Выхад 26 разьдзел

Выхад
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Вітальню ж зрабі зь дзесяцёх запон з тканага цянюсенькага палатна з васільковае, пурпуровае а чырвовае воўны; і херуваў зрабі на іх умелай работаю.
 
А скінію зрабі зь дзесяці заслонаў з суканага вісону, і з блакітнай, пурпуровай і чырванёнай воўны, і херувімаў зрабі на іх майстэрскаю працаю;

Удаўжкі адна запона дваццаць восьмі локцяў, а ўшыркі адна запона чатыры локці: мера адна ўсіх запон.
 
даўжыня кожнай заслоны дваццаць восем локцяў, а шырыня кожнай заслоны чатыры локці: мера адна ўсім заслонам.

Пяць запон хай будуць злучаныя адна із аднэю, і пяць запон злучаныя адна з аднэю.
 
Пяць заслонаў няхай будуць злучаны адна з адной, і іншыя пяць заслонаў злучаны адно з адным.

І зробіш аплічкі васільковыя на краю аднае запоны ў канцу, у злучэньню; і гэтак зрабі й на краю апошняе запоны ў злучэньню другім.
 
Зрабі петлі блакітнага колеру на краі першай заслоны ў канцы, які злучае абедзьве палавіны; так зрабі і на краі апошняй заслоны, якая злучае абедзьве палавіны;

Пяцьдзясят аплічкаў зрабі на аднэй запоне, і пяцьдзясят аплічкаў зрабі на краю запоны, каторая злучае другую; аплічкі адказуюць адна аднэй.
 
пяцьдзясят петляў зрабі ў адной заслоны і пяцьдзясят петляў зрабі на краі заслоны, якая злучаецца зь іншымі; петлі павінны адпавядаць адна адной;

І зрабі пяцьдзясят кручкоў залатых, і злучы кручкамі запоны адну з аднэю, і будзе вітальня адна.
 
і зрабі пяцьдзясят гачыкаў залатых і гачыкамі злучы заслону адну з адной, і будзе скінія адно цэлае.

І зрабі запоны з казінае воўны на будан вітальні, адзінанцаць запонаў зрабі.
 
І зрабі заслоны з казінае воўны, каб пакрываць скінію; адзінаццаць пакрывалаў зрабі такіх;

Удаўжкі адна запона трыццаць локцяў, а ўшыркі чатыры локці адна запона: адна мера адзінанцацёх запонаў.
 
даўжыня адной заслоны трыццаць локцяў, а шырыня чатыры локці; гэта адна заслона; у адзінаццаці заслонах адна мера.

І злучы пяць запонаў апрыч і шэсьць запонаў апрыч. І зрабі падвойную шостую запону зь пярэдняга боку будану.
 
і злучы пяць заслонаў асобна і шэсьць заслонаў асобна; і шостую заслону зрабі падвойную зь відавога боку скініі.

І зрабі пяцьдзясят аплічкаў на краю аднае канцавое запоны ў шчапленьню, і пяцьдзясят аплічкаў на краю другое запоны дзеля шчапленьня другога.
 
Зрабі пяцьдзясят петляў на краі крайняй заслоны, каб злучаць яе зь іншай, і пяцьдзясят петляў на краі другой заслоны, каб злучаць зь ім;

І зрабі пяцьдзясят кручкоў мядзяных, і ўвядзі кручкі ў ваплічкі, і злучы будан, і будзе адзін.
 
зрабі пяцьдзясят гачыкаў медных, і ўкладзі гачыкі ў петлі, і злучы заслону, каб яна складала адну.

А лішніца, што застанецца ад запонаў вітальні, — палавіца гэтае лішніцы запоны хай зьвешуецца адзаду вітальні.
 
А лішак, які застаецца ад заслонаў скініі, — палавіна лішняй заслоны хай будзе зьвешана на тыльным баку скініі;

А локаць із аднаго і локаць із другога боку, каторы застанецца ад даўжыні запонаў будану, няхай вісяць па бакох вітальні, адгэтуль і адгэнуль прыкрываць яе.
 
а лішак ад заслоны скініі, на локаць з аднаго і на локаць з другога боку, хай будзе зьвешаны з бакоў скініі з таго і з другога боку, для пакрываньня яе.

І зрабі прыкрыцьце на будан із скураў бараніх, пахварбаваных на чырвана, і прыкрыцьце на верх із скураў барсуковых.
 
І зрабі века для пакрываньня са скур барановых чырвоных і яшчэ заслону верхнюю са скур сініх.

І зрабі дошкі да вітальні зь дзерва акацы, каб яны стаялі.
 
І зрабі брусы для скініі з дрэва сітым, каб яны стаялі:

Дзесяць локцяў удаўжкі дошка, і паўтара локця кажная дошка ўшыркі.
 
даўжынёю ў дзесяць локцяў брус, і паўтара локця кожнаму брусу шырыня;

Два чэпы ў кажнай дошцы, злучаныя адзін із адным. Гэтак зробіш у вусіх дошках будану.
 
у кожным брусе па дзьве восьці, адну насупраць другое: так зрабі на ўсіх брусах скініі.

І зрабі дошкі да вітальні: дваццаць дашчок да паўднявога боку, на паўдня.
 
Так зрабі брусы ў скінію: дваццаць брусоў на паўднёвы бок на поўдзень,

І сорак срэбных падложкаў зрабі пад дваццаць дашчок: два падложкі пад адну дошку да двух чэпаў ейных, і два падложкі пад другую дошку да двух чэпаў ейных.
 
і пад дваццаць брусоў зрабі сорак срэбраных падножжаў: два падножжы пад адзін брус на дзьве восьці яго, і два падножжы пад другі брус на дзьве восьці яго;

І да другога боку вітальні на поўнач дваццаць дашчок.
 
і дваццаць брусоў на другі бок на поўнач,

І сорак падложкаў срэб- ных: два падложкі пад адну дошку, і два падложкі пад другую дошку.
 
і на іх сорак падножжаў срэбраных: два падножжы пад адзін брус, і два падножжы пад другі брус;

І да бакоў вітальні, на мора (захад) зрабі шэсьць дашчок.
 
а на тыльным баку скініі на захад зрабі шэсьць брусоў

І дзьве дошкі зрабі да вуглоў вітальні на бакох.
 
і два брусы зрабі на вуглы скініі на заходні бок;

І будуць падвойныя далавах і сумесныя ўгары ў вадным канцу: гэтак мае быць ізь імі абедзьвімі; да абодвых вуглоў будуць.
 
яны павінны быць злучаны ўнізе і злучаны ўгары да аднаго колца: так мае быць зь імі абодвума: на абодва вуглы хай яны будуць;

І будзе восьмі дашчок, і іх падложкаў срэбных шаснанцаць: два падложкі пад аднэю дошкаю, і два падложкі пад другою дошкаю.
 
і так будзе восем брусоў, для іх срэбраных падножжаў шаснаццаць: два падножжы пад адзін брус, і два падножжы пад другі брус.

І зрабі завалы зь дзерва акацы: пяць да дашчок аднаго боку вітальні,
 
І зрабі жэрдзі з дрэва сітым, пяць жэрдак для брусоў аднаго боку скініі,

І пяць завалаў да дашчок другога боку віталькі, і пяць завалаў да дашчок задняга боку, ззаду віталькі, на мора (захад).
 
і пяць жэрдак для брусоў другога боку скініі, і пяць жэрдак для брусоў тыльнага боку за скініяй, на захад;

А завала сярэдняя памеж дашчок будзе праходзіць ад аднаго канца да другога.
 
а ўнутраная жэрдка будзе праходзіць па сярэдзіне брусоў ад аднаго канца да другога:

І дошкі пацягні золатам, і колцы іх зрабі залатыя, як месцы дзеля завалаў, і пацягні завалы золатам.
 
а брусы абкладзі золатам, і колцы, для ўкладваньня жэрдак, зрабі з золата, і жэрдкі абкладзі золатам.

І пастанаві вітальню подле ўставы яе, каторую я паказаў табе на гары.
 
І пастаў скінію паводле ўзору, які паказаў табе на гары.

І зрабі запінаху з васільковае, пурпуровае а чырвовае воўны і цянюсенькага тканага палатна; умелай работы маюць быць зроблены на ёй херувы.
 
І зрабі заслону з блакітнай, пурпуровай і чырванёнай воўны і суканага вісону; умелай працаю павінны быць зроблены на ёй херувімы;

І запні яе на чатырох стаўпох із акацы, пацягненых золатам, кручкі іх залатыя, на чатырох падложках срэбных.
 
і павесь яе на чатырох слупах зь сітыму, абкладзеных золатам, з залатымі гачыкамі, на чатырох падножжах срэбраных;

І запні запінаху пад кручкамі, і ўнясі туды, за запінаху ў нутр скрыню сьветчаньня; і аддзеле заслона вам сьвятыню ад Сьвятога Сьвятых.
 
і павесь заслону на гачыках і ўнясі туды за заслону каўчэг адкрыцьця; і будзе заслона аддзяляць вам сьвятыню ад Сьвятога сьвятых.

І палажы века на скрыню сьветчаньня ў Сьвятым Сьвятых.
 
І пакладзі вечка на каўчэг адкрыцьця ў Сьвятым сьвятых.

І пастанаві стол вонках запінахі, і сьветач супроці столу на баку вітальні на паўдня; а стол пастанаві на паўночным баку.
 
І пастаў стол за заслонай і сьвяцільню насупраць стала на баку скініі на поўдзень; а стол пастаў на паўночным баку.

І зрабі запону да ўходу з васільковае, пурпуровае а чырвовае воўны і зь цянюсенькага суканага палатна вышыванае работы.
 
І зрабі заслону для ўваходу ў скінію з блакітнай і пурпуровай і чырванёнай воўны, і з суканага вісону ўзорыстага вырабу;

І зрабі да запоны пяць стаўпоў з акацы, і пацягні іх золатам, і кручкі да іх залатыя; і вылі да іх пяць падложкаў мядзяных.
 
і зрабі для заслоны пяць слупоў зь сітыму і абкладзі іх золатам; гачыкі да іх залатыя; і вылі для іх пяць падножжаў медных.