Выхад 24 разьдзел

Выхад
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

І сказаў [Госпад] Майсею: «Узыйдзі да ГОСПАДА ты і Аарон, Надаў і Абігу, і семдзясят са старшыняў Ізраіля, і пакланіцеся здалёк.
 
І Майсею сказаў Ён: узыдзі да Госпада ты і Аарон, Надаў і Авіуд і семдзесят старэйшынаў Ізраілевых, і пакланецеся здалёк;

І наблізіцца Майсей адзін да ГОСПАДА; а яны няхай не набліжаюцца, і народ няхай не ўзыходзіць з ім».
 
Майсей адзін няхай наблізіцца да Госпада, а яны няхай не набліжаюцца, і народ хай не падымаецца зь ім.

І прыйшоў Майсей, і пераказаў народу ўсе словы ГОСПАДА і ўсе суды [Ягоныя]; і адказаў увесь народ у адзін голас, і сказалі: «Усе словы, якія прамовіў ГОСПАД, выканаем!».
 
І прыйшоў Майсей і пераказаў людзям усе словы Гасподнія і ўсе законы. І адказаў увесь люд у адзін голас і сказалі: усё, што сказаў Гасподзь, зробім.

І напісаў Майсей усе словы ГОСПАДА, і ўстаў раніцаю, і збудаваў ахвярнік пад гарою і дванаццаць слупоў паводле дванаццаці плямёнаў Ізраіля.
 
І напісаў Майсей усе словы Гасподнія, і ўстаўшы з самае раніцы, паставіў пад гарою ахвярнік і дванаццаць камянёў, паводле ліку дванаццаці плямёнаў Ізраілевых;

І паслаў юнакоў з сыноў Ізраіля, і яны ўзьнесьлі цэласпаленьні і ахвяравалі валоў як ахвяры мірныя для ГОСПАДА.
 
і паслаў хлопцаў з сыноў Ізраілевых, і прынесьлі яны цэласпаленьні і закалолі цялят у мірную ахвяру Госпаду.

І ўзяў Майсей палову крыві, і ўліў у чару, а паловаю крыві пакрапіў ахвярнік.
 
Майсей, узяўшы палавіну крыві, уліў у чары, а другою палавінаю акрапіў ахвярнік;

І ўзяў кнігу запавету, і прачытаў у вушы народу, і сказалі яны: «Усё, што сказаў ГОСПАД, зробім, і будзем слухаць».
 
і ўзяў кнігу запавету і прачытаў уголас люду, і сказалі яны: усё, што сказаў Гасподзь, зробім і будзем паслухмяныя.

І ўзяў Майсей кроў, і пакрапіў народ, і сказаў: «Вось, кроў запавету, які ГОСПАД заключыў з вамі, паводле ўсіх словаў гэтых».
 
І ўзяў Майсей крыві і акрапіў народ, кажучы: вось кроў запавету, які Гасподзь склаў з вамі пра ўсе словы гэтыя.

І ўзыйшоў Майсей і Аарон, Надаў і Абігу і семдзясят старшыняў Ізраіля.
 
Потым узышоў Майсей і Аарон, Надаў і Авіуд і семдзесят старэйшынаў Ізраілевых,

І бачылі Бога Ізраіля; і пад нагамі Ягонымі нібыта выраб з каменю шафіру і нібыта само неба ў яснасьці [сваёй].
 
і бачылі Бога Ізраілевага; і пад нагамі ў Яго нешта падобнае на твор з чыстага сапфіру і, як самое неба, яснае.

І на выбраных сыноў Ізраіля Ён ня выцягнуў рукі Сваёй. І яны бачылі Бога, і елі, і пілі.
 
І Ён не прасьцёр рукі Сваёй на выбраных з сыноў Ізраілевых: яны бачылі Бога, і елі і пілі.

І сказаў ГОСПАД Майсею: «Узыйдзі да Мяне на гару, і будзь там, і Я дам табе табліцы каменныя, і закон, і прыказаньні, якія Я напісаў, каб навучыць іх».
 
І сказаў Гасподзь Майсею: узыдзі да Мяне на гару і будзь там; і дам табе скрыжалі каменныя, і закон і запаведзі, якія Я напісаў, каб навучыцца іх.

І ўстаў Майсей і Егошуа, служыцель ягоны, і ўзыйшоў Майсей на гару Божую.
 
І ўстаў Майсей зь Ісусам, службітам сваім, і пайшоў Майсей на гару Божую,

А старшыням сказаў: «Заставайцеся дзеля нас тут, пакуль мы вернемся да вас. І вось, Аарон і Хур з вамі. Калі хто будзе мець [якую] справу, няхай наблізіцца да іх».
 
а старэйшынам сказаў: заставайцеся тут, пакуль мы ня вернемся да вас; вось Аарон і Ор з вамі; хто будзе мець клопат які, хай прыходзіць да іх.

І ўзыйшоў Майсей на гару; і закрыла воблака гару.
 
І ўзышоў Майсей на гару, і пакрыла воблака гару,

І супачыла слава ГОСПАДА на гары Сынай; і закрывала воблака яе шэсьць дзён. І паклікаў [Бог] у сёмы дзень Майсея з сярэдзіны воблака.
 
і слава Гасподняя асяніла гару Сінай; і пакрывала яе воблака шэсьць дзён, а ў сёмы дзень Гасподзь усклікнуў Майсею зь сярэдзіны воблака.

А выгляд славы ГОСПАДА быў як агонь палючы на вяршыні гары перад вачыма сыноў Ізраіля.
 
А выгляд славы Гасподняй на вяршыні гары быў перад вачыма сыноў Ізраілевых, як агонь паглынальны.

І ўвайшоў Майсей у сярэдзіну воблака, і ўзыйшоў на гару; і быў Майсей на гары сорак дзён і сорак начэй.
 
І ўвайшоў Майсей у сярэдзіну воблака, і ўзыйшоў нагару; і быў Майсей на гары сорак дзён і сорак ночаў.