Выхад 34 разьдзел

Выхад
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

І сказаў Госпад Майсею: «Вычашы сабе дзве каменныя табліцы, падобныя папярэднім, а Я напішу на іх словы, якія мелі табліцы, што ты разбіў.
 
І сказаў Гасподзь Майсею: вычашы сабе дзьве скрыжалі каменныя, падобныя на ранейшыя, і Я напішу на гэтых скрыжалях словы, якія былі на ранейшых скрыжалях, якія ты разьбіў;

Будзь гатовы раніцай, каб узысці зараз жа на гару Сінай; і стань там перада Мною на вяршыні гары.
 
і будзь гатовы да раніцы; і падыміся раніцай на гару Сінай і стань перад Мною там на вяршыні гары;

Ніхто хай не ўзыходзіць з табою, і ніхто хай не паказваецца на ўсёй гары; таксама авечкі і валы хай не пасвяцца насупраць».
 
але ніхто не павінен падымацца з табою, і ніхто не павінен паказвацца на ўсёй гары; нават быдла, дробнае і буйное, не павінна пасьвіцца паблізу гары гэтай.

Такім чынам, Майсей вычасаў дзве каменныя табліцы, як раней былі; і, падняўшыся зацемна, узышоў на гару Сінай, як яму загадаў Госпад, несучы з сабой табліцы.
 
І вычасаў Майсей дзьве скрыжалі каменныя, падобныя да ранейшых, і ўстаўшы з самае раніцы, падняўся на гару Сінай, як загадаў яму Гасподзь; і ўзяў у рукі свае дзьве скрыжалі каменныя.

Калі Госпад сышоў у воблаку, ён стаў каля Яго, прызываючы імя Госпада.
 
І сышоў Гасподзь у воблаку, і спыніўся там паблізу яго, і ўзьвясьціў імя Яговы.

І, праходзячы перад ім, ён усклікнуў: «Госпадзе, Госпадзе Божа, міласэрны і літасцівы, цярплівы і з вялікай літасцю, і праўдзівы,
 
І прайшоў Гасподзь перад тварам ягоным і абвясьціў: Гасподзь, Гасподзь, Бог чалавекалюбны і мілажальны, доўгацярплівы і многаміласэрны і праўдзівы,

Які захоўвае міласэрнасць на тысячы [пакаленняў], Які прабачае беззаконні, і злачынствы, і грахі, але не пакідае нічога беспакараным, Які вяртае правіннасць бацькоў сынам і ўнукам у трэцім і чацвёртым пакаленні».
 
Які захоўвае літасьць у тысячы родаў, даруе віну і злачынства і грэх, але не пакідае без пакараньня, карае віну бацькоў у дзецях і ў дзецях дзяцей да трэцяга і чацьвёртага роду.

І зараз жа Майсей пакланіўся, нахіляючыся да зямлі, і сказаў, кланяючыся:
 
Майсей адразу ўпаў на зямлю і пакланіўся

«Калі я знайшоў ласку перад абліччам Тваім, Госпадзе, малю, каб Ты пайшоў з намі; народ, што праўда, цвёрдага карка, але Ты прабач правіннасці нашыя і грахі і зрабі нас Сваёй спадчынай».
 
і сказаў: калі я здабыў упадабаньне ў вачах Тваіх, Уладару, дык хай пойдзе Ўладар сярод нас; бо народ гэты цьвёрдахрыбетны; даруй беззаконьні нашыя і грахі нашыя і зрабі нас спадчынай Тваёю.

Адказаў Госпад: «Я заключаю запавет перад усім народам тваім; буду чыніць цуды, ніколі яшчэ не бачаныя на ўсёй зямлі і ні ў якіх народаў, каб убачыў увесь народ, у якім ты пражываеш, справу Госпадаву страшную, якую Я маю зрабіць з табою.
 
І сказаў: вось, Я заключаю запавет: перад усім народам Тваім учыню цуды, якіх ня было на ўсёй зямлі і ні ў якіх народаў, і ўбачыць увесь народ, сярод якога ты жывеш, дзею Госпада, бо страшна будзе тое, што Я зраблю дзеля цябе;

Захавай усё, што Я табе загадваю сёння, і Я Сам выганю перад абліччам тваім амарэя, хананея, хетэя, феразея, гівея і евусея.
 
захавай тое, што загадваю табе сёньня: вось, Я праганяю ад твару твайго Амарэяў, Хананэяў, Хэтэяў, Фэрэзэяў Габрэяў і Евусэяў;

Сцеражыся, каб з жыхарамі зямлі, у якую ўвойдзеш, ніколі не заключаць пагаднення, якое будзе табе на загубу;
 
глядзі, ня ўступай у спрымірэнства з жыхарамі зямлі той, у якую ты ўвойдзеш, каб яны не зрабіліся сеткаю вам сярод вас.

але знішчы іх ахвярнікі, разбі іх камяні і ссячы святыя гаі.
 
Ахвярнікі іхнія разбурце, слупы іхнія паламайце, высечыце гаі іхнія,

Не пакланяйся богу чужому: Госпад, імя Якога — руплівы апякун, Ён — Бог апякун, Які любіць.
 
бо ты не павінен пакланяцца богу іншаму, апрача Госпада, бо імя Яго «руплівец»; Ён Бог руплівец.

Не заключай пагаднення з людзьмі гэтых земляў, каб, калі будуць яны распуснічаць са сваімі багамі і складаць ім ахвяры, не запрасіў цябе хто-небудзь і каб ты не еў ахвяры іх.
 
Ня ўступай у спрымірэнства з жыхарамі зямлі той, каб, калі яны будуць блудадзеяць ідучы за багамі сваімі і прыносіць ахвяры багам сваім, не запрасілі і цябе, і ты не скаштаваў бы ахвяры іхняй;

Не бяры з іх дачок сынам сваім жонак, каб, калі будуць яны распуснічаць са сваімі багамі, не прымусілі і сыноў тваіх распуснічаць з багамі сваімі.
 
і не бяры з дочак іхніх жонак сынам сваім, каб дочкі іхнія, блудадзеючы, ідучы за багамі сваімі, не ўвялі і сыноў тваіх у блуд за багамі сваімі.

Не рабі сабе багоў літых.
 
Не рабі сабе багоў літых.

Захоўвай урачыстасць праснакоў: сем дзён еж праснакі, як Я загадаў табе, у вызначаны час месяца Абіб; бо ў месяцы Абіб веснавой пары выйшаў ты з Егіпта.
 
Сьвята праснакоў шануй: сем дзён еж прэсны хлеб, як Я загадаў табе, у прызначаны час месяца Авіва, бо ў месяцы Авіве выйшаў ты зь Егіпта.

Усё, што разрывае ўлонне, мужчынскга роду хай будзе Маім; ад усяго статка твайго, як з валоў, так і з авечак, хай Маім будзе.
 
Усе, хто размыкае сьцёгны, Мне, як і ўсё быдла тваё мужчынскага полу, якое размыкае сьцёгны, з валоў і авечак;

Першароднага асла выкупі авечкай, а калі не дасі за яго цану, то скруці яму шыю. Першароднага з сыноў сваіх выкупляй і не з’яўляйся перад абліччам Маім з пустымі рукамі.
 
першароднае з аслоў замяняй ягнём, а калі не заменіш, дык выкупі яго; усіх першынцаў з сыноў тваіх выкупляй; хай не зьяўляецца перад абліччам Маім з пустымі рукамі.

Шэсць дзён працуй, а ў дзень сёмы пакінь нават араць і жаць.
 
Шэсьць дзён працуй, а ў сёмы дзень спачывай; спачывай і ў час сяўбы і жніва.

Учыні сабе свята сёмага дня ў час пяршыняў жніва твайго пшанічнага і свята збораў, калі ўсё збіраецца ў канцы года.
 
І сьвята сяміцаў спраўляй, сьвята зажынкаў пшаніцы і сьвята збору пладоў у канцы года;

Тры разы ў год хай кожны мужчына твой з’явіцца перад абліччам Усемагутнага Госпада, Бога Ізраэля.
 
тры разы на год павінен зьяўляцца ўвесь мужчынскі пол твой перад аблічча Ўладара, Госпада Бога Ізраілевага,

Бо калі Я выганю народы ад твару твайго і пашыру твае межы, ніхто не будзе наладжваць засаду на зямлю тваю, калі тры разы ў год ты пойдзеш і пакажашся перад абліччам Госпада, Бога твайго.
 
бо Я праганю народы ад твару твайго і пашыру межы твае, і ніхто не запрагне зямлі тваёй, калі ты будзеш зьяўляцца перад аблічча Госпада, Бога твайго, тры разы на год.

Не пускай кроў ахвяры Маёй над рошчынаю; і хай нічога не застаецца да раніцы наступнага дня з ахвяры пасхальнай.
 
Не вылівай крыві ахвяры Маёй на квашанае, і ахвяра сьвята Пасхі не павінна пераначаваць да раніцы.

Пяршыні пладоў зямлі тваёй прынясі ў дом Госпада, Бога твайго. Не вары казляня ў малацэ маці яго».
 
Самыя першыя плады зямлі тваёй прынось у дом Госпада, Бога твайго. Не гатуй казьляня ў малацэ маці ягонай.

І сказаў Госпад Майсею: «Занатуй гэтыя словы сабе, якімі Я заключыў запавет з табою і з Ізраэлем».
 
І сказаў Гасподзь Майсею: напішы сабе словы гэтыя, бо ў гэтых словах Я пастанаўляю запавет з табою і зь Ізраілем.

Такім чынам, быў там з Госпадам сорак дзён і сорак начэй; не еў хлеба і не піў вады; і напісаў [Бог] на табліцах словы запавету, дзесяць слоў.
 
І прабыў там у Госпада сорак дзён і сорак ночаў, хлеба ня еў і вады ня піў; і напісаў Майсей на скрыжалях словы запавету, дзесяціслоўе.

І, калі Майсей сыходзіў з гары Сінай, ён трымаў дзве табліцы сведчання, і не ведаў ён, што скура твару яго ззяла з-за размовы яго з Госпадам.
 
Калі сыходзіў Майсей з гары Сінай, і дзьве скрыжалі адкрыцьця былі ў руцэ ў Майсея пры сыходзе яго з гары, дык Майсей ня ведаў, што аблічча яго пачало зьзяць прамянямі ад таго, што Бог гаварыў зь ім.

А Аарон і сыны Ізраэля, бачачы здалёк, што скура твару яго ззяла, пабаяліся падысці бліжэй;
 
І ўбачыў Майсея Аарон і ўсе сыны Ізраілевыя, і вось, твар у яго зьзяе, і баяліся падысьці да яго.

і, пакліканыя ім, вярнуліся і Аарон, і ўсе кіраўнікі грамады. І, калі Майсей гаварыў з імі,
 
І паклікаў іх Майсей, і прыйшлі да яго Аарон і ўсе правадыры супольства, і гутарыў Майсей зь імі.

прыйшлі да яго таксама ўсе сыны Ізраэля; ім ён загадаў зрабіць усё, што чуў ад Госпада на гары Сінай.
 
Пасьля гэтага наблізіліся ўсе сыны Ізраілевыя, і ён наказаў ім усё, што казаў Яму Гасподзь на гары Сінаі.

Па заканчэнні размоў паклаў ён пакрывала на твар свой,
 
І калі Майсей перастаў гутарыць зь імі, дык ахінуў твар свой покрывам.

якое здымаў, уваходзячы да Госпада і размаўляючы з Ім, пакуль не выходзіў; і тады расказваў сынам Ізраэля ўсё, што яму было Госпадам загадана.
 
А калі ўваходзіў Майсей перад аблічча Госпада, каб гаварыць зь Ім, тады здымаў покрыва, пакуль ня выходзіў; а выйшаўшы пераказваў сынам Ізраілевым усё, што наказана было яму.

Яны бачылі, што скура твару Майсея ззяла, але ён закрываў зноў твар свой, аж пакуль, увайшоўшы, размаўляў з Ім.
 
І бачылі сыны Ізраілевыя, што зьзяе твар Майсееў, і Майсей зноў кладзе покрыва на твар свой, пакуль не ўваходзіць гаварыць зь Ім.