Выхад 11 разьдзел
Выхад
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Васіля Сёмухі
І сказаў Госпад Майсею: «Яшчэ адной плягай Я дакрануся да фараона і да Егіпта; і пасля гэтага адпусціць ён вас абавязкова, і нават прымусіць вас выйсці.
І сказаў Гасподзь Майсею: яшчэ адну кару Я навяду на фараона і на Егіпцянаў; пасьля таго ён пусьціць вас адгэтуль; а калі ён будзе адпускаць, пасьпешліва будзе гнаць вас адгэтуль;
Такім чынам, паведамі ўсяму народу, каб пазычаў мужчына ў сябра свайго, а жанчына — у суседкі сваёй залаты і срэбраны посуд,
скажы ў вушы народу, каб кожны ў блізкага свайго і кожная жанчына ў блізкай сваёй выпрасілі рэчаў срэбраных і рэчаў залатых.
бо Госпад дасць народу ласку ў вачах егіпцян». А Майсей быў чалавекам вельмі паважаным у зямлі Егіпецкай з боку паслугачоў фараона і ўсяго народа.
І даў Гасподзь ласку народу ў вачах Егіпцянаў; ды і Майсей быў вельмі вялікі ў зямлі Егіпецкай, у вачах рабоў фараонавых і ў вачах народу.
І сказаў Майсей: «Гэта кажа Госпад: “Апоўначы Я ўвайду ў Егіпет,
І сказаў Майсей: так кажа Гасподзь: апоўначы Я прайду сярод Егіпта,
і памрэ ўсё першароднае ў зямлі Егіпецкай, ад першароднага сына фараона, які сядзіць на сваім пасадзе, і да першароднага нявольніцы, якая працуе пры жорнах, і ўсё першароднае жывёлы.
і памрэ кожны першынец у зямлі Егіпецкай ад першынца фараона, які сядзіць на троне сваім, да першынца рабыні, якая каля жорнаў, і ўсё першароднае з быдла;
І ва ўсёй зямлі Егіпецкай будзе вялікі лямант, якога не было раней і не будзе пазней.
і будзе енк вялікі па ўсёй зямлі Егіпецкай, якога ня бывала і якога ня будзе болей;
А ва ўсіх сыноў Ізраэля не забрэша сабака ані на чалавека, ані на жывёлу, каб вы ведалі, якім цудам аддзяляе Госпад егіпцян ад Ізраэля.
а ва ўсіх сыноў Ізраілевых ні на чалавека, ні на быдла не варухне сабака языком сваім, каб вы ведалі, якую розьніцу робіць Гасподзь паміж Егіпцянамі і паміж Ізраільцянамі.
І прыйдуць усе гэтыя паслугачы твае да мяне, і ён паклоніцца мне, кажучы: “Выйдзі ты і ўвесь народ, які ідзе за табой”. Пасля гэтага я выйду”». І выйшаў Майсей ад фараона вельмі ўгневаны.
І прыйдуць усе рабы гэтыя твае да мяне і паклоняцца мне, кажучы: выйдзі ты і ўвесь народ, які ты ўзначальваеш. Пасьля гэтага я і выйду. І выйшаў ад фараона з гневам.
І сказаў Госпад Майсею: «Не паслухаў фараон вас, каб многія знакі сталіся ў зямлі Егіпта».
І сказаў Гасподзь Майсею: не паслухаўся вас фараон, каб памножыліся і цуды Мае ў зямлі Егіпецкай.
Майсей і Аарон учынілі ўсе гэтыя знакі перад фараонам; але Госпад зрабіў цвёрдым сэрца фараона, і ён не адпусціў сыноў Ізраэля з зямлі сваёй.
Майсей і Аарон зрабілі ўсе гэтыя цуды перад фараонам; але Гасподзь ачэрсьцьвіў сэрца фараона, і ён не адпусьціў сыноў Ізраілевых зь зямлі сваёй.