Выхад 38 разьдзел
Выхад
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Васіля Сёмухі
І зрабіў ахвярнік цэласпаленьня з дрэва акацыі, пяць локцяў даўжыня яго і пяць локцяў шырыня яго, ён чатырохкутны, і тры локці вышыня яго.
І зрабіў ахвярнік цэласпаленьня з дрэва сітым даўжынёю ў пяць локцяў і шырынёю ў пяць локцяў, чатырохкутны, вышынёю ў тры локці,
І зрабіў рогі ягоныя на чатырох вуглах ягоных, з яго выходзілі рогі ягоныя; і пакрыў іх медзьдзю.
і зрабіў рогі на чатырох кутах яго, так што зь яго выходзілі рогі, і абклаў яго медзьдзю.
І зрабіў усе начыньні ахвярніка: гаршчкі, лапаткі, місы, відэльцы і кадзільніцы; усе начыньні ягоныя зрабіў з медзі.
І зрабіў усе прылады ахвярніка: гаршкі; лапаты, чары, вілкі і вугольнікі; усе прылады яго зрабіў зь медзі.
І зрабіў да ахвярніка крату, плеценай работы, мядзяную, пад вобадам зьнізу да паловы яго.
І зрабіў для ахвярніка рашотку, як сетку, зь медзі, па краі яго ўнізе да палавіны яго;
І выліў чатыры колцы на чатырох вуглах краты мядзянай, каб укладаць насілы.
і зрабіў чатыры колцы на чатырох кутах меднай рашоткі для ўкладваньня жэрдак,
І зрабіў насілы з дрэва акацыі, і пакрыў іх медзьдзю.
і зрабіў жэрдкі з дрэва сітым, і абклаў іх медзьдзю,
І ўлажыў насілы ў колцы на баках ахвярніка для нашэньня яго імі. Пустым унутры зрабіў яго з дошак.
і ўклаў жэрдкі ў колцы па баках ахвярніка, каб насіць яго на іх; пусты ўсярэдзіне з дошак зрабіў яго.
І зрабіў мыцельнік мядзяны і падставу ягоную мядзяную з люстэрак жанчынаў, якія зьбіраліся каля ўваходу ў Намёт Спатканьня.
І зрабіў умывальнік зь медзі і падножжа яго зь медзі з далікатнымі выявамі, якія ўпрыгожвалі ўваход у скінію сходу.
І зрабіў панадворак: з паўднёвага боку, [што глядзіць] на поўдзень — заслоны з кручанага вісону ў сто локцяў,
І зрабіў двор: з паўднёвага боку, на поўдзень, заслоны з суканага вісону даўжынёю ў сто локцяў;
слупоў да іх дваццаць і падставак да іх дваццаць мядзяных, а кручкі на слупах і клямкі да іх срэбныя.
слупоў для іх дваццаць і падножжаў да іх дваццаць медных; гачкі ў слупоў і повязі іх з срэбра.
І на паўночным баку — [заслоны] ў сто локцяў, слупоў да іх дваццаць і падставак да іх дваццаць мядзяных; а кручкі на слупах і клямкі да іх — срэбныя.
І па паўночным баку — заслоны ў сто локцяў; слупоў для іх дваццаць і падножжаў да іх дваццаць медных; гачкі ў слупоў і повязі з срэбра.
І з заходняга боку — заслоны ў пяцьдзясят локцяў, слупоў да іх дзесяць і падставак да іх дзесяць; а кручкі на слупах і клямкі да іх — срэбныя.
І з заходняга боку — заслоны ў пяцьдзясят локцяў, слупоў для іх дзесяць і падножжаў да іх дзесяць, гачкі ў слупах і повязі іх з срэбра.
І з пярэдняга боку, [што глядзіць] на ўсход — [адлегласьць] у пяцьдзясят локцяў.
і зь відавога боку на ўсход — заслоны ў пяцьдзясят локцяў.
Пятнаццаць локцяў — заслоны з [аднаго] краю, слупоў да іх тры і падставак да іх тры.
Для аднаго боку брамы двара — заслоны ў пятнаццаць локцяў, слупоў для іх тры і падножжаў да іх тры;
І з другога краю, з іншага [боку] брамы панадворку — заслоны ў пятнаццаць локцяў; слупоў да іх тры і падставак да іх тры.
і для другога боку — заслоны ў пятнаццаць локцяў, слупоў для іх тры і падножжаў да іх тры.
Усе заслоны вакол панадворку — з кручанага вісону,
Усе заслоны ва ўсе бакі двара з суканага вісону,
і падстаўкі да слупоў мядзяныя, кручкі на слупах і клямкі да іх — срэбныя, і пакрытыя вярхі іхнія срэбрам, і ўсе яны павязаныя срэбрам, усе слупы панадворку.
а падножжы ў слупоў зь медзі; гачкі ў слупах і повязі іх з срэбра; а вярхі ў іх абкладзены срэбрам, і ўсе слупы двара злучаны повязямі срэбнымі.
Заслона для брамы панадворку — гафтаванае работы з блакіту, пурпуру, барвовага кармазыну і кручанага вісону, дваццаць локцяў — даўжыня [яе], а вышыня і шырыня [яе] — пяць локцяў, падобна да іншых заслонаў панадворку;
А заслона для брамы двара ўзорыстага вырабу з блакітнай, пурпуровай і чырванёнай воўны і з суканага вісону, даўжынёю ў дваццаць локцяў, вышынёю ў пяць локцяў, па ўсёй працягласьці, падобна на заслону двара;
і слупоў да яе чатыры, і падставак да іх чатыры мядзяных; кручкі іхнія срэбныя, і пакрыцьцё вярхоў іх і клямкі да іх срэбныя.
і слупоў для яго чатыры і падножжаў да яго чатыры медныя; гачкі ў іх срэбныя, а вярхі іх абкладзены срэбрам, і повязі іх срэбныя.
А ўсе калкі Сялібы і панадворку наўкола — мядзяныя.
Усе калы вакол скініі і двара медныя.
Вось каштарыс Сялібы, Сялібы Сьведчаньня, які падлічаны паводле словаў Майсея працаю лявітаў пад рукою Ітамара, сына Аарона, сьвятара.
Вось падлік таго, што скарыстага для скініі адкрыцьця, зробленае паводле загаду Майсея, лявітамі пад наглядам Ітамара, сына Ааронавага, сьвятара.
І Бэцалеэль, сын Урыя, сын Хура, з калена Юды, зрабіў усё, што загадаў ГОСПАД Майсею;
А рабіў усё, што загадаў Гасподзь Майсею, Вэсэлііл, сын Урыі, сын Ора, з племя Юдавага,
а з ім Агаліяў, сын Ахісамаха, з калена Дана, разьбяр і мастак, і вышывальнік на блакіце, пурпуры, барвовым кармазыне і вісоне.
І зь ім Агаліяў, сын Ахісамахаў, з племя Данавага, разьбяр і ўмелы ткач і вышывальшчык па блакітнай, пурпуровай, чырванёнай і вісонавай тканіне.
Усяго золата, ужытага на работу, на ўсе працы ў сьвятыні, — а было гэта золата, [ахвяраванае] патрэсваньнем, — было дваццаць дзевяць талентаў і сямсот трыццаць сыкляў, паводле сыкля сьвятыні.
Усяго золата, ужытага ў працу на ўсе прылады сьвятыні, золата, прынесенага ў дар, было дваццаць дзевяць талантаў і сямсот трыццаць сікляў, сікляў сьвяшчэнных;
А срэбра ад палічаных у грамадзе [было] сто талентаў і тысяча сямсот семдзясят пяць сыкляў, паводле сыкля сьвятыні.
а срэбра ад падлічаных асобаў супольства сто талантаў і тысяча сямсот семдзесят пяць сікляў, сікляў сьвяшчэнных;
Бэка з галавы, [значыцца,] палова сыкля, паводле сыкля сьвятыні, з кожнага, хто прыйшоў, каб быць палічаным, ад дваццаці гадоў і вышэй, з шасьцісот трох тысячаў пяцьсот пяцідзесяці [чалавек].
з шасьцісот трох тысяч пяцісот пяцідзесяці чалавек, з кожнага, хто быў падлічаны, ад дваццаці гадоў і вышэй, па паўсікля з чалавека, лічачы на сікль сьвяшчэнны.
І было сто талентаў срэбра ўжыта на адліцьцё падставак сьвятыні і падставак заслонаў; сто падставак са ста талентаў, па таленту на падстаўку.
Сто талантаў срэбра ўжыта на ліцьцё падножжаў сьвятыні і падножжаў у заслоны; сто падножжаў са ста талантаў, па таланце на падножжа;
А з тысячы сямсот сямідзесяці пяці [сыкляў] зрабіў [Бэцалеэль] кручкі на слупах, і пакрыў вярхі іхнія, і злучыў іх клямкамі.
а з тысячы сямісот сямідзесяці пяці сікляў зрабіў ён гачкі ў слупах і пакрыў вярхі іх і зрабіў повязі для іх.
А медзі, [ахвяраванай] патрэсваньнем, было семдзясят талентаў і дзьве тысячы чатырыста сыкляў.
А медзі, прынесенай у дар, было семдзесят талантаў і дзьве тысячы чатырыста сікляў;
І зрабіў ён з яе падстаўкі да слупоў каля ўваходу ў Намёт Спатканьня, і ахвярнік мядзяны, і крату мядзяную да яго, і ўсё начыньне ахвярніка,
зь яе зрабіў ён падножжы да слупоў каля ўваходу ў скінію сьведчаньня, і ахвярнік медны, і рашотку медную для яго, і ўвесь посуд ахвярніка,
і падстаўкі панадворку наўкола, і падстаўкі брамы панадворку, і ўсе калкі Сялібы, і ўсе калкі панадворку наўкола.
і падножжы да слупоў усяго двара, і падножжы да слупоў брамы двара, і ўсе калы скініі і ўсе калы вакол двара.