Выхад 22 разьдзел

Выхад
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Калі хто ўкрадзець вала або авечку, і зарэжа яго або прадасьць яго, то пяць буйнога статку заплаце за вала і чатыры авечкі за авечку.
 
Калі хто ўкрадзе вала, альбо прадасьць, дык пяць валоў заплаціць за вала і чатыры авечкі за авечку.

Калі пры падкопаваньню засьпее злодзея і ўдыра яго, і ён памрэць, то віны крыві няма за яго.
 
Калі хто застане злодзея, які падкопваецца, і ўдарыць яго так, што той памрэ, дык кроў не залічыцца на яго;

Але калі ўзышло над ім сонца, то віна крыві ё за яго. Злодзей мае канечне заплаціць; а калі ня мае чым, то няхай прададуць яго за ўкрадзенае ім.
 
але калі ўзышло над ім сонца, дык залічыцца на ім кроў. Хто ўкраў, павінен заплаціць; а калі няма чым, дык няхай прададуць яго на плату за ўкрадзенае ім;

Калі запраўды знойдуць украдзенае ў руццэ ягонай ад вала аж да асла а да ягняці, і мае жывыя, няхай заплаце ўдвая.
 
калі ўкрадзенае знойдзецца ў яго ў руках жывым, ці то вол, ці асёл, ці авечка, хай заплаціць удвая.

Калі хто спасьве поле або вінішча, і пусьціў статак свой, і пасець на полю другога, няхай заплаце найлепшым із поля свайго і найлепшым ізь вінішча свайго.
 
Калі хто паглуміць поле, альбо вінаграднік, пусьціўшы быдла сваё глуміць чужое поле, няхай адшкадуе лепшым з поля свайго і лепшым зь вінаградніка свайго.

Калі зьявіцца агонь і захопе іржэўнік і зжарэць такі збожжа, або збожжа на пню, або поле, то канечне заплаце тый, хто запаліў агонь.
 
Калі зьявіцца агонь і ахопіць пожню і выпаліць капіцы, альбо жніво, альбо поле, дык павінен заплаціць, хто ўчыніў гэты пажар, удвая;

Калі хто аддасьць бліжняму на схоў срэбла альбо судзьдзе, і яны ўкрадзены будуць із дому таго чалавека, то, калі знойдзецца злодзей, няхай заплаце ўдвая,
 
Калі хто аддасьць блізкаму на захаваньне срэбра, альбо рэчы, і яны ўкрадзены будуць з дому ягонага, дык, калі знойдзецца злодзей, няхай ён заплаціць удвая;

А калі ня знойдзецца злодзея, то дабліжыцца гаспадар дому да багоў (судзьдзяў), калі ня выцягнуў рукі свае на собскасьць бліжняга свайго.
 
а калі ня знойдзецца злодзей, няхай гаспадар дома прыйдзе да судзьдзяў і прысягне, што не прасьцёр рукі сваёй на ўласнасьць блізкага свайго.

Праз усялякую справу выступу, праз вала, праз асла, праз авечку, праз адзецьце, праз усялякую згубу, праз каторую хто скажа, што яна яго, справа абодвых мае быць даведзена да багоў (судзьдзяў). Каго абвінуюць багі (судзьдзі), тый заплаце бліжняму свайму ўдвая.
 
Пра ўсякую спрэчную рэч, пра вала, пра асла, пра авечку, пра вопратку, пра ўсякую згубленую рэч, пра якую хто-небудзь скажа, што яна ягоная, справа абодвух павінна быць даведзена да судзьдзяў: каго зьвінавацяць судзьдзі, той заплаціць блізкаму свайму ўдвая.

Калі хто аддасьць бліжняму свайму асла, альбо вала, альбо авечку, альбо якую іншую статчыну дзяржаць, а яна здохне, або будзе скалечана, або ўзята ў палон, і ні хто гэтага ня бача:
 
Калі хто аддасьць блізкаму свайму асла, альбо вала, альбо авечку, альбо якое-небудзь іншае быдла на захаваньне, а ён памрэ, альбо будзе пашкоджаны, альбо зьведзены, так што ніхто гэтага ня ўбачыць, —

Прысяга перад СПАДАРОМ няхай будзе меж абодвых, калі ня выцягнуў рукі свае на собскасьць бліжняга свайго; і возьме гэта гаспадар, і ня будзе плаціць.
 
прысяга перад Госпадам хай будзе паміж абодвума пра тое, што той, хто ўзяў, не працягне рукі сваёй на ўласнасьць блізкага свайго; і гаспадар павінен прыняць, а той ня будзе плаціць;

А калі ўкрадзена будзе ў яго, то мае заплаціць гаспадару.
 
а калі ўкрадзены будзе ў яго, дык павінен заплаціць гаспадару ягонаму;

Калі будзе напэўна разарвана, дык няхай, як сьветку, прынясець разарваную, тады не заплаце.
 
калі ж будзе зьверам разадраны, дык няхай за доказ пакажа разадранае: за разадранае ён ня плаціць.

І калі хто пазыча ў бліжняга свайго жывёлу, і яна будзе скалечана або здохне, а гаспадара ейнага ня было пры ёй, то мае заплаціць.
 
Калі хто пазычыць у блізкага свайго быдла, і яно будзе пашкоджана, альбо памрэ, а гаспадара яго ня было пры ім, дык павінен заплаціць;

А калі гаспадар быў пры ёй, то ня мае плаціць. Калі яна нанята была за грошы, то няхай пойдзе за тую цану.
 
а калі гаспадар ягоны быў пры ім, дык не павінен плаціць; калі ён узяты быў у наймы за грошы, дык няхай і пойдзе за тую цану.

Калі б спадмануў хто дзеўку, якая не заручаная, і паляжыць ізь ёю, канечне мае венам узяць яе сабе за жонку.
 
Калі спакусіць хто дзяўчыну заручаную і перасьпіць зь ёю, няхай дасьць ёй вена і возьме сабе за жонку;

А калі айцец ейны станаўко адмаўляецца выдаць яе за яго, няхай адважа срэбла подле вена дзеўцы.
 
а калі бацька ня згодзіцца выдаць яе за яго, няхай заплаціць срэбрам, колькі належыць на вена дзяўчатам.

Чараўніцы не пакідаць жывою.
 
Варажбіткі не пакідай жывою.

Кажны, хто ляжа із статчынаю, сьмерцю памрэць.
 
Кожны скаталожнік хай будзе аддадзены сьмерці.

Хто абракае багом, апрача адзінага СПАДАРА, акананавы будзе.
 
Той, хто прыносіць ахвяру божышчам, акрамя аднаго Госпада, хай будзе зьнішчаны.

І прыходнага ня крыўдзь, і ня ўціскай яго, бо вы самы былі прыходнымі ў зямлі Ягіпецкай.
 
Прыхадня ня ўціскай і не прыгнятай яго, бо вы самыя былі прыхадні ў зямлі Егіпецкай.

Ніякае ўдавы а сіраты ня немарасьціце.
 
Ні ўдавы, ні сіраты ня ўціскайце;

А калі ты надта зьнемарасьціш іх, то, як яны моцна загукаюць да Мяне, Я напэўна пачую гуканьне іхнае;
 
калі ж ты ўцісьнеш іх, дык, калі яны залямантуюць да Мяне, Я пачую лямант іхні,

І ўзгарыцца гнеў Мой, і Я заб’ю вас мячом, і будуць жонкі вашыя ўдовамі, і дзеці вашы сіротамі.
 
і запалае гнеў Мой, і заб’ю вас мечам, і будуць жонкі вашыя ўдовамі і дзеці вашыя сіротамі.

Калі пазычыш грошы беднаму з народу Майго, каторы ў цябе, то ня будзь як пазычэньнік, не ўскладай на яго працэнтаў.
 
Калі пазычыш грошы беднаму з народу Майго, дык ня ўціскай яго і не накладвай на яго ліхвы.

Калі давядзецца ўзяць у заклад адзецьце бліжняга свайго, да заходу сонца зьвярні яму;
 
Калі возьмеш у заклад вопратку блізкага твайго, да захаду сонца аддай яе,

Бо яно адзінюсенькае накрыцьце ў яго, яно адзецьце цела ягонага: у чым будзе ён спаць? Затым, як ён загукае да мяне, Я пачую, бо Я міласэрны.
 
бо яна адзінае покрыва ў яго, яна — адзеньне цела ягонага, у чым будзе ён спаць? дык вось, калі ён залямантуе да Мяне, Я пачую, бо Я міласэрны.

Багоў (судзьдзяў) не зьневажай, і начэльніка ў народзе сваім ня кліні.
 
Судзьдзяў не ліхаслові і правадыра ў народзе тваім ня ганьбі.

Не адвалакай з абраканьням паўніні свае і цякоміны свае; першака із сыноў сваіх аддавай Імне.
 
Не марудзь прыносіць пачаткі з гумна твайго і з чавільні тваёй; аддавай Мне першынца з сыноў тваіх;

Тое ж рабі з валом і авечкаю сваёю. Сем дзён няхай яны будуць пры матцы сваёй, а восьмага дня аддавай іх Імне.
 
тое самае рабі з валом тваім і з авечкаю тваёю: сем дзён няхай яны будуць пры маці сваёй, а восьмага дня аддавай іх Мне.

І сьвятымі людзьмі будзеце ў Мяне; і мяса, разарванага ў полю, ня ежча; сабакам кідайце яго.
 
І будзеце ў Мяне людзьмі сьвятымі; і мяса, разадранага зьверам у полі, ня ежце, сабакам выкідайце яго.