Выхад 10 разьдзел

Выхад
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

І сказаў ГОСПАД Майсею: «Увайдзі да фараона, бо Я закамяніў сэрца ягонае і сэрца слугаў ягоных, каб рабіць гэтыя знакі Мае пасярод яго,
 
І сказаў Гасподзь Майсею: увайдзі да фараона, бо я абцяжарыў сэрца ягонае і сэрца рабоў ягоных, каб рабіць сярод іх гэтыя азнакі Мае,

і каб ты распавядаў у вушы сына твайго і сына сына твайго пра тое, што Я зрабіў у Эгіпце, і пра знакі Мае, якія Я ўчыніў ім, і каб вы ведалі, што Я — ГОСПАД».
 
і каб ты расказаў сыну твайму і сыну сына твайго пра тое, што Я зрабіў у Егіпце, і пра азнакі Мае, якія Я паказаў у ім, і каб вы ведалі, што Я Гасподзь.

І ўвайшлі Майсей і Аарон да фараона, і сказалі яму: «Гэтак кажа ГОСПАД, Бог Гебраяў: “Дакуль ты будзеш адмаўляцца скарыцца перада Мною? Адпусьці народ Мой, і яны будуць служыць Мне.
 
Майсей і Аарон прыйшлі да фараона і сказалі яму: так кажа Гасподзь, Бог Габрэяў: ці доўга ты не ўпакорышся перад Мною? адпусьці народ Мой, каб ён учыніў Мне служэньне;

Бо калі адмовішся адпусьціць народ Мой, вось, Я прывяду заўтра саранчу ў межы твае.
 
а калі ты не адпусьціш народу Майго, дык вось, заўтра Я навяду саранчу на твой край:

І яна пакрые паверхню зямлі, і нельга будзе бачыць зямлі, і паесьць рэшту, што ацалела, што засталося ў вас пасьля граду, і паесьць кожнае дрэва, якое расьце ў вас на полі.
 
яна пакрые ўлоньне зямлі так, што нельга будзе бачыць зямлі, і паесьць у вас, што засталося, ацалела ад граду; аб’есьць таксама ўсе дрэвы, якія растуць у вас у полі,

І яна напоўніць дамы твае, і дамы ўсіх слугаў тваіх, і дамы ўсіх Эгіпцянаў, чаго ня бачылі бацькі твае і бацькі бацькоў тваіх з дня, як былі на зямлі, аж да дня гэтага”». І павярнуўся [Майсей], і выйшаў ад фараона.
 
і напоўніць дамы твае, дамы ўсіх рабоў тваіх і дамы ўсіх Егіпцянаў, чаго ня бачылі бацькі твае, ні бацькі бацькоў тваіх з дня, як жывуць на зямлі, нават да гэтага дня. Майсей павярнуўся і выйшаў ад фараона.

І сказалі слугі фараонавы яму: «Дакуль гэта будзе для нас пасткаю? Адпусьці людзей гэтых, і няхай яны служаць ГОСПАДУ, Богу свайму. Няўжо ты яшчэ не разумееш, што гіне Эгіпет?»
 
Тады рабы фараонавыя сказалі яму: ці доўга ён будзе мучыць нас? адпусьці гэтых людзей, хай яны ўчыняць служэньне Госпаду, Богу свайму; няўжо ты яшчэ ня бачыш, што Егіпет гіне?

І вярнулі Майсея і Аарона да фараона, і ён сказаў ім: «Ідзіце, служыце ГОСПАДУ, Богу вашаму. Але хто мае пайсьці?»
 
І вярнулі Майсея і Аарона да фараона, і сказаў ім: ідзеце, учынеце служэньне Госпаду, Богу вашаму; хто ж і хто пойдзе?

І сказаў Майсей: «Пойдзем з малымі нашымі і са старымі нашымі, з сынамі нашымі і дочкамі нашымі, пойдзем з авечкамі нашымі і валамі нашымі, бо сьвята ГОСПАДУ ў нас».
 
І сказаў Майсей: пойдзем з малалеткамі нашымі і старымі нашымі, з сынамі і дочкамі нашымі, і з авечкамі нашымі і з валамі нашымі пойдзем, бо ў нас сьвята Госпаду.

І сказаў ім [фараон]: «Няхай так будзе ГОСПАД з вамі! Як я адпушчу вас і дзяцей вашых? Глядзіце, бо ліхое [маеце] перад абліччам сваім.
 
Сказаў ім: хай будзе так, Гасподзь з вамі! я гатовы адпусьціць вас: але навошта зь дзецьмі? бо ліха перад вамі!

Не, [ня будзе] так. Ідзіце мужчыны і служыце ГОСПАДУ, бо вы гэтага жадалі». І выгналі іх ад аблічча фараона.
 
не: ідзеце адны мужчыны і ўчынеце служэньне Госпаду, бо вы гэтага прасілі. І выгналі іх ад фараона.

І сказаў ГОСПАД Майсею: «Выцягні руку тваю на зямлю Эгіпецкую дзеля саранчы, і яна прыйдзе на зямлю Эгіпецкую, і паесьць усю траву зямлі, усё, што пакінуў град».
 
Тады Гасподзь сказаў Майсею: працягні руку тваю на зямлю Егіпецкую, і хай нападзе саранча на зямлю Егіпецкую і паесьць усю траву зямную, усё, што ацалела ад граду.

І выцягнуў Майсей кій свой на зямлю Эгіпецкую; і ГОСПАД прывёў на зямлю ўсходні вецер увесь той дзень і ўсю ноч. Настала раніца, і ўсходні вецер прынёс саранчу.
 
І працягнуў Майсей посах свой на зямлю Егіпецкую, і Гасподзь навёў на гэтую зямлю ўсходні вецер, які трываў увесь той дзень і ўсю ноч. Настала раніца, і ўсходні вецер нанёс саранчу.

І прыйшла саранча на ўсю зямлю Эгіпецкую, і асела ў-ва ўсіх межах Эгіпецкіх вельмі ўцяжліва; уперад не было такой саранчы, як гэта, і пасьля яе ня будзе такой.
 
І напала саранча на ўсю зямлю Егіпецкую і легла па ўсёй краіне Егіпецкай у вялікім мностве: раней не бывала такой саранчы, і пасьля гэтага ня будзе такой;

І яна пакрыла паверхню ўсёй зямлі, і зямля пацямнела, і яна паела ўсю траву зямную і ўсе плады дрэваў, якія засталіся пасьля граду; і не засталося ніякай зеляніны на дрэвах і на траве палявой у-ва ўсёй зямлі Эгіпецкай.
 
яна пакрыла ўлоньне ўсёй зямлі, так што зямлі ня было відаць, і паела ўсю траву зямную і ўсе плады дрэўныя, што ацалелі ад граду, і не засталося ніякай зеляніны ні на дрэвах, ні на траве польнай ва ўсёй зямлі Егіпецкай.

І пасьпяшаўся фараон паклікаць Майсея і Аарона, і сказаў: «Саграшыў я перад ГОСПАДАМ, Богам вашым, і перад вамі.
 
Фараон сьпешна паклікаў Майсея і Аарона і сказаў: зграшыў я перад Госпадам, Богам вашым, і перад вамі;

І цяпер даруйце, прашу, грэх мой хаця б у гэты раз, і прасіце ГОСПАДА, Бога вашага, каб толькі Ён прыбраў ад мяне гэтую сьмерць».
 
цяпер даруйце грэх мой яшчэ раз і памалецеся Госпаду Богу вашаму, каб Ён толькі адвёў ад мяне гэтую сьмерць.

І выйшаў [Майсей] ад фараона, і прасіў ГОСПАДА.
 
Майсей выйшаў ад фараона і памаліўся Госпаду.

І павярнуў ГОСПАД заходні вецер, вельмі моцны, і ён панёс саранчу, і ўкінуў яе ў Мора Чырвонае; не засталося аніводнае саранчы ў-ва ўсіх межах Эгіпецкіх.
 
І падняў Гасподзь з другога боку заходні вельмі моцны вецер, і ён панёс саранчу і ўкінуў яе ў Чэрмнае мора: не засталося ніводнай саранчыны ва ўсёй зямлі Егіпецкай.

І ГОСПАД зрабіў цьвёрдым сэрца фараона, і ён не адпусьціў сыноў Ізраіля.
 
Але Гасподзь ачэрсьцьвіў сэрца фараона, і ён не адпусьціў сыноў Ізраілевых.

І сказаў ГОСПАД Майсею: «Выцягні руку тваю да неба, і станецца цемра на зямлі Эгіпецкай, і будзе адчувацца цемра».
 
І сказаў Гасподзь Майсею: працягні руку тваю да неба, і будзе цемра на зямлі Егіпецкай, адчувальная цемра.

І ён выцягнуў руку сваю да неба, і сталася густая цемра ў-ва ўсёй зямлі Эгіпецкай тры дні.
 
Майсей працягнуў руку сваю да неба, і была густая цемра па ўсёй зямлі Егіпецкай тры дні;

Ня бачылі людзі адзін аднаго, і ніхто не ўставаў з месца свайго тры дні; а ў-ва ўсіх сыноў Ізраіля было сьветла ў сядзібах іхніх.
 
ня бачылі адзін аднога, і ніхто не ўставаў зь месца свайго тры дні; а ва ўсіх сыноў Ізраілевых было сьвятло ў селішчах іхніх.

І паклікаў фараон Майсея, і сказаў: «Ідзіце, служыце ГОСПАДУ, толькі авечкі вашыя і валы вашыя няхай застануцца, і таксама дзеці вашыя няхай ідуць з вамі».
 
Фараон паклікаў Майсея і сказаў: ідзеце, учынеце служэньне Госпаду, няхай толькі застанецца дробнае і буйное быдла ваша, і дзеці вашыя хай ідуць з вамі.

І сказаў Майсей: «Таксама ты павінен даць у рукі нашыя ахвяры і цэласпаленьні, і мы зробім [служэньне] гэта ГОСПАДУ, Богу нашаму.
 
Але Майсей сказаў: дай таксама ў рукі нашыя ахвяры і цэласпаленьні, каб прынесьці Госпаду, Богу нашаму;

І таксама статак наш пойдзе з намі, і не застанецца ані капыта; бо з яго мы возьмем для служэньня ГОСПАДУ, Богу нашаму; але мы ня ведаем, чым будзем служыць ГОСПАДУ, пакуль ня прыйдзем туды».
 
хай пойдуць і статкі нашыя з намі, не застанецца ні капыта: бо зь іх мы возьмем на ахвяру Госпаду, Богу нашаму; але пакуль ня прыйдзем туды, мы ня ведаем, што прынесьці ў ахвяру Госпаду.

І зрабіў цьвёрдым ГОСПАД сэрца фараона, і ён не захацеў адпусьціць іх.
 
І ачэрсьцьвіў Гасподзь сэрца фараона, і ён не захацеў адпусьціць іх.

І сказаў [Майсею] фараон: «Ідзі ад мяне! Сьцеражыся, каб ты ня бачыў больш аблічча маё, бо ў той дзень, калі ты ўбачыш аблічча маё, памрэш».
 
І сказаў яму фараон: ідзі ад мяне; сьцеражыся, не зьяўляйся болей перад аблічча маё; таго дня, як ты ўбачыш аблічча маё, памрэш.

І сказаў Майсей: «Так [станецца, як] ты сказаў. Я больш ня буду бачыць аблічча тваё».
 
І сказаў Майсей: як сказаў ты, так і будзе; я ня ўбачу болей аблічча твайго.