Выхад 25 разьдзел
Выхад
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі
І гукаў СПАДАР Масею, кажучы:
І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:
«Гукай сыном Ізраелявым, і возьмуць Імне дары; ад кажнага чалавека, каторы ад сэрца самахоць даў бы, бярыце дар Мой.
скажы сынам Ізраілевым, каб яны зрабілі Мне прынашэньне ад кожнага чалавека, у якога будзе руплівасьць, прымайце прынашэньне Мне.
І во дар, каторы вы маеце ўзяць ад іх: золата а срэбла а медзь,
Вось прынашэньні, якія вы павінны прымаць ад іх: золата, і срэбра і медзь,
І васільковую, пурпуровую, і чырвовую, і цянюсенькае палатно, і ад козаў поўсьць,
і воўну блакітную, пурпуровую і чырванёную, і вісон, і казіную поўсьць,
І скуры баранія, пахварбаваныя на чырвана, і скуры барсуковыя, і дзерва акацу,
і скуры барановыя чырвоныя, і скуры сінія, і дрэвы сітым,
Аліву да сьвяценьня, пахі да алею памазаньня і пахнючага да кадзеньня,
алей у сьвяцільні, пахошчы ў алей памазаньня і дзеля пахучага каджэньня.
Камяні оніксы і каменчыкі ўстаўныя ў наплечнік а нагруднік.
камень анікс і камяні на аздобу эфода і на нагруднік.
І зробяць Імне сьвятыню, і буду вітаць сярод іх.
І ўладзяць яны Мне сьвятыню, і буду жыць сярод іх;
Усе, як Я паказую табе, і зразу вітальні, і зразу ўсіх судзінаў яе, і так зрабіце.
усё зрабеце, як Я паказваю табе, і ўзор скініі і ўзор усяго посуду яе; так і зрабеце.
І зрабіце скрыню зь дзерва акацы; два з палавіцаю локці ўдаўжкі ёй, і паўтара локця ўшыркі ёй, паўтара локця ўвышкі ёй.
Зрабеце каўчэг з дрэва сітым; даўжыня яго два локці з палавінаю, і шырыня яго паўтара локця, і вышыня яго паўтара локця;
І пацягні яе шчырым золатам; знутра й знадворку пацягні яе; і зрабіце наверсе наўкола залаты вянок.
і абкладзі яго чыстым золатам, зь сярэдзіны і звонку пакрый яго; і зрабі зьверху вакол яго залаты вянок;
І вылі да яе чатыры колцы залатыя, і прыладзь на чатырох ножках яе: і два колцы на адным баку яе, і два колцы на другім баку яе.
і вылі для яго чатыры колцы залатыя і ўмацуй на чатырох ніжніх вуглах яго: два колцы з аднаго боку яго, два з другога боку яго.
І зрабі нашулкі зь дзерва акацы, і пацягні іх золатам.
Зрабі з дрэва сітым жэрдкі і абкладзі іх золатам;
І ўвядзі нашуліны ў колцы па бакох скрыні, каб імі насіць скрыню.
і ўкладзі жэрдкі ў колцы, з бакоў каўчэга, каб з дапамогаю іх несьці каўчэг;
У колцах скрыні маюць быць нашулкі, ня маюць іх адыймаць ад яе.
у колцах каўчэга павінны быць жэрдкі і не павінны адымацца ад яго.
І ўкладзі ў скрыню сьветчаньне, каторае Я дам табе.
І пакладзі ў каўчэг адкрыцьцё, якое Я дам табе.
І зрабі века із шчырага золата, два локці з палавіцаю ўдаўжкі, а паўтара локця ўшыркі.
Зрабі таксама вечка з чыстага золата: даўжыня яго два локці з палавінаю, а шырыня яго паўтара локця;
І зрабі двух херуваў із золата, з каванага зрабі іх з двух канцоў века.
і зрабі з золата двух херувімаў: чаканнага вырабу зрабі іх на абодвух канцах вечка;
І зрабі аднаго херува на гэтым канцу, і аднаго херува на гэным канцу; зь века зрабіце херувы на абодвых канцох яго.
зрабі аднаго херувіма з аднаго краю, а другога херувіма з другога краю; пукатымі зь вечка зрабеце херувімаў на абодвух краях яго;
І будуць херувы распусьціўшы крылы ўгару, нахінаючыся над векам крыламі сваімі, а відамі адзін да аднаго; да века будуць віды херуваў.
і будуць херувімы з паднятымі ўгору крыламі, пакрываючы сваімі крыламі вечка, а тварамі сваімі будуць адзін да аднаго; да вечка будуць твары херувімаў.
І палажы века на скрыню зьверху, і ў скрыню палажы сьветчаньне, каторае Я дам табе.
І пакладзі вечка на каўчэг згары, а ў каўчэг пакладзі адкрыцьцё, якое Я дам табе:
І Я буду сустракацца з табою там, і гукаць із табою над векам, памеж двух херуваў, каторыя над скрыняю сьветчаньня, праз усё, што буду расказаваць табою сыном Ізраелявым.
там Я буду адкрывацца табе і гутарыць з табою над вечкам, сярод двух херувімаў, якія над каўчэгам адкрыцьця, пра ўсё, што толькі буду наказваць празь цябе сынам Ізраілевым.
І зрабі стол ізь дзерва акацы, два локці ўдаўжкі, локаць ушыркі, а паўтара локця ўвышкі
І зрабі стол з дрэва сітым, даўжынёю ў два локці, шырынёю ў локаць, а вышынёю ў паўтара локця,
І пацягні яго золатам шчырым, і зрабі яму залаты вянок наўкола.
і абкладзі яго золатам чыстым, і зрабі вакол яго залаты вянок;
І зрабі яму аблямаваньне на даланю наўкола, і зрабі залаты вянок да аблямаваньня ягонага наўкола.
і зрабі вакол яго сьценкі ў далоню і каля сьценак яго зрабі залаты вянок вакол;
І зрабі да яго чатыры колцы залатыя, і прыладзь колцы да чатырох рагоў, каторыя ў чатырох ножках ягоных.
і зрабі для яго чатыры колцы залатыя і ўмацуй колцы на чатырох вуглах каля чатырох ножак яго;
Насупроці аблямаваньня маюць быць колцы як месцы нашулкам насіць імі стол.
пры сьценках павінны быць колцы, каб укладваць жэрдкі, каб насіць на іх стол;
І зрабі нашулкі зь дзерва акацы, і пацягні іх золатам, і будуць насіць гэты стол.
а жэрдкі зрабі з дрэва сітым і абкладзі іх золатам, і будуць насіць на іх гэты стол;
І зрабі да яго місы а ложкі а жбаны а коўні, каб узьліваць імі; із шчырага золата зрабі іх.
зрабі таксама для яго місы, кадзільніцы, чары і кубкі, каб паліваць зь іх: з золата чыстага зрабі іх;
І лажы на стол хлябы Выкладу перад Імною штачасна.
і кладзі на стол хлябы ахвярныя прад абліччам Маім увесь час.
І зрабі сьветач із золата шчырага, з каванага мае быць зроблены гэты сьветач; сьцябло яго, галузы, чарачкі яго, апучкі яго а кветкі яго маюць выходзіць ізь яго.
І зрабі сьвяцільню з золата чыстага; чаканная павінна быць гэтая сьвяцільня; сьцябло яе, галіны яе, чарачкі яе, яблыкі яе і кветкі яе павінны выходзіць зь яе;
І шэсьць галузаў маюць выходзіць із бакоў яго: тры галузы сьветача з аднаго боку яго, і тры галузы сьветача з другога боку яго.
шэсьць галін павінны выходзіць з бакоў яе: тры галіны сьвяцільні з аднаго боку яе і тры галіны зь сьвяцільні з другога боку яе;
Тры чарачкі, падобныя да міндальнае кветкі, з апучкаю аднэй а з кветкаю, і тры чарачкі на друтой галузе, з апучкаю аднэй а кветкаю. Гэтак на шасьцёх галузах, што выходзяць ізь сьветача.
тры чарачкі накшталт міндальнай кветкі, зь яблыкам і кветкамі, павінны быць на адной галіне, і тры чарачкі накшталт міндальнай кветкі, на другой галінцы, зь яблыкамі і кветкамі: так на ўсіх шасьці галінах, якія выходзяць са сьвяцільні;
А на сьветачу маюць быць чатыры чарачкі, падобныя да міндальнае кветкі, з апучкамі іх а кветкамі іх.
а на сьцяблах сьвяцільні павінны быць чатыры чарачкі накшталт міндальнай кветкі зь яблыкамі і кветкамі;
І апучка пад дзьвюма галузкамі зь яго ж, і апучка пад дзьвюма галузкамі зь яго, апучка пад дзьвюма галузкамі зь яго, — на ўсіх шасьцёх галузках, што выходзяць ізь сьветача.
у шасьці галін, што выходзяць са сьцябла сьвяцільні, яблык пад дзьвюма галінамі яе, і яблык пад другімі дзьвюма галінамі, і яблык пад трэцімі дзьвюма галінамі яе;
Апучкі й галузы іх ізь яго маюць быць; ён увесь суцэльна каваны із шчырага золата.
яблыкі і галіны іх зь яе павінны выходзіць: уся павінна быць чаканная, цэльная, з чыстага золата.
І зрабі лянпаў сем яго, і ўстанаві яго лянпы, каб сьвяцілі на пярэднім баку яго.
і зрабі да яе сем лампад, і пастаў на яе лампады яе, каб сьвяцілі на відавы бок яе;
І абцужкі да яго, і папялянкі да яго із шчырага золата.
і абцугі да яе і латкі да яе з чыстага золата;
З цэнтнару золата шчырага няхай зробяць яго з усім гэтым судзьдзям.
з таланту золата чыстага хай зробяць яе з усімі гэтымі прычындаламі.
І глядзі, і зрабі подле зразы іх, якую паказаў табе на гары.
Глядзі, зрабі іх паводле таго ўзору, які паказаны табе на гары.