Выхад 22 разьдзел

Выхад
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Калі хто ўкрадзець вала або авечку, і зарэжа яго або прадасьць яго, то пяць буйнога статку заплаце за вала і чатыры авечкі за авечку.
 
Калі хто ўкрадзе вала або ягня, і зарэжа яго або прадасьць яго, тады пяць валоў заплаціць за вала і чатыры авечкі — за ягня.

Калі пры падкопаваньню засьпее злодзея і ўдыра яго, і ён памрэць, то віны крыві няма за яго.
 
Калі пры падкопаваньні будзе знойдзены злодзей, і будзе біты, і памрэ, тады няма [віны] крыві за яго.

Але калі ўзышло над ім сонца, то віна крыві ё за яго. Злодзей мае канечне заплаціць; а калі ня мае чым, то няхай прададуць яго за ўкрадзенае ім.
 
Калі ўзыйшло над ім сонца, будзе [віна] крыві за яго. Плацячы, мае заплаціць злодзей, а калі ня мае чым [заплаціць], няхай прададуць яго за ўкрадзенае ім.

Калі запраўды знойдуць украдзенае ў руццэ ягонай ад вала аж да асла а да ягняці, і мае жывыя, няхай заплаце ўдвая.
 
Калі шукаючы, знойдуць украдзенае ў руцэ ягонай ад вала аж да асла і да ягняці, і яны жывыя, няхай заплаціць падвойна.

Калі хто спасьве поле або вінішча, і пусьціў статак свой, і пасець на полю другога, няхай заплаце найлепшым із поля свайго і найлепшым ізь вінішча свайго.
 
Калі хто спасьвіў поле або вінаграднік, і пусьціў статак свой, і пасьвіць на полі іншага, няхай заплаціць найлепшым з поля свайго і найлепшым з вінаградніку свайго.

Калі зьявіцца агонь і захопе іржэўнік і зжарэць такі збожжа, або збожжа на пню, або поле, то канечне заплаце тый, хто запаліў агонь.
 
Калі выйдзе агонь і ахопіць цярніну, і пажарэ снапы, або збожжа, або поле, тады плацячы, заплаціць той, хто запаліў агонь.

Калі хто аддасьць бліжняму на схоў срэбла альбо судзьдзе, і яны ўкрадзены будуць із дому таго чалавека, то, калі знойдзецца злодзей, няхай заплаце ўдвая,
 
Калі хто дасьць бліжняму свайму срэбра альбо рэчы на захаваньне, і яны будуць украдзеныя з дому таго чалавека, калі будзе знойдзены злодзей, няхай заплаціць падвойна.

А калі ня знойдзецца злодзея, то дабліжыцца гаспадар дому да багоў (судзьдзяў), калі ня выцягнуў рукі свае на собскасьць бліжняга свайго.
 
А калі ня будзе знойдзены злодзей, тады наблізіцца гаспадар дому да Бога, [і скажа,] што ня выцягнуў рукі сваёй на ўласнасьць бліжняга свайго.

Праз усялякую справу выступу, праз вала, праз асла, праз авечку, праз адзецьце, праз усялякую згубу, праз каторую хто скажа, што яна яго, справа абодвых мае быць даведзена да багоў (судзьдзяў). Каго абвінуюць багі (судзьдзі), тый заплаце бліжняму свайму ўдвая.
 
Пра ўсялякую рэч, [пра якую] няма згоды, пра вала, пра асла, пра авечку, пра плашч, пра ўсялякую згубу, пра якую [нехта] скажа, што яна яго, справа абодвух мае прыйсьці да Бога. Каго прызнае вінным Бог, той заплаціць бліжняму свайму падвойна.

Калі хто аддасьць бліжняму свайму асла, альбо вала, альбо авечку, альбо якую іншую статчыну дзяржаць, а яна здохне, або будзе скалечана, або ўзята ў палон, і ні хто гэтага ня бача:
 
Калі хто дасьць бліжняму свайму асла, альбо вала, альбо ягня, альбо якую іншую скаціну на захаваньне, а яна здохне, або будзе скалечана, або ўзята ў палон, і ніхто гэтага ня бачыў,

Прысяга перад СПАДАРОМ няхай будзе меж абодвых, калі ня выцягнуў рукі свае на собскасьць бліжняга свайго; і возьме гэта гаспадар, і ня будзе плаціць.
 
тады прысяга перад ГОСПАДАМ няхай будзе між абодвума, што [той, што захоўваў,] ня выцягнуў рукі сваёй на ўласнасьць бліжняга свайго; і прыйме гэтую [прысягу] гаспадар ейны, і [той, што захоўваў,] ня будзе плаціць.

А калі ўкрадзена будзе ў яго, то мае заплаціць гаспадару.
 
А калі, крадучы, украдуць у яго, тады заплаціць гаспадару ейнаму.

Калі будзе напэўна разарвана, дык няхай, як сьветку, прынясець разарваную, тады не заплаце.
 
Калі разьдзіраючы, разьдзярэ яе [дзікі зьвер], тады як сьведчаньне прынясе разьдзёртае, і ня будзе плаціць.

І калі хто пазыча ў бліжняга свайго жывёлу, і яна будзе скалечана або здохне, а гаспадара ейнага ня было пры ёй, то мае заплаціць.
 
І калі хто пазычыць у бліжняга свайго [жывёлу], і яна будзе скалечана або здохне, а гаспадара ейнага не было пры ёй, тады, плацячы, заплаціць [за яе].

А калі гаспадар быў пры ёй, то ня мае плаціць. Калі яна нанята была за грошы, то няхай пойдзе за тую цану.
 
А калі гаспадар ейны быў пры ёй, тады ня будзе плаціць. Калі яна нанята была [за грошы], тады атрымае цану найму.

Калі б спадмануў хто дзеўку, якая не заручаная, і паляжыць ізь ёю, канечне мае венам узяць яе сабе за жонку.
 
Калі хто зьвядзе дзяўчыну, якая не заручаная, і будзе ляжаць з ёю, мае заплаціць вена і ўзяць яе сабе за жонку.

А калі айцец ейны станаўко адмаўляецца выдаць яе за яго, няхай адважа срэбла подле вена дзеўцы.
 
А калі бацька ейны, адмаўляючыся, адмовіцца выдаць яе за яго, няхай адважыць срэбра паводле вена дзяўчыны.

Чараўніцы не пакідаць жывою.
 
Варажбіткі не пакінеш пры жыцьці.

Кажны, хто ляжа із статчынаю, сьмерцю памрэць.
 
Кожны, хто ляжа са скацінаю, няхай сьмерцю памрэ.

Хто абракае багом, апрача адзінага СПАДАРА, акананавы будзе.
 
Той, хто складае ахвяры багам, апрача адзінага ГОСПАДА, будзе аддадзены закляцьцю.

І прыходнага ня крыўдзь, і ня ўціскай яго, бо вы самы былі прыходнымі ў зямлі Ягіпецкай.
 
А прыхадня ня будзеш крыўдзіць, і ня будзеш уціскаць яго, бо вы самі былі прыхаднямі ў зямлі Эгіпецкай.

Ніякае ўдавы а сіраты ня немарасьціце.
 
Ніякай удавы і сіраты ня будзеш прыгнятаць.

А калі ты надта зьнемарасьціш іх, то, як яны моцна загукаюць да Мяне, Я напэўна пачую гуканьне іхнае;
 
Калі ты, прыгнятаючы, будзеш прыгнятаць іх, тады яны крыкам будуць клікаць да Мяне, і Я слухаючы, выслухаю крык іхні,

І ўзгарыцца гнеў Мой, і Я заб’ю вас мячом, і будуць жонкі вашыя ўдовамі, і дзеці вашы сіротамі.
 
і ўзгарыцца гнеў Мой, і Я заб’ю вас мячом, і будуць жонкі вашыя ўдовамі, і дзеці вашыя — сіротамі.

Калі пазычыш грошы беднаму з народу Майго, каторы ў цябе, то ня будзь як пазычэньнік, не ўскладай на яго працэнтаў.
 
Калі пазычыш грошы [чалавеку] з народу Майго, беднаму, які ў цябе, ня будзеш для яго як ліхвяр, не накладай на яго адсоткаў.

Калі давядзецца ўзяць у заклад адзецьце бліжняга свайго, да заходу сонца зьвярні яму;
 
Калі, беручы ў заклад, возьмеш у заклад плашч бліжняга твайго, да заходу сонца зьвернеш яму,

Бо яно адзінюсенькае накрыцьце ў яго, яно адзецьце цела ягонага: у чым будзе ён спаць? Затым, як ён загукае да мяне, Я пачую, бо Я міласэрны.
 
бо гэта — адзінае накрыцьцё ў яго, якім накрываецца ён, гэта — адзеньне для скуры ягонай. На чым будзе ён спаць? І станецца, што ён будзе клікаць да Мяне, і Я пачую, бо Я — міласэрны.

Багоў (судзьдзяў) не зьневажай, і начэльніка ў народзе сваім ня кліні.
 
Бога не праклінай, і начальніка ў народзе сваім не кляні.

Не адвалакай з абраканьням паўніні свае і цякоміны свае; першака із сыноў сваіх аддавай Імне.
 
Не марудзь [з ахвярамі] са шчодрасьці [току] твайго і тоўчні тваёй. Першароднага з сыноў тваіх аддасі Мне.

Тое ж рабі з валом і авечкаю сваёю. Сем дзён няхай яны будуць пры матцы сваёй, а восьмага дня аддавай іх Імне.
 
Гэтаксама зробіш з валом тваім і з авечкаю тваёй. Сем дзён няхай яны будуць пры матцы сваёй, а ў восьмы дзень аддасі іх Мне.

І сьвятымі людзьмі будзеце ў Мяне; і мяса, разарванага ў полю, ня ежча; сабакам кідайце яго.
 
І вы будзеце сьвятымі людзьмі для Мяне; і мяса, разьдзёртага ў полі, ня ешце; сабакам кідайце яго.