Выхад 17 разьдзел
Выхад
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Васіля Сёмухі
І вырушыла ўся грамада сыноў Ізраіля з пустыні Сін у падарожжы свае, паводле [слова з] вуснаў ГОСПАДА, і сталі табарам у Рэфідыме, і не было вады, каб піць народу.
І рушыла ўсё супольства сыноў Ізраілевых з пустыні Сін у дарогу сваю, паводле загаду Гасподняга, і разьмясьцілася табарам у Рэфідыме; і ня было вады піць людзям.
І спрачаўся народ з Майсеем, і сказалі: «Дайце нам вады, і будзем піць». І сказаў ім Майсей: «Што вы спрачаецеся са мною? Што выпрабоўваеце ГОСПАДА?».
І дакаралі людзі Майсея, і казалі: дайце нам вады піць. І сказаў ім Майсей: што вы дакараеце мяне? што спакушаеце Госпада?
І смагнуў там народ вады, і наракаў народ на Майсея, і сказаў: «Навошта ты вывеў нас з Эгіпту? Каб памерлі ад смагі я, і сыны мае, і статак мой?»
І прагнуў там люд вады, і наракаў люд на Майсея, кажучы: навошта ты вывеў нас зь Егіпта, замарыў смагаю нас і дзяцей нашых і статкі нашыя?
І клікаў Майсей да ГОСПАДА, кажучы: «Што мне рабіць з народам гэтым? Яшчэ крыху, і яны ўкамянуюць мяне».
Майсей заенчыў да Госпада і сказаў: што мне рабіць з народам гэтым? яшчэ крыху, і паб’юць мяне камянямі.
І сказаў ГОСПАД Майсею: «Прайдзі перад абліччам народу, і вазьмі з сабою старшыняў Ізраіля, і кій твой, якім ты ўдарыў раку, возьмеш у руку тваю, і пойдзеш.
І сказаў Гасподзь Майсею: прайдзі перад людзьмі, і вазьмі з сабою некаторых старэйшынаў Ізраільскіх, і посах твой, якім ты ўдарыў па вадзе, вазьмі ў руку тваю, і ідзі;
Вось, Я стану перад абліччам тваім там на скале на Харэве, і ты ўдарыш у скалу, і выйдзе з яе вада, і будзе піць народ». І зрабіў так Майсей на вачах старшыняў Ізраіля.
вось, Я стану перад табою там на скале ў Харыве, і ты ўдарыш у скалу, і пойдзе зь яе вада, і будзе піць народ. І зрабіў так Майсей на вачах у старэйшынаў Ізраільскіх.
І назваў імя месца таго — Маса і Мэрыва, таму што сварыліся сыны Ізраіля і таму што яны выпрабоўвалі ГОСПАДА, кажучы: «Ці ёсьць ГОСПАД сярод нас, ці не?»
І даў мясьціне той назву: Маса і Мэрыва, з прычыны дакараньня сыноў Ізраілевых, і таму, што яны спакушалі Госпада, кажучы: ці ёсьць Гасподзь сярод нас, ці няма?
І прыйшоў Амалек, і ваяваў з Ізраілем у Рэфідыме.
І прыйшлі Амалікіцяне і ваявалі зь Ізраільцянамі ў Рэфідыме.
І сказаў Майсей Егошуа: «Выбяры нам мужоў і ідзі, каб ваяваць з Амалекам. Заўтра я стану на вяршыні ўзгорку, і кій Божы [будзе] ў руцэ маёй».
Майсей сказаў Ісусу: выберы нам мужоў і ідзі біцца з Амалікіцянамі: заўтра я стану на вяршыні пагорка, і жазло Божае будзе ў руцэ маёй.
І зрабіў Егошуа так, як сказаў яму Майсей, каб ваяваць з Амалекам; а Майсей, Аарон і Хур узыйшлі на вяршыню ўзгорку.
І зрабіў Ісус, як сказаў яму Майсей, і пайшоў біцца з Амалікіцянамі; а Майсей і Аарон і Ор узышлі на верх пагорка.
І было, што калі Майсей падымаў руку сваю, перамагаў Ізраіль; а калі апускаў руку сваю, перамагаў Амалек.
І калі Майсей падымаў рукі свае, адольваў Ізраіль, а калі апускаў рукі свае, адольваў Амалік;
І рукі Майсея сталіся цяжкімі; і ўзялі камень, і падлажылі пад яго; і ён сеў на ім. І Аарон і Хур падпіралі рукі ягоныя, адзін з аднаго, а другі — з другога боку. І рукі ягоныя былі ўзьнятыя аж да заходу сонца.
але рукі Майсеевыя ацяжэлі, і тады ўзялі камень і падклалі пад яго, і ён сеў на ім, а Аарон і Ор падтрымлівалі рукі ягоныя, адзін з аднаго, а другі з другога боку. І былі рукі яго паднятыя аж да захаду сонца.
І перамог Егошуа Амалека і народ ягоны лязом мяча.
І скінуў Ісус Амаліка і народ ягоны лязом меча.
І сказаў ГОСПАД Майсею: «Запішы гэта на памятку ў кнігу, і ўлажы ў вушы Егошуа, што Я вынішчаючы, вынішчу памяць пра Амалека пад небам!».
І сказаў Гасподзь Майсею: напішы гэта на памяць у кнігу і давядзі Ісусу, што Я цалкам згладжу памяць пра Амалікіцянаў з паднябеснай.
І пабудаваў Майсей ахвярнік, і назваў імя яго: “ГОСПАД — сьцяг мой”.
І зладзіў Майсей ахвярнік і даў яму назву: Ягова Нісі,
І сказаў ён: «Бо рука на пасадзе ГОСПАДА, што вайна ў ГОСПАДА з Амалекам з пакаленьня ў пакаленьне».
бо, сказаў ён, рука на троне Госпада: бітва ў Госпада супроць Амаліка з роду ў род.