Выхад 15 разьдзел
Выхад
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 2002
Тады Майсей і сыны Ізраэля заспявалі гэтую песню Госпаду і сказалі: «Давайце спяваць Госпаду: бо Ён слаўна ўзвялічыўся, каня і конніка кінуў у мора.
Тады Майсей і сыны Ізраэля засьпявалі гэтую песьню на спахвалу Госпада: «Засьпявайма Госпаду, бо Ён вельмі праславіўся, каня і коньніка ўкінуў у мора.
Моц мая і сіла мая — Госпад, Ён стаў для мяне збаўленнем. Ён — Бог мой, і буду славіць Яго; Ён — Бог бацькі майго, і буду ўзвялічваць Яго!
Моц мая і сіла мая — Госпад, Ён стаўся для мяне збаўленьнем. Гэта ж Бог мой, буду славіць Яго; Ён — Бог бацькі майго, буду ўзьвялічваць Яго!
Госпад — быццам мужчына-ратнік; Ягвэ — імя Яго!
Госпад — ваяр магутны! Ягвэ — імя Яго!
Калясніцы фараона і войска яго Ён кінуў у мора, адборныя воіны яго патоплены ў моры Чырвоным.
Вазы фараона і войска ягонае Ён кінуў у мора, і адборныя ваяры ягоныя патанулі ў моры Чырвоным.
Бездані накрылі іх, апусціліся яны ў глыбіню, як камень.
Бяздоньні паглынулі іх, пайшлі яны ўглыб, як камень.
Правіца Твая, Госпадзе, — у слаўнай моцы; правіца Твая, Госпадзе, перамагла ворага.
Правіца Твая, Госпадзе, праславіцца магутнасьцю! Правіца Твая, Госпадзе, перамагла ворага.
І ў мностве славы Тваёй знішчыў Ты супраціўнікаў Тваіх; і даў Ты волю гневу Свайму, які праглынуў іх, як салому.
У велічы славы Тваёй зьнішчыў Ты праціўнікаў Тваіх, і даў Ты волю гневу Твайму, і ён папаліў іх, як салому.
І ў подыху абурэння Твайго сабраліся воды; і паўстала, як сцяна, цякучая хваля, і на сярэдзіне мора застылі бездані.
У духу ярасьці Тваёй сабраліся воды, і станулі, як сьцяна, цякучыя воды, і пасярэдзіне мора адкрыліся бяздоньні.
Вораг сказаў: “Буду гнацца і даганю; падзялю здабычу, нацешыцца душа мая, дастану меч свой, і заб’е іх рука мая!”
Вораг хваліўся: «Буду гнацца за ім і даганю, падзялю здабычу і пацешу душу маю, дастану меч мой, і выб'е іх рука мая!»
Дыхнуў Ты Духам Тваім, і накрыла іх мора; яны патанулі, як свінец, у бурлівых водах.
Падуў дух Твой, і нахлынула на іх мора; і яны патанулі, як волава, ва ўзбураных водах.
Хто сярод багоў падобны Табе, Госпадзе? Хто падобны Табе, хто слаўны святасцю, страшны і праслаўлены, творца цудаў?
Які ж Бог падобны Табе, Госпадзе? Хто, як Ты, слаўны сьвятасьцю, страшны і праслаўлены, Творца цудаў?
Працягнуў Ты руку Сваю, і паглынула іх зямля.
Працягнуў Ты руку Тваю, і паглынула іх зямля.
У міласэрнасці Тваёй быў Ты правадыром для народа, які адкупіў, і праводзіў яго ў моцы Сваёй у Сваё святое жыллё.
У міласэрдзі Тваім вёў Ты народ, які адкупіў, і праводзіў яго Тваёй сілай у Тваю сялібу сьвятую.
Пачулі народы і спалохаліся, смутак апанаваў жыхароў філістынскіх.
Пачулі гэта народы і спалохаліся, жах апанаваў жыхароў Філістынскіх.
Тады занепакоіліся князі Эдома, а ўладароў Мааба апанаваў страх, здранцвелі ўсе жыхары Ханаана.
Тады ўстрывожыліся князі Эдому, магнатаў Маабу апанаваў страх, млеюць ад жаху ўсе жыхары Ханаану.
Напалі на іх трымценне і жах; у магутнасці рукі Тваёй робяцца яны нерухомымі, як камень, пакуль праходзіць народ Твой, Госпадзе, пакуль праходзіць той народ Твой, які ўзяў Ты ва ўласнасць.
Напала на іх дрыжаньне і жах, дзеля магутнасьці рукі Тваёй дрантвеюць яны, як камень, аж пакуль пяройдзе народ Твой, Госпадзе, пакуль не пяройдзе народ Твой, каторы ўзяў Ты на ўласнасьць.
Увядзі іх і пасадзі на гары спадчыны Тваёй, у наймагутнейшай сялібе Тваёй, якую стварыў Ты, Госпадзе, у святыні, Госпадзе, якую заснавалі рукі Твае.
Увядзі яго і пасадзі на гары спадчыны Тваёй, у магутнай сялібе Тваёй, якую стварыў Ты, у сьвятыні Тваёй, Госпадзе, каторую заснавалі рукі Твае.
І будзе Госпад валадарыць на векі вечныя!
І будзе Госпад валадарыць на вякі вечныя!»
Бо ўвайшлі коні фараона ў мора з калясніцамі і коннікамі яго, і ўзвёў на іх Госпад воды марскія; а сыны Ізраэля прайшлі па сухім дне праз сярэдзіну мора».
Увайшлі бо коні фараона ў мора з калясьніцамі і коньнікамі ягонымі, і ўзьвёў на іх Госпад воды марскія, а сыны Ізраэля прайшлі па сухім дне пасярэдзіне мора.
Дык сястра Аарона Мірыям-прарочыца, узяла тымпан у руку сваю; і ўсе жанчыны ішлі за ёю з тымпанамі і карагодамі;
Дык сястра Аарона Мірыям, праракіня, узяла бубен рукою сваёй, а ўсе жанчыны ішлі за ёй у танцах з бубнамі.
яна спявала ім, кажучы: «Давайце спяваць для Госпада, бо Ён слаўна ўзвялічыўся: каня і вершніка яго ўкінуў у мора!»
І Мірыям засьпявала ім: «Сьпявайма Госпаду, бо Ён вельмі праславіўся, каня і вершніка ўкінуў у мора!»
Павёў тады Майсей Ізраэля ад Чырвонага мора, і пайшлі яны ў пустыню Сур; і тры дні ішлі яны праз пустыню і не знаходзілі вады.
Вывеў тады Майсей Ізраэля з-над Чырвонага мора, і пайшлі яны ў напрамку пустыні Шур. І тры дні ішлі яны праз пустыню, і не знаходзілі вады.
І прыйшлі да мясцовасці Мара, але не маглі піць ваду з Мары, таму што была яна горкая; з-за таго таму месцу было дадзена імя Мараa.
І прыбылі да мясцовасьці Мара, але не маглі піць вады з Мары, таму што была горкая. Дзеля таго названа гэта месца Мара.
І наракаў народ на Майсея, кажучы: «Што будзем піць?»
І наракаў народ на Майсея, кажучы: «Што будзем піць?»
І паклікаў ён Госпада, Які паказаў яму дрэва; калі ўкінуў ён яго ў ваду, вада ператварылася ў салодкую. Там устанавіў для народа Госпад пастановы і прыказанні, і там выпрабаваў яго,
І прызываў ён Госпада, а Госпад паказаў яму дрэва. І калі ўкінуў ён яго ў ваду, вада перамянілася ў салодкую. Там устанавіў Госпад загады і закон для народу, і там выспрабоўваў яго,
кажучы: «Калі будзеш слухаць голас Госпада, Бога твайго, і будзеш рабіць справядлівае перад абліччам Яго, і скарышся настаўленням Яго і будзеш захоўваць усе Яго пастановы, то Я не навяду на цябе ніводнай хваробы, што навёў на Егіпет: бо Я — Госпад, лекар твой».
кажучы: «Калі верна будзеш слухаць голас Госпада, Бога твайго, і будзеш рабіць справядлівае перад воблікам Яго, і будзеш паслухмяным прыказаньням Ягоным і будзеш спаўняць усе Яго законы, то Я не навяду на цябе ніводнай хваробы, каторыя навёў на Эгіпет. Я — Госпад, лекар твой».
І прыбылі яны ў Элім, дзе было дванаццаць крыніц і семдзесят пальмаў; і там сталі яны лагерам каля вады.
Потым прыбылі яны ў Элім, дзе было дванаццаць крыніцаў і семдзесят пальмаў. І там разлажыліся табарам каля вады.