Выхад 15 разьдзел

Выхад
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Тады Майсей і сыны Ізраэля заспявалі гэтую песню Госпаду і сказалі: «Давайце спяваць Госпаду: бо Ён слаўна ўзвялічыўся, каня і конніка кінуў у мора.
 
Тады Майсей і сыны Ізраілевыя засьпявалі Госпаду песьню гэтую і казалі: пяю Госпаду, бо ён высока ўзьнёсься: каня і верхаўца яго ўкінуў у мора.

Моц мая і сіла мая — Госпад, Ён стаў для мяне збаўленнем. Ён — Бог мой, і буду славіць Яго; Ён — Бог бацькі майго, і буду ўзвялічваць Яго!
 
Гасподзь цьвярдыня мая і слава мая, Ён стаў мне ратункам. Ён Бог мой, і праслаўлю Яго; Бог бацькі майго, і ўсхвалю Яго.

Госпад — быццам мужчына-ратнік; Ягвэ — імя Яго!
 
Гасподзь муж бітвы, Ягова імя Яму.

Калясніцы фараона і войска яго Ён кінуў у мора, адборныя воіны яго патоплены ў моры Чырвоным.
 
Калясьніцы фараонавыя і войска ягонае ўкінуў Ён у мора, і выбраныя ваеначальнікі Ягоныя патанулі ў Чэрмным моры.

Бездані накрылі іх, апусціліся яны ў глыбіню, як камень.
 
Багны пакрылі іх: яны пайшлі ў глыбіню, як камень.

Правіца Твая, Госпадзе, — у слаўнай моцы; правіца Твая, Госпадзе, перамагла ворага.
 
Правіца Твая, Госпадзе, праславілася сілаю; правіца Твая, Госпадзе, пабіла ворага.

І ў мностве славы Тваёй знішчыў Ты супраціўнікаў Тваіх; і даў Ты волю гневу Свайму, які праглынуў іх, як салому.
 
Велічнасьцю славы Тваёй Ты скінуў тых, што паўсталі супроць Цябе. Ты паслаў гнеў Твой, і ён папаліў іх, як салому.

І ў подыху абурэння Твайго сабраліся воды; і паўстала, як сцяна, цякучая хваля, і на сярэдзіне мора застылі бездані.
 
Ад дыханьня Твайго цякучыя воды спыніліся сьцяною, застылі глыбіні ў сэрцы мора.

Вораг сказаў: “Буду гнацца і даганю; падзялю здабычу, нацешыцца душа мая, дастану меч свой, і заб’е іх рука мая!”
 
Вораг сказаў: паганю, даганю, падзялю здабычу; насыціцца імі душа мая, агалю меч мой, зьнішчыць іх рука мая.

Дыхнуў Ты Духам Тваім, і накрыла іх мора; яны патанулі, як свінец, у бурлівых водах.
 
Ты дыхнуў духам Тваім, і накрыла іх мора: яны апусьціліся, як волава, у вялікіх водах.

Хто сярод багоў падобны Табе, Госпадзе? Хто падобны Табе, хто слаўны святасцю, страшны і праслаўлены, творца цудаў?
 
Хто, як Ты, Госпадзе, паміж багамі? Хто, як Ты, велічны сьвятасьцю, страшны пахваламі, творца цудаў?

Працягнуў Ты руку Сваю, і паглынула іх зямля.
 
Ты прасьцёр правіцу Тваю: паглынула іх зямля.

У міласэрнасці Тваёй быў Ты правадыром для народа, які адкупіў, і праводзіў яго ў моцы Сваёй у Сваё святое жыллё.
 
Ты вёў міласьцю Тваёю народ гэты, які Ты выбавіў, — павёў сілаю Тваёю да сьвятой сялібы Тваёй.

Пачулі народы і спалохаліся, смутак апанаваў жыхароў філістынскіх.
 
Пачулі народы і дрыжаць: жудасьць ахапіла жыхароў Філістымскіх;

Тады занепакоіліся князі Эдома, а ўладароў Мааба апанаваў страх, здранцвелі ўсе жыхары Ханаана.
 
тады сумеліся князі Эдэмавыя, дрыжаньне апанавала правадыроў Маавіцкіх, замаркоціліся ўсе жыхары Ханаана.

Напалі на іх трымценне і жах; у магутнасці рукі Тваёй робяцца яны нерухомымі, як камень, пакуль праходзіць народ Твой, Госпадзе, пакуль праходзіць той народ Твой, які ўзяў Ты ва ўласнасць.
 
Хай апануе іх страх і жудасьць; ад велічы мышцы Тваёй хай анямеюць яны, як камень, пакуль праходзіць народ Твой, Госпадзе, пакуль праходзіць гэты народ, які Ты прыдбаў.

Увядзі іх і пасадзі на гары спадчыны Тваёй, у наймагутнейшай сялібе Тваёй, якую стварыў Ты, Госпадзе, у святыні, Госпадзе, якую заснавалі рукі Твае.
 
Увядзі яго і пасадзі яго на гары здабытку Твайго, на месцы, якое Ты зрабіў жытлом Сабе, Госпадзе, у сьвятыню, якую стварылі рукі Твае, Уладыка?

І будзе Госпад валадарыць на векі вечныя!
 
Гасподзь будзе панаваць вавекі і ў вечнасьць.

Бо ўвайшлі коні фараона ў мора з калясніцамі і коннікамі яго, і ўзвёў на іх Госпад воды марскія; а сыны Ізраэля прайшлі па сухім дне праз сярэдзіну мора».
 
Калі ўвайшлі коні фараонавыя і зь верхаўцамі ягонымі ў мора, дык Гасподзь абярнуў на іх воды марскія, а сыны Ізраілевыя прайшлі па сушы сярод мора.

Дык сястра Аарона Мірыям-прарочыца, узяла тымпан у руку сваю; і ўсе жанчыны ішлі за ёю з тымпанамі і карагодамі;
 
І ўзяла Марыям прарочыца, сястра Ааронавая, у руку сваю бубен, і выйшлі за ёю ўсе жанчыны з бубнамі і радасьцю.

яна спявала ім, кажучы: «Давайце спяваць для Госпада, бо Ён слаўна ўзвялічыўся: каня і вершніка яго ўкінуў у мора!»
 
І засьпявала Марыям перад імі: сьпявайце Госпаду, бо высока ўзьнёсься Ён, каня і верхаўца ягонага ўкінуў у мора.

Павёў тады Майсей Ізраэля ад Чырвонага мора, і пайшлі яны ў пустыню Сур; і тры дні ішлі яны праз пустыню і не знаходзілі вады.
 
І павёў Майсей Ізраільцянаў ад Чэрмнага мора, і яны ўступілі ў пустыню Сур; і ішлі яны тры дні па пустыні і не знаходзілі вады.

І прыйшлі да мясцовасці Мара, але не маглі піць ваду з Мары, таму што была яна горкая; з-за таго таму месцу было дадзена імя Мараa.
 
Прыйшлі ў Мэру — і не маглі піць вады ў Мэры, бо яна была горкая, чаму і дадзена таму месцу назва: Мэра.

І наракаў народ на Майсея, кажучы: «Што будзем піць?»
 
І наракаў народ на Майсея, кажучы: што нам піць?

І паклікаў ён Госпада, Які паказаў яму дрэва; калі ўкінуў ён яго ў ваду, вада ператварылася ў салодкую. Там устанавіў для народа Госпад пастановы і прыказанні, і там выпрабаваў яго,
 
Майсей загаласіў да Госпада, і Гасподзь паказаў яму дрэва, і ён кінуў яго ў ваду, і вада зрабілася салодкая. Таму Бог даў народу статут і закон і там выпрабоўваў яго.

кажучы: «Калі будзеш слухаць голас Госпада, Бога твайго, і будзеш рабіць справядлівае перад абліччам Яго, і скарышся настаўленням Яго і будзеш захоўваць усе Яго пастановы, то Я не навяду на цябе ніводнай хваробы, што навёў на Егіпет: бо Я — Госпад, лекар твой».
 
І сказаў: калі ты будзеш слухацца голасу Госпада, Бога твайго, і рабіць вартаснае перад вачамі Яго, і слухацца запаведзяў Ягоных, і шанаваць усе статуты Ягоныя, дык не навяду на цябе ніякай хваробы, якія навёў Я на Егіпет: бо Я Гасподзь, Які ацаляе цябе.

І прыбылі яны ў Элім, дзе было дванаццаць крыніц і семдзесят пальмаў; і там сталі яны лагерам каля вады.
 
І прыйшлі ў Элім: там было дванаццаць крыніц вады і семдзесят пальмавых дрэў, і разьмясьціліся там табарам каля водаў.