Выхад 27 разьдзел

Выхад
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

Зрабі ахвярнік з дрэва акацыі, які хай мае пяць локцяў у даўжыню, столькі ж у шырыню, гэта значыць чатырохвугольны, і тры локці ў вышыню.
 
І зробіш ахвярнік з дрэва акацыі, які будзе мець пяць локцяў даўжыні і пяць локцяў шырыні, значыць квадратны, і тры локці вышыні.

І хай будуць рогі ад яго на чатырох вуглах, і зрабі гэта з медзі.
 
І зробіш рогі на чатырох вуглах яго так, каб рогі выставалі зь яго ўверх, і пацягнеш яго медзьдзю.

І зрабі дзеля ўжывання яго папяльніцы, каб збіраць у іх попел, а таксама гаршкі, вугальныя лапаткі, крапільніцы і кадзільніцы; усе прыналежнасці зрабі з медзі.
 
І зробіш папяльніцы на высыпаньне ў іх попелу, таксама лапаткі, крапільніцы, вілкі і кадзільніцы; усе прыналежнасьці зробіш зь медзі.

І для яго зрабі краты медныя накшталт сеткі, і на іх чатырох вуглах хай будуць чатыры кольцы з медзі,
 
Зь медзі зробіш да яго крату ў форме сеткі, а на чатырох вуглах — колцы зь медзі.

і ўмацуеш іх знізу пад краем ахвярніка, хай краты будуць аж да сярэдзіны ахвярніка.
 
І ўмацуеш крату зьнізу пад краем ахвярніка так, каб сетка даставала да паловы ахвярніка.

Зрабі і дзве жэрдкі да ахвярніка з дрэва акацыі, якія пакрый меднымі пласцінамі,
 
І зробіш насілы да ахвярніка з дрэва акацыі ды пацягнеш іх медзьдзю,

і прасунь іх у кольцы, хай будуць яны з абодвух бакоў ахвярніка, каб яго пераносіць.
 
і ўкладзеш насілы ў колцы, і будуць насілы з абодвух бакоў ахвярніка, калі будуць яго пераносіць.

Зрабі яго з дошак, пусты ён унутры; як было паказана табе на гары, хай так зробяць.
 
І зробіш яго з дошкаў так, каб быў пусты ўнутры. Як паказана табе на гары, хай так зробяць.

Зрабі і панадворак скініі; на паўднёвым баку якога заслоны хай будуць з кручанага вісону: адзін бок хай мае ў даўжыню сто локцяў;
 
І зробіш панадворак скініі. На яго паўдзённым баку заслоны будуць з кручанага вісону, даўжынёй у сто локцяў з аднаго боку.

і дваццаць слупоў і столькі ж падножжаў з медзі, і аплікі на слупах і кольцы з срэбра.
 
А да таго дваццаць слупкоў і дваццаць падножкаў зь медзі, поруч кручкі на слупках і зьвязы на іх зь серабра.

Такім жа чынам на паўночным баку: хай будуць заслоны сто локцяў у даўжыню; і слупоў дваццаць, і падножжы медныя той жа колькасці, і аплікі слупоў, і кольцы іх — срэбраныя.
 
Таксама на паўночным баку будуць заслоны ў сто локцяў даўжыні; і слупкоў для іх дваццаць, і падножак для іх дваццаць медзяных, поруч кручкі на слупках і зьвязы на іх зь серабра.

Па шырыні ж панадворка з заходняга боку хай будуць заслоны ў пяцьдзесят локцяў, і слупоў дзесяць, і падножжаў столькі ж.
 
Ушыркі панадворку з заходняга боку будуць заслоны ў пяцьдзесят локцяў, і слупкоў для іх дзесяць, і падножкаў дзесяць.

Па шырыні ж панадворка, што глядзіць на ўсход, хай будуць пяцьдзесят локцяў, сярод якіх
 
У шырыню панадворак зь пярэдняга боку, што глядзіць на ўсход, — пяцьдзесят локцяў.

на адным баку хай налічваюцца заслоны ў пятнаццаць локцяў, і тры слупы і столькі ж падножжаў.
 
У адзін бок будуць заслоны ў пятнаццаць локцяў, а да таго тры слупкі і тры падножкі.

І заслоны з другога боку хай будуць мець пятнаццаць локцяў, слупы — тры, і падножжы — столькі ж.
 
І заслоны з другога боку будуць у пятнаццаць локцяў, і слупкоў для іх тры, і падножкаў для іх тры.

А пры ўваходзе ў панадворак заслона ў дваццаць локцяў з гіяцынту і пурпуру, кармазыну і кручанага вісону, залататканай работы; хай мае чатыры слупы і столькі ж падножжаў.
 
А пры ўваходзе на панадворак — заслона ў дваццаць локцяў зь фіялетавага і чырвонага пурпуру, кармазыну і кручанага вісону, шматколерна вышываная, а да таго чатыры слупкі і чатыры падножкі.

Усе слупы панадворка павінны быць абхоплены кругом срэбранымі кольцамі, а іх аплікі хай будуць срэбранымі, а падножжы — медныя.
 
Усе слупкі кругом панадворку павінны быць заагледжаныя ў серабраныя зьвязы, і кручкі зь серабра будуць, а падножкі — зь медзі.

У даўжыню панадворак зойме сто локцяў, у шырыню — пяцьдзесят, а вышыня хай будзе пяць локцяў; і ўсё хай будзе з кручанага вісону, і хай мае медныя падножжы.
 
Даўжыня панадворку будзе сто локцяў, шырыня — пяцьдзесят, а вышыня — пяць локцяў; (усё будзе) з кручанага вісону і будзе мець медзяныя падножкі.

Усе прыналежнасці скініі для ўсякага ўжытку ў ёй і ўсе яе калкі і ўсе калкі панадворка зрабі з медзі.
 
Усе прыналежнасьці скініі для ўсякага ўжытку ў ёй, усе яе калкі і калкі панадворку будуць зь медзі.

Загадай сынам Ізраэля, каб прынеслі табе алей найчысцейшы з аліўкавых дрэў і націсканы з дапамогаю таўкача, каб гарэла святло заўсёды
 
І загадаеш сынам Ізраэля, каб прынесьлі ў сьвечнік алей чысты, выціснуты з алівак, каб гарэла сьвятло ва ўсякі час

у палатцы сустрэчы па-за заслонай, што павешана перад сведчаннем. І будуць запальваць яго Аарон і сыны яго, каб ад вечара да раніцы гарэў перад абліччам Госпадавым. Гэта хай будзе пастанова вечная на ўсе пакаленні для сыноў Ізраэля.
 
у Палатцы Сустрэчы на вонкі заслоны, каторая перад Сьведчаньнем. І будзе запальваць яго Аарон і сыны ягоныя, каб ад вечара да раніцы гарэў перад воблікам Госпадавым. Гэта закон вечны на ўсе пакаленьні сыноў Ізраэл.