Выхад 34 разьдзел

Выхад
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

І сказаў ГОСПАД Майсею: «Вычашы сабе дзьве табліцы каменныя, падобныя да першых, і Я напішу на тых табліцах словы, якія былі на першых табліцах, якія ты разьбіў.
 
І сказаў Гасподзь Майсею: вычашы сабе дзьве скрыжалі каменныя, падобныя на ранейшыя, і Я напішу на гэтых скрыжалях словы, якія былі на ранейшых скрыжалях, якія ты разьбіў;

І будзь гатовы на раніцу, і ўзыйдзеш раніцаю на гару Сынай, і станеш перада Мною там на вяршыні гары.
 
і будзь гатовы да раніцы; і падыміся раніцай на гару Сінай і стань перад Мною там на вяршыні гары;

І ніхто няхай ня ўзыйдзе з табою, і таксама ніхто няхай не паказваецца на ўсёй гары; таксама авечкі і валы ня будуць пасьвіцца насупраць гары гэтай».
 
але ніхто не павінен падымацца з табою, і ніхто не павінен паказвацца на ўсёй гары; нават быдла, дробнае і буйное, не павінна пасьвіцца паблізу гары гэтай.

І вычасаў Майсей дзьве табліцы каменныя, падобныя да першых, і ўстаў рана раніцай, і ўзыйшоў на гару Сынай, як загадаў яму ГОСПАД; і ўзяў у рукі свае дзьве табліцы каменныя.
 
І вычасаў Майсей дзьве скрыжалі каменныя, падобныя да ранейшых, і ўстаўшы з самае раніцы, падняўся на гару Сінай, як загадаў яму Гасподзь; і ўзяў у рукі свае дзьве скрыжалі каменныя.

І зыйшоў ГОСПАД у воблаку, і стаў там пры ім, і ён назваў імя ГОСПАДА.
 
І сышоў Гасподзь у воблаку, і спыніўся там паблізу яго, і ўзьвясьціў імя Яговы.

І прайшоў ГОСПАД перад абліччам ягоным, і абвясьціў: «ГОСПАД, ГОСПАД, Бог спагадлівы і літасьцівы, павольны да гневу і багаты на міласэрнасьць і праўду,
 
І прайшоў Гасподзь перад тварам ягоным і абвясьціў: Гасподзь, Гасподзь, Бог чалавекалюбны і мілажальны, доўгацярплівы і многаміласэрны і праўдзівы,

Які захоўвае міласэрнасьць тысячам, Які даруе беззаконьне, і правіну, і грэх, але не пакідае без пакараньня, Які наведвае за беззаконьне бацькоў сыноў і сыноў сыноў да трэцяга і чацьвёртага пакаленьня».
 
Які захоўвае літасьць у тысячы родаў, даруе віну і злачынства і грэх, але не пакідае без пакараньня, карае віну бацькоў у дзецях і ў дзецях дзяцей да трэцяга і чацьвёртага роду.

І пасьпяшаўся Майсей, і схіліўся да зямлі, і пакланіўся,
 
Майсей адразу ўпаў на зямлю і пакланіўся

і сказаў: «Калі я знайшоў ласку ў вачах Тваіх, Госпадзе, няхай ідзе Госпад сярод нас, бо народ гэты — [народ] з цьвёрдым каркам, і прабач беззаконьні нашыя і грахі нашыя, і мей нас за спадчыну Тваю».
 
і сказаў: калі я здабыў упадабаньне ў вачах Тваіх, Уладару, дык хай пойдзе Ўладар сярод нас; бо народ гэты цьвёрдахрыбетны; даруй беззаконьні нашыя і грахі нашыя і зрабі нас спадчынай Тваёю.

І сказаў [Госпад]: «Вось, Я заключу запавет, перад усім народам тваім учыню цуды, якія не былі твораныя на ўсёй зямлі і ні ў якім з народаў; і ўбачыць увесь народ, сярод якога ты, учыненае ГОСПАДАМ, бо страшнае будзе тое, што Я ўчыню праз цябе.
 
І сказаў: вось, Я заключаю запавет: перад усім народам Тваім учыню цуды, якіх ня было на ўсёй зямлі і ні ў якіх народаў, і ўбачыць увесь народ, сярод якога ты жывеш, дзею Госпада, бо страшна будзе тое, што Я зраблю дзеля цябе;

Захавай тое, што Я загадваю табе сёньня. Вось, Я выганю перад абліччам тваім Амарэя, Хананейца, Хета, Пэрэзэя, Хівея і Евусэя.
 
захавай тое, што загадваю табе сёньня: вось, Я праганяю ад твару твайго Амарэяў, Хананэяў, Хэтэяў, Фэрэзэяў Габрэяў і Евусэяў;

Сьцеражыся, не заключай запавет з жыхарамі той зямлі, у якую ты ўвойдзеш, каб ён ня стаўся пасткаю сярод цябе.
 
глядзі, ня ўступай у спрымірэнства з жыхарамі зямлі той, у якую ты ўвойдзеш, каб яны не зрабіліся сеткаю вам сярод вас.

Але ахвярнікі іхнія скрышыце, і слупы іхнія паламіце, і гаі іхнія высячыце,
 
Ахвярнікі іхнія разбурце, слупы іхнія паламайце, высечыце гаі іхнія,

бо ня будзеш пакланяцца богу іншаму, акрамя ГОСПАДА; Зайздросны імя Ягонае, Ён — Бог зайздросны.
 
бо ты не павінен пакланяцца богу іншаму, апрача Госпада, бо імя Яго «руплівец»; Ён Бог руплівец.

Не заключай запавет з жыхарамі той зямлі, бо яны будуць распусьнічаць з багамі сваімі, і будуць складаць ахвяры багам сваім, і паклічуць цябе, і ты будзеш есьці ахвяры іхнія,
 
Ня ўступай у спрымірэнства з жыхарамі зямлі той, каб, калі яны будуць блудадзеяць ідучы за багамі сваімі і прыносіць ахвяры багам сваім, не запрасілі і цябе, і ты не скаштаваў бы ахвяры іхняй;

і возьмеш дочак іхніх сынам тваім, і яны будуць распусьнічаць з багамі сваімі, і будуць распусьнічаць сыны твае з багамі іхнімі.
 
і не бяры з дочак іхніх жонак сынам сваім, каб дочкі іхнія, блудадзеючы, ідучы за багамі сваімі, не ўвялі і сыноў тваіх у блуд за багамі сваімі.

Багоў літых не рабіце сабе.
 
Не рабі сабе багоў літых.

Сьвята Праснакоў захоўвай. Сем дзён будзеш есьці праснакі, як Я загадаў табе, у вызначаным часе месяца Авіў, бо ў месяцы Авіў ты выйшаў з Эгіпту.
 
Сьвята праснакоў шануй: сем дзён еж прэсны хлеб, як Я загадаў табе, у прызначаны час месяца Авіва, бо ў месяцы Авіве выйшаў ты зь Егіпта.

Усё, што адкрывае ўлоньне, Мне [належыць], і ўсё першароднае мужчынскага роду са статку твайго, вол і авечка.
 
Усе, хто размыкае сьцёгны, Мне, як і ўсё быдла тваё мужчынскага полу, якое размыкае сьцёгны, з валоў і авечак;

Асла, які адкрывае [ўлоньне], выкупіш баранчыкам, а калі ня выкупіш, зламі карак ягоны. Усіх першародных сыноў тваіх выкупіш, і няхай ня бачаць аблічча Майго з пустымі [рукамі].
 
першароднае з аслоў замяняй ягнём, а калі не заменіш, дык выкупі яго; усіх першынцаў з сыноў тваіх выкупляй; хай не зьяўляецца перад абліччам Маім з пустымі рукамі.

Шэсьць дзён працуй, а ў сёмы дзень супачынь; і ў [часе] араньня, і ў [часе] жніва супачынь.
 
Шэсьць дзён працуй, а ў сёмы дзень спачывай; спачывай і ў час сяўбы і жніва.

І Сьвята Тыдняў зробіш сабе, і [Сьвята] Пяршынаў жніва пшаніцы, і Сьвята Збору [ўраджаю] ў канцы году.
 
І сьвята сяміцаў спраўляй, сьвята зажынкаў пшаніцы і сьвята збору пладоў у канцы года;

Тройчы ў год мае зьяўляцца кожны мужчына твой перад аблічча Госпада ГОСПАДА, Бога Ізраіля.
 
тры разы на год павінен зьяўляцца ўвесь мужчынскі пол твой перад аблічча Ўладара, Госпада Бога Ізраілевага,

Бо Я выганю народы перад абліччам тваім, і пашыру межы твае, і ніхто не пажадае зямлі тваёй, калі ты ўзыйдзеш, каб зьявіцца перад абліччам ГОСПАДА, Бога твайго, тройчы ў год.
 
бо Я праганю народы ад твару твайго і пашыру межы твае, і ніхто не запрагне зямлі тваёй, калі ты будзеш зьяўляцца перад аблічча Госпада, Бога твайго, тры разы на год.

Не ахвяроўвай над кіслым крыві ахвяры Маёй, і не пакідай на ноч да раніцы ахвяру Сьвята Пасхі.
 
Не вылівай крыві ахвяры Маёй на квашанае, і ахвяра сьвята Пасхі не павінна пераначаваць да раніцы.

Першыя пяршыны зямлі тваёй прынось у дом ГОСПАДА, Бога твайго. Не вары казляняці ў малацэ маці ягонай».
 
Самыя першыя плады зямлі тваёй прынось у дом Госпада, Бога твайго. Не гатуй казьляня ў малацэ маці ягонай.

І сказаў ГОСПАД Майсею: «Напішы сабе словы гэтыя, бо паводле гэтых словаў Я заключыў запавет з табою і з Ізраілем».
 
І сказаў Гасподзь Майсею: напішы сабе словы гэтыя, бо ў гэтых словах Я пастанаўляю запавет з табою і зь Ізраілем.

І быў там [Майсей] з ГОСПАДАМ сорак дзён і сорак начэй, хлеба ня еў і вады ня піў, і напісаў на табліцах словы запавету, Дзесяць словаў.
 
І прабыў там у Госпада сорак дзён і сорак ночаў, хлеба ня еў і вады ня піў; і напісаў Майсей на скрыжалях словы запавету, дзесяціслоўе.

І сталася, калі зыходзіў Майсей з гары Сынай, і дзьве табліцы Сьведчаньня [былі] ў руцэ Майсея пры зыходзе яго з гары, а Майсей ня ведаў, што праменявала скура аблічча ягонага, бо [Бог] гаварыў з ім.
 
Калі сыходзіў Майсей з гары Сінай, і дзьве скрыжалі адкрыцьця былі ў руцэ ў Майсея пры сыходзе яго з гары, дык Майсей ня ведаў, што аблічча яго пачало зьзяць прамянямі ад таго, што Бог гаварыў зь ім.

І ўбачыў Аарон і ўсе сыны Ізраіля Майсея, і вось, праменявала скура аблічча ягонага, і баяліся наблізіцца да яго.
 
І ўбачыў Майсея Аарон і ўсе сыны Ізраілевыя, і вось, твар у яго зьзяе, і баяліся падысьці да яго.

І паклікаў іх Майсей, і зьвярнуліся да яго Аарон і ўсе начальнікі грамады, і прамовіў Майсей да іх.
 
І паклікаў іх Майсей, і прыйшлі да яго Аарон і ўсе правадыры супольства, і гутарыў Майсей зь імі.

І пасьля гэтага наблізіліся ўсе сыны Ізраіля, і ён загадаў ім усё, што ГОСПАД прамовіў да яго на гары Сынай.
 
Пасьля гэтага наблізіліся ўсе сыны Ізраілевыя, і ён наказаў ім усё, што казаў Яму Гасподзь на гары Сінаі.

І скончыў Майсей прамаўляць да іх, і ўсклаў на аблічча сваё заслону.
 
І калі Майсей перастаў гутарыць зь імі, дык ахінуў твар свой покрывам.

А калі Майсей узыходзіў перад аблічча ГОСПАДА, каб гаварыць з Ім, тады здыймаў заслону, аж пакуль не выходзіў. І выйшаў, і прамаўляў да сыноў Ізраіля, што было загадана яму.
 
А калі ўваходзіў Майсей перад аблічча Госпада, каб гаварыць зь Ім, тады здымаў покрыва, пакуль ня выходзіў; а выйшаўшы пераказваў сынам Ізраілевым усё, што наказана было яму.

І бачылі сыны Ізраіля аблічча Майсея, што праменявала скура аблічча Майсея, і ўскладаў Майсей заслону на аблічча сваё, пакуль не ўваходзіў, каб гаварыць [з Богам].
 
І бачылі сыны Ізраілевыя, што зьзяе твар Майсееў, і Майсей зноў кладзе покрыва на твар свой, пакуль не ўваходзіць гаварыць зь Ім.