Выхад 40 разьдзел
Выхад
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 2002
І прамовіў Госпад да Майсея, гаворачы:
І прамовіў Госпад да Майсея:
«У першы дзень першага месяца паставіш скінію, палатку сустрэчы,
«У першы дзень першага месяца паставіш Скінію Палаткі Сустрэчы,
і паставіш у ёй каўчэг сведчання, накрый яго пакрывалам; і, калі
і паставіш у ёй Каўчэг Сьведчаньня, ды накрыеш яго заслонай.
ўнясеш стол, пакладзі на яго тое, што прадпісана па традыцыі, падсвечнік хай стаіць з лямпамі сваімі
Унясеш таксама стол і паложыш на ім тое, што мае быць паложана, поруч прынясеш сьвечнік і паставіш на ім лямпы ягоныя.
і залаты ахвярнік для каджэння хай стаіць перад каўчэгам сведчання, і памясці пакрывала пры ўваходзе ў скінію,
Паставіш такжа залаты ахвярнік для каджэньня перад Каўчэгам Сьведчаньня і павесіш заслону ля ўваходу ў Скінію.
а ахвярнік цэласпалення — перад палаткай сустрэчы,
А ахвярнік цэлапаленьня (паставіш) перад уваходам звонку Палаткі Сустрэчы.
і пастаў таз між палаткай сустрэчы і ахвярнікам, і напоўні яго вадою.
І паставіш умывальнік між Палаткай Сустрэчы і ахвярнікам, і нальеш ў яго вады.
І акружы панадворак пакрываламі, і размясці пакрывала ў браме яго.
І зробіш навакол панадворак, а пры браме павесіш заслону.
І, узяўшы алею намашчэння, памажаш скінію і ўсё, што ў ёй, і асвяці яе з яе пасудзінамі, і будзе яна святыняй.
Потым возьмеш алей памазаньня і памажаш скінію і ўсё, што ў ёй, і асьвяціш яе і ўсе яе прыналежнасьці, і будзе яна сьвятыняй.
Памаж таксама ахвярнік цэласпалення і ўсе яго пасудзіны, і асвяці ахвярнік, і будзе ён святым з святых.
І памажаш ахвярнік цэлапаленьня з усімі яго прыналежнасьцямі, і асьвяціш яго, і будзе ён сьвятым зь сьвятых.
І памажаш таз з падножжам яго, і асвяці яго.
Памажаш разам умывальнік і падставу яго, і асьвяціш яе.
І прывядзі Аарона і яго сыноў да ўваходу ў палатку сустрэчы; абмытых вадою,
Тады прывядзеш Аарона і яго сыноў перад уваход у Палатку Сустрэчы і памыеш іх вадой.
апрані Аарона ў святыя шаты, намасці і пасвяці яго, каб служыў Мне святаром.
Пасьля адзенеш Аарона ў яго сьвятыя шаты і памажаш яго, і пасьвяціш яго, каб паслугаваў Мне сьвятаром.
Прывядзі сыноў яго, і апрані ў шаты,
І прывядзеш сыноў яго, і адзенеш іх у сукні.
і намасці іх, як намасціў іх бацьку, каб служылі яны Мне святарамі, і намашчэнне іх будзе ім у вечнае святарства ў іх пакаленнях».
І памажаш іх, як памазаў іх бацьку, каб служылі яны Мне сьвятарамі. Праз гэтае памазаньне ператрывае сьвятарства ў іхніх пакаленьнях навечна».
І Майсей зрабіў усё, як яму загадаў Госпад; так і зрабіў.
І Майсей зрабіў усё; як яму загадаў Госпад, так і зрабіў.
Такім чынам, у першы месяц другога года, у першы дзень месяца паставілі скінію.
Першага месяца другога года (па выхадзе іх з Эгіпту) у першы дзень месяца паставілі Скінію.
І паставіў яе Майсей, і паклаў падножжы, і дошкі, і жэрдкі, і слупы паставіў,
І паставіў яе Майсей, і палажыў падставу яе, і паставіў дошкі яе, жэрдкі і слупы,
і разбіў палатку над скініяй, накрыўшы яе пакрыццем зверху, як загадаў Госпад Майсею.
і расьцягнуў палатку над Скініяй, і накрыў яе пакрыцьцём палаткі зьверху, як гэта загадаў Госпад Майсею.
Ён узяў сведчанне і паклаў яго ў каўчэг, і, прасунуўшы скрозь жэрдкі, накрыў зверху перамольняй.
Потым узяў Сьведчаньне і палажыў яго ў Каўчэг, уклаў таксама насілы ў колцы Каўчэга і палажыў зьверху накрыўку.
І, калі ўнёс каўчэг у скінію, ён павесіў перад ім пакрывала, як загадаў Госпад Майсею.
Пасьля ўнёс Каўчэг у Скінію і павесіў заслону закрываючую, як загадаў Госпад Майсею.
Паставіў і стол у палатцы сустрэчы на паўночным баку скініі перад пакрывалам,
І паставіў стол у Палатцы Сустрэчы на паўночным баку Скініі перад заслонай,
разлажыўшы перад абліччам Госпада па парадку хлябы пакладныя, як загадаў Госпад Майсею.
а на ім разлажыў перад воблікам Госпада рад хлябоў, як загадаў Госпад Майсею.
Паставіў і падсвечнік у палатцы сустрэчы насупраць стала ў паўднёвай частцы,
І паставіў сьвечнік у Палатцы Сустрэчы насупраць стала на паўдзёным баку Скініі,
размясціўшы лямпы па парадку, як загадаў Госпад Майсею.
і на ім разьмясьціў лямпы перад Госпадам, як загадаў Госпад Майсею.
Паставіў і залаты ахвярнік у палатку сустрэчы перад перамольняй,
Паставіў таксама залаты ахвярнік у Палатку Сустрэчы насупраць заслоны,
і на ім спаліў кадзіла з вострых духмяных рэчаў, як загадаў Госпад Майсею.
і загадаў на ім паліць пахкія кадзілы, як загадаў Госпад Майсею.
Размясціў і пакрывала ля ўваходу ў скінію,
І завесіў заслону ля ўваходу ў скінію.
і ахвярнік цэласпалення паставіў перад уваходам у скінію, у палатку сустрэчы, ахвяруючы на ім цэласпаленне і ахвяру, як загадаў Госпад Майсею.
А ахвярнік цэлапаленьня паставіў перад уваходам у сярэдзіну Палаткі Сустрэчы, і ахвяраваў на ім цэлапаленьне і ахвяру зь яды, як загадаў Госпад Майсею.
Паставіў таксама таз між палаткай сустрэчы і ахвярнікам, напоўніўшы яго вадою;
Паставіў такжа ўмывальнік між Палаткай Сустрэчы і ахвярніка, і наліў у яго вады для мыцьця.
і мылі ў ім рукі і ногі свае Майсей, Аарон і сыны яго,
І мылі ў ім рукі і ногі Майсей, Аарон і сыны яго
калі ўваходзілі ў палатку сустрэчы і набліжаліся да ахвярніка, як загадаў Госпад Майсею.
перад уваходжаньнем у Палатку Сустрэчы і падыходам да ахвярніка, як загадаў Госпад Майсею.
Паставіў ён і панадворак вакол скініі і ахвярніка, пры яго ўваходзе павесіўшы пакрывала. Такім чынам, Майсей закончыў работу.
Наастатак зрабіў панадворак вакол Скініі і ахвярніка, а пры ўваходзе завесіў заслону. Такім чынам Майсей скончыў работу.
І воблака накрыла скінію разам з палаткай сустрэчы, і слава Госпада напоўніла скінію.
І тады воблака акрыла Палатку Сустрэчы, і хвала Госпада напоўніла Скінію.
І не мог Майсей увайсці ў палатку сустрэчы, бо спачывала на ёй воблака, і слава Госпада напоўніла скінію.
І ня мог Майсей увайсьці ў Палатку Сустрэчы, бо супачывала на ёй воблака, і хвала Госпада напаўняла Скінію.
Калі воблака падымалася над палаткай, сыны Ізраэля пускаліся ў дарогу ва ўсякіх абставінах;
Колькі разоў воблака падымалася над скініяй, сыны Ізраэля выходзілі ў дарогу,
а калі воблака не падымалася, не пускаліся яны ў дарогу аж да дня, пакуль не падымалася воблака.
а калі воблака не падымалася, не выходзілі яны ў дарогу аж да дня, калі падымалася воблака.
Бо ўдзень пакрывала скінію воблака Госпада, а ўночы свяціла, быццам бляск агню, на вачах усяго дома Ізраэля ў час усіх іх вандровак.
Бо воблака Госпада ўдзень закрывала скінію, а ўночы сьвяціла, як агонь, на вачах усяго (дому) Ізраэля падчас усіх іхніх вандровак.