Выхад 27 разьдзел

Выхад
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Зрабі ахвярнік з дрэва акацыі, які хай мае пяць локцяў у даўжыню, столькі ж у шырыню, гэта значыць чатырохвугольны, і тры локці ў вышыню.
 
І зрабі ахвярнік з дрэва сітым даўжынёю ў пяць локцяў і шырынёю ў пяць локцяў, так каб ён быў чатырохкутны, і вышынёю ў тры локці.

І хай будуць рогі ад яго на чатырох вуглах, і зрабі гэта з медзі.
 
І зрабі рогі на чатырох вуглах яго, так каб рогі выходзілі зь яго; і абкладзі яго медзьдзю.

І зрабі дзеля ўжывання яго папяльніцы, каб збіраць у іх попел, а таксама гаршкі, вугальныя лапаткі, крапільніцы і кадзільніцы; усе прыналежнасці зрабі з медзі.
 
Зрабі да яго горшчык, каб ссыпаць у яго попел, і лапаткі і чары, і відэльцы і вугольніцы; усе прылады зрабі зь медзі.

І для яго зрабі краты медныя накшталт сеткі, і на іх чатырох вуглах хай будуць чатыры кольцы з медзі,
 
Зрабі да яго крату, каб была як сетка, зь медзі, і зрабі на сетцы, на чатырох вуглах яе, чатыры колцы медныя;

і ўмацуеш іх знізу пад краем ахвярніка, хай краты будуць аж да сярэдзіны ахвярніка.
 
і пакладзі яе на край ахвярніка ўнізе, так каб сетка была да палавіны ахвярніка.

Зрабі і дзве жэрдкі да ахвярніка з дрэва акацыі, якія пакрый меднымі пласцінамі,
 
І зрабі жэрдкі да ахвярніка, жэрдкі з дрэва сітым, і абкладзі іх медзьдзю;

і прасунь іх у кольцы, хай будуць яны з абодвух бакоў ахвярніка, каб яго пераносіць.
 
і ўкладвай жэрдкі яго ў колцы, так каб жэрдкі былі абапал ахвярніка, калі несьці яго.

Зрабі яго з дошак, пусты ён унутры; як было паказана табе на гары, хай так зробяць.
 
зрабі яго пустым усярэдзіне, дашчаны: як паказана табе на гары, так няхай зробяць.

Зрабі і панадворак скініі; на паўднёвым баку якога заслоны хай будуць з кручанага вісону: адзін бок хай мае ў даўжыню сто локцяў;
 
Зрабі двор скініі: з паўднёвага боку на поўдзень заслоны для двара павінны быць з суканага вісону, даўжынёю ў сто локцяў з аднаго боку;

і дваццаць слупоў і столькі ж падножжаў з медзі, і аплікі на слупах і кольцы з срэбра.
 
слупоў для іх дваццаць, і падножжаў для іх дваццаць медных; гачыкі ў слупоў і повязі на іх з срэбра.

Такім жа чынам на паўночным баку: хай будуць заслоны сто локцяў у даўжыню; і слупоў дваццаць, і падножжы медныя той жа колькасці, і аплікі слупоў, і кольцы іх — срэбраныя.
 
Таксама і ўдоўж на паўночным баку — заслоны ў сто локцяў даўжынёю; слупоў для іх дваццаць, і падножжаў для іх дваццаць медных, гачыкі ў слупоў і повязі на іх з срэбра.

Па шырыні ж панадворка з заходняга боку хай будуць заслоны ў пяцьдзесят локцяў, і слупоў дзесяць, і падножжаў столькі ж.
 
А ў шырыню двара з заходняга боку — заслоны ў пяцьдзясят локцяў; слупоў для іх дзесяць, і падножжаў да іх дзесяць.

Па шырыні ж панадворка, што глядзіць на ўсход, хай будуць пяцьдзесят локцяў, сярод якіх
 
І ў шырыню двара зь відавога боку на ўсход — у пяцьдзясят локцяў;

на адным баку хай налічваюцца заслоны ў пятнаццаць локцяў, і тры слупы і столькі ж падножжаў.
 
Да аднаго боку — заслоны ў пятнаццаць локцяў, слупоў для іх тры, і падножжаў да іх тры.

І заслоны з другога боку хай будуць мець пятнаццаць локцяў, слупы — тры, і падножжы — столькі ж.
 
і да другога боку — заслоны ў пятнаццаць, слупоў для іх тры, і падножжаў для іх тры.

А пры ўваходзе ў панадворак заслона ў дваццаць локцяў з гіяцынту і пурпуру, кармазыну і кручанага вісону, залататканай работы; хай мае чатыры слупы і столькі ж падножжаў.
 
А для брамы двара заслона ў дваццаць локцяў з блакітнай і пурпуровай і чырванёнай воўны і з суканага вісону ўзорыстага вырабу; слупоў для яго чатыры, і падножжаў да іх чатыры.

Усе слупы панадворка павінны быць абхоплены кругом срэбранымі кольцамі, а іх аплікі хай будуць срэбранымі, а падножжы — медныя.
 
Усе слупы вакол двара павінны быць злучаны повязямі з срэбра; гачыкі ў іх з срэбра, і падножжы да іх зь медзі.

У даўжыню панадворак зойме сто локцяў, у шырыню — пяцьдзесят, а вышыня хай будзе пяць локцяў; і ўсё хай будзе з кручанага вісону, і хай мае медныя падножжы.
 
Даўжыня двара сто локцяў, а шырыня па ўсёй працягласьці пяцьдзясят, вышыня пяць локцяў; заслоны з суканага вісону, а падножжы зь медзі.

Усе прыналежнасці скініі для ўсякага ўжытку ў ёй і ўсе яе калкі і ўсе калкі панадворка зрабі з медзі.
 
Усе прылады скініі дзеля ўсякага ўжытку ў ёй, і ўсе калы яе, усе калы двара — зь медзі.

Загадай сынам Ізраэля, каб прынеслі табе алей найчысцейшы з аліўкавых дрэў і націсканы з дапамогаю таўкача, каб гарэла святло заўсёды
 
І загадай сынам Ізраілевым, каб яны прыносілі табе алей чысты, чаўлены з масьлінаў, дзеля асьвячэньня, каб гарэла сьвяцільня ўвесь час;

у палатцы сустрэчы па-за заслонай, што павешана перад сведчаннем. І будуць запальваць яго Аарон і сыны яго, каб ад вечара да раніцы гарэў перад абліччам Госпадавым. Гэта хай будзе пастанова вечная на ўсе пакаленні для сыноў Ізраэля.
 
у скініі сходу за заслонай, якая перад каўчэгам адкрыцьця, будзе запальваць яго Аарон і сыны ягоныя, ад вечара да раніцы, перад абліччам Гасподнім. Гэта статут вечны пакаленьням іхнім ад сыноў Ізраілевых.