Выхад 16 разьдзел

Выхад
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

І крануліся зь Еліму, і прышла ўся грамада сыноў Ізраелявых на пустыню Цын, што меж Еліму й Сынаю, на пятнанцаты дзень другога месяца просьле выхаду ізь зямлі Ягіпецкае.
 
І рушылі з Эліма, і прыйшло ўсё супольства сыноў Ізраілевых у пустыню Сін, што паміж Элімам і Сінаем, на пятнаццаты дзень другога месяца пасьля выхаду іх зь зямлі Егіпецкай.

І наракала ўся грамада сыноў Ізраелявых на Масея а Аарона на пустыні.
 
І пачало наракаць усё супольства сыноў Ізраілевых на Майсея і Аарона ў пустыні.

І сказалі ім сынове Ізраелявы: «Валей бы мы памерлі ад рукі СПАДАРОВАЕ ў зямлі Ягіпецкай, як мы сядзелі ля гаршка зь мясам, як мы елі да насычэньня хлеба! бо вывялі вы нас на гэтую пустыню, каб прывесьці да сьмерці галадоўю грамаду гэту».
 
і сказалі ім сыны Ізраілевыя: о, калі б мы сканалі ад рукі Гасподняй у зямлі Егіпецкай, як мы сядзелі каля катлоў зь мясам, як мы елі хлеба ўдосыць! бо вы нас вывелі ў пустыню гэтую, каб усё супольства замарыць голадам.

І сказаў СПАДАР Масею: «Вось, Я спушчу Вам, як дождж, хлеб ізь неба; і будзе выходзіць люд, і будзе зьбіраць што дня, колькі надабе на дзень, каб Імне выпрабаваць яго, ці будзе ён хадзіць у праве Маім, ці ня будзе.
 
І сказаў Гасподзь Майсею: вось, Я пашлю вам хлеб зь неба, і хай люд выходзіць і зьбірае штодзённа, колькі трэба на дзень, каб Я выпрабаваў яго, ці будзе ён рабіць паводле закона Майго, ці не;

І будзе шостага дня: і прыгатуеце, што прынясуць, і будзе ўдвая супроці тога, па колькі зьбіралі дзень пры дню».
 
а ў шосты дзень хай гатуюць, што прынясуць, і будзе ўдвая болей за тое, што зьбіраюць у іншыя дні.

І сказаў Масей а Аарон усім сыном Ізраелявым: «Вось, вечар, і вы пазнаеце, што СПАДАР вывеў вас ізь зямлі Ягіпецкае.
 
І сказалі Майсей і Аарон усяму супольству сыноў Ізраілевых: увечары даведаецеся вы, што Гасподзь вывеў вас зь зямлі Егіпецкай,

А вось, раніца, і вы абачыце славу СПАДАРОВУ, бо пачуў Ён нараканьне вашае на СПАДАРА; а мы што такое, што наракаеце на нас?»
 
і раніцай убачыце славу Гасподнюю, бо пачуў Ён нараканьні вашыя на Госпада: а мы што такое, што наракаеце на нас?

І сказаў Масей: «Гэта будзе, як дасьць СПАДАР увечары вам мяса на ежу, а нараніцы хлеба насыціцца; бо СПАДАР пачуў нараканьне вашае, як вы наракалі на Яго; а мы што? не на нас нараканьне вашае, а на СПАДАРА».
 
І сказаў Майсей: даведаецеся, калі Гасподзь увечары дасьць вам мяса на ежу, а раніцай хлеба ўдосыць; бо Гасподзь пачуў нараканьні вашыя, якія вы ўзьвялі супроць Яго: а мы што? не на нас нараканьні вашыя, а на Госпада.

І сказаў Масей Аарону: «Скажы ўсёй грамадзе сыноў Ізраелявых: "Дабліжчася перад від СПАДАРОЎ, бо Ён пачуў нараканьне ваша"».
 
І сказаў Майсей Аарону: скажы ўсяму супольству сыноў Ізраілевых: станьце прад абліччам Госпада, бо Ён пачуў нараканьні вашыя.

І як гукаў Аарон да ўсяе грамады сыноў Ізраелявых, то яны азірнуліся да пустыні, і во, слава СПАДАРОВА зьявілася ў булаку.
 
І калі прамаўляў Аарон да ўсяго супольства сыноў Ізраілевых, дык яны азірнуліся на пустыню, і вось, слава Гасподняя зьявілася ў воблаку.

І гукаў СПАДАР Масею, кажучы:
 
І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:

«Я пачуў нараканьне сыноў Ізраелявых; гукай ім, кажучы: "Адвячоркам будзеце есьці мяса, нараніцы пад’ясьце хлеба, і пазнаеце, што Я СПАДАР, Бог ваш"».
 
Я пачуў нараканьні сыноў Ізраілевых; скажы ім: увечары будзеце есьці мяса, а раніцай насыціцеся хлебам — і ўведаеце, што Я Гасподзь, Бог ваш.

І было ўвечары: узьняліся перапёлкі і ўкрылі табар, а нараніцы быў пласт расы наўкола табару.
 
Увечары наляцелі перапёлкі і пакрылі табар, а раніцай ляжала раса наўкола табара;

І падняўся пласт расы, і во, на зьверху пустыні цянюсенькая луска, цянюсенькая, як шэрась на зямлі.
 
раса паднялася, і вось, на паверхні пустыні нешта дробнае, падобнае на крупы, дробнае, як іней на зямлі.

І абачылі сынове Ізраелявы, і казалі адзін аднаму: «Ман гэта?» Бо ня ведалі, што гэта. І сказаў Масей ім: «Гэта хлеб, каторы СПАДАР даў вам на ежу.
 
І ўбачылі сыны Ізраілевыя і казалі адзін аднаму: што гэта? Бо ня ведалі, што гэта. І Майсей сказаў ім: гэта хлеб, які Гасподзь даў вам на ежу:

Во слова, што расказаў СПАДАР: "Зьбірайце зь яго кажны подле тога, колькі яму ізьесьці; па ґомору на галаву, подле ліку душаў, колькі ў яго ў будане, вазьміце"».
 
вось, што загадаў Гасподзь: зьбірайце яго кожны па столькі, колькі яму зьесьці; па гаморы на чалавека, па колькасьці душ, колькі ў каго ў намёце, зьбірайце.

І зрабілі так сынове Ізраелявы, і зьберлі хто шмат, хто мала.
 
І зрабілі так сыны Ізраілевыя і сабралі, хто многа, хто мала;

І мералі ґоморам, і ня было лішніцы, хто зьбер шмат, і ня было нястачы ў тога, хто мала. Кажны зьбер подле тога, колькі яму зьесьці.
 
і мералі гаморам, і ў таго, хто сабраў многа, ня было лішняга, і ў таго, хто мала, ня было нястачы: кожны сабраў, колькі яму зьесьці.

І сказаў ім Масей: «Ніхто не пакідай зь яго да раньня».
 
І сказаў ім Майсей: ніхто не пакідай гэтага да раніцы.

Але не паслухалі яны Масея, і пакінулі зь яго некатрыя да раньня; з гэтае прычыны завяліся чэрві, і яно засьмярдзелася; і зазлаваўся на іх Масей.
 
Але не паслухаліся яны Майсея, і пакінулі ад гэтага некаторыя да раніцы, — і завяліся чэрві, і яно прасьмердла. І ўгневаўся на іх Майсей.

І зьбіралі яны рана нараніцы, кажны подле тога, колькі яму зьесьці; а як грэла сонца, то яно таяла.
 
І зьбіралі яны рана раніцай, кожны колькі яму зьесьці; калі ж сагравала сонца, яно раставала.

І было шостага дня, што зьберлі хлеба ўдвая, па два ґоморы на аднаго; і прышлі ўсі начэльнікі грамады, і сказалі Масею.
 
А на шосты дзень сабралі хлеба ўдвая, па два гаморы на кожнага. І прыйшлі ўсе правадыры супольства і данесьлі Майсею.

І сказаў ім: «Гэта тое, што сказаў СПАДАР: супакой — сьвятая сыбота СПАДАРУ заўтра; што надабе пячы — пячыце, і што надабе варыць — варыце, а што застанецца, пакіньце сабе на схоў да раньня».
 
І сказаў ім: вось, што сказаў Майсей: заўтра спакой, сьвятая субота Гасподняя, што трэба пячы, пячэце, і што трэба гатаваць, гатуйце сёньня, і што застанецца, адкладзеце і зьберажэце да раніцы.

І пакінулі тое да раньня, як расказаў Масей, і яно не засьмярдзелася, і чарвей ня было ў ім.
 
І адклалі тое да раніцы, як загадаў Майсей, і яно не прасьмердла, і чарвей ня было ў ім.

І сказаў Масей: «Ежча яго сядні, бо сядні сыбота СПАДАРУ; сядні ня знойдзеце яго на полю.
 
І сказаў Майсей: ежце яго сёньня, бо сёньня субота Гасподняя: сёньня ня знойдзеце яго на полі;

Шэсьць дзён зьбірайце яго; а сёмага дня сыбота ня будзе ў ёй».
 
шэсьць дзён зьбірайце яго, а ў сёмы дзень субота: ня будзе яго ў гэты дзень.

І было сёмага дня: вышлі з народу зьбіраць, і не знайшлі.
 
Але некаторыя зь людзей выйшлі ў сёмы дзень зьбіраць — і не знайшлі.

І сказаў СПАДАР Масею: «Пакуль будзеце адмаўляцца дзяржаць расказаньні Мае і правы Мае?
 
І сказаў Гасподзь Майсею: ці доўга вы будзеце ўхіляцца ад выкананьня загадаў Маіх і законаў Маіх?

Глядзіце, бо СПАДАР даў вам сыботу; затым Ён даець вам шостага дня хлеба двудзеннага: сядзіце кажны на куркішках, ніхто ня выходзь ізь месца свайго сёмага дня».
 
глядзеце, Гасподзь даў вам суботу, таму Ён і дае ў шосты дзень хлеба на два дні: заставайцеся кожны ў сябе, ніхто ня выходзь зь мясьціны сваёй у сёмы дзень.

І супачыў народ сёмага дня.
 
І спачываў люд у сёмы дзень.

І назваў дом Ізраеляў імя яго нае: Манна; яна была як рыяндровае насеньне, белая, а смакам, як перапечка зь мёдам.
 
І назваў дом Ізраілеў хлеб той: манна. Яна была, як каляндравае насеньне, белая, а смакам як ляпёшка зь мёдам.

І сказаў Масей: «Во, што расказаў СПАДАР: "Напоўніце ґомор на схоў у роды вашы, каб бачылі хлеб, каторым я жывіў вас на пустыні, як вывеў вас ізь зямлі Ягіпецкае"».
 
І сказаў Майсей: вось, што загадаў Гасподзь: напоўніце гамор на захаваньне ў роды вашыя, каб вы бачылі хлеб, якім Я карміў вас у пустыні, калі вывеў вас зь зямлі Егіпецкай.

І сказаў Масей Аарону: «Вазьмі адну судзіну, і палажы ў яе поўны ґомор манны, і палажы яе перад СПАДАРОМ на схоў у роды вашы».
 
І сказаў Майсей Аарону: вазьмі адзін посуд, і пакладзі ў яго поўны гамор манны, і пастаў яго перад Госпадам, на захаваньне ў роды вашыя.

Як расказаў СПАДАР Масею, так палажыў яго Аарон перад Сьветчаньням на схоў.
 
І паставіў яго Аарон перад каўчэгам сьведчаньня на захаваньне, як загадаў Гасподзь Майсею.

І сынове Ізраелявы елі манну сорак год, пакуль ня прышлі да зямлі асяленьня; манну елі яны, пакуль ня прышлі да канца зямлі Канаанскае.
 
Сыны Ізраілевыя елі манну сорак гадоў, пакуль ня прыйшлі ў зямлю абжытую: манну елі яны, пакуль ня прыйшлі да межаў зямлі Ханаанскай.

А ґомор ё дзясятая часьць ефы.
 
А гамор ёсьць дзясятая частка эфы.