Выхад 18 разьдзел
Выхад
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Васіля Сёмухі
І пачуў Етра, сьвятар Мадыянскі, цесьць Майсея, пра ўсё, што зрабіў Бог для Майсея і Ізраіля, народу Свайго, бо вывеў ГОСПАД Ізраіля з Эгіпту.
І пачуў Ётор, сьвятар Мадыямскі, цесьць Майсееў, пра ўсё, што зрабіў Бог Майсею і Ізраілю, народу Свайму, калі вывеў Гасподзь Ізраіля зь Егіпта,
І ўзяў Етра, цесьць Майсея, Цыпору, жонку Майсея, якую той быў адаслаўшы,
і ўзяў Ётор, цесьць Майсееў, Сэпфору, жонку Майсеевую, якая перад тым была вернутая,
і двух сыноў ейных, у якіх аднаго імя — Гершом, бо казаў Майсей: «Я стаўся прыхаднем у зямлі чужой»,
і двух сыноў яе, аднаму зь якіх імя Гірсам, бо казаў Майсей: я прыхадзень у зямлі чужой;
а імя другога — Эліезэр, бо [казаў]: «Бог бацькі майго [быў] дапамогай маёй і выбавіў мяне ад мяча фараона».
а другому імя Эліезэр, бо Бог бацькі майго быў за памочніка і выбавіў мяне ад меча фараонавага.
І прыйшоў Етра, цесьць Майсея, і сыны ягоныя, і жонка ягоная да Майсея ў пустыню, дзе ён стаяў табарам каля гары Божай,
І прыйшоў Ётор, цесьць Майсееў, з сынамі ягонымі і жонкаю ягонаю да Майсея ў пустыню, дзе ён стаў табарам каля гары Божай,
і сказаў Майсею: «Я, цесьць твой Етра, прыйшоў да цябе, і жонка твая, і два сыны ейныя з ёю».
і даў знак Майсею: я цесьць твой Ётор, іду да цябе, і жонка твая, і два сыны яе зь ёю.
І выйшаў Майсей насустрач цесьцю свайму, і пакланіўся, і пацалаваў яго, і пыталіся адзін у аднаго, як маюцца, і ўвайшлі ў намёт.
Майсей выйшаў насустрач цесьцю свайму, і пакланіўся, і цалаваў яго, і пасьля ўзаемнага прывітаньня яны ўвайшлі ў намёт.
І распавёў Майсей цесьцю свайму пра ўсё, што зрабіў ГОСПАД з фараонам і Эгіптам з прычыны Ізраіля, і пра ўсе цяжкасьці, якія напаткалі іх у дарозе, і як выбавіў іх ГОСПАД.
І расказаў Майсей цесьцю свайму пра ўсё, што зрабіў Гасподзь з фараонам і зь Егіпцянамі за Ізраіля, і пра ўсе цяжкасьці, якія спаткаліся ім на дарозе, і як уратаваў іх Гасподзь.
І радаваўся Етра з усяго дабра, якое ГОСПАД зрабіў для Ізраіля, калі выбавіў яго з рукі Эгіпцянаў.
Ётор радаваўся за ўсе дабрачынствы, якія Гасподзь учыніў Ізраілю, калі выратаваў яго з рукі Егіпцянаў,
І сказаў Етра: «Дабраслаўлёны ГОСПАД, Які выбавіў вас з рукі Эгіпцянаў і з рукі фараона, Які выбавіў народ з-пад рукі Эгіпцянаў.
і сказаў Ётор: дабраславёны Гасподзь, Які выратаваў вас з рукі Егіпцянаў і з рукі фараонавай, Які выратаваў народ гэты з-пад улады Егіпцянаў,
Цяпер я ведаю, што большы ГОСПАД за ўсіх багоў, бо ў той справе, у якой яны выхваляліся, Ён быў па-над імі».
сёньня даведаўся я, што Гасподзь вялікі большы за ўсіх багоў, у тым самым, чым яны ўзносіліся над Ізраільцянамі.
І ўзяў Етра, цесьць Майсея, цэласпаленьне і ахвяры для Бога, і прыйшоў Аарон і ўсе старшыні Ізраіля, каб есьці хлеб з цесьцем Майсея перад абліччам Бога.
І прынёс Ётор, цесьць Майсееў, цэласпаленьне і ахвяры Богу; і прыйшоў Аарон і ўсе старэйшыны Ізраілевыя есьці хлеб зь цесьцем Майсеевым перад Богам.
І сталася назаўтра, і сеў Майсей судзіць народ, і стаяў народ перад Майсеем з раніцы да вечара.
На другі дзень сеў Майсей судзіць людзей, і стаялі людзі перад Майсеем з раніцы да вечара.
І бачыў цесьць Майсея ўсё, што ён рабіў для народу, і сказаў: «Што гэта за справа, якую ты робіш для народу? Дзеля чаго ты сядзіш сам адзін, а ўвесь народ стаіць перад табою з раніцы да вечара?»
І бачыў цесьць Майсееў усё, што ён робіць зь людзьмі, і сказаў: што гэта такое робіш ты зь людам? навошта ты сядзіш адзін, а ўсе людзі стаяць перад табою з раніцы да вечара?
І сказаў Майсей цесьцю свайму: «Бо прыходзіць народ да мяне, каб пытацца ў Бога.
І сказаў Майсей цесьцю свайму: народ прыходзіць да мяне прасіць суду ў Бога:
Бо калі яны маюць нейкую справу, прыходзяць да мяне, і я суджу паміж адным [чалавекам] і другім, і абвяшчаю пастановы Божыя і законы Ягоныя».
калі здараецца ў іх якая справа, яны прыходзяць да мяне, і я суджу між тым і другім і абвяшчаю статуты Божыя і законы Ягоныя.
І сказаў цесьць Майсея яму: «Нядобрая гэтая рэч, якую ты робіш.
Але цесьць Майсееў сказаў яму: нядобра ты гэта робіш:
Мучаешся ты і мучаеш народ гэты, які з табою; бо цяжкая для цябе справа гэтая, ты ня можаш рабіць яе сам адзін.
ты змучыш і сябе і народ гэты, які з табою, бо надта цяжкая табе гэтая справа: ты адзін ня можаш выпраўляць яе;
Цяпер паслухай голас мой; я дам табе раду, і будзе Бог з табою. Ты будзь [заступнікам] за народ перад Богам і прынось Богу справы гэтыя.
дык вось, паслухай слоў маіх: я дам табе раду, і будзе Бог з табою: будзь ты народу пасярэднікам перад Богам і прадстаўляй Богу дзеі;
І ты навучай іх пастановам і законам, і дай ім ведаць шлях, па якім яны маюць ісьці, і ўчынкі, якія яны маюць рабіць.
вучы іх пастановам і законам, паказвай ім дарогу, па якой яны павінны ісьці, і справы, якія яны павінны рабіць;
І ты выглядзі з усяго народу людзей здольных, якія баяцца Бога, людзей праўды, якія ненавідзяць хцівасьць, і пастаў іх як начальнікаў над тысячамі, начальнікаў над сотнямі, начальнікаў над пяцідзясяткамі і начальнікаў над дзясяткамі.
а ты нагледзь з усяго народу людзей здольных, якія баяцца Бога, людзей праўдзівых, якія ненавідзяць карысьлівасьць, і пастаў над ім тысячнікамі, сотнікамі, пяцідзясяцкімі;
І няхай яны судзяць народ у кожным часе. І станецца, што кожную справу вялікую яны будуць прыносіць да цябе, а кожную справу малую будуць судзіць самі. І будзе табе лягчэй, і яны панясуць [цяжар] з табою.
хай яны судзяць народ у любы час і пра ўсякую важную справу даносяць табе, а ўсе малыя справы судзяць самыя: і будзе табе лягчэй, і яны панясуць з табою цяжар:
Калі гэтую рэч зробіш, і Бог загадае [гэта] табе, ты зможаш стаяць, і таксама ўвесь народ гэты прыйдзе на сваё месца ў супакоі».
калі ты зробіш гэта, і Бог скажа табе, дык ты можаш устояць, і ўвесь народ гэты будзе адыходзіць у сваю мясьціну зь мірам.
І паслухаў Майсей голасу цесьця свайго, і зрабіў усё, што той сказаў.
І паслухаўся Майсей цесьцевых слоў і зрабіў усё, што той казаў:
І выбраў Майсей людзей здольных з усяго Ізраіля, і прызначыў іх галоўнымі над народам, начальнікамі над тысячамі, начальнікамі над сотнямі, начальнікамі над пяцідзясяткамі і начальнікамі над дзесяткамі.
і выбраў Майсей з усяго Ізраіля здольных людзей і паставіў іх начальнікамі народу, тысячнікамі, сотнікамі, пяцідзясяцкімі і дзясяцкімі,
І судзілі яны народ у кожным часе, справу цяжкую прыносілі да Майсея, а кожную справу малую судзілі самі.
і судзілі яны народ у любы час; пра справы важныя даносілі Майсею, а ўсе малыя справы судзілі самыя.
І адпусьціў Майсей цесьця свайго, і той пайшоў у зямлю сваю.
і адпусьціў Майсей цесьця свайго, і ён пайшоў у зямлю сваю.