Выхад 20 разьдзел

Выхад
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

І казаў Бог усі словы гэтыя, кажучы:
 
І прамовіў Бог усе словы гэтыя, кажучы:

«Я СПАДАР, Бог твой, каторы вывеў цябе ізь зямлі Ягіпецкае, з дамовы нявольнікаў.
 
Я Гасподзь, Бог твой, Які вывеў цябе зь зямлі Егіпецкай, з дома рабства;

Няхай ня будзе ў цябе іншых багоў перад відам Маім.
 
хай ня будзе ў цябе іншых багоў перад абліччам Маім.

Не рабі сабе выразанага балвана і ніякага абраза таго, што на нябёсах угары, і што на зямлі далавах, і што ў вадзе ніжэй зямлі.
 
Не рабі сабе куміра і ніякай выявы таго, што на небе ўгары, і што на зямлі ўнізе і што ў вадзе ніжэй зямлі;

Ня кланяйся ім і ня служы ім, бо Я СПАДАР, Бог твой, Бог завіднік, што давядаецца зь бяспраўям бацькоў да дзяцей да трэйцяга і аж да чацьвертага пакалення тых, што ненавідзяць Мяне,
 
не пакланяйся ім і ня служы ім, бо Я Гасподзь, Бог твой, Бог руплівец, Які карае дзяцей за віну бацькоў да трэцяга і чацьвёртага роду, што ненавідзяць Мяне,

І чынячы міласэрдзе тысячам любячых Мяне і дзяржачых расказаньні Мае.
 
і Які чыніць мілату тысячам родаў, што любяць Мяне і шануюць запаведзі Мае.

Не мянуй імені СПАДАРА, Бога Свайго, здарма; бо СПАДАР ня будзе мець за нявіннага таго, хто мянуе імя ягонае здарма.
 
Не вымаўляй імя Госпада, Бога твайго, марна, бо Гасподзь не пакіне без пакараньня таго, хто вымаўляе імя Яго марна.

Памятуй дзень сыботні, каб сьвяціць яго.
 
Але памятай дзень суботні, каб сьвяціць яго;

Шэсьць дзён працуй і рабі ўсі работы свае,
 
шэсьць дзён працуй і рабі ўсякія дзеі твае,

А дзень сёмы сыбота СПАДАРУ, Богу твайму: не рабі ніякае рамеснае работы ты ані сын твой, ані дачка твая, слуга твой ані служэбка твая, ані статак твой, ані чужаземец твой, што ў брамах тваіх;
 
а дзень сёмы — субота Госпаду, Богу твайму: не рабі ў гэты ніякай працы ні ты, ні сын твой, ні дачка твая, ні раб твой, ні рабыня твая, ні быдла тваё, ні прыхадзень, які ў брамах тваіх;

Бо ў шасьцёх днёх учыніў СПАДАР нябёсы й зямлю, мора і ўсе, што ў іх, і спыніўся дня сёмага. Затым дабраславіў СПАДАР дзень сыботні і пасьвяціў яго.
 
бо за шэсьць дзён стварыў Гасподзь неба і зямлю, мора і ўсё, што ў іх, а ў дзень сёмы спачыў; таму дабраславіў Гасподзь дзень суботні і асьвяціў яго.

Сьці айца свайго а маці сваю, каб працягнуліся дні твае на зямлі, каторую СПАДАР, Бог Твой, даець табе.
 
Шануй бацьку твайго і маці тваю, каб падоўжыліся дні твае на зямлі, якую Гасподзь, Бог твой, дае табе.

Не забівай!
 
Не забівай.

Не чужалож!
 
Ня чыні пералюбу.

Не крадзі!
 
Ня крадзь.

Ня сьветч на бліжняга свайго сьветчаньням хвальшывым!
 
Не кажы ілжывага сьведчаньня на блізкага твайго.

Не жадай дому бліжняга свайго; не жадай жонкі бліжняга свайго, ані слугі ягонага, ані служэбкі ягонае, ані вала ягонага, ані асла ягонага, ані нічога, што ў бліжняга твайго!»
 
Ня прагні дому блізкага твайго; ня прагні жонкі блізкага твайго, ні раба ягонага, ні рабыні ягонай, ні вала ягонага, ні асла ягонага, нічога, што ў блізкага твайго.

І ўвесь люд бачыў грымоты а маланкі а гук трубны а гару дымячую; і, абачыўшы, люд хістаўся, і стаў воддаль.
 
Увесь народ бачыў грымоты і полымя, і гук трубны і гару, што дымілася; і ўбачыўшы тое, народ адступіў і спыніўся спадалёк.

І сказалі Масею: «Гукай ты з намі, і мы будзем слухаць; і хай ня гукае з намі Бог, каб нам не памерці».
 
І сказалі Майсею: гавары ты з намі, і мы будзем слухаць, але каб не гаварыў з намі Бог, каб нам не памерці.

І сказаў Масей люду: «Ня бойцеся, бо дзеля выпрабаваньня вас Бог прышоў, і каб боязьнь Ягоная была перад відам вашым, каб вы не грашылі».
 
І сказаў Майсей народу: ня бойцеся; Бог прыйшоў, каб выпрабаваць вас і каб страх Ягоны быў перад абліччам вашым, каб вы не грашылі.

І стаяў люд здалеку, а Масей дабліжыўся да густое цемні, ідзе там Бог.
 
І стаяў народ спадалёк, а Майсей уступіў у змрок, дзе Бог.

І сказаў СПАДАР Масею: «Гэтак скажы сыном Ізраелявым: "Вы бачылі, што Я зь нябёсаў казаў вам.
 
І сказаў Гасподзь Майсею: так скажы сынам Ізраілевым: вы бачылі, як Я зь неба казаў вам;

Не рабіце пры Імне багоў срэбных і багоў залатых не рабіце сабе.
 
не рабеце перад Мною багоў срэбраных, альбо багоў залатых не рабеце сабе:

Аброчнік ізь зямлі зрабі Імне, і абракай на ім усепаленьні свае а супакойныя аброкі свае, драбны й буйны статак; на кажным месцу, ідзе Я ўчыню памятку імені Свайго, Я прыду да цябе і дабраслаўлю цябе.
 
зрабі мне ахвярнік зь зямлі і прынясі на ім цэласпаленьні твае і мірныя ахвяры твае, авечак тваіх і валоў тваіх; на кожным месцы, дзе Я ўчыню памяць імя Майго, Я прыйду да цябе і дабраслаўлю цябе;

А калі аброчнік каменны зробіш Імне, то ня будуй яго з чэсаных, бо калі махнеш мячом сваім на яго, спляміш яго.
 
калі ж будзеш рабіць Мне ахвярнік з камянёў, дык не кладзі яго з часовых, бо як толькі накладзеш на іх разец твой, дык апаганіш іх;

І ня ўзыходзь па ўсходках да аброчніка Майго, каб не адкрылася пры ім голасьць твая".
 
і ня ўзыходзь па прыступках да ахвярніка Майго, каб не адкрылася пры ім сарамата твая.