Выхад 7 разьдзел

Выхад
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

І сказаў Госпад Майсею: «Вось, Я прадставіў цябе богам для фараона, а Аарон, брат твой, будзе тваім прарокам.
 
І сказаў Госпад Майсею: «Глядзі, Я ўстанавіў цябе як бы Богам для фараона, а Аарон, брат твой, будзе тваім прарокам.

Ты скажаш, што Я табе даручу; а ён будзе гаварыць фараону, каб той адпусціў сыноў Ізраэля з зямлі сваёй.
 
Ты скажаш яму ўсё, што Я табе даручу, а ён будзе гаварыць да фараона, каб ён пусьціў сыноў Ізраэля зь зямлі сваей.

Але Я зраблю цвёрдым сэрца яго і павялічу знакі і цуды Мае ў зямлі Егіпецкай.
 
Але Я зраблю ўпорыстым сэрца фараона і павялічу знакі і цуды Мае ў зямлі Эгіпецкай.

Але ён не паслухае вас; Я пакладу руку Сваю на Егіпет і выведу войска Маё і народ Мой, сыноў Ізраэля, з зямлі Егіпецкай праз суды найвялікшыя.
 
Але ён ня выслухае вас. І Я пакладу руку Маю на Эгіпет і вывяду войска Маё і народ Мой, сыноў Ізраэля, зь зямлі Эгіпецкай вялікімі карамі.

І хай ведаюць егіпцяне, што Я — Госпад, Які працягнуў руку Сваю над Егіптам і вывеў сыноў Ізраэля з іх грамады».
 
Хай ведаюць Эгіпцяне, што Я — Госпад, Каторы выцягнуў руку Сваю над Эгіптам, каб вывесьці сыноў Ізраэля спаміж іх».

Тады Майсей і Аарон зрабілі, як загадаў Госпад; такім чынам выканалі.
 
Дык Майсей і Аарон зрабілі ўсё гэта, як загадаў ім Госпад, гэтак усё і ўчынілі.

Майсей жа меў восемдзесят гадоў, а Аарон восемдзесят тры, калі яны выказаліся перад фараонам.
 
Майсей меў восемдзесят гадоў, а Аарон восемдзесят тры, калі яны прамаўлялі да фараона.

І казаў Госпад Майсею і Аарону:
 
І казаў Госпад Майсею і Аарону:

«Калі скажа вам фараон: “Дайце знак”, скажаш Аарону: “Вазьмі кій твой і кінь яго перад фараонам, і ён ператворыцца ў змяю”».
 
«Калі скажа табе фараон: «Дайце знак», скажаш Аарону: «Вазьмі палку сваю і кінь яе перад фараонам», і яна пераменіцца ў гадзюку».

Такім чынам, Майсей і Аарон, што прыйшлі да фараона, зрабілі, як загадаў Госпад; і Аарон кінуў перад фараонам і паслугачамі яго кій, які ператварыўся ў змяю.
 
І прыйшлі Майсей і Аарон да фараона і зрабілі, як ім загадаў Госпад. Аарон кінуў перад фараонам і слугамі яго палку, і яна зьмянілася ў гадзюку.

А фараон склікаў мудрацоў і чараўнікоў, і тыя варажбіты егіпецкія таксама зрабілі падобнае з дапамогай сваіх заклінанняў.
 
Дык фараон склікаў мудрацоў сваіх і чараўнікоў, і варажбіты Эгіпецкія зрабілі тое самае сваімі чарамі.

І кожны з іх кінуў палкі свае, якія ператварыліся ў змей; але кій Аарона праглынуў іх палкі.
 
І кожны зь іх кінуў сваю палку, а яны перамяніліся ў гадзюкаў. Але палка Аарона праглынула іхнія палкі.

Аднак зацвярдзела сэрца фараона і не паслухаў іх, як і прадказваў Госпад.
 
Аднак зацьвярдзела сэрца фараона, і ён не паслухаў іх, як і прадказваў Госпад.

І сказаў Госпад Майсею: «Зацвярдзела сэрца фараона; не хоча ён адпусціць народ.
 
І сказаў Госпад Майсею: «Зацьвярдзела сэрца фараона, ня хоча ён адпусьціць народ.

Ідзі да яго зранку. Вось, ён выйдзе да вады; а ты ўстань перад ім на беразе ракі. І вазьмі ў руку сваю кій, які ператварыўся ў змяю,
 
Ідзі да фараона рана, калі ён выйдзе да вады, і выйдзі яму на спатканьне, і стань на беразе Ракі. І вазьмі рукой палку, якая перамянілася ў зьмяю,

і скажы яму: “Госпад, Бог гебраяў, паслаў мяне да цябе, гаворачы: “Адпусці народ Мой, каб учыніў Мне ахвярапрынашэнне ў пустыні”; але да гэтага моманту не хацеў ты паслухаць.
 
і скажы яму: Госпад, Бог Гебраяў, паслаў мяне да цябе сказаць: «Адпусьці народ Мой, каб склаў Мне ахвяру ў пустыні»; але да цяпер не хацеў ты паслухаць.

Такім чынам, гэта кажа Госпад: “З гэтага даведаешся, што Я — Госпад; вось, кіем, які ў руцэ маёй, удару па вадзе ў рацэ, і ператварыцца яна ў кроў.
 
Дык вось што кажа Госпад: З гэтага даведаешся, што Я — Госпад, бо калі палкай, якая ў руцэ маёй, удару па вадзе ў Рацэ, яна заменіцца ў кроў.

І рыбы, якія ў рацэ, памруць, а вада засмярдзіць, так што егіпцяне будуць брыдзіцца піць ваду з ракі”».
 
І рыбы, якія ў Рацэ, счэзнуць, а вада засьмярдзіць, так што Эгіпцяне будуць брыдзіцца піць ваду з Ракі».

Сказаў таксама Госпад Майсею: «Скажы Аарону: “Вазьмі кій твой і працягні руку сваю над водамі Егіпта, над рэкамі яго і ручаямі, а таксама над багнамі і азёрамі яго, каб ператварыліся яны ў кроў; і хай будзе кроў ва ўсёй зямлі Егіпецкай, як у драўляных пасудзінах, так і ў каменных”».
 
Сказаў вось Госпад Майсею: «Скажы Аарону: Вазьмі палку і працягні руку сваю над водамі Эгіпту, над рэкамі ягонымі і ручаямі, а таксама над балотамі і вазёрамі ягонымі, і яны заменяцца ў кроў. І хай будзе кроў ва ўсёй зямлі Эгіпецкай, як у начыньнях драўляных, так і ў гліняных».

І зрабілі так Майсей і Аарон, як загадаў Госпад. І, узнімаючы кій, ударыў ваду ў рацэ ў прысутнасці фараона і паслугачоў яго; ператварылася яна ў кроў.
 
І зрабілі так Майсей і Аарон, як загадаў Госпад. І падняў ён палку, і ўдарыў ваду ў Рацэ ў прысутнасьці фараона і слугаў яго, і воды замяніліся ў кроў,

І рыбы, якія былі ў рацэ, памерлі, і рака засмярдзела, і егіпцяне не маглі піць рачной вады; і кроў была ва ўсёй зямлі Егіпецкай.
 
і рыбы, якія былі ў Рацэ, пагінулі, і Рака засьмярдзела, і Эгіпцяне не маглі піць рачной вады; і кроў была ва ўсёй зямлі Эгіпецкай.

Але падобнае зрабілі чараўнікі егіпецкія сваімі заклінаннямі; і зацвярдзела сэрца фараона, і не паслухаў ён іх, як сказаў Госпад.
 
Але тое самае зрабілі чараўнікі Эгіпецкія сваёю таёмнаю ведаю, і закамянела сэрца фараона, і не паслухаў ён іх, як і казаў Госпад.

І павярнуўся ён, і пайшоў у дом свой, і не дадаў да гэтага сэрца сваё.
 
І павярнуўся ён, і пайшоў у дом свой, не беручы гэтага да сэрца.

А ўсе егіпцяне капалі вакол ракі, шукаючы вады для піцця; бо не маглі піць вады з ракі.
 
А ўсе Эгіпцяне капалі блізка Ракі, шукаючы вады дзеля піцьця, бо не маглі піць вады з Ракі.

І мінула сем дзён пасля таго, як Госпад ударыў раку.
 
І мінула сем дзён ад таго, як Госпад ударыў Раку.