Выхад 28 разьдзел

Выхад
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

Ты таксама вазьмі да сябе брата свайго Аарона з сынамі яго ад грамады сыноў Ізраэля, каб служылі Мне святарамі: Аарон, Надаб, Абігу, Элеязэр і Ітамар.
 
Ты вось вазьмі да сябе брата свайго Аарона з сынамі ягонымі спаміж сыноў Ізраэля, каб служылі Мне сьвятарамі: Аарона, Надаба, Абігу, Элеазара і Ітамара.

І спраў адзенне святое Аарону, брату свайму, на славу і на аздабленне;
 
І справіш адзеньне сьвятое Аарону, брату свайму, на славу і на аздабленьне.

і пагавары з усімі мудрымі сэрцам, каго надзяліў Я духам разважнасці, каб справілі шаты Аарону, у якіх, пасвячоны, ён будзе служыць Мне.
 
Пагавары з усімі мудрымі сэрцам, каторых надзяліў Я духам мудрасьці, каб справілі шаты Аарону для пасьвячэння яго, і ён будзе служыць Мне.

А шаты, што яны справяць, хай будуць такія: нагруднік і эфод, туніка і тканая кашуля, тыяра і пояс. Хай справяць святыя шаты брату твайму Аарону і сынам яго, каб служылі яны Мне святарамі;
 
Такія вось маюць быць шаты, каторыя зробяць: нагруднік і эфод, верхняя шата, шата вышываная, кідар і пояс. Хай зробяць сьвятыя шаты брату твайму Аарону і сынам яго, каб служылі яны Мне сьвятарамі.

і хай яны возьмуць золата, гіяцынт і пурпур, чырвань і вісон.
 
Хай яны возьмуць золата, фіялетавы і чырвоны пурпур, кармазын і вісон.

І хай зробяць эфод з золата, з гіяцынту і пурпуру, з чырвані і з кручанага вісону стракатай работы.
 
І хай зробяць эфод з золата, зь фіялетавага і чырвонага пурпуру, з кармазыну і з кручанага вісону мастацкай работаю.

І хай мае ён дзве завязкі, і хай ён з іх дапамогаю завязваецца на абодвух баках сваіх краёў.
 
І будзе ён мець два нараменьнікі, злучаныя з сабою на абодвух найвышшых канцах.

А пояс на эфод для завязвання павінен быць аднолькавай з ім работы, хай будзе ён з золата, з гіяцынту і пурпуру, з чырвані і кручанага вісону.
 
А пояс эфоду, каторы паўзьверх яго, павінен быць аднолькавай зь ім работы з чыстага золата, зь фіялетавага і чырвонага пурпуру, кармазыну і кручанага вісону.

Вазьмі два камяні онікса, і высечы на іх імёны сыноў Ізраэля:
 
І возьмеш два камяні оніксу, і выражаш на іх імёны сыноў Ізраэля,

шэсць імёнаў — на адным камяні і шэсць астатніх — на другім камяні, па чарзе нараджэння іх.
 
шэсьць імёнаў іх на адным камені і шэсьць імёнаў іншых на другім камені па чарзе нараджэньня іх.

Працаю разбяра і чаканкаю ювеліра высечы на іх, устаўленых у залатыя аправы, імёны сыноў Ізраэля;
 
Як разьбяр на камені выразае пячатку, так і ты на абодвух камянях выражаш імёны сыноў Ізраэлявых і асадзіш іх у залатыя аправы.

і два гэтыя камяні памясці наверсе, на завязках эфода, гэта камяні на памяць сынам Ізраэля. І хай Аарон носіць імёны іх перад Госпадам на абодвух рамёнах сваіх дзеля памяці.
 
І два гэтыя камяні памясьці на абодвух нараменьніках эфоду. Гэта камяні на памяць сынам Ізраэля. Вось жа Аарон будзе насіць імёны іх перад Госпадам на абодвух рамёнах сваіх на памяць.

Такім чынам, тканыя краі зрабі з золата,
 
А аправы зробіш з золата,

таксама два ланцужкі з найчысцейшага золата, быццам вяроўкі кручанай работы, і прасунь кручаныя ланцужкі ў краі.
 
таксама два ланцужкі з чыстага золата, як кручаныя шнуркі, і прычэпіш іх да аправаў.

Таксама зрабі нагруднік судовы стракатай работы паводле будовы эфода, з золата, з гіяцынту і пурпуру, з чырвані і кручанага вісону.
 
І зробіш нагруднік судовы мастацкаю работай у такі самы спосаб, як эфод, з золата, зь фіялетавага і чырвонага пурпуру, карамзыну і кручанага вісону.

Хай будзе ён чатырохвугольны і падвоены; а даўжыню і шырыню хай мае ў адну пядзь.
 
Будзе ён квадратны і падвойны, а даўжыня яго і шырыня будзе ў адну пядзь.

І памясці на ім чатыры рады камянёў: у першым радзе хай будзе рубін, тапаз і смарагд,
 
Памясьці на ім чатыры рады дарагіх каменьняў: у першым радзе — рубін, тапаз і шмарагд,

у другім — карбункул, сапфір і яшма,
 
у другім радзе — гранат, шафір і бэрыль,

у трэцім — гіяцынт, агат і аметыст,
 
у трэцім радзе — яхонт, агат і амэтыст,

у чацвёртым — хрызаліт, онікс і берыл. Хай будуць яны апраўлены ў золата адпаведна радам сваім.
 
у чацьвёртым радзе — хрызаліт, онікс і ясьпіс. Будуць асаджаны яны ў залатых аправах у адпаведных радах.

І хай яны будуць распісаны дванаццаццю імёнамі: кожны камень — імёнамі кожнага з дванаццаці пакаленняў.
 
Каменьні гэтыя атрымаюць імёны сыноў Ізраэля: будзе іх дванаццаць паводле іх імёнаў і будуць яны рэзаны на ўзор пячаткі, кожны са сваім імем паводле дванаццаці пакаленьняў.

Да нагрудніка зрабі ланцужкі, быццам шнуркі кручанай работы з найчысцейшага золата;
 
Да нагрудніка зробіш ланцужкі кручаныя, як шнуркі, з чыстага золата.

і два кальцы залатыя, якія прымацуй на абодвух канцах нагрудніка;
 
І зробіш да нагрудніка два залатыя пярсьцені, і прыправіш абодвы гэтыя пярсьцені на верхніх канцах нагрудніка.

і залатыя ланцужкі злучы з кольцамі, якія хай будуць па краях яго;
 
Два залатыя ланцужкі працягнеш праз абодва пярсьцені на абодвух канцах нагрудніка.

і злучы краі саміх ланцужкоў з двума краямі на верхніх завязках эфода ў пярэдняй частцы яго.
 
Іншыя ж два канцы абодвух ланцужкоў прышыеш да двух аправаў, якія прымацуеш да нараменьнікаў эфоду сьпераду.

Зрабі і два залатыя кольцы, якія прымацуй да ніжніх канцоў нагрудніка на ніжнім краі, што звернуты да эфода.
 
Пасьля зробіш яшчэ два іншыя пярсьцені і прымацуеш да двух ніжніх канцоў нагрудніка па беразе яго на ўнутраным баку, зьвернутым да эфоду.

А таксама зрабі доўгія залатыя кольцы, якія трэба прымацаваць да дзвюх завязак эфода на знешнім баку яго ўнізе, адпаведна будове яго па-над поясам эфода.
 
Затым зробіш яшчэ два залатыя пярсьцені і прышыеш да двух нараменьнікаў эфоду на зьнешнім баку ўнізе, у месцы сьпяцьця эфоду з поясам.

І хай нагруднік звязваецца кольцамі сваімі з кольцамі эфода з дапамогай стужкі фіялетавай, каб эфод трымаўся на поясе і каб не маглі аддзяліцца нагруднік і эфод адзін ад аднаго.
 
Потым зьвяжаш пярсьцені нагрудніка з пярсьценямі эфоду шнурком зь фіялетавага пурпуру так, каб нагруднік ляжаў на поясе эфоду і ня мог перасунуцца са свайго месца на эфодзе.

І хай Аарон носіць імёны сыноў Ізраэля на нагрудніку судовым, на сваім сэрцы, калі будзе ўваходзіць у свяцілішча; гэта памяць перад Госпадам навек.
 
Такім чынам Аарон будзе насіць імёны сыноў Ізраэля, выпісаныя на нагрудніку судовым, на сваім сэрцы, калі будзе ўваходзіць у сьвятыню, каб заўсёды меў іх у памяці перад Госпадам.

А ў нагруднік судовы пакладзі урым і тумім, якія хай будуць на сэрцы Аарона, калі ён будзе станавіцца перад абліччам Госпада. І так хай носіць Аарон на сэрцы сваім суд для сыноў Ізраэля перад абліччам Госпада заўсёды.
 
У нагруднік судовы ўлажы Урым і Тумім, каторыя будуць на сэрцы Аарона, калі ён будзе станавіцца перад воблікам Госпада. І так будзе насіць Аарон на сэрцы сваім суд для сыноў Ізраэля перад воблікам Госпада заўсёды.

Зрабі верхняе пакрывала пад эфод цалкам фіялетавым,
 
І зробіш верхнюю шату пад эфод, усю зь фіялетавага пурпуру.

у сярэдзіне якога хай будзе наверсе адтуліна для галавы, а аблямоўка вакол яго — тканая, як на адтуліне брані, каб не рвалася.
 
І будзе мець яна ў сярэдзіне адтуліну на галаву і абшыўку вакол адтуліны тканую, падобную як пры адтуліне панцыра, каб не разьдзёрлася.

А на краях пакрывала ўнізе вакол зробіш быццам пунічныя яблыкі з гіяцынту, пурпуру і чырвані, дабавіўшы пасярэдзіне залатыя званочкі,
 
На яе краях унізе па колу прышыеш яблыкі гранату зь фіялетавага і чырвонага пурпуру, кармазыну, і званочкі залатыя кругом паміж іх.

так, каб былі званочкі залатыя паміж усімі пунічнымі яблыкамі.
 
Званок залаты і яблык гранату будуць на перамену вакол ніжняга крыса шаты.

І хай апранецца ў яго Аарон у час выканання службы, каб чуўся гук, калі будзе ўваходзіць у свяцілішча перад абліччам Госпада і выходзіць, каб ён не памёр.
 
І будзе адзявацца ў яе Аарон у час спаўненьня служеньня, каб чуўся гук, калі будзе ўваходзіць у Сьвятыню перад аблічча Госпада і выходзіць, і не памрэ.

Зрабі і пласціну з найчысцейшага золата, на якой выражы чаканнай работай: «Святое Госпада».
 
І зробіш дыядэму з чыстага золата, на якой выражаш, як выразана на пячатцы: «Сьвятое Госпада».

І прывяжы яе стужкаю фіялетаваю, і хай будзе на тыяры на лбе Аарона.
 
І прывяжаш яе шнуром зь фіялетавага пурпуру, каб была яна на пярэднім баку кідара.

І хай Аарон панясе на сабе правіннасць адносна святынь, якія будуць асвячаць сыны Ізраэля ў дарах і падарунках сваіх. І хай будзе пласціна заўсёды на яго чале, каб Госпад меў ласку да іх.
 
І будзе яна на чале Аарона, бо Аарон панясе на сабе правіны, дапушчаныя ў сьвятых рэчах, калі будуць складаць сыны Ізраэля ахвяры і дары свае. І будзе дыядэма заўсёды на яго чале для атрыманьня яму ласкі перад Госпадам.

І вытчы туніку з вісону, і зрабі тыяру з вісону, і пояс залататканай работы.
 
І вытчы шату зь вісону, і кідар зь вісону, і пояс, штучна вышываны.

Потым сынам Аарона зрабі тунікі льняныя і паясы, і мітры на славу і на аздабленне;
 
А сынам Аарона зробіш шаты ільняныя і паясы, і мітры на славу і на аздабленьне.

і апранеш ва ўсё гэта брата свайго Аарона і сыноў яго разам з ім. І памаж іх, і напоўні рукі іх, і асвяці іх, каб яны былі Мне святарамі.
 
І адзенеш у іх брата свайго Аарона і сыноў яго разам зь ім, і памажаш іх, і напоўніш рукі іхнія, і пасьвяціш іх, і яны будуць Мне сьвятарамі.

Зрабі ім і сподняе з ільну, каб прыкрывалі яны плоць сораму свайго ад паясніцы аж да лытак;
 
І зробіш ім споднія порткі, каб хавалі голасьць цела ад сьцёгнаў аж да лытак.

і хай карыстаюцца імі Аарон і сыны яго, калі будуць уваходзіць у палатку сустрэчы, або калі будуць прыступаць да ахвярніка, каб служыць у свяцілішчы, каб не памерці ад правіннасці: гэта пастанова вечная хай будзе для Аарона і патомства яго па ім.
 
І будуць карыстацца імі Аарон і сыны ягоныя, калі будуць уваходзіць у Палатку Сустрэчы або калі будуць прыступаць да ахвярніка, каб служыць у Сьвятыні, каб дзеля грэшнасьці не паўміралі. Гэта пастанова вечная будзе для Аарона і патомства ягонага па ім.