, што дам ім зямлю Ханаан, зямлю вандравання іх, у якой былі яны чужынцамі.
 
і Я паклаў заруку Маю зь імі, каб даць ім зямлю Ханаанскую, зямлю вандраваньня іхняга, у якой яны вандравалі.

Пачуў Я стогн сыноў Ізраэля, бо егіпцяне прыгняталі іх; і прыгадаў запавет Мой.
 
І Я пачуў стогны сыноў Ізраілевых пра тое, што Егіпцяне трымаюць іх у няволі, і ўспомніў заруку Маю.

Таму скажы сынам Ізраэля: “Я — Госпад, Я выведу вас з-пад ярма егіпцян, і вырву вас з няволі, і вызвалю вас выцягнутаю рукою і цяжкімі карамі.
 
Дык вось, скажы сынам Ізраілевым: Я Гасподзь, і выведу вас з-пад ярма Егіпцянаў, і выбаўлю вас зь няволі іхняй, і выратую вас рукою працягнутаю і судамі вялікімі;

І вазьму вас Сабе за народ, і буду вашым Богам; і вы даведаецеся, што Я — Госпад, Бог ваш, Які вывеў вас з турмы егіпцян,
 
і прыму вас Сабе ў народ і буду вам Богам, і вы ўведаеце, што Я Гасподзь, Бог ваш, Які вывеў вас з-пад ярма Егіпецкага:

і ўвёў у зямлю, над якой Я падняў руку Сваю, каб даць яе Абрагаму, Ізааку і Якубу; і дам вам яе ва ўладанне. Я — Госпад”».
 
і выведу вас у тую зямлю, якую Я, падняўшы руку Маю, прысягаўся даць яе Абрагаму, Ісааку, і Якаву, і дам вам яе ў спадчыну. Я Гасподзь.

Такім чынам, расказаў Майсей усё сынам Ізраэля; але яны не паверылі яму з-за маладушнасці і вельмі цяжкай працы.
 
Майсей пераказаў гэта сынам Ізраілевым: але яны не паслухаліся Майсея з маладушнасьці і цяжкасьці працы.

І сказаў Госпад, гаворачы Майсею:
 
І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:

«Ідзі і кажы фараону, цару Егіпта, каб адпусціў сыноў Ізраэля з зямлі сваёй».
 
увайдзі, скажы фараону, цару Егіпецкаму, каб ён адпусьціў сыноў Ізраілевых зь зямлі сваёй.

Адказаў Майсей перад абліччам Госпада: «Вось, сыны Ізраэля не слухаюць мяне, а як паслухае мяне фараон, калі я не ўмею гаварыць?»
 
І сказаў Майсей перад Госпадам, кажучы: вось, сыны Ізраілевыя ня слухаюцца мяне; як жа паслухаецца мяне фараон? а я не красамоўны.

І сказаў Госпад Майсею і Аарону, і даў ім загад для сыноў Ізраэля і для фараона, цара Егіпта, каб вывесці сыноў Ізраэля з зямлі Егіпта.
 
І маўляў Гасподзь Майсею і Аарону, і даваў ім загады сынам Ізраілевым і фараону, цару Егіпецкаму, каб вывесьці сыноў Ізраілевых зь зямлі Егіпецкай.

Гэта — кіраўнікі пакаленняў па сем’ях сваіх. Сыны Рубэна, першароднага Ізраэля: Гэнох і Паллю, Хэцрон і Хармі; гэта сем’і Рубэна.
 
Вось правадыры іх пакаленьняў: сыны Рувіма, першынца Ізраілевага: Ханох і Фалу, Хецрон і Храмі: гэта сямействы Рувімавыя.

Сыны Сімяона: Ямуэль, і Ямін, і Огад, і Яхін, і Цахар, і Саўл, сын хананейкі; гэта сем’і Сімяона.
 
Сыны Сымона: Емуіл і Ямін, і Агад і Яхін, і Цахар і Саўл, сын Хананэйкі; гэта сямейства Сымонава.

А гэта імёны сыноў Леві па іх сем’ях: Гэрсон, і Кагат, і Мэрары; а гадоў жыцця Леві было сто трыццаць сем.
 
Вось імёны сыноў Лявія паводле родаў іх: Гірсон, і Кааф, і Мэрары. А гадоў жыцьця Лявія было сто трыццаць сем.

Сыны Гэрсона: Лобні і Сямэй па сем’ях сваіх.
 
Сыны Гірсона: Ліўні і Шымэі зь сямействамі іхнімі.

Сыны Кагата: Амрам і Ісаар, Геброн і Азіэль; таксама і гады жыцця Кагата — сто трыццаць тры.
 
Сыны Каафавыя: Амрам і Іцгар, і Хэўрон і Узііл. А гадоў жыцьця Каафа было сто трыццаць тры гады.

Сыны Мэрары: Махалі і Мусі; гэта сем’і Леві па родах іх.
 
Сыны Мэрары: Махлі і Мушы. Гэта сямействы Лявія паводле родаў іхніх.

А Амрам узяў за жонку Ёхабэд, цётку сваю, якая нарадзіла яму Аарона і Майсея; гадоў жыцця Амрама было сто трыццаць сем.
 
Амрам узяў Ёхавэду, цётку сваю, сабе за жонку, і яна нарадзіла яму Аарона і Майсея. А гадоў жыцьця Амрама было сто трыццаць сем.

Таксама сыны Ісаара: Корэ, і Напэг, і Зэхры.
 
Сыны Іцгаравыя: Карэй і Нэфэг і Зіхры.

Таксама сыны Азіэля: Місаэль, і Элісафан, і Сэтры.
 
Сыны Узіілавы: Місаіл і Элцафан і Сітры.

А Аарон узяў за жонку Элісэбу, дачку Амінадаба, сястру Наасона, якая нарадзіла яму Надаба і Абігу, Элеязэра і Ітамара.
 
Аарон узяў сабе за жонку Елісавету, дачку Амінадававу, сястру Наасонаву, і яна нарадзіла яму Надава і Авіуда, Элеазара і Ітамара.

Сыны Корэ: Асір, і Элькана, і Абіясаф; гэта сем’і Корэ.
 
Сыны Карэя: Асір, Элкана і Авіясаф: гэта сямействы Карэевыя.

А Элеязэр, сын Аарона, узяў за жонку адну з дачок Путыэля, якая нарадзіла яму Пінхаса; гэта галовы сем’яў Леві па родах іх.
 
Элеазар, сын Ааронаў, узяў сабе за жонку адну з дочак Футыілавых, і яна нарадзіла яму Фінээса. Вось правадыры пакаленьняў лявіцкіх паводле сямействаў іхніх.

Гэта Аарон і Майсей, каму Госпад загадаў вывесці сыноў Ізраэля з зямлі Егіпта паводле іх дружынаў.
 
Аарон і Майсей, гэта — тыя, каму сказаў Гасподзь: выведзіце сыноў Ізраілевых зь зямлі Егіпецкай паводле рушэньняў іхніх.

Гэта тыя, хто кажа фараону, цару Егіпта, вывесці сыноў Ізраэля з Егіпта; гэта Майсей і Аарон
 
Яны ж і казалі фараону, цару Егіпецкаму, каб вывесьці сыноў Ізраілевых зь Егіпта; гэта Майсей і Аарон.

у дзень, калі звярнуўся Госпад да Майсея ў зямлі Егіпта.
 
Дык вось, у той час, калі Гасподзь казаў Майсею ў зямлі Егіпецкай,

І вось што сказаў Госпад, кажучы Майсею: «Я — Госпад! Скажы фараону, цару Егіпта, усё, што Я кажу табе».
 
Гасподзь сказаў Майсею, кажучы: Я Гасподзь! скажы фараону, цару Егіпецкаму, усё, што Я кажу табе.

Але Майсей сказаў перад Госпадам: «Вось, я не красамоўны, як будзе слухаць мяне фараон?»
 
А Майсей сказаў перад Госпадам: вось, я не красамоўны: як жа паслухаецца мяне фараон?