Выхад 32 разьдзел

Выхад
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

І абачыў люд, што Масей позьніцца зыйсьці з гары, і зьберся люд супроці Аарона, і сказалі яму: «Устань і зрабі нам багі, каторыя йшлі б перад намі, бо гэты Масей, гэты чалавек, каторы ўзьвёў нас ізь зямлі Ягіпецкае, ня ведаем, што сталася яму».
 
Калі народ убачыў, што Майсей доўга ня сыходзіць з гары, дык сабраўся да Аарона і сказаў яму: устань і зрабі нам бога, які ішоў бы перад намі; бо з гэтым чалавекам, з Майсеем, які вывеў нас зь зямлі Егіпецкай, ня ведаем, што зрабілася.

І сказаў ім Аарон: «Выламіце залатыя завушніцы, каторыя ў вушох вашых жонак, вашых сыноў і вашых дачок, і прынясіце іх да мяне».
 
І сказаў ім Аарон: здымеце залатыя завушніцы, якія ў вушах у вашых жонак, вашых сыноў і вашых дочак, і прынясеце мне.

І выламіў увесь люд залатыя завушніцы, што ў вушох іхных, і прынесьлі да Аарона.
 
І ўвесь народ зьняў залатыя завушніцы з вушэй сваіх і прынесьлі Аарону.

Ён узяў з рук іхных, і ўхармаваў яго ґравэрнай снадзьдзю, і зрабіў зь яго вылітае цялё-бычка. І сказалі яны: «Гэта багове твае, Ізраелю, каторыя вывялі цябе ізь зямлі Ягіпецкае».
 
Ён узяў іх з рук іхніх, і зрабіў зь іх літае цяля, і абрабіў яго разцом. І сказалі яны: вось бог твой, Ізраіле, які вывеў цябе зь зямлі Егіпецкай!

І абачыў Аарон, і збудаваў перад ім аброчнік, і агаласіў Аарон, і сказаў: «Сьвята СПАДАРУ заўтра».
 
Убачыўшы гэта, Аарон паставіў перад ім ахвярнік, і абвясьціў Аарон, кажучы: заўтра сьвята Госпаду.

І ўсталі яны назаўтрае рана, і абраклі ўсепаленьне, і дабліжылі аброкі супакойныя; і сеў люд есьці а піць, і ўстаў гуляць.
 
На другі дзень яны ўсталі рана і прынесьлі цэласпаленьні і прывялі ахвяры мірныя: і сеў народ есьці і піць, а пасьля ўстаў бавіцца.

І гукаў СПАДАР Масею: «Ідзі, зыйдзі, бо папсаваўся люд твой, каторы ты ўзьвёў ізь зямлі Ягіпецкае.
 
І сказаў Гасподзь Майсею: пасьпяшайся сысьці, бо разбэсьціўся народ твой, які ты вывеў зь зямлі Егіпецкай;

Борзда адхінуліся яны ад дарогі, каторую Я расказаў ім: зрабілі сабе выліванага бычка, і пакланіліся яму, і абраклі яму, і сказалі: "Во багове твае, Ізраелю, каторыя ўзьвялі цябе ізь зямлі Ягіпецкае"».
 
хутка ўхіліліся яны ад шляху, які Я наказаў ім: зрабілі сабе літае цяля і пакланіліся яму, і прынесьлі яму ахвяры і сказалі: вось бог твой, Ізраіле, які вывеў цябе зь зямлі Егіпецкай!

І сказаў СПАДАР Масею: «Я бачыў люд гэты, і вось, люд ён — калянага завыйку.
 
І сказаў Гасподзь Майсею: Я бачыў народ гэты, і вось, народ ён — цьвёрдахрыбетны;

І цяпер пакінь Мяне, і ўзгарыцца гнеў Мой на іх, і выгублю іх, і ўчыню цябе ў народ вялікі».
 
дык вось, пакінь Мяне, хай запалымнее гнеў Мой на іх, і зьнішчу іх і выведу шматлікі народ ад цябе.

І маліў Масей від СПАДАРОЎ, Бога свайго, і сказаў: «Чаму, СПАДАРУ, узгараецца гнеў Твой на люд Твой, каторы ты ўзьвёў ізь зямлі Ягіпецкае сілаю вялікай і рукого моцнай?
 
Але Майсей пачаў прасіць Госпада, Бога свайго, і сказаў: хай не ўспалымняецца, Госпадзе, гнеў Твой на народ Твой, які Ты вывеў зь зямлі Егіпецкай сілаю вялікаю і рукою моцнаю,

Нашто маюць сказаць Ягіпцяне, кажучы: "На ліха вывеў іх, каб забіць іх у горах і выгубіць іх ізь віду зямлі". Адвярніся ад стродкага абурэння Свайго і пажалей ліха люду Свайму.
 
каб Егіпцяне не казалі: на пагібель Ён вывеў іх, каб забіць іх у горах і вынішчыць іх з улоньня зямлі; адхілі палымяны гнеў Твой і адмяні зьнішчэньне народу Твайго;

Успомні Абрагама, Ісака а Ізраеля, слугаў Сваіх, каторым прысягаў Ты Сабою, і гукаў ім: "Памнажаючы памнажу насеньне вашае, як гвезды нябёсныя, і ўсю зямлю гэтую, праз каторую Я сказаў, дам насенню вашаму, і будуць дзяржаць вечна"».
 
успомні Абрагама, Ісаака і Ізраіля, рабоў Тваіх, якім Ты прысягаў Сабою, кажучы: памнажаючы памножу семя ваша, як зоркі нябесныя, і ўсю зямлю гэтую, пра якую Я сказаў, дам семені вашаму, і будуць валодаць ёю вечна.

І жалеў СПАДАР ліха, каторае Ён казаў учыніць люду Свайму.
 
І адмяніў Гасподзь ліха, пра якое сказаў, што навядзе яго на народ Свой.

І абярнуўся й зышоў Масей з гары; і дзьве табліцы сьветчаньня ў руццэ ў яго, табліцы, на каторых напісана было з абодвых бакоў: на адным і на другім баку напісана было на іх.
 
І павярнуўся і сышоў Майсей з гары; у руцэ ў яго былі дзьве скрыжалі адкрыцьця, на якіх напісана было з абодвух бакоў: і на тым і на другім баку напісана было;

І табліцы работа Божая яны, і пісьмо — пісьмо Божае яно, выґравіраванае на табліцах.
 
скрыжалі былі дзея Божая, і пісьмёны, накрэсьленыя на скрыжалях, былі пісьмёны Божыя.

І пачуў Ігошуа гом люду гукаючага, і сказаў Масею: «Ваенны крык у табару».
 
І пачуў Ісус голас народу, які шумеў, і сказаў Майсею: ваяўнічы крык у табары.

І сказаў: «Гэта ня голас крыку сілы ані голас крыку слабасьці, а голас пяцьця чую».
 
Але Майсей сказаў: гэта ня крык тых, што перамагаюць, і ня лямант тых, якіх пабіваюць; я чую голас тых, што сьпяваюць.

І было, што як ён дабліжыўся да табару й абачыў цялё а скокі, і ўзгарэўся гнеў Масеяў, і кінуў з рук сваіх табліцы, і разьбіў іх пад гарою.
 
Калі ж ён наблізіўся да табара і ўбачыў цяля і скокі, тады ён запаліўся гневам і кінуў з рук сваіх скрыжалі і разьбіў іх пад гарою;

І ўзяў цялё, каторае яны зрабілі, і спаліў яго ў вагню, і сьцер на попел, і рассыпаў на вадзе, і даў яго піць сыном Ізраелявым.
 
і ўзяў цяля, якое яны зрабілі, і спаліў яго ў агні, і сьцёр на пыл, і рассыпаў па вадзе, і даў яе піць сынам Ізраілевым.

І сказаў Масей Аарону: «Што зрабіў табе люд гэты, што ты ўвёў яго ў грэх вялікі?»
 
І сказаў Майсей Аарону: што зрабіў табе народ гэты, што ты ўвёў яго ў грэх вялікі?

І сказаў Аарон: «Няхай не ўзгараецца гнеў спадара майго; ты знаеш люд гэты, што ён у ліху.
 
Але Аарон сказаў: хай не загараецца гнеў гаспадара майго; ты ведаеш гэты народ, што ён буяны.

І яны сказалі імне: "Зрабі нам багі, каторыя йшлі б перад намі, бо Масей, гэты чалавек, каторы ўзьвёў нас ізь зямлі Ягіпецкае, ня ведаем, што сталася зь ім".
 
Яны сказалі мне: зрабі нам бога, які ішоў бы перад намі; бо з Майсеем, з гэтым чалавекам, які вывеў нас зь зямлі Егіпецкай, ня ведаем, што сталася.

І я сказаў ім: "У каго ё золата, зламіце". І аддалі імне, я кінуў яго ў вагонь, і вышла гэта цялё».
 
І я сказаў ім, у каго ёсьць золата, здымеце зь сябе. І аддалі мне; я кінуў яго ў агонь, і выйшла гэтае цяля.

І абачыў Масей люд, што ён зьдзічэлы, бо Аарон прывёў яго да зьдзічэньня, на паганбеньне перад варагамі ягонымі.
 
Майсей убачыў, што гэта народ неакілзаны, бо Аарон дапусьціў яго да неакілзанасьці, да пасарамленьня перад ворагамі ягонымі.

І стаў Масей у браме табару, і сказаў: «Хто СПАДАРОЎ — да мяне!» І зьберліся да яго ўсі сынове Левавы.
 
І стаў Майсей у браме табара і сказаў: хто Гасподні, да мяне! І сабраліся да яго ўсе сыны Лявія.

І ён сказаў ім: «Гэтак кажа СПАДАР, Бог Ізраеляў: "Прыперажыце кажны меч свой да сьцягна свайго, перайдзіце й зьвярніцеся ад брамы да брамы па табару й назад, і забівайце кажны брата свайго, кажны прыяцеля свайго, кажны бліжняга свайго"».
 
І ён сказаў ім: так кажа Гасподзь, Бог Ізраілеў: пакладзеце кожны свой меч на сьцягно сваё, прайдзеце па табары ад брамы да брамы і назад, і забівайце кожны брата свайго, кожны сябра свайго, кожны блізкага свайго.

І зрабілі сынове Левавы подле слова Масеявага: і пала зь люду таго дня каля трох тысячаў чалавекаў.
 
І зрабілі сыны Лявііныя паводле слова Майсея; і загінула ў той дзень з народу каля трох тысяч чалавек.

І сказаў Масей: «Напоўніце (пасьвяціце) рукі свае сядні СПАДАРУ, бо кажны будзе супроці сына свайго, і брата, і каб ісслаў Ён вам сядні дабраславенства».
 
І Майсей сказаў: сёньня прысьвяцеце рукі вашыя Госпаду, кожны ў сыне сваім і браце сваім, хай пашле Ён сёньня вам дабраславеньне.

І было назаўтрае: і сказаў Масей люду: «Вы зрабілі вялікі грэх, і цяпер я ўзыйду да СПАДАРА, ці не адзяржу ласкіўчыненьня за грахі вашы».
 
На другі дзень сказаў Майсей народу: вы зрабілі вялікі грэх; дык вось, я падымуся да Госпада, ці не загладжу грэху вашага.

І зьвярнуўся Масей да СПАДАРА, і сказаў: «О, ізграшыў люд гэты грэхам вялікім, і зрабілі сабе залатыя багі.
 
І вярнуўся Майсей да Госпада і сказаў: о, народ гэты зрабіў вялікі грэх, зрабіў сабе бога;

І цяпер, калі можна, даруй ім грэх іхны. А калі не, то вытры мяне, калі ласка, з кнігі Свае, у каторую Ты ўпісаў».
 
даруй ім грэх іхні; а калі не, дык сатры і мяне з кнігі Тваёй, у якую Ты ўпісаў.

І СПАДАР сказаў Масею: «Таго, хто ізграшыў перад Імною, вытру з кнігі Свае.
 
Гасподзь сказаў Майсею: таго, хто зграшыў перад Мною, сатру з кнігі Маёй;

І цяпер ідзі, вядзі люд гэты, куды сказаў табе. Вось, Ангіл Мой пойдзе перад табою, і ў дзень даведаньня Майго Я даведаюся да іх за грэх іхны».
 
дык вось ідзі, вядзі народ гэты, куды Я сказаў табе; вось анёл Мой пойдзе перад табою, і ў дзень наведваньня Майго Я наведаю іх за грахі іхнія.

І зразіў СПАДАР люд за тое, што зрабілі цялё, каторае зрабіў Аарон.
 
І пакараў Гасподзь народ за зробленае цяля, якое зрабіў Аарон.