Выхад 30 разьдзел

Выхад
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

І зробіш ахвярнік для каджэньня кадзіла; з дрэва акацыі зробіш яго.
 
І зрабі ахвярнік для прынашэньня дымленьня, з дрэва сітым зрабі яго:

Локаць — даўжыня ягоная, і локаць — шырыня ягоная; ён мае быць чатырохкутны; і два локці — вышыня ягоная; з яго маюць выходзіць рогі.
 
даўжыня яго локаць, і шырыня яго локаць: ён павінен быць чатырохкутны; а вышыня яго два локці; зь яго павінны выступаць рогі яго;

І пакрыеш яго шчырым золатам, верх ягоны і сьценкі ягоныя наўкола, і рогі ягоныя; і зробіш да яго залаты вянок наўкола.
 
абкладзі яго чыстым золатам, верх яго і бакі яго вакол і рогі яго; і зрабі да яго залаты вянок вакол;

І два колцы залатыя зробіш да яго, пад вянком ягоным, на двух вуглах ягоных; зробіш іх з двух бакоў ягоных; і будуць яны месцам для насілаў, каб насіць яго на іх.
 
пад вянком яго на двух кутах яго зрабі два колцы з золата; зрабі іх абапал яго; і будуць яны ўлогваю пад жэрдкі, каб насіць яго на іх;

І зробіш насілы з дрэва акацыі, і пакрыеш іх золатам.
 
жэрдзі зрабі з дрэва сітым і абкладзі іх золатам.

І паставіш яго перад заслонаю, якая перад Каўчэгам Сьведчаньня, перад накрыўкаю, якая над Сьведчаньнем, дзе Я буду сустракацца з табою.
 
І пастаў яго перад заслонаю, якая перад каўчэгам адкрыцьця, насупраць вечка, якое на каўчэзе адкрыцьця, дзе Я буду адкрывацца табе.

І будзе паліць на ім Аарон пахкае кадзіла кожную раніцу. Калі ён будзе папраўляць лямпы, будзе паліць [кадзіла].
 
На ім Аарон будзе дыміць духмяным куродымам: кожнае раніцы, калі ён рыхтуе лампады, будзе дыміць ім;

І калі Аарон будзе запальваць лямпы ўвечары, ён будзе паліць [кадзіла]. Гэта заўсёднае каджэньне перад ГОСПАДАМ у пакаленьнях вашых.
 
і калі Аарон запальвае лампады ўвечары, ён будзе дыміць ім: гэта — заўсёднае дымленьне перад Госпадам у роды вашыя.

Не паліце на ім ніякага кадзіла чужога, ані цэласпаленьня, ані дару; і ўзьліваньня не ўзьлівайце на яго.
 
Ня прыносьце на ім ніякага іншага дымленьня, ні цэласпаленьня, ні прынашэньня хлебнага, і выліваньня не вылівайце на яго.

І будзе спраўляць Аарон перамольваньне над рогамі яго раз у год. Крывёю ахвяры за грэх раз у год перамольваньнем будзе перамольваць на ім за пакаленьні вашыя. Гэта сьвятое сьвятых для ГОСПАДА».
 
І будзе зьдзяйсьняць Аарон ачышчэньне над рагамі яго адзін раз у год; крывёю ачышчальнай ахвяры за грэх ён будзе ачышчаць яго адзін раз у год у роды вашыя. Гэта сьвятыня вялікая ў Госпада.

І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:
 
І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:

«Калі будзеш зьбіраць [падатак] з галавы ў сыноў Ізраіля пры лічэньні іх, няхай дасьць [кожны] мужчына выкуп душы сваёй ГОСПАДУ пры лічэньні іх, і ня будзе між імі плягі, калі будуць лічыць іх.
 
калі будзеш лічыць сыноў Ізраілевых пры пераглядзе іх, дык хай кожны дасьць выкуп за душу сваю Госпаду пры падліку іх, і ня будзе паміж імі пошасьці згубнай пры падліку іх;

Гэта павінны даць усе, хто падлягае лічэньню — палову сыкля, паводле сыкля сьвятыні, у якім дваццаць гер у сыклі; палова сыкля — дар для ГОСПАДА.
 
кожны, хто паступае ў падлік, павінен даваць палавіну сікля, сікля сьвяшчэннага; у сіклі дваццаць гераў: паўсікля дар Госпаду;

Усе, хто падлягае лічэньню, ад дваццаці гадоў і вышэй, маюць даць дар ГОСПАДУ.
 
кожны, хто паступае ў падлік ад дваццаці гадоў і вышэй, павінен даваць прынашэньне Госпаду;

Багаты ня будзе павялічваць, і бедны ня будзе памяншаць ад паловы сыкля, што маюць даваць як дар ГОСПАДУ дзеля перамольваньня за душы вашыя.
 
багаты ня больш, і бедны ня менш паўсікля павінны даваць у дар Госпаду, дзеля выкупу душ вашых:

І возьмеш срэбра перамольваньня ад сыноў Ізраіля, і дасі яго на служэньне ў Намёце Спатканьня; і будзе гэта сынам Ізраіля на памяць перад абліччам ГОСПАДА дзеля перамольваньня за душы вашыя».
 
і вазьмі срэбра выкупу з сыноў Ізраілевых і ўжывай яго на служэньне скініі сходу: і будзе гэта сынам Ізраілевым у памяць перад Госпадам, дзеля адкупленьня душ вашых.

І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:
 
І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:

«І зробіш мыцельнік мядзяны і падставу мядзяную да ўмываньня, і паставіш яго паміж Намётам Спатканьня і ахвярнікам, і нальеш у яго вады.
 
зрабі ўмывальнік медны для абмываньня і падножжа яго меднае, і пастаў яго паміж скініяй сходу і ахвярнікам, і налі ў яго вады;

І будуць Аарон і сыны ягоныя мыць у ім рукі свае і ногі свае.
 
і хай Аарон і сыны ягоныя абмываюць у ім рукі свае і ногі свае;

Калі яны будуць уваходзіць у Намёт Спатканьня, няхай яны абмыюцца вадою, і яны не памруць; таксама калі яны будуць набліжацца да ахвярніка дзеля служэньня, дзеля ахвяраваньня вогненнага для ГОСПАДА,
 
калі яны маюць уваходзіць у скінію сходу, хай яны абмываюцца вадою, каб ім не памерці; альбо калі павінны прыступаць да ахвярніка дзеля служэньня, дзеля прынясеньня ахвяры Госпаду,

І будуць яны абмываць рукі свае і ногі свае, і не памруць. І будзе гэта ім пастанова вечная, яму і насеньню ягонаму ў пакаленьнях іхніх».
 
хай яны абмываюць рукі свае вадою, каб ім не памерці; і будзе ім гэта статутам вечным, яму і нашчадкам ягоным у роды іхнія.

І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:
 
І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:

«І ты вазьмі сабе найлепшых пахошчаў: міра найчысьцейшага пяцьсот [сыкляў], цынамону пахкага палову гэтага, дзьвесьце пяцьдзясят [сыкляў], трысьнёгу пахкага дзьвесьце пяцьдзясят [сыкляў],
 
вазьмі сабе самых лепшых пахошчаў: сьмірны самацечнай пяцьсот, карыцы пахучай палавіну ад таго, дзьвесьце пяцьдзесят, трысьнёгу пахучага дзьвесьце пяцьдзясят,

і касіі пяцьсот [сыкляў], паводле сыклю сьвятыні, і алею аліўкавага гін.
 
касіі пяцьсот сікляў, па сіклі сьвяшчэнным, і алею аліўкавага гін;

І зробіш з гэтага алей сьвятога памазаньня, масьць мяшаную работы мяшальніка масьцяў. Алей сьвятога памазаньня гэта будзе.
 
і зрабі з гэтага міра для сьвяшчэннага памазаньня, масьць складзеную майстрам, які складае масьці: гэта будзе міра для сьвяшчэннага памазаньня;

І памажаш ім Намёт Спатканьня, і Каўчэг Сьведчаньня,
 
і памаж імі скінію сходу і каўчэг адкрыцьця,

і стол, і ўсе начыньні ягоныя, і сьвечнік, і ўсе начыньні ягоныя, і ахвярнік каджэньня,
 
і стол і ўсе прылады яго, і сьвяцільню і ўсе прылады яе, і ахвярнік дымленьня,

і ахвярнік цэласпаленьня, і ўсе начыньні ягоныя, і мыцельнік, і падставу ягоную.
 
і ахвярнік цэласпаленьня і ўсе прылады яго, і ўмывальнік і падножжа яго;

І асьвяціш іх, і будуць яны сьвятое сьвятых; усё, што дакранецца да іх, будзе сьвятым.
 
і асьвяці іх, і будзе сьвятыня вялікая: усё, што дакранаецца да іх, асьвеціцца;

І Аарона і сыноў ягоных памажаш і асьвяціш іх, каб былі сьвятарамі Маімі.
 
памаж і Аарона і сыноў ягоных і пасьвяці іх, каб яны былі сьвятарамі Мне.

А да сыноў Ізраіля прамоў, кажучы: “Гэта будзе для Мяне алей сьвятога памазаньня ў пакаленьнях вашых.
 
А сынам Ізраілевым скажы: гэта будзе ў Мяне міра сьвяшчэннага памазаньня ў роды вашыя;

На цела чалавека ня будуць узьліваць яго, і паводле складу ягонага не рабіце падобнага да яго. Ён — сьвяты, сьвятым мае быць для вас.
 
целы астатніх людзей ня трэба памазваць ім, і складам яго не рабеце падобнага на яго; яно — сьвятыня: сьвятыняю павінна быць вам;

Чалавек, які [зробіць] работай мяшальніка масьцяў [алей], падобны да яго, і які памажа ім чужынца, будзе выгублены з народу свайго”».
 
хто складзе падобнае да яго, альбо хто памажа ім староньняга, той будзе вынішчаны з народу свайго.

І сказаў ГОСПАД Майсею: «Вазьмі сабе пахошчы: бальзам, і жывіцу, і галбан пахкі, і ладан чысты, кожнае ў роўнай частцы.
 
І сказаў Гасподзь Майсею: вазьмі сабе пахошчаў: стакты, аніху, халвану духмянага і чыстага лівану, усяго пароўну,

І зробіш з гэтага кадзіла мяшанае работай мяшальніка масьцяў, пасоленае, чыстае, сьвятое.
 
і зрабі зь іх умельствам таго, хто складае масьці, куродымны склад, сьцёрты, чысты, сьвяты,

І стаўчэш яго дробна, і паложыш перад Сьведчаньнем у Намёце Спатканьня, дзе Я буду сустракацца з табою. Гэта сьвятое сьвятых будзе для вас.
 
і стаўчы яго дробна і кладзі яго перад каўчэгам адкрыцьця ў скініі сходу, дзе Я буду адкрывацца табе: гэта будзе сьвятыня вялікая вам;

І кадзіла, якое зробіш, падобнага да яго паводле складу ягонага не рабіце сабе. Сьвятое яно будзе ў цябе для ГОСПАДА.
 
дымленьня, зробленага паводле гэтага складу, не рабеце сабе: сьвятыняю хай будзе яно ў цябе для Госпада;

Чалавек, які зробіць падобнае да яго, каб адчуваць пах ягоны, будзе выгублены з народу свайго».
 
хто зробіць падобнае, каб дыміць ім, будзе зьнішчаны з народу свайго.