Выхад 39 разьдзел
Выхад
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі
А з васільковае а пурпуровае а чырвовае воўны зрабілі яны службовыя адзецьці да служэньня ў сьвятыні; і зрабілі сьвятыя адзецьці Аарону, як расказаў СПАДАР Масею.
А з блакітнай, пурпуровай і чырванёнай воўны зрабілі яны службовую вопратку, дзеля слугаваньня ў сьвятыні; зрабілі таксама сьвяшчэнную вопратку Аарону, як загадаў Гасподзь Майсею.
І зрабіў наплечнік із золата, з васільковае а пурпуровае а чырвовае воўны і зь цянюсенькага палатна.
І зрабіў эфод з золата, з блакітнай, пурпуровай і чырванёнай воўны і з суканага вісону;
І выкляпалі яны бляшкі золата, і павыціналі зь іх ніці, каб ператыкаць імі васільковыя а пурпуровыя, чырвовыя а цянюсенькія, умелай работаю.
і распляскалі яны золата ў лісты і выцягнулі ніткі, каб выткаць іх паміж блакітнымі, пурпуровымі, чырванёнымі і вісонавымі ніткамі, умелаю працаю.
Прырамкі зрабілі яму зьвязуючыя; на абодвых канцох сваіх ён быў зьвязаны.
І зрабілі ў яго нарамнікі злучальныя; на абодвух канцах сваіх ён быў зьвязаны.
І пояс наплечніка, каторы паверх яго, аднолькавае зь ім работы, із золата, з васільковае а пурпуровае а чырвовае воўны і цянюсенькага палатна, як расказаў СПАДАР Масею.
І пояс эфода, які паверсе яго, аднолькавага зь ім вырабу, зроблены быў з золата, з блакітнай, пурпуровай і чырванёнай воўны, як загадаў Гасподзь Майсею.
І абрабілі каменчыкі оніксавыя, асадзіўшы іх у залатыя асады й выґравіраваўшы на іх імёны сыноў Ізраелявых, як ґравіруюць пячаці.
І зрабілі камяні аніксавыя, уставіўшы іх у залатыя гнёзды і выразаўшы на іх імёны сыноў Ізраілевых, як выразаюць на пячатцы;
І палажыў ён іх на прырамкі наплечніка, каменчыкі на памятку сыноў Ізраелявых, як расказаў СПАДАР Масею.
і паклаў ён іх на нарамнікі эфода, у памяць сыноў Ізраілевых, як загадаў Гасподзь Майсею.
І зрабіў нагруднік умелай работаю, такою ж работаю, як наплечнік, із золата, з васільковае, пурпуровае а чырвовае воўны і зь цянюсенькага тканага палатна.
І зрабіў нагруднік умелаю працаю, такою самаю працаю, як эфод з золата, з блакітнай, пурпуровай і чырванёнай воўны і з суканага вісону;
Ён быў чатыракутні; падвойны зрабілі яны нагруднік пядзю ўдаўжкі й пядзю ўшыркі, падвойны.
ён быў чатырохкутны; яны зрабілі падвойны нагруднік у пядзю даўжыні і ў пядзю шырыні, падвойны ён быў;
І ўсадзілі ў яго чатыры радкі каменчыкаў у рад: рубін, топаз, шмараґд — першы радок.
і ўставілі ў яго ў чатыры рады камяні; побач: рубін, тапаз, смарагд, — гэта першы рад;
І радок другі: карбункуль, шафір а дыямэнт;
у другім радзе: карбункул, сапфір і адамант;
І радок трэйці: яхонт, агат а амэтысты;
у трэцім радзе: карунд, агат і амэтыст;
І радок чацьверты: хрызоліт, онікс а ясьпіс. Укладзены й асаджаны ў золата ў сваім парадку.
у чацьвёртым радзе: хрызаліт, анікс і ясьпіс; і ўстаўлены яны ў залатыя гнёзды.
І каменчыкаў да ймёнаў сыноў Ізраелявых, вось, іх двананцаць подле ймёнаў, выґравіраваныя, як пячаці, кажны подле імені свайго, на двананцаць плямёнаў.
Камянёў было па ліку імёнаў сыноў Ізраілевых; дванаццаць было іх, па ліку імёнаў іхніх, і на кожным зь іх выразана было, як на пячатцы, па адным імю, для дванаццаці плямёнаў.
І зрабілі на нагруднік ланцужкі, як шнюркі, вітай работаю із шчырага золата.
Да нагрудніка зрабілі тоўстыя ланцужкі вітага вырабу з чыстага золата;
І зрабілі два залатыя аплікі і два залатыя колцы, і прымацавалі два колцы да двух канцоў нагрудніка.
і зрабілі два залатыя гнязды і два залатыя колцы і прымацавалі колцы да двух канцоў нагрудніка,
І ўвялі абодва вітыя залатыя ланцужкі ў два колцы па канцох нагрудніка.
і ўклалі абодва пляцёныя ланцужкі з золата ў два колцы па канцах нагрудніка,
А два канцы двух ланцужкоў прычапілі да двух аплікоў і прымацавалі іх да прырамкаў наплечніка з дабрага боку яго.
а два канцы двух ланцужкоў прымацавалі да двух гнёздаў і прымацавалі іх да нарамнікаў эфода з правага боку яго;
І арабілі два колцы залатыя, і прымацавалі да двух канцоў нагрудніка на тым баку, штода наплечніка ўнутр.
яшчэ зрабілі два колцы залатыя і прымацавалі іх да двух іншых канцоў нагрудніка, на тым баку, які трымаецца каля эфода ўсярэдзіне.
І зрабілі два колцы залатыя, і прымацавалі іх да дзьвюх прырамак наплечніка здолу, з добрага боку яго, у шчапленьню яго над поясам наплечніка.
І яшчэ зрабілі два колцы залатыя, і прымацавалі іх да двух нарамнікаў эфода спадыспаду, з правага боку яго, каля злучэньня яго над поясам эфода;
І прымацавалі нагруднік колцамі яго да колцаў наплечніка шнюрком із васільковае воўны, каб ён быў над поясам наплечніка, і каб яе адставаў нагруднік ад наплечніка, як расказаў СПАДАР Масею.
і прымацавалі нагруднік колцамі яго да колцаў эфода шнурком з блакітнай воўны, каб ён быў над поясам эфода, і каб не адставаў нагруднік ад эфода, як загадаў Гасподзь Майсею.
І зрабіў верхнюю рызу да наплечніка, тканую ўсю з васільковае воўны,
І зрабіў верхнюю шату да эфода тканую, усю з блакітнай воўны,
І прарэх рызы ў сярэдзіне яе, як прарэх панцыра, і наўкола яе аблямаваньне, каб ня дзерлася.
і ў верхняй шаце прарэху, як у панцыры, і вакол яе абшыўку, каб ня дралася;
І зрабілі аны на подале верхняе рызы яблыкі гранатовыя з васільковае а пурпуровае а чырвовае воўны суканае.
па прыполе верхняй шаты зрабілі яны яблыкі з блакітнай, пурпуровай і чырванёнай воўны;
І зрабілі званочкі із шчырага золата, і памясьцілі званочкі памеж гранатовых яблыкаў па подалах верхняе рызы наўкола, памеж гранатовых яблыкаў,
і зрабілі бомкі з чыстага золата і павесілі бомкі паміж яблыкамі па прыполе верхняй шаты вакол:
Званочак а гранатовы яблык, званочак а гранатовы яблык, па подале верхняе рызы да служэньня, як расказаў СПАДАР Масею.
бомку і яблык, бомку і яблык, па прыполе верхняй шаты вакол дзеля служэньня, як загадаў Гасподзь Майсею.
І зрабілі хітоны зь цянюсенькага палатна тканае работы, Аарону а сыном ягоным,
і зрабілі Аарону і сынам ягоным хітоны зь вісону, тканыя,
І мітру зь цянюсенькага палатна, і харошыя турбаны зь цянюсенькага палатна, і нагавіцы лянныя зь цянюсенькага палатна суканага,
і кідар зь вісону, і павязкі на галаву зь вісону, і сподняе ільняное адзеньне з суканага вісону,
І пояс ізь цянюсенькага палатна суканага і з васільковае а пурпуровае а чырвовае воўны, узорнае работы, як расказаў СПАДАР Масею.
і пояс з суканага вісону і з блакітнай, пурпуровай і чырванёнай воўны, узорыстага вырабу, як загадаў Гасподзь Майсею.
І зрабілі дошчачку дыядэмы сьвятое із шчырага золата, і напісалі на ёй пісомыя літары, як ґравіруюць на пячаці: «Сьвятасьць СПАДАРУ».
І зрабілі паліраваную дошчачку, дыядэму сьвятыні, з чыстага золата, і накрэсьлілі на ёй пісьмёны, як выразаюць на пячатцы: «Сьвятыня Гасподняя»;
І прымацавалі да яе шнюрок із васільковае воўны, каб прывязаваць яе да мітры зьверху, як расказаў СПАДАР Масею.
і прымацавалі да яе шнурок з блакітнай воўны, каб прывязаць яе да кідара зьверху, як загадаў Гасподзь Майсею.
І скончана ўся работа вітальні будану сьветчаньня; і зрабілі сынове Ізраелявы ўсе; подле ўсёга, як расказаў СПАДАР Масею, так зрабілі.
Так закончана была ўся работа для скініі сходу, і зрабілі сыны Ізраілевыя ўсё: як загадаў Гасподзь Майсею, так і зрабілі.
І прынесьлі вітальню Масею, будан і ўсе судзьдзе яе, кручкі яе, дошкі яе, завалы яе, стаўпы яе а падложкі яе,
і прынесьлі да Майсея скінію, покрыва і ўсе прылады яе, гачкі яе, брусы яе, жэрдкі яе, слупы яе і падножжы яе,
І прыкрыцьце із скураў бараніх, хварбаваных на чырвана, і прыкрыцьце із скураў барсуковых, і запінаху запоны,
покрыва са скураў барановых чырвоных і покрыва са скураў сініх і заслону, каб захінаць,
Скрыню сьветчаньня, і нашулкі яе, і века яе,
каўчэг адкрыцьця і жэрдкі яго і века,
Стол, усе судзьдзе яго й хлябы Выкладу,
стол з усімі прыладамі яго і хлябы ахвяравальныя,
Сьветач чысты, лянпы яго, лянпы разьмешчаныя, і ўсе судзьдзе яго, і аліву да сьвячэньня,
сьвяцільні з чыстага золата, лампады яго, лампады пастаўленыя на ім і ўсе прылады яго, і алей, каб асьвятляць,
І залаты аброчнік, і алей памазаньня, і кадзельныя пахі, і запону ўходу будану,
залаты ахвярнік і алей памазаньня, і пахошчы, каб дыміць, і заслону на ўваход у скінію,
Аброчнік мядзяны й мядзяную крату да яго, нашулкі яго і ўсе судзьдзе яго, мыцельнік а падложак яго,
ахвярнік медны і медную рашотку да яго, жэрдкі яго і ўсе прылады яго, умывальнік і падножжа яго,
Заслоны панадворку, стаўпы а падложкі яго, запон да брамы панадворку, паварозкі й кольле, і ўсе судзіны да службы вітальні будану збору,
заслоны двара, слупы і падножжы, заслону да брамы двара, вяроўкі і калы і ўсе рэчы, якія належаць да слугаваньня ў скініі сходу,
Адзецьці службовыя да служэньня ў сьвятыні, сьвятыя адзецьці Аарону, сьвятару, і адзецьці сыном ягоным да сьвятарстваваньня.
вопратку службовую на служэньне ў сьвятыні, сьвяшчэнную вопратку Аарону сьвятару і вопратку сынам ягоным на сьвятадзейства.
Подле усёга як расказаў СПАДАР Масею, так і зрабілі сынове Ізраелявы ўсе служэньне.
Як загадаў Гасподзь Майсею, так і зрабілі сыны Ізраілевыя ўсю гэтую працу.
І абачыў Масей усю работу, і вось, яны зрабілі яе; як расказаў СПАДАР, так і зрабілі. І дабраславіў іх Масей.
І ўбачыў Майсей усю працу, і вось, яны зрабілі яе: як загадаў Гасподзь, так і зрабілі. І дабраславіў іх Майсей.