Выхад 19 разьдзел
Выхад
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Васіля Сёмухі
У трэцім месяцы па выхадзе Ізраэля з зямлі Егіпта, у той самы дзень прыбылі яны ў пустыню Сінай.
На трэцім месяцы пасьля выхаду сыноў Ізраіля зь зямлі Егіпецкай, у самы дзень маладзіка, прыйшлі яны ў пустыню Сінайскую.
Бо выйшаўшы з Рэфідыма і дайшоўшы аж да пустыні Сінай, расклаліся яны лагерам у тым жа месцы, дзе і паставіў Ізраэль палаткі насупраць гары.
І рушылі яны з Рэфідыма, і прыйшлі ў пустыню Сінайскую, і сталі там табарам у пустыні: і стаў там Ізраіль табарам насупраць гары.
А Майсей узышоў да Бога; і паклікаў яго Госпад з гары, і сказаў: «Вось што скажы дому Якуба і паведамі сынам Ізраэля:
Майсей узышоў да Бога, і заклікаў яго Гасподзь з гары, кажучы: так скажы дому Якава і абвясьці сынам Ізраіля:
“Вы самі бачылі, што Я зрабіў егіпцянам, як панёс вас, як на крылах арліных, і прынёс вас да Сябе.
вы бачылі, што Я зрабіў Егіпцянам, і як Я насіў вас на арліных крылах, і прынёс вас да Сябе;
Дык калі будзеце слухаць голас Мой і захоўваць запавет Мой, вы станецеся для Мяне асаблівымі сярод усіх народаў; бо Мая ўся зямля.
дык вось, калі вы будзеце слухацца голасу Майго і шанаваць запавет Мой, дык будзеце Маім скарбам з усіх народаў, бо Мая ўся зямля,
І вы будзеце для Мяне царствам святароў і народам святым”. Гэта словы, якія ты скажаш сынам Ізраэля».
а вы будзеце ў Мяне царствам сьвятароў і народам сьвятым; вось словы, якія ты скажаш сынам Ізраілевым.
Прыйшоў Майсей і, склікаўшы старэйшын народа, прадставіў ім усе словы, што даручыў Госпад.
І прыйшоў Майсей і склікаў старэйшынаў народу і прапанаваў ім усе гэтыя словы, якія наказаў яму Гасподзь.
І ўвесь народ адказаў адзінадушна: «Усё, што сказаў Госпад — споўнім». І, калі перадаў Майсей словы народа Госпаду,
І ўвесь народ адказаў у адзін голас, кажучы: усё, што сказаў Гасподзь, выканаем. І данёс Майсей словы народу да Госпада.
сказаў яму Госпад: «Вось, Я прыйду да цябе ў воблаку туманным, каб народ чуў, як Я буду гутарыць з табою, і каб паверыў ён табе назаўжды». І Майсей перадаў словы народа,
І сказаў Гасподзь Майсею: вось, Я прыйду да цябе ў густым воблаку, каб чуў народ, як Я буду гаварыць з табою, і паверыў табе назаўсёды. І Майсей абвясьціў словы народу да Госпада.
і Ён сказаў яму: «Ідзі да народа і асвяці яго сёння і заўтра; і хай памыюць яны адзенне сваё,
І сказаў Гасподзь Майсею: ідзі да народу, і асьвяці яго сёньня і заўтра; хай вымыюць вопратку сваю,
і хай прыгатуюцца на дзень трэці. Бо ў трэці дзень на вачах усяго народа на гару Сінай сыдзе Госпад.
каб быць гатовымі да трэцяга дня: бо на трэці дзень сыйдзе Гасподзь на вачах ва ўсяго народу на гару Сінай;
І вызначы народу межы кругом, і скажы: “Сцеражыцеся, каб не ўзыходзіць на гару і не дакранацца да межаў яе; кожны, хто дакранецца да гары, — будзе пакараны смерцю.
і правядзі народу рысу з усіх бакоў і скажы: сьцеражэцеся ўзыходзіць на гару і дакранацца да падножжа яе: кожны, хто дакранецца да гары, аддадзены будзе сьмерці;
Хай рука не дакранецца да яго, хай будзе ўкаменаваны або прабіты стрэламі: ці то жывёла, ці то чалавек — не застануцца ў жывых”. Калі загучыць труба, хай тады ўзыдуць яны на гару».
хай рука не дакранецца да яго, а хай паб’юць яго камянямі, альбо застрэляць стралою; хай то быдла, хай чалавек, а хай не застанецца жывы; у час працяглага трубнага гуку, могуць яны ўзысьці на гару.
І сышоў Майсей з гары да народа, і асвяціў яго; і, калі памылі яны адзенне сваё,
І сышоў Майсей з гары да людзей і асьвяціў людзей, і яны вымылі вопратку сваю.
сказаў ён ім: «Будзьце прыгатаваныя на дзень трэці; не дакранайцеся да жонак вашых».
І сказаў народу: будзьце гатовыя да трэцяга дня; не дакранайцеся да жонак.
І ўжо надышоў трэці дзень, і рана развіднела; і вось, пачуліся грымоты, і заблішчалі маланкі, і найцямнейшае воблака накрыла гару, і гук трубы шумеў усё мацней; і спалохаўся народ, што быў у лагеры.
На трэці дзень, як занялася раніца, былі грымоты і маланкі, і густая хмара над гарою і трубны гук даволі моцны: і затрымцеў увесь народ, які быў у табары.
І, калі вывеў Майсей людзей з месца лагера насустрач Богу, і сталі яны ля падножжа гары,
І вывеў Майсей людзей з табара насустрач Богу, і сталі каля падножжа гары.
а ўся гара Сінай дымілася, бо сышоў на яе Госпад у агні, і ўздымаўся дым з яе, як з печы. І ўся гара моцна хісталася.
А гара Сінай уся дымілася ад таго, што Гасподзь сышоў на яе ў агні; і падымаўся ад яе дым, як дым зь печы, і ўся гара моцна хісталася:
І гук трубы рабіўся штораз магутнейшы; Майсей гаварыў, а Бог адказваў яму ўголас.
і гук трубны рабіўся мацнейшы і мацнейшы. Майсей гаварыў, і Бог адказваў яму голасам.
І сышоў Госпад на гару Сінай, на самы верх гары, і паклікаў Майсея на самую яе вяршыню. А калі ён узышоў,
І сышоў Гасподзь на гару Сінай, на вяршыню гары, і заклікаў Гасподзь Майсея на вяршыню гары, і ўзышоў Майсей.
сказаў яму: «Сыдзі ўніз і папярэдзь народ, каб ён не захацеў перайсці межаў, каб пабачыць Госпада, і каб не загінула вялікая колькасць яго.
І сказаў Гасподзь Майсею: сыйдзі і пацьвердзі народу, каб ён не парываўся да Госпада ўбачыць Яго, і каб не загінулі многія зь яго:
Таксама і святары, якія прыступаюць да Госпада, хай асвяцяцца, каб Ён не ўдарыў іх».
а сьвятары, якія набліжаюцца да Госпада, павінны асьвяціць сябе, каб ня ўразіў іх Гасподзь.
І сказаў Майсей Госпаду: «Не зможа народ узысці на гару Сінай, бо Ты папярэдзіў і загадаў, кажучы: “Вызначы межы кругом гары і асвяці яе”».
І сказаў Майсей Госпаду: ня можа народ узысьці на гару Сінай: бо Ты папярэдзіў нас, сказаўшы: правядзі мяжу вакол гары і асьвяці яе.
Сказаў яму Госпад: «Ідзі, сыдзі ўніз; а потым прыйдзі ты і Аарон з табою, а святары і народ хай не пераходзяць межаў і не набліжаюцца да Госпада, каб Ён не забіў іх».
І Гасподзь сказаў яму: ідзі, сыйдзі, потым узыйдзі ты і з табою Аарон: а сьвятары і народ няхай не парываюцца ўзыходзіць да Госпада, каб Гасподзь ня ўразіў іх.
І сышоў Майсей да народа, і ўсё ім пераказаў.
І сышоў Майсей да людзей і пераказаў ім.