Выхад 27 разьдзел

Выхад
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

І зрабі аброчнік ізь дзерва акацы пяць локцяў удаўжкі і пяць локцяў ушыркі, хай будзе аброчнік чатыракутні, і тры локці ўвышкі.
 
І зрабі ахвярнік з дрэва сітым даўжынёю ў пяць локцяў і шырынёю ў пяць локцяў, так каб ён быў чатырохкутны, і вышынёю ў тры локці.

І зрабі рогі ягоныя на чатырох вуглох ягоных, каб ізь яго выходзілі рогі ягоныя, і пацягні яго медзяй.
 
І зрабі рогі на чатырох вуглах яго, так каб рогі выходзілі зь яго; і абкладзі яго медзьдзю.

І зрабі да яго гаршкі, высыпаць у іх попел, а лапаткі а чары а відзёлкі а вуглянкі да ўсіх судзінаў ягоных зрабі зь медзі.
 
Зрабі да яго горшчык, каб ссыпаць у яго попел, і лапаткі і чары, і відэльцы і вугольніцы; усе прылады зрабі зь медзі.

І зрабі да яе крату, падобную да пляцёнкі, мядзяную, і зрабі на пляцёнцы чатыры колцы мядзяныя да чатырох вуглоў яе.
 
Зрабі да яго крату, каб была як сетка, зь медзі, і зрабі на сетцы, на чатырох вуглах яе, чатыры колцы медныя;

І палажы яе далавах пад вобад аброчніка так, каб пляцёнка была да палавіцы аброчніка.
 
і пакладзі яе на край ахвярніка ўнізе, так каб сетка была да палавіны ахвярніка.

І зрабі нашулкі да аброчніка, нашулкі зь дзерва акацы, і пацягні іх медзяй.
 
І зрабі жэрдкі да ахвярніка, жэрдкі з дрэва сітым, і абкладзі іх медзьдзю;

І ўводзь нашулкі ягоныя ў колцы, і будуць нашулкі па абодвых бакох аброчніка, як носяць яго.
 
і ўкладвай жэрдкі яго ў колцы, так каб жэрдкі былі абапал ахвярніка, калі несьці яго.

Пустым унутры з дашчок зрабі яго; як паказана табе на гары, так зрабіце яго.
 
зрабі яго пустым усярэдзіне, дашчаны: як паказана табе на гары, так няхай зробяць.

Зрабі панадворак вітальні: з паўднявога боку на паўдня заслоны да панадворку зь цянюсенькага тканага палатна, удаўжкі сто локцяў па адным баку.
 
Зрабі двор скініі: з паўднёвага боку на поўдзень заслоны для двара павінны быць з суканага вісону, даўжынёю ў сто локцяў з аднаго боку;

І стаўпоў да іх дваццаць, і падложкаў да іх дваццаць мядзяных; кручкі да стаўпоў і прывязкі срэбныя.
 
слупоў для іх дваццаць, і падножжаў для іх дваццаць медных; гачыкі ў слупоў і повязі на іх з срэбра.

Таксама па баку паўночным уздоўж заслоны сто локцяў удаўжкі; і стаўпоў да іх дваццаць, і падложкаў да іх дваццаць мядзяных; кручкі да стаўпоў і прывязкі да іх срэбныя.
 
Таксама і ўдоўж на паўночным баку — заслоны ў сто локцяў даўжынёю; слупоў для іх дваццаць, і падножжаў для іх дваццаць медных, гачыкі ў слупоў і повязі на іх з срэбра.

Ушыркі панадворку да боку мора (захаду) заслоны пяцьдзясят локцяў; стаўпоў да іх дзесяць, і падложкаў да іх дзесяць.
 
А ў шырыню двара з заходняга боку — заслоны ў пяцьдзясят локцяў; слупоў для іх дзесяць, і падножжаў да іх дзесяць.

І ўшыркі панадворку зь пярэдняга боку на ўсход пяцьдзясят локцяў.
 
І ў шырыню двара зь відавога боку на ўсход — у пяцьдзясят локцяў;

Пятнанцаць локцяў заслоны да боку; стаўпоў да іх тры, і падложкаў да іх тры.
 
Да аднаго боку — заслоны ў пятнаццаць локцяў, слупоў для іх тры, і падножжаў да іх тры.

І да другога боку пятнанцаць заслонаў; стаўпоў да іх тры, і падложкаў да іх тры.
 
і да другога боку — заслоны ў пятнаццаць, слупоў для іх тры, і падножжаў для іх тры.

А ля брамы панадворку запона дваццацёх локцяў з васільковае а пурпуровае а чырвовае воўны, і зь цянюсенькага палатна вышыванае работы; стаўпоў да яго чатыры, і падложкаў да іх чатыры.
 
А для брамы двара заслона ў дваццаць локцяў з блакітнай і пурпуровай і чырванёнай воўны і з суканага вісону ўзорыстага вырабу; слупоў для яго чатыры, і падножжаў да іх чатыры.

Усі стаўпы наўкола панадворку маюць быць злучаны срэбнымі прывязкамі; кручкі ў іх срэбныя, і падложкі да іх мядзяныя.
 
Усе слупы вакол двара павінны быць злучаны повязямі з срэбра; гачыкі ў іх з срэбра, і падножжы да іх зь медзі.

Удаўжкі панадворак сто локцяў, а шырыня пяцьдзясят і пяцьдзясят, а вышыня пяць локцяў; запоны з цянюсенькага суканага палатна, а падложкі мядзяныя.
 
Даўжыня двара сто локцяў, а шырыня па ўсёй працягласьці пяцьдзясят, вышыня пяць локцяў; заслоны з суканага вісону, а падножжы зь медзі.

Усе судзьдзе вітальні на ўсялякую службу ў ёй і ўсі калкі ейныя, і ўсі калкі панадворку — зь медзі.
 
Усе прылады скініі дзеля ўсякага ўжытку ў ёй, і ўсе калы яе, усе калы двара — зь медзі.

І кажы сыном Ізраелявым, і возьмуць табе алівы з аліўкаў, чыстае, таўчонае, на сьвячэньне, каб гарэў сьветач штачасна.
 
І загадай сынам Ізраілевым, каб яны прыносілі табе алей чысты, чаўлены з масьлінаў, дзеля асьвячэньня, каб гарэла сьвяцільня ўвесь час;

У будане збору вонках запінахі, каторая над сьветчаньням, будзе ладзіць яго Аарон а сынове ягоныя, зь вечара да раньня, перад відам СПАДАРОВЫМ. Устава вечная пакаленьням іхным ад сыноў Ізраелявых.
 
у скініі сходу за заслонай, якая перад каўчэгам адкрыцьця, будзе запальваць яго Аарон і сыны ягоныя, ад вечара да раніцы, перад абліччам Гасподнім. Гэта статут вечны пакаленьням іхнім ад сыноў Ізраілевых.