Выхад 5 разьдзел
Выхад
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Васіля Сёмухі
І потым прыйшлі Майсей і Аарон, і сказалі фараону: «Гэтак кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля: “Адпусьці народ Мой, і яны будуць сьвяткаваць [сьвята] Мне ў пустыні”».
Пасьля гэтага Майсей і Аарон прыйшлі да фараона і сказалі: так кажа Гасподзь: адпусьці народ Мой, каб ён учыніў Мне сьвята ў пустыні.
І сказаў фараон: «Хто такі ГОСПАД, каб я паслухаў голасу Ягонага адпусьціць Ізраіля? Я ня ведаю ГОСПАДА і таксама Ізраіля не адпушчу».
Але фараон сказаў: хто такі Гасподзь, каб я паслухаўся голасу Ягонага і адпусьціў Ізраіля? я ня ведаю Госпада і Ізраіля не адпушчу.
І яны сказалі: «Бог Гебраяў зьявіўся нам. Дык мы пойдзем на тры дні дарогі ў пустыню, і складзем ахвяру ГОСПАДУ, Богу нашаму, каб Ён не наведаў нас пошасьцю або мячом».
Яны сказалі: Бог Габрэяў заклікаў нас; адпусьці нас у пустыню на тры дні дарогі прынесьці ахвяру Госпаду, Богу нашаму, каб Ён не пакараў нас пошасьцю, альбо мячом.
І сказаў ім валадар Эгіпту: «Навошта вы, Майсей і Аарон, адцягваеце народ ад працы ягонай? Ідзіце да работаў вашых».
І сказаў ім цар Егіпецкі: навошта вы, Майсей і Аарон, ухіляеце народ ад справаў ягоных? ідзеце да сваёй працы.
І сказаў фараон: «Вось, шматлікі цяпер народ зямлі гэтай, а вы адцягваеце іх ад работаў іхніх».
І сказаў фараон: вось, народ у зямлі гэтай шматлікі, і вы ўхіляеце яго ад працы ягонай.
І загадаў фараон у той дзень прыганятым народу і наглядчыкам яго, кажучы:
І таго ж самага дня фараон даў загад прыстаўнікам над народам і наглядчыкам, кажучы:
«Не давайце больш народу саломы на выраб цэглы, як учора і пазаўчора. Няхай яны ідуць і зьбіраюць сабе салому.
не давайце наперад народу саломы, каб рабіць цэглу, як учора і заўчора: хай яны самыя ходзяць і зьбіраюць сабе салому;
А колькасьць цэглы, якую яны выраблялі ўчора і пазаўчора, налажыце на іх і не зьмяншайце яе; бо яны лянуюцца і таму крычаць, кажучы: “Пойдзем, складзем ахвяру Богу нашаму”.
а цэглы накладзеце на іх тую ж самую зададзеную норму, якую яны рабілі ўчора і заўчора, і не зьмяншайце; яны гультаі, таму і крычаць: хадзем, прынясем ахвяру Богу нашаму;
Няхай абцяжарыць праца людзей, і няхай яны працуюць і ня слухаюць словаў хлусьлівых».
даць ім болей працы, каб яны працавалі і не займаліся пустымі размовамі.
І выйшлі прыганятыя народу і наглядчыкі яго, і сказалі народу, кажучы: «Гэтак кажа фараон: “Не даю вам саломы.
І выйшлі прыстаўнікі народу і наглядчыкі ягоныя і сказалі народу: так кажа фараон: не даю вам саломы;
Самі ідзіце, бярыце сабе салому, дзе знойдзеце, бо нічога ня зьменшыцца ў працы вашай”».
самі ідзеце, бярэце сабе салому, дзе знойдзеце; а ад працы вашай нічога не зьмяншаецца.
І расьсеяўся народ па ўсёй зямлі Эгіпецкай зьбіраць іржышча замест саломы.
І расьсеяўся народ па ўсёй зямлі Егіпецкай зьбіраць жніво замест саломы.
А прыганятыя прынукалі, кажучы: «Выконвайце працу вашую, норму дзённую ў той самы дзень, як тады, калі была салома».
А прыстаўнікі пануквалі, кажучы: выконвайце працу сваю кожны дзень, як і тады, калі была ў вас салома.
І білі наглядчыкаў сыноў Ізраіля, якіх паставілі над імі прыганятыя фараона, кажучы: «Чаму ня выканалі норму вырабу цэглы, што была ўчора і пазаўчора, ані ўчора, ані сёньня?»
А наглядчыкі з сыноў Ізраілевых, якіх паставілі над імі прыстаўнікі фараонавыя, білі, кажучы: чаму вы ўчора і сёньня ня робіце зададзенай вам нормы цэглы, як было дагэтуль?
І прыйшлі наглядчыкі сыноў Ізраіля, і крычалі да фараона, кажучы: «Чаму ты так робіш адносна слугаў тваіх?
І прыйшлі наглядчыкі сыноў Ізраілевых і залямантавалі фараону, кажучы: навошта ты так робіш з рабамі тваімі?
Саломы не даюць слугам тваім, а цэглу, кажуць нам, рабіце. І вось, слугаў тваіх б’юць; і вінавацяць народ твой».
саломы не даюць рабам тваім, а цэглу, кажуць нам, рабеце. І вось, рабоў тваіх б’юць. Грэх народу твайму!
Але ён сказаў: «Лайдакі вы, лайдакі; і таму вы кажаце: “Хадземце, складзем ахвяру ГОСПАДУ”.
Але ён сказаў: гультаі вы, гультаі, таму і кажаце: хадзем, прынясем ахвяру Госпаду.
І цяпер ідзіце, працуйце, і саломы не дадуць вам, але вызначаную колькасьць цэглы давайце».
Ідзеце ж, працуйце; саломы не дадуць вам, а належную колькасьць цэглы давайце.
І ўбачылі наглядчыкі сыноў Ізраіля, што яны ў бядзе, бо сказана: «Не зьмяншайце колькасьць цэглы, норму дзённую ў той самы дзень».
І ўбачылі наглядчыкі сыноў Ізраілевых бяду сваю ў словах: не зьмяншайце нормы цэглы, што на кожны дзень.
І сустрэлі яны Майсея і Аарона, якія стаялі, чакаючы іх, калі яны выйшлі ад фараона,
І калі яны выйшлі ад фараона, дык сустрэліся з Майсеем і Ааронам, якія стаялі, чакаючы іх,
і сказалі ім: «Няхай узгляне ГОСПАД на вас і асудзіць, бо вы зрабілі нас агіднымі ў вачах фараона і ў вачах слугаў ягоных, і далі меч у рукі іхнія, каб забіць нас».
і сказалі ім: хай бачыць і судзіць вас Гасподзь за тое, што вы зрабілі нас ненавісьнікамі ў вачах фараонавых і рабоў ягоных і далі ім меч у рукі, каб забіць нас.
І зьвярнуўся Майсей да ГОСПАДА, і сказаў: «Госпадзе, чаму Ты робіш зло народу гэтаму? Навошта Ты паслаў мяне?
І зьвярнуўся Майсей да Госпада і сказаў: Госпадзе! навошта Ты паддаеш народ гэты такому бедству, навошта паслаў мяне?
Бо ад таго часу, як я прыйшоў да фараона, каб гаварыць у імя Тваё, зло робіцца народу гэтаму; а вызваліць, Ты ня вызваліў народ Твой!»
бо з таго часу, як я прыйшоў да фараона і пачаў гаварыць ад імя Твайго, ён пачаў горш абыходзіцца з народам гэтым; вызвалі ж, — Ты ня вызваліў народу Твайго.