Выхад 9 разьдзел

Выхад
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

І сказаў СПАДАР Масею: «Уйдзі да Фараона і гукай яму: "Гэтак кажа СПАДАР, Бог Гэбрэяў: ’Адпусьці люд Мой, і будзе ён служыць Імне;
 
І сказаў ГОСПАД Майсею: «Увайдзі да фараона і прамоў яму: “Гэтак кажа ГОСПАД, Бог Гебраяў: “Адпусьці народ Мой, і ён будзе служыць Мне”.

Бо калі ты адмовішся выпусьціць і будзеш яшчэ дзяржаць іх,
 
Бо калі ты адмовішся выпусьціць і будзеш яшчэ трымаць іх,

Дык вось рука СПАДАРОВА будзе на статку тваім, каторы ў палёх, на конях, на аслох, на вярблюдох, на буйным статку і на драбным статку; мор вельмі цяжкі.
 
вось, рука ГОСПАДА будзе на статку тваім, які ў полі, на конях, на аслах, на вярблюдах, на валах і авечках, зараза вельмі цяжкая.

І ўчыне СПАДАР падзел памеж статку ізраельскага й статку ягіпецкага, і ня здохіне нічога з усёга сыноў Ізраелявых’"».
 
І аддзеліць ГОСПАД статак Ізраіля ад статку Эгіпецкага, і нічога ня здохне з усяго таго, што ў сыноў Ізраіля”».

І прызначыў СПАДАР час, кажучы: «Заўтра ўчыне СПАДАР гэтую справу ў зямлі».
 
І прызначыў ГОСПАД час, кажучы: «Заўтра зробіць ГОСПАД гэтае слова ў зямлі».

І ўчыніў СПАДАР гэтую справу назаўтрае, і паздыхаў увесь статак ягіпецкі; а із статку сыноў Ізраелявых ня здохла нічога.
 
І зрабіў ГОСПАД гэтае слова назаўтра, і паздыхаў увесь статак Эгіпецкі; а ў статку сыноў Ізраіля ня здохла аніводнага.

І паслаў Фараон, і вось, ня здохла із статку Ізраелцаў ані воднага. І ацяжарэла сэрца Фараонава, і ён ня пусьціў люду.
 
І паслаў фараон, і вось, ня здохла ў статку Ізраіля аніводнага. І закамянела сэрца фараона, і ён не адпусьціў народ.

І сказаў СПАДАР Масею а Аарону: «Вазьміце сабе поўныя жмені попелу з вапельні, і няхай сыпне яго Масей к небу ў ваччу Фараонавым.
 
І сказаў ГОСПАД Майсею і Аарону: «Вазьміце сабе поўныя жмені сажы з печы, і няхай сыпне яе Майсей у неба перад вачыма фараона.

І станецца ён пылам па ўсёй зямлі Ягіпецкай, і будзе ён на людзёх і на жывёле ў запаленьню зь верадамі, што йдуць у прыкісь, па ўсёй зямлі Ягіпецкай».
 
І станецца яна пылам па ўсёй зямлі Эгіпецкай, і будзе яна на людзях і на скаціне як запаленьне са скуламі па ўсёй зямлі Эгіпецкай».

Яны ўзялі попелу з вапельні і сталі перад Фараонам. Масей сыпнуў яго к небу, і сталася запаленьне зь верадамі, што йдуць у прыкісь, на людзёх і на статку.
 
І ўзялі яны сажу з печы, і сталі перад фараонам. І сыпнуў яе Майсей у неба, і сталася запаленьне са скуламі на людзях і на скаціне.

І не маглі тайнаведы ўстоіць перад Масеям з прычыны запаленьня, бо запаленьне было на тайнаведах і на ўсіх Ягіпцянах.
 
І не маглі варажбіты ўстаяць перад Майсеем з прычыны запаленьня, бо запаленьне было на варажбітах і на ўсіх Эгіпцянах.

І закаляніў СПАДАР сэрца Фараонава, і ён не паслухаў іх, як казаў СПАДАР Масею.
 
І зацьвярдзіў ГОСПАД сэрца фараона, і ён не паслухаў іх, як казаў ГОСПАД Майсею.

І сказаў СПАДАР Масею: «Устань нараніцы, і стань перад Фараонам, і скажы яму: "Гэтак кажа СПАДАР, Бог Гэбрэяў: ’Пусьці люд Мой, і ён будзе служыць Імне;
 
І сказаў ГОСПАД Майсею: «Устань раніцаю, і стань перад фараонам, і скажы яму: “Гэтак кажа ГОСПАД, Бог Гебраяў: "Адпусьці народ Мой, і ён будзе служыць Мне.

Бо гэтым разам Я пашлю ўсі кары Мае ў сэрца Твае, і на слугаў тваіх, і на люд твой, каб ты даведаўся, што няма падобнага да Мяне на ўсёй зямлі;
 
Бо гэтым разам Я пашлю ўсе плягі Мае ў сэрца тваё, і на слугаў тваіх, і на народ твой, каб ты даведаўся, што няма падобнага да Мяне на ўсёй зямлі.

Бо цяпер Я выцягнуў руку Сваю, дык зразіў бы цябе а люд твой морам, і ты выгублены быў бы ізь зямлі;
 
Бо цяпер, калі Я выцягнуў руку Маю, і ўдару цябе і народ твой заразаю, ты будзеш выгублены з зямлі.

Але дзеля таго Я захаваў цябе, каб паказаць табе сілу Сваю, і каб агалашалі імя Мае па ўсёй зямлі.
 
Але дзеля таго Я захаваў цябе, каб паказаць табе сілу Маю і каб абвяшчалі імя Маё па ўсёй зямлі.

Ты яшчэ вяльмуешся супроці люду Майго, каб не адпусьціць іх.
 
Ты яшчэ ўзьвялічваешся над народам Маім, каб не адпусьціць іх.

Вось, Я спушчу дажджом заўтра гэтага самага часу вельмі вялікі град, да каторага падобнага ня было ў Ягіпце ад дня яго закладзінаў аж дагэтуль.
 
Вось, Я спашлю заўтра ў гэты самы час град вельмі вялікі, да якога падобнага не было ў Эгіпце ад дня яго заснаваньня аж дагэтуль.

І цяпер пашлі й забясьпеч статак свой і ўсе, што ёсьць у цябе ў полю; кажнага чалавека й жывёлу, што будуць засьпеты ў полю і не зьбяруцца ў дамы, і зыйдзе на іх град, і яны памруць’"».
 
І цяпер пашлі, каб схаваць статак твой і ўсё, што ёсьць у цябе ў полі. Кожны чалавек і скаціна, якія будуць засьпетыя ў полі і ня будуць забраныя ў дамы, — зыйдзе на іх град, і яны памруць"”».

Тыя із слугаў Фараонавых, каторыя ўлякаліся слова СПАДАРОВАГА, расказалі слугам сваім і чародам сваім уцячы двору;
 
Тыя са слугаў фараонавых, якія спужаліся слова ГОСПАДА, сабралі слугаў сваіх і статкі свае ў дамы.

А хто не зьвярнуў сэрца свайго да слова СПАДАРОВАГА, пакінуў слугаў сваіх і чароды свае ў полю.
 
А хто не зьвярнуў сэрца свайго да слова ГОСПАДА, той пакінуў слугаў сваіх і статкі свае ў полі.

І сказаў СПАДАР Масею: «Выцягні руку сваю к небу, і будзе град па ўсёй зямлі Ягіпецкай, на чалавека, на статак і на ўсю траву палявую ў зямлі Ягіпецкай».
 
І сказаў ГОСПАД Майсею: «Выцягні руку тваю да неба, і будзе град у-ва ўсёй зямлі Эгіпецкай, на чалавека, на скаціну і на ўсю траву палявую ў зямлі Эгіпецкай».

І выцягнуў Масей посах свой к небу; і СПАДАР даў грымоты а град, і прышоў агонь на зямлю, і пусьціў, бы дождж, СПАДАР град на ўсю зямлю Ягіпецкую.
 
І выцягнуў Майсей кій свой да неба; і ГОСПАД даў грымоты і град, і зыйшоў агонь на зямлю, і спаслаў ГОСПАД град на ўсю зямлю Эгіпецкую.

І быў град і агонь полымям пасярод граду; вельмі вялікі, якога ня было ў вусёй зямлі Ягіпецкай з часу, як стала народам.
 
І быў град і агонь, зьмяшаны з градам, вельмі вялікі, якога не было ў-ва ўсёй зямлі Эгіпецкай з часу, як [Эгіпет] стаў народам.

І пабіў град у вусёй зямлі Ягіпецкай усе, што было ў полю, ад чалавека аж да статку, і ўсю траву палявую пабіў град, і ўсі дзервы ў полю паламіў,
 
І пабіў град у-ва ўсёй зямлі Эгіпецкай усё, што было ў полі, ад чалавека да скаціны, і ўсю траву палявую пабіў град, і ўсе дрэвы ў полі паламіў.

Адно ў зямлі Ґошэн, ідзе сынове Ізраелявы, ня было граду.
 
Толькі ў зямлі Гашэн, дзе [былі] сыны Ізраіля, не было граду.

І паслаў Фараон, і гукнуў Масея а Аарона, і сказаў ім: «Ізграшыў я гэтым разам; СПАДАР справядлівы, а я а люд мой ліхія.
 
І паслаў фараон, і паклікаў Майсея і Аарона, і сказаў ім: «Саграшыў я гэтым разам. ГОСПАД — праведны, а я і народ мой — ліхія.

Маліце СПАДАРА — ужо надта шмат грымотаў Божых а граду, — выпушчу вас, і ня будзеце болей заставацца».
 
Прасіце ГОСПАДА, бо ўжо досыць грымотаў Божых і граду, і я пушчу вас, і ня будзеце больш заставацца».

І сказаў яму Масей: «Як толькі выйду я зь места, выцягну далоні свае да СПАДАРА; грымоты перастануць і граду болей ня будзе, каб ты ведаў, што зямля СПАДАРОВА.
 
І сказаў яму Майсей: «Як толькі выйду з гораду, выцягну далоні свае да ГОСПАДА; грымоты спыняцца і граду больш ня будзе, каб ты ведаў, што ГОСПАДАВА зямля.

Але табе а слугам тваім, я ведаю, яшчэ ня будзе вам страшна перад відам СПАДАРА Бога».
 
Але ты і слугі твае, я ведаю, яшчэ ня маеце страху перад абліччам ГОСПАДА Бога».

І лён і ячмень былі пабітыя, бо ячмень выплыў, а лён наліваўся.
 
І лён, і ячмень былі пабітыя, бо ячмень красаваў, а лён квітнеў.

Пшонка, адылі, і жыта не пабітыя, бо яны былі позныя.
 
А пшаніца і жыта не былі пабітыя, бо яны пазьнейшыя.

І вышаў Масей ад Фараона зь места, і выцягнуў далоні свае да СПАДАРА; і перасталі грымоты а град, і дождж болей ня ліў на зямлю.
 
І выйшаў Майсей ад фараона з гораду, і выцягнуў далоні свае да ГОСПАДА; і спыніліся грымоты і град, і дождж больш ня ліў на зямлю.

І абачыў Фараон, што перастаў дождж а град а грымоты, і далей грашыў, і ацяжарыў сэрца свае ён а слугі ягоныя.
 
І ўбачыў фараон, што спыніліся дождж, і град, і грымоты, і далей грашыў, і закамяніў сэрца сваё ён сам і слугі ягоныя.

І закалянела сэрца Фараонава, і ён ня выпусьціў сыноў Ізраельскіх, як і казаў СПАДАР Масеям.
 
І зацьвярдзела сэрца фараона, і ён не адпусьціў сыноў Ізраіля, як і казаў ГОСПАД праз Майсея.