Выхад 5 разьдзел
Выхад
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі
І потым прышлі Масей а Аарон, і сказалі Фараону: «Гэтак кажа СПАДАР, Бог Ізраеляў: "Адпусьці люд Мой, і яны будуць сьвяціць Імне на пустыні"».
Пасьля гэтага Майсей і Аарон прыйшлі да фараона і сказалі: так кажа Гасподзь: адпусьці народ Мой, каб ён учыніў Мне сьвята ў пустыні.
І Фараон сказаў: «Хто такі СПАДАР, каб я паслухаў голасу Ягонага адпусьціць Ізраеля? Я ня знаю СПАДАРА і таксама Ізраеля не адпушчу».
Але фараон сказаў: хто такі Гасподзь, каб я паслухаўся голасу Ягонага і адпусьціў Ізраіля? я ня ведаю Госпада і Ізраіля не адпушчу.
І яны сказалі: «Бог Гэбрэяў стрэўся з намі, дазволь нам пайсьці, калі ласка, тры дні дарогі на пустыню, і абрачэм СПАДАРУ, Богу нашаму, каб ня выцяў нас морам або мячом».
Яны сказалі: Бог Габрэяў заклікаў нас; адпусьці нас у пустыню на тры дні дарогі прынесьці ахвяру Госпаду, Богу нашаму, каб Ён не пакараў нас пошасьцю, альбо мячом.
І сказаў ім кароль Ягіпецкі: «Нашто, Масею а Аароне, перакажаеце люду ў ягонай працы? Ідзіце да цяжараў сваіх».
І сказаў ім цар Егіпецкі: навошта вы, Майсей і Аарон, ухіляеце народ ад справаў ягоных? ідзеце да сваёй працы.
І сказаў Фараон: «Вось, чысьлены цяпер люд у зямлі гэтай, а вы прычыняеце, каб яны перасталі займацца цяжарамі сваімі».
І сказаў фараон: вось, народ у зямлі гэтай шматлікі, і вы ўхіляеце яго ад працы ягонай.
І расказаў Фараон таго дня прыганятым люду і нагляднікам над імі, кажучы:
І таго ж самага дня фараон даў загад прыстаўнікам над народам і наглядчыкам, кажучы:
«Наперад не давайце людзём саломы рабіць цэглу, як учорах а заўчора; няхай яны ходзяць і зьбіраюць салому сабе.
не давайце наперад народу саломы, каб рабіць цэглу, як учора і заўчора: хай яны самыя ходзяць і зьбіраюць сабе салому;
А лік цэглы, каторы яны робяць, як учорах а заўчора вы налажыце на іх і ня меншыце зь яго; бо яны ляныя, затым і крычаць: "Пойдзем, абрачэм Богу нашаму".
а цэглы накладзеце на іх тую ж самую зададзеную норму, якую яны рабілі ўчора і заўчора, і не зьмяншайце; яны гультаі, таму і крычаць: хадзем, прынясем ахвяру Богу нашаму;
Няхай пацяжэе работа над людзьмі, хай яны робяць і не займаюцца манлівымі гаворкамі».
даць ім болей працы, каб яны працавалі і не займаліся пустымі размовамі.
І вышлі прыганятыя люду і нагляднікі ягоныя, і сказалі люду, кажучы: «Гэтак кажа Фараон: "Не даю вам саломы;
І выйшлі прыстаўнікі народу і наглядчыкі ягоныя і сказалі народу: так кажа фараон: не даю вам саломы;
Самы йдзіце, бярыце сабе салому, ідзе знойдзеце. А з работаў вашых нічагусенькі ня менее"».
самі ідзеце, бярэце сабе салому, дзе знойдзеце; а ад працы вашай нічога не зьмяншаецца.
І рассыпаўся люд па ўсёй зямлі Ягіпецкай, зьбіраць іржэўнік замест саломы.
І расьсеяўся народ па ўсёй зямлі Егіпецкай зьбіраць жніво замест саломы.
А прыганятыя прынукалі, кажучы: «Канчайце норму работы свае ў дзень яе, як калі была салома».
А прыстаўнікі пануквалі, кажучы: выконвайце працу сваю кожны дзень, як і тады, калі была ў вас салома.
І білі нагляднікаў із сыноў Ізраелявых, каторых пастанавілі над імі прыганятыя Фараонавы, кажучы: «Чаму ня скончылі вы заўчора, учора й сядні прызначанае вам нормы вырабляньня цэглы, як было дагэтуль?»
А наглядчыкі з сыноў Ізраілевых, якіх паставілі над імі прыстаўнікі фараонавыя, білі, кажучы: чаму вы ўчора і сёньня ня робіце зададзенай вам нормы цэглы, як было дагэтуль?
І прышлі нагляднікі сыноў Ізраелявых, і крычэлі на Фараона, кажучы: «Чаму ты так абходзішся із слугамі сваімі?
І прыйшлі наглядчыкі сыноў Ізраілевых і залямантавалі фараону, кажучы: навошта ты так робіш з рабамі тваімі?
Саломы не даюць слугам тваім, а цэглу, кажуць нам, рабіце. І вось, слугаў тваіх б’юць; і грашыць люд твой».
саломы не даюць рабам тваім, а цэглу, кажуць нам, рабеце. І вось, рабоў тваіх б’юць. Грэх народу твайму!
Але ён сказаў: «Дзяньгубы вы, дзяньгубы; затым вы кажаце: "Ідзіма й абрачыма СПАДАРУ".
Але ён сказаў: гультаі вы, гультаі, таму і кажаце: хадзем, прынясем ахвяру Госпаду.
І цяпер пайдзіце, рабіце, і саломы не дадуць вам, а прызначаную цэглу давайце».
Ідзеце ж, працуйце; саломы не дадуць вам, а належную колькасьць цэглы давайце.
І абачылі нагляднікі сыноў Ізраелявых сябе ў бядзе ў словах: «Ня меншыце цэглы, а кажны дзень рабіце норму таго дня».
І ўбачылі наглядчыкі сыноў Ізраілевых бяду сваю ў словах: не зьмяншайце нормы цэглы, што на кожны дзень.
І стрэлі яны Масея а Аарона, каторыя стаялі, сустрэць іх, як яны вышлі ад Фараона,
І калі яны выйшлі ад фараона, дык сустрэліся з Майсеем і Ааронам, якія стаялі, чакаючы іх,
І сказалі ім: «Няхай глядзіць СПАДАР на вас і судзе, бо вы зрабілі нас непахнючымі ў ваччу Фараона і ў вачох слугаў ягоных, каб даць меч у рукі іх забіць нас».
і сказалі ім: хай бачыць і судзіць вас Гасподзь за тое, што вы зрабілі нас ненавісьнікамі ў вачах фараонавых і рабоў ягоных і далі ім меч у рукі, каб забіць нас.
І зьвярнуўся Масей да СПАДАРА, і сказаў: «СПАДАРУ, чаму Ты ліха дзеяў гэтаму люду, чаму ты паслаў мяне?
І зьвярнуўся Майсей да Госпада і сказаў: Госпадзе! навошта Ты паддаеш народ гэты такому бедству, навошта паслаў мяне?
Бо адгэнуль, як я прышоў да Фараона, каб гукаць імям Тваім, пагоршылася люду гэтаму; а выбавіць, — Ты ня выбавіў люду Свайго!»
бо з таго часу, як я прыйшоў да фараона і пачаў гаварыць ад імя Твайго, ён пачаў горш абыходзіцца з народам гэтым; вызвалі ж, — Ты ня вызваліў народу Твайго.