Выхад 32 разьдзел

Выхад
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

А народ, бачачы, што Майсей марудзіць спускацца з гары, сабраўшыся ля Аарона, сказаў: «Устань, зрабі нам багоў, якія пойдуць перад намі; бо не ведаем, што сталася з Майсеем, з тым чалавекам, які вывеў нас з зямлі Егіпецкай».
 
А народ, бачучы, што Майсей доўга не вяртаецца з гары, сабраўся да Аарона і сказаў яму: «Устань і зрабі нам бога, каторы ішоў бы перад намі, бо ня ведаем, што сталася з Майсеем, з чалавекам, каторы вывеў нас зь зямлі Эгіпецкай».

І Аарон сказаў ім: «Здыміце залатыя завушніцы з вушэй жонак, сыноў і дачок вашых і прынясіце іх мне».
 
Аарон сказаў ім: «Павымайце залатыя завушніцы, каторыя ў вушах жонак вашых, сыноў вашых і дачок, і прынясіце іх мне».

І ўвесь народ зрабіў, як загадаў ён, несучы завушніцы да Аарона.
 
І ўвесь народ зрабіў, як загадаў ён, і зьнёс завушніцы да Аарона.

Калі ён іх атрымаў, ён стылом сфармаваў выяву і зрабіў з іх літое цяля. А яны сказалі: «Гэта багі твае, Ізраэль, якія вывелі цябе з зямлі Егіпецкай!»
 
Калі ён гэта атрымаў, загадаў іх стапіць і зрабіць зь іх выяву цяляці, вытапленага з мэталю. А яны сказалі: «Гэта бог твой, Ізраэлю, які вывеў цябе зь зямлі Эгіпецкай!»

Калі ўбачыў гэта Аарон, пабудаваў ахвярнік перад ім і ўсклікнуў голасам вестуна, кажучы: «Заўтра — урачыстасць Госпада».
 
Калі ўбачыў гэта Аарон, пабудаваў ахвярнік перад ім і абвясьціў у голас: «Заўтра — урачыстасьць Госпада».

І, устаўшы на другі дзень зранку, прынеслі яны ахвяру цэласпалення і ахвяры прымірэння; і сеў народ есці і піць, і пачалі яны весяліцца.
 
І, устаўшы на другі дзень рана, склалі яны ахвяру цэлапаленьня і ахвяры прымірэньня, і засеў народ есьці, і піць, і весяліцца.

Тады сказаў Госпад Майсею: «Ідзі, спускайся; спракудзіўся народ твой, які вывеў ты з зямлі Егіпецкай.
 
Тады сказаў Госпад Майсею: «Зыйдзі ўніз, бо спракудзіўся народ твой, каторы вывеў ты зь зямлі Эгіпецкай.

Звярнулі хутка з дарогі, якую Я ім паказаў, і зрабілі сабе цяля літое і пакланіліся яму, прыносячы ахвяры, і сказалі: “Гэта багі твае, Ізраэль, якія вывелі цябе з зямлі Егіпецкай”».
 
Завярнулі хутка з дарогі, каторую Я ім паказаў, і вылілі сабе цялё з мэталю і пакланіліся яму, і склалі яму ахвяры, кажучы: «Гэта бог твой, Ізраэлю, які вывеў цябе зь зямлі Эгіпецкай»«.

Таксама сказаў Госпад Майсею: «Бачу, што народ гэты — цвёрдага карка;
 
І дадаў Госпад, і сказаў Майсею: «Бачу, што народ гэты цьвёрдага карку.

пакінь Мяне, каб разгарэлася абурэнне Маё супраць іх і каб Я знішчыў іх, а з цябе Я зраблю вялікі народ».
 
Дык пакінь Мяне, каб разгарэўся гнеў Мой супраць іх і каб Я зьнішчыў іх, а зь цябе Я зраблю вялікі народ».

А Майсей стаў прасіць Госпада, Бога свайго, кажучы: «Чаму, Госпадзе, разгараецца абурэнне Тваё супраць народа Твайго, які вывеў Ты з зямлі Егіпецкай сілай вялікаю і рукою моцнаю?
 
А Майсей стаў прасіць Госпада, Бога свайго, і сказаў: «Чаму, Госпадзе, узгарэўся гнеў Твой супраць народу Твайго, каторы вывеў Ты зь зямлі Эгіпецкай сілай вялікай ды рукою моцнаю?

Не гневайся, малю, каб не казалі егіпцяне: “Хітрасцю Ён вывеў іх, каб загубіць у гарах і знішчыць з зямлі”. Хай супакоіцца гнеў Твой і будзь літасцівы да пераваротнасці народа Твайго.
 
Ня гневайся, малю, каб не казалі Эгіпцяне: «На гібель Ён вывеў іх, каб выгубіць іх на гарах і сьцерці зь зямлі». Хай спыніцца гнеў Твой, і будзь міласьцівы дзеля пераваротнасьці народу Твайго.

Памятай Абрагама, Ізаака і Ізраэля, слуг Тваіх, якім пакляўся Ты Самім Сабою, кажучы: “Памножу семя вашае, як зоркі на небе, і ўсю гэтую зямлю, пра якую Я сказаў, дам семю вашаму; і завалодаеце ёю назаўсёды”».
 
Памятай на Абрагама, Ізаака і Ізраэля, слугаў Тваіх, каторым запрысяг Ты на Самога Сябе, кажучы: «Размножу патомства вашае, як зоркі на небе, і ўсю гэтую зямлю, каторую абяцаў, дам патомству вашаму, і завалодаеце ёю назаўсёды»«.

І даўся ўпрасіць Госпад, каб не рабіць ліха, як сказаў, адносна народа Свайго.
 
І даўся ўпрасіць Госпад, каб не рабіць зло, як быў сказаўшы адносна народу Свайго.

І вярнуўся Майсей з гары, несучы ў руцэ сваёй дзве каменныя табліцы запавету, спісаныя з абодвух бакоў і зробленыя
 
І вярнуўся Майсей з гары, несучы ў руцэ сваёй дзьве табліцы Сьведчаньня, запісаныя з абодвух бакоў.

працай Божай; таксама пісьмёны Бога былі высечаны на табліцах.
 
Яны былі творам Божым, таксама пісанае на табліцах было высечана Богам.

А Ешуа, чуючы гоман народа, які крычаў, сказаў Майсею: «Чуецца ў лагеры крык бітвы».
 
А Ешуа, чуючы гоман народу, які крычаў, сказаў Майсею: «Чуецца ў табары гармідар ваенны».

Той адказаў: «Гэта не крык пераможцаў, ані крык тых, хто ўцякае, але крык тых, хто спявае, я чую».
 
Майсей адказаў: «Гэта ня кліч пераможцаў, ані крык уцякаючых, але я чую голас сьпяваючых».

І калі ён наблізіўся да лагера, ён убачыў цяля і карагоды; раззлаваўся надта, і выпусціў табліцы з рук, і разбіў іх ля падножжа гары.
 
І калі Майсей наблізіўся да табару і ўбачыў цялё і хоры сьпевакоў, загневаўся надта, і выпусьціў табліцы з рук, і пабіў іх ля падножжа гары.

І, схапіўшы цяля, што яны зрабілі, спаліў яго і сцёр аж на пыл, які ўсыпаў у ваду і даў яе піць сынам Ізраэля.
 
І схапіўшы цяля, каторага зрабілі, спаліў яго і сьцёр у пыл, які ўсыпаў у ваду, і даў яе піць сынам Ізраэля.

І сказаў Майсей Аарону: «Што зрабіў табе народ гэты, што ты ўзвёў на яго найвялікшы грэх?»
 
І сказаў Майсей Аарону: «Што зрабіў табе народ гэты, што ты ўзьвёў на яго вялікі грэх?»

Той яму адказаў: «Хай не гневаецца гаспадар мой; бо ведаеш ты народ гэты, што ён хуткі на ліха.
 
Аарон адказаў: «Хай ня гневаецца гаспадар мой, ведаеш ты вось народ гэты, што ён скоры да зла.

Сказалі яны мне: “Зрабі нам багоў, якія ішлі б перад намі, бо не ведаем, што сталася з Майсеем, з тым чалавекам, які вывеў нас з зямлі Егіпецкай”.
 
Сказалі яны мне: «Зрабі нам бога, каторы ішоў бы перад намі, бо ня ведаем, што сталася з Майсеем, з тым чалавекам, каторы вывеў нас зь зямлі Эгіпецкай».

Сказаў я ім: “Хто з вас мае золата?” Яны прынеслі і далі мне яго, а я ўкінуў яго ў агонь; і атрымалася гэтае цяля».
 
Тады сказаў я ім: «Хто мае золата, хай здыме зь сябе». І склалі мне яго. Дык я ўкінуў яго ў агонь, і так паўстала гэтае цялё».

Такім чынам, убачыў Майсей народ, што быў неакілзаны; бо Аарон адпусціў яму кілзы на смех ворагам яго.
 
І ўбачыў Майсей, што народ стаўся неакелзаным, бо Аарон папусьціў яму келзы на пасьмешышча ворагаў іхніх.

І, стоячы ў браме лагера, ён закрычаў: «Хто Госпадаў — да мяне!» І далучыліся да яго ўсе сыны Леві.
 
І стаў Майсей у браме табару, і закрычаў: «Хто за Госпада, да мяне!» Тады далучыліся да яго ўсе сыны Левія.

Ён сказаў ім: «Гэта кажа Госпад, Бог Ізраэля: “Хай кожны ўскладзе меч да сцягна свайго. Ідзіце і прайдзіце ад брамы аж да брамы праз сярэдзіну лагера, і хай забівае кожны брата, і сябра, і блізкага свайго”».
 
І сказаў ім: «Вось што кажа Госпад, Бог Ізраэля: Хай кожны з вас прыпаяша меч да сьцягна свайго. І прайдзіце туды і назад ад брамы да брамы празь сярэдзіну табару, і хай забівае кожны брата, і сябра, і бліжняга свайго».

Сыны Леві зрабілі згодна з загадам Майсея; і ў той дзень палегла з народа каля трох тысяч чалавек.
 
І сыны Левія зрабілі, як загадаў Майсей. І ў той дзень палегла з народу каля трох тысячаў чалавек.

І сказаў Майсей: «Напоўнілі вы сёння рукі вашыя для Госпада кожны ў сыне і браце сваім, каб даў вам Госпад дабраславенне».
 
І сказаў ім тады Майсей: «Пасьвяцілі вы сёньня рукі вашыя для Госпада, бо кожны з вас быў супраць брата і сына свайго, каб даў вам Госпад дабраславенства».

І назаўтра прамовіў Майсей да народа: «Зграшылі вы найвялікшым грахом; я пайду да Госпада, можа, змагу як-небудзь перапрасіць Яго за вашае злачынства».
 
І назаўтра так прамовіў Майсей да народу: «Дапусьціліся вы вялікага грэху. Дык я пайду да Госпада, можа, змагу як перапрасіць Яго за вашае злачынства».

І, вярнуўшыся да Госпада, Майсей сказаў: «Прашу, народ гэты зграшыў найвялікшым грахом і зрабіў сабе багоў з золата;
 
І вярнуўся Майсей да Госпада, і сказаў: «Народ гэты дапусьціўся вялікага грэху, бо зрабіў сабе бога з золата,

або даруй ім гэтую віну, або, калі так не зробіш, выкасуй і мяне з кнігі Тваёй, што Ты напісаў».
 
але Ты адпусьці ім гэтую правіну, або калі не, дык выкасуй і мяне з кнігі Тваёй, у каторую ўпісаў».

Госпад адказаў яму: «Толькі таго, хто зграшыў супраць Мяне, скасую Я з кнігі Маёй.
 
Госпад адказаў яму: «Толькі таго, хто саграшыў супраць Мяне, выкрасьлю Я з кнігі Маёй.

Ты ж ідзі і вядзі народ гэты туды, куды Я табе загадаў, анёл Мой пойдзе перад табою; а Я ў дзень помсты пакараю і гэты грэх іх».
 
Ты ж ідзі і вядзі народ гэты туды, куды Я табе загадаў, і анёл Мой пойдзе перад табою; а Я ў дзень помсты пакараю гэты грэх іхні».

Такім чынам, пакараў Госпад народ за віну з-за цяляці, што зрабіў Аарон.
 
І пакараў Госпад народ за літае цялё, каторае зрабіў Аарон.