Выхад 8 разьдзел
Выхад
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Васіля Сёмухі
І сказаў ГОСПАД Майсею: «Прыйдзі да фараона і скажы яму: “Адпусьці народ Мой, і ён будзе служыць Мне.
І сказаў Гасподзь Майсею: ідзі да фараона і скажы яму: так кажа Гасподзь: адпусьці народ Мой, каб ён учыніў Мне служэньне;
Калі ж ты адмаўляешся адпусьціць, вось, Я ўдару ўсе межы твае жабамі.
калі ж ты ня згодзішся адпусьціць, дык вось, Я пакараю ўвесь край твой жабамі:
І будзе раіцца рака жабамі, і яны выйдуць, і ўвойдуць у дом твой, і ў спальню тваю, і на ложак твой, і ў дом слугі твайго, і ў народ твой, і ў печы твае, і ў дзежы твае.
і закішыць рака жабамі, і яны выйдуць і ўвойдуць у дом твой, і ў спальню тваю, і на пасьцель тваю, і ў дамы рабоў тваіх і народу твайго, і ў печы твае, і ў дзежы твае.
І на цябе, і на народ твой, і на ўсіх слугаў тваіх узыйдуць жабы”».
і на цябе, і на народ твой, і на ўсіх рабоў тваіх узыдуць жабы.
І сказаў ГОСПАД Майсею: «Скажы Аарону: “Выцягні руку тваю з кіем тваім на ручаі, і на рэкі, і на азёры, і ўзьвядзі жабаў на зямлю Эгіпецкую”».
І сказаў Гасподзь Майсею: скажы Аарону: працягні руку тваю з посахам тваім на рэкі, на патокі і на азёры, і навядзі жаб на зямлю Егіпецкую.
І выцягнуў Аарон руку сваю на воды Эгіпецкія, і выйшлі жабы, і пакрылі зямлю Эгіпецкую.
Аарон працягнуў руку сваю на воды Егіпецкія; і выйшлі жабы і пакрылі зямлю Егіпецкую.
І зрабілі так варажбіты варажбою сваёю, і ўзьвялі жабаў на зямлю Эгіпецкую.
Тое самае зрабілі і магі чарамі сваімі і навялі жаб на зямлю Егіпецкую.
І паклікаў фараон Майсея і Аарона, і сказаў: «Прасіце ГОСПАДА, каб Ён аддаліў жабаў ад мяне і ад народу майго, і я адпушчу народ, і яны складуць ахвяры ГОСПАДУ».
І паклікаў фараон Майсея і Аарона і сказаў: памалецеся Госпаду, каб Ён вывеў жаб ад мяне і ад народу майго, і я адпушчу народ Ізраільскі прынесьці ахвяру Госпаду.
І сказаў Майсей фараону: «Прызнач мне, калі прасіць за цябе, і за слугаў тваіх, і за народ твой, каб жабы былі зьнішчаны ў цябе, у дамах тваіх, і засталіся толькі ў рацэ».
Майсей сказаў фараону: назнач мне сам, калі памаліцца за цябе, за рабоў тваіх і за народ твой, каб жабы зьніклі ў цябе, у дамах тваіх, і засталіся толькі ў рацэ.
Ён сказаў: «Заўтра». І сказаў [Майсей]: «Паводле слова твайго, каб ты даведаўся, што няма [нікога] як ГОСПАД, Бог наш.
Ён сказаў: заўтра. Майсей адказваў: будзе паводле слова твайго, каб ты ўведаў, што няма нікога, як Гасподзь Бог наш;
І адыйдуць жабы ад цябе, ад дамоў тваіх, і ад слугаў тваіх, і ад народу твайго, толькі ў рацэ застануцца».
і сыдуць жабы ад цябе, ад дамоў тваіх, і ад рабоў тваіх і ад твайго народу; толькі ў рацэ яны застануцца.
І выйшлі Майсей і Аарон ад фараона, і Майсей клікаў да ГОСПАДА адносна жабаў, якіх узьвёў на фараона.
Майсей і Аарон выйшлі ад фараона, і Майсей заклікаў Бога пра жаб, якіх ён навёў на фараона.
І зрабіў ГОСПАД паводле слова Майсея, і здохлі жабы ў дамах, і ў дварах, і на палях.
І зрабіў Гасподзь паводле слова Майсеевага: жабы вымерлі ў дамах, на дварах і ў палях;
І пазьбіралі іх купы купаў, і засьмярдзелася зямля.
і сабралі іх у кучы, і засьмярдзела зямля.
І ўбачыў фараон, што сталася палёгка, і закамяніў сэрца сваё, і не паслухаў іх, як і гаварыў ГОСПАД.
І ўбачыў фараон, што зрабілася палёгка, і зацяў сэрца сваё, і не паслухаўся іх, як і казаў Гасподзь.
І сказаў ГОСПАД Майсею: «Скажы Аарону: “Выцягні кій твой і ўдар у пыл зямлі, і станецца пыл камарамі ў-ва ўсёй зямлі Эгіпецкай”».
І сказаў Гасподзь Майсею: скажы Аарону: працягні посах твой і ўдар у грудзі зямныя, і зробіцца заедзь па ўсёй зямлі Егіпецкай.
І яны зрабілі так, і выцягнуў Аарон руку сваю з кіем сваім, і ўдарыў у пыл зямлі, і зьявіліся камары на людзях і на скаціне. Увесь пыл зямлі стаўся камарамі ў-ва ўсёй зямлі Эгіпецкай.
Так яны і зрабілі: Аарон працягнуў руку сваю з посахам сваім, ударыў у грудзі зямныя, і зьявілася заедзь на людзях і на быдле. Усе грудзі зямныя пакрыліся заедзьдзю па ўсёй зямлі Егіпецкай.
І рабілі так варажбіты варажбою сваёй, каб зьявіліся камары, але не змаглі. І былі камары на людзях і на скаціне.
Стараліся таксама і магі чарамі сваімі ўтварыць заедзь, але не маглі. І была заедзь на людзях і на быдле.
І сказалі варажбіты фараону: «Палец Божы гэта». Але сэрца фараона зацьвярдзела, і ён не паслухаў іх, як і гаварыў ГОСПАД.
І сказалі магі фараону: гэта палец Божы. Але сэрца фараонава зацялося і ён не паслухаўся іх, як і казаў Гасподзь.
І сказаў ГОСПАД Майсею: «Устань раніцаю і стань перад фараонам. Вось, ён ідзе да вады, і ты скажы яму: “Гэтак кажа ГОСПАД: "Адпусьці народ Мой, і ён будзе служыць Мне.
І сказаў Гасподзь Майсею: заўтра ўстань рана і зьявіся перад аблічча фараона. Вось, ён пойдзе да вады, і ты скажы яму: так кажа Гасподзь: адпусьці народ Мой, каб ён учыніў Мне служэньне.
Бо калі не адпусьціш народ Мой, вось, Я пашлю на цябе, і на слугаў тваіх, і на народ твой, і на дамы твае мухаў, і напоўняцца дамы Эгіпцянаў мухамі, і таксама грунты, на якіх яны.
а калі не адпусьціш народу Майго, дык вось, Я нашлю на цябе і на рабоў тваіх сабачых мух, і напоўняцца дамы Егіпцянаў сабачымі мухамі і самая зямля, на якой яны жывуць;
І Я аддзялю ў той дзень зямлю Гашэн, у якой жыве народ Мой, каб ня было там мухаў, каб ты даведаўся, што Я — ГОСПАД пасярод зямлі.
і аддзялю таго ж дня зямлю Гесэм, на якой жыве народ Мой, і там ня будзе сабачых мух, каб ты ведаў, што Я Гасподзь сярод зямлі:
І Я зраблю розьніцу паміж народам Маім і народам тваім. Заўтра станецца знак гэты"”».
Я зраблю падзел паміж народам Маім і паміж народам тваім. Заўтра будзе гэтая азнака.
І зрабіў ГОСПАД гэтак, і наляцелі ўцяжлівыя мухі на дом фараона, і на дом слугаў ягоных, і на ўсю зямлю Эгіпецкую; гінула зямля ад мухаў.
Так і зрабіў Гасподзь: наляцела мноства сабачых мух у дом фараонаў, і ў дамы рабоў ягоных, і на ўсю зямлю Егіпецкую: загінула зямля ад сабачых мух.
І паклікаў фараон Майсея і Аарона, і сказаў ім: «Ідзіце, складзіце ахвяру Богу свайму ў гэтай зямлі».
І паклікаў фараон Майсея і Аарона і сказаў: ідзеце, прынясеце ахвяру Богу вашаму ў той зямлі.
І сказаў Майсей: «Не належыцца рабіць гэтак, бо агіду для Эгіпцянаў мы складзем у ахвяру ГОСПАДУ, Богу нашаму; вось, мы будзем складаць у ахвяру тое, што агіднае ў Эгіпцянаў, перад вачыма іхнімі, і ці не ўкамянуюць яны нас?
Але Майсей сказаў: нельга гэтага зрабіць, бо агіднае Егіпцянам ахвяраваньне наша Госпаду, Богу нашаму: калі мы агідную Егіпцянам ахвяру будзем прыносіць на вачах у іх, дык ці не паб’юць яны нас камянямі?
На тры дні дарогі мы пойдзем у пустыню і складзем ахвяру ГОСПАДУ, Богу нашаму, як Ён скажа нам».
Мы пойдзем у пустыню, на тры дні дарогі, і прынясём ахвяру Госпаду, Богу нашаму, як скажа нам.
І сказаў фараон: «Я адпушчу вас, і вы складзеце ахвяру Богу свайму ў пустыні; толькі аддаляючыся, не аддаляйцеся, каб зыйсьці. Прасіце за мяне».
І сказаў фараон: я адпушчу вас прынесьці ахвяру Госпаду Богу вашаму ў пустыні, толькі не заходзьце далёка; памалецеся за мяне.
І сказаў Майсей: «Вось, я выйду ад цябе, і буду прасіць ГОСПАДА, і адыйдуць мухі ад фараона, і ад слугаў ягоных, і ад народу ягонага заўтра. Толькі няхай фараон больш не падманвае, не адпускаючы народ скласьці ахвяру ГОСПАДУ».
Майсей сказаў: вось, я выходжу ад цябе і памалюся Госпаду, і сыдуць сабачыя мухі ад фараона, і ад рабоў ягоных, і ад народу ягонага заўтра; толькі фараон няхай перастане ашукваць, не адпускаючы народ прынесьці ахвяру Госпаду.
І выйшаў Майсей ад фараона, і прасіў ГОСПАДА.
І выйшаў Майсей ад фараона і памаліўся Госпаду.
І зрабіў ГОСПАД паводле слова Майсея, і адвёў мухаў ад фараона, ад слугаў ягоных і ад народу ягонага; не засталося аніводнай.
І зрабіў Гасподзь паводле слова Масеевага і зьвёў сабачых мух ад фараона, ад рабоў ягоных і ад народу ягонага: не засталося ніводнай.
Але фараон закамяніў сэрца сваё таксама гэтым разам і не адпусьціў народ.
Але фараон зацяў сэрца сваё і гэтым разам і не адпусьціў народу.