Выхад 12 разьдзел

Выхад
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

І сказаў СПАДАР Масею а Аарону ў зямлі Ягіпецкай, кажучы:
 
І сказаў ГОСПАД Майсею і Аарону ў зямлі Эгіпецкай, кажучы:

«Месяц гэты хай будзе ў вас пачаткам месяцаў; першым хай будзе ў вас месяцам году.
 
«Месяц гэты няхай будзе ў вас пачаткам месяцаў; першым няхай ён будзе ў вас месяцам году.

Гукайце ўсяму збору Ізраелцаў, кажучы: "Дзясятага гэтага месяца няхай возьмуць сабе кажны ягнё на дамову бацькоў, ягнё на дамову.
 
Прамоўце да ўсёй грамады Ізраіля, кажучы: “У дзясяты [дзень] гэтага месяца няхай возьме сабе кожны ягня для дому бацькоў, ягня на дом.

І калі малая дамова, каб мець ягнё, то няхай возьме ён і сусед найбліжшы да дамовы ягонае, подле ліку душаў; подле тога, колькі кажны ізьесьць, разьлічыце на ягнё.
 
І калі малы дом, каб [спажыць] ягня, няхай возьме ён і сусед найбліжэйшы да дому ягонага, паводле ліку душаў; паводле таго, колькі кожны зьесьць, палічыце на ягня.

Ягнё дасканальнае, самец аднагодак мае быць у вас; з авец альбо з козаў возьмеце.
 
Ягня беззаганнае, самец аднагодак мае быць у вас; з авечак альбо з козаў возьмеце [яго].

І будзе вам на назіраньне да чатырнанцатага дня гэтага месяца; і зарэжа яго ўся грамада збору Ізраельскага адвячоркам.
 
І будзеце захоўваць яго да чатырнаццатага дня гэтага месяца. І зарэжа яго ўся царква грамады Ізраіля адвячоркам.

І возьмуць із крыві, і дадуць на абодва вушакі і на абсаду ў дамох, у каторых будуць есьці яго.
 
І возьмуць кроў [ягоную], і памажуць абодва вушакі і вершнікі ў дамах, у якіх будуць есьці яго.

Няхай зьядуць мяса ягонае гэтае ночы, сьпечанае на агню, і праснакі, з гаркімі травамі няхай зьядуць яго.
 
І будуць есьці ў гэтую ноч мяса [ягонае], сьпечанае на агні, і праснакі; з горкімі травамі будуць есьці [яго].

Ня ежча зь яго сырога або сусім зваранага ў вадзе, але сьпечанае на агню, галаву з каленямі а патрыхамі.
 
Ня ешце з яго сырога або зваранага ў вадзе, але сьпечанае на агні, галаву ягоную з галёнкамі ягонымі і нутром ягоным.

І не пакідайце зь яго да раньня; але засталае зь яго да раньня на агню спаліце.
 
І не пакідайце [нічога] з яго да раніцы; і тое, што застанецца з яго да раніцы, спаліце на агні.

І гэтак ежча яго: няхай будуць сьцёгны вашы паперазаныя, вобуй ваш на нагах вашых і пасахі вашы ў руках вашых, і ежча яго хапліва; гэта Пасха СПАДАРУ.
 
І гэтак будзеце есьці яго: няхай будуць сьцёгны вашыя падперазаныя, абутак ваш — на нагах вашых і кій ваш — у руцэ вашай, і ешце яго пасьпешліва. Гэта — Пасха для ГОСПАДА”.

І Я прайду па зямлі Ягіпецкай гэтае самае ночы, і паб’ю кажнага першака ў зямлі Ягіпецкай, ад чалавека аж да жывёлы, і над усімі багамі Ягіпецкімі ўчыню суды. Я СПАДАР.
 
І Я прайду па зямлі Эгіпецкай у гэтую ноч, і заб’ю кожнага першароднага ў зямлі Эгіпецкай, ад чалавека аж да скаціны, і над усімі багамі Эгіпту Я ўчыню суды. Я — ГОСПАД.

І будзе ў вас кроў знакам на дамох, ідзе вы там, і абачу кроў, і абміну вас, і ня будзе меж вас мору нішчачага, як буду біць у зямлі Ягіпецкай.
 
І будзе для вас кроў знакам на дамах, у якіх вы будзеце, і Я ўбачу кроў, і абміну вас, і ня будзе сярод вас плягі зьнішчэньня, калі Я буду забіваць у зямлі Эгіпецкай.

І будзе гэты дзень вам на памятку, і будзеце яго сьвяціць, як сьвята СПАДАРУ ў родах сваіх; уставаю вечнай сьвяціце яго.
 
І будзе дзень гэты для вас на ўспамін, і будзеце сьвяткаваць яго як сьвята для ГОСПАДА ў пакаленьнях вашых; як пастанову вечную будзеце сьвяткаваць яго.

Сем дзён ежча праснакі; і першага ўжо дня няхай перастане кіслае ў дамох вашых; бо кажны, хто будзе есьці няпрэснае зь першага дня да сёмага дня, дык душа таго выгублена будзе з памеж Ізраеля.
 
Сем дзён будзеце есьці праснакі; і ўжо ў першы дзень прыміце кісьлю з дамоў вашых; бо кожны, хто будзе есьці кіслае з першага дня да сёмага дня, душа таго будзе выгублена з Ізраілю.

І на першы дзень сьвяты сход, і на сёмы дзень сьвяты сход будзе ў вас, ніякае работы ня маеце рабіць у іх; толькі што есьці кажнаму, адно тое можна рабіць вам.
 
А ў першы дзень — сьвяты збор, і ў сёмы дзень сьвяты збор будзе ў вас, ніякай работы ня будзеце рабіць у іх; толькі тое, што есьці кожнай душы, адно тое можна рабіць вам.

І дзяржыце праснакі, бо ў гэты самы дзень я вывеў войска вашае ізь зямлі Ягіпецкае; і дзяржыце гэты дзень у родах сваіх уставаю вечнай.
 
І захоўвайце [Сьвята] Праснакоў, бо ў гэты дзень Я вывеў войска вашае з зямлі Эгіпецкай; і захоўвайце гэты дзень у пакаленьнях вашых як пастанову вечную.

Першага месяца, чатырнанцатага дня месяца зь вечара ежча праснакі аж да вечара дваццаць першага дня таго ж месяца.
 
У першы [месяц], у чатырнаццаты дзень месяца з вечара будзеце есьці праснакі аж да вечара дваццаць першага дня таго самага месяца.

Сем дзён кісьля хай ня знойдзецца ў дамох вашых; бо хто будзе есьці няпрэснае, дык выгублена будзе душа тая із збору Ізраелцаў, ці гэта будзе чужаземец, ці тубылец зямлі.
 
Сем дзён кісьля няхай ня знойдзецца ў дамах вашых; бо хто будзе есьці кіслае, выгублена будзе душа тая з грамады Ізраіля, ці гэта прыхадзень, ці той, што нарадзіўся ў гэтай зямлі.

Нічога няпрэснага ня ежча; у вусіх мясцох жыцьця вашага ежча праснакі"».
 
Нічога кіслага ня будзеце есьці; у-ва ўсіх сядзібах вашых будзеце есьці праснакі».

І згукаў Масей усіх старцоў Ізраельскіх, і сказаў ім: «Выбярыце й вазьміце сабе баранчыка подле радзімаў сваіх і зарэжча Пасху.
 
І паклікаў Майсей усіх старшыняў Ізраіля, і сказаў ім: «Выберыце і вазьміце сабе ягнятка паводле плямёнаў вашых і зарэжце яго [як ахвяру] пасхальную.

І вазьміце пучок гізопу, і занурыце ў кроў, каторая ў судзіне, і дакраніцеся з крыві, што ў судзіне, да абсады а да абодвых вушакоў, і вы ня выходзьце ніхто з уходу дому свайго аж да раньня.
 
І вазьміце вязку ізопу, і занурыце ў кроў, якая ў мядніцы, і памажаце вершнік і абодва вушакі крывёю, якая ў мядніцы, і вы самі не выходзьце ніхто за дзьверы дому свайго аж да раніцы.

І пройдзе СПАДАР губіць Ягіпет, і абача кроў на абсадзе а на абодвых вушакох, і абмінець СПАДАР ля ўходу, і ня дасьць загубцу ўвыйсьці ў дамы вашыя губіць.
 
І пойдзе ГОСПАД, каб губіць Эгіпет, і ўбачыць кроў на вершніку і на абодвух вушаках, і пройдзе ГОСПАД каля дзьвярэй, і ня дасьць нішчыцелю ўвайсьці ў дамы вашыя, каб губіць.

І будзеце дзяржаць гэта, як уставу сабе і сыном сваім на векі.
 
І будзеце захоўваць слова гэтае, як пастанову для сябе і для сыноў вашых на вякі.

І будзе, што, як увыйдзеце ў зямлю, каторую дасьць СПАДАР вам, як Ён казаў, дык дзяржыце службу гэтую.
 
І станецца, што, калі вы ўвойдзеце ў зямлю, якую дасьць вам ГОСПАД, як Ён казаў, вы будзеце захоўваць служэньне гэтае.

І як скажуць вам дзеці вашы: "Што гэта за служба ў вас?"
 
І станецца, што скажуць вам сыны вашыя: “Што гэта за служэньне ў вас?",

Дык скажыце: "Пасхальны аброк гэта СПАДАРУ, Каторы абмінуў дамовы сыноў Ізраельскіх у Ягіпце, як губіў Ягіпет, і дамовы нашыя вывальніў"». І нахінуўся люд і пакланіўся.
 
а вы адкажаце: “Гэта ахвяра — Пасха для ГОСПАДА, Які абмінуў дамы сыноў Ізраіля ў Эгіпце, калі губіў Эгіпет, а дамы нашыя захаваў”». І схіліўся народ, і пакланіўся.

І пайшлі, і зрабілі сынове Ізраелявы; як расказаў СПАДАР Масею а Аарону, так і зрабілі.
 
І пайшлі, і зрабілі сыны Ізраіля; як загадаў ГОСПАД Майсею і Аарону, так і зрабілі.

І было а поўначы: І СПАДАР забіў кажнага першака ў зямлі Ягіпецкай, ад першака Фараонавага, сядзячага на пасадзе сваім, аж да першака палоненага, што ў вязьніцы, і кажнага першака із жывёлы.
 
І сталася а палове ночы, і забіў ГОСПАД усіх першародных у зямлі Эгіпецкай, ад першароднага фараона, які сядзеў на пасадзе сваім, аж да першароднага вязьня, які ў вязьніцы, і ўсіх першародных у жывёлы.

І ўстаў Фараон ночы сам, і ўсі слугі ягоныя, і ўвесь Ягіпет; і сталася вялікае галашэньне ў Ягіпце, бо ня было дамовы, ідзе ня было б мерцьвяка.
 
І ўстаў фараон уначы, сам і ўсе слугі ягоныя, і ўвесь Эгіпет; і сталася вялікае галашэньне ў Эгіпце, бо не было дому, у якім не было б памерлага.

І гукнуў Масея а Аарона ночы, і сказаў: «Устаньце, выйдзіце з памеж люду майго, таксама вы, таксама сынове Ізраелявы, і йдзіце служыце СПАДАРУ, як вы казалі.
 
І паклікаў ён Майсея і Аарона ўначы, і сказаў: «Устаньце, выйдзіце з асяродзьдзя народу майго, і вы, і таксама сыны Ізраіля, і ідзіце, служыце ГОСПАДУ, як вы казалі.

Таксама драбны, таксама буйны статак ваш вазьміце, як вы казалі, і пайдзіце, і дабраслаўце таксама мяне».
 
Таксама авечак вашых, таксама валоў вашых вазьміце, як вы казалі, і ідзіце, і дабраславіце таксама мяне».

І павялічылі Ягіпцяне барзьдзіць люд, каб выслаць яго ізь зямлі тае, бо казалі яны: «Вось мы ўсі мерцьвякі».
 
І прысьпешвалі Эгіпцяне народ, каб хутчэй выслаць яго з зямлі той, бо яны казалі: «Усе мы памром».

І панёс люд цеста свае ўперад, чымся яно ськісла; дзежы свае, завязаныя ў вадзежах сваіх, на плячох сваіх.
 
І панёс народ цеста сваё перш, чым яно скісла, дзежы свае, завязаныя ў шаты свае, на плячах сваіх.

І сынове Ізраелявы зрабілі подле слова Масеявага, і прасілі ў Ягіпцян судзьдзя срэбнага а судзьдзя залатога і адзежаў.
 
І сыны Ізраіля зрабілі паводле слова Майсея, і пазычылі ў Эгіпцянаў начыньне срэбнае і начыньне залатое, і адзеньне.

І СПАДАР даў ласку народу ў вачох Ягіпцян, і яны захочавалі іх прасіць; і спустошылі яны Ягіпет.
 
І ГОСПАД даў ласку народу ў вачах Эгіпцянаў, і яны пазычалі ім; і абрабавалі яны Эгіпет.

І крануліся сынове Ізраелявы з Рамсэса да Сукоф да шасьцьсот тысячаў пешых мужчынаў, апрача дзецянят.
 
І вырушылі сыны Ізраіля з Рамсэса ў Сукот [у ліку] каля шасьцісот тысячаў пешых мужчынаў, апрача дзяцей.

І вялікая мешанка ўзышла зь імі, і драбны й буйны статак, стада надта вялікая.
 
Таксама мноства плямёнаў выйшла з імі, і авечкі, і валы, набытак вельмі вялікі.

І сьпяклі яны зь цеста, што вынесьлі зь Ягіпту, прэсныя перапечкі, бо яно яшчэ ня ськісла, бо яны выгнаны былі зь Ягіпту і не маглі адвалакаць, і нават ежы не прыгатавалі сабе на дарогу.
 
І сьпяклі яны з цеста, якое вынесьлі з Эгіпту, прэсныя аладкі, бо яно яшчэ ня скісла, бо яны былі выгнаныя з Эгіпту і не маглі затрымацца, і нават ежы не прыгатавалі сабе [ў дарогу].

І часу аселасьці сыноў Ізраелявых, каторага жылі ў Ягіпце, было чатырыста а трыццаць год.
 
А [час] аселасьці сыноў Ізраіля, колькі яны жылі ў Эгіпце, быў чатырыста трыццаць гадоў.

І было пры канцу чатырыста трыццацёх год, што ў гэтым самы дзень вышла ўсе войска СПАДАРОВА ізь зямлі Ягіпецкае.
 
І сталася па заканчэньні чатырыста трыццаці гадоў, што ў гэтым самы дзень выйшла ўсё войска ГОСПАДА з зямлі Эгіпецкай.

Ноч чукавасьці яна СПАДАРУ за вывядзеньне іх ізь зямлі Ягіпецкае, яна, гэта ноч СПАДАРУ чукавасьці яна сыном Ізраелявым у родах іхных.
 
Гэта ноч чуваньня для ГОСПАДА, калі Ён вывеў іх з зямлі Эгіпецкай, і гэтая самая ноч — чуваньне перад ГОСПАДАМ для ўсіх сыноў Ізраіля ў пакаленьні іхнія.

І сказаў СПАДАР Масею а Аарону: «Во ўстава Пасхі: кажны чужы няхай ня есьць яе.
 
І сказаў ГОСПАД Майсею і Аарону: «Вось пастанова Пасхі: ніякі чужынец ня будзе есьці яе.

А кажны слуга — чалавек, куплены за срэбла, і як абрэжаш яго, тады можа есьці зь яе.
 
А кожны слуга — чалавек, набыты за срэбра, калі ты абрэжаш яго, можа есьці яе.

Прыходны а найміт ня мае есьці зь яе.
 
Прыхадзень і найміт ня будзе есьці яе.

У вадным доме маеце есьці яе, ня выносьце мяса вонкі з дому, і косьцяў яе не ламіце.
 
У адным доме маеце есьці яе, не выносьце мяса вонкі з дому, і косткі яе не ламіце.

Уся грамада Ізраельская мае прыгатаваць яе.
 
Уся грамада Ізраіля мае рабіць гэта.

І калі чужнік будзе жыць із табою, і зробе Пасху СПАДАРУ, абрэж у яго ўсіх мужчынскага стану, і тады няхай дабліжыцца рабіць яе, і будзе як тубылец у зямлі; а ніякі неабрэзаны ня мае есьці зь яе.
 
І калі чужынец будзе жыць з табою, і [захоча] ўчыніць Пасху ГОСПАДА, абрэж у яго ўсіх мужчынаў, і тады няхай наблізіцца, каб рабіць яе, і будзе ён як тутэйшы ў зямлі; але ніхто неабрэзаны ня будзе есьці яе.

Адно права будзе тубыльцу й чужніку, што будзе памеж вас».
 
Адзін закон будзе для тутэйшага і для чужынца, што жыве сярод вас».

І ўчынілі гэтак усі сынове Ізраелявы; як СПАДАР расказаў Масею а Аарону, так і ўчынілі.
 
І зрабілі гэта ўсе сыны Ізраіля; як ГОСПАД загадаў Майсею і Аарону, так і зрабілі.

І было таго самага дня, СПАДАР вывеў сыноў Ізраелявых ізь зямлі Ягіпецкае войскамі іхнымі.
 
І сталася, што ў той самы дзень ГОСПАД вывеў сыноў Ізраіля з зямлі Эгіпецкай паводле дружынаў іхніх.