Выхад 4 разьдзел

Выхад
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

Адказваючы, сказаў Майсей: «А што, калі не павераць мне і не пачуюць голас мой, але скажуць: “Госпад не з’явіўся табе”»?
 
У адказ сказаў Майсей: «А што калі ня ўвераць мне і не паслухаюць голасу майго, але скажуць: «Госпад не аб'явіўся табе»?»

Сказаў тады Ён яму: «Што трымаеш у руцэ сваёй?» Адказаў: «Кій».
 
І сказаў Госпад яму: «Што трымаеш у руцэ сваёй?» Адказаў Майсей: «Кій».

І сказаў Госпад: «Кінь яго на зямлю!» Кінуў, і ператварыўся ён у змяю, так што Майсей пачаў уцякаць.
 
І сказаў яму Госпад: «Кінь яго на зямлю!» І кінуў яго, і зьмяніўся ён ў зьмяю, так што Майсей пачаў уцякаць.

І сказаў Госпад: «Выцягні руку сваю і схапі за хвост яе!» Выцягнуў ён руку і схапіў, і ператварылася ў кій.
 
І загадаў Госпад: «Выцягні руку сваю і схапі за яе хвост!» І выцягнуў ён руку, і схапіў, і зьмянілася (зьмяя) у кій.

«Каб паверылі, — кажа, — што з’явіўся табе Госпад, Бог бацькоў іх, Бог Абрагама, Бог Ізаака і Бог Якуба».
 
«Гэта дзеля таго, каб уверылі, — кажа (Госпад), — што аб'явіўся табе Госпад, Бог бацькоў іхніх, Бог Абрагама, Бог Ізаака і Бог Якуба».

І сказаў Госпад ізноў: «Пакладзі руку сваю сабе за пазуху!» Пасля таго як ён паклаў руку за пазуху, выняў ён яе пакрытаю праказай, быццам снегам.
 
І сказаў Госпад ізноў: «Улажы руку сваю ў запазуху!» Калі яе ўлажыў у запазуху і выцягнуў, рука сталася як сьнег белая ад праказы.

Сказаў Ён: «Пакладзі руку сваю сабе за пазуху!» Паклаў ён і выняў зноў, і яна была падобная да другой рукі.
 
І зноў сказаў Ён: «Улажы руку сваю ў запазуху сваю!» І ўлажыў ён, і выцягнуў зноў, і яна сталася падобная да другой.

«Калі не павераць, — кажа, — табе і не паслухаюць слоў першага знака, павераць слову знака наступнага.
 
«Калі б не паверылі, — кажа, — табе і не паслухалі б словаў першага знаку, павераць слову знаку наступнага.

Бо калі нават двум гэтым знакам не павераць і не пачуюць голас твой, вазьмі ваду з ракі і вылі яе на сухую зямлю, і што б ні вычарпаў ты з ракі, ператворыцца яно ў кроў».
 
А калі двум гэтым знакам не павераць і не паслухаюць голасу твайго, вазьмі ваду з Ракі і вылі яе на сухую зямлю, і вада, зачэрпнутая з Ракі, пераменіцца ў кроў».

Сказаў Майсей: «Прабач, Госпадзе, я не красамоўны ад учора і заўчора, і нават ад [часу], калі гаворыш з рабом Сваім, бо даволі непаваротлівы і марудны язык мой».
 
І сказаў Майсей: «Даруй, Госпадзе, я не вымоўны, ад учора і пазаўчора, і нават ад часу, калі гаворыш да слугі Твайго. Ацяжэлі вусны мае і язык мой скасьцянеў».

Сказаў яму Госпад: «Хто стварыў вусны чалавека? Або хто зрабіў чалавека нямым або глухім, або відушчым, або сляпым? Ці не Я?
 
Сказаў яму Госпад: «Хто даў вусны чалавеку? Або хто робіць чалавека нямым або глухім, або відзячым, або сьляпым? Ці ня Я?

Дык ідзі, а Я буду ў вуснах тваіх; і навучу цябе, што гаварыць».
 
Дык ідзі, а Я буду ў вуснах тваіх і навучу цябе, што маеш гаварыць».

А ён адказаў: «Малю Цябе, Госпадзе, пашлі іншага, каго маеш паслаць».
 
А ён адказаў: «Малю Цябе, Госпадзе, пашлі (другога), каго маеш паслаць».

Угнявіўшыся, сказаў Госпад Майсею: «Аарон, брат твой, левіцянін, ведаю, што ён красамоўны; вось, ён сам выходзіць табе насустрач і, бачачы цябе, узвесяліцца ён сэрцам.
 
І разгневаўся на Майсея Госпад, і сказаў: «Аарон, брат твой, Лявіт, ведаю, што ён гаваркі. Вось жа ён выйдзе табе на спатканьне, і, убачыўшы цябе, усьцешыцца ў сэрцы сваім.

Гавары з ім і ўкладвай словы Мае ў яго вусны; а Я буду ў вуснах тваіх і ў яго вуснах і пакажу вам, што вы павінны рабіць.
 
Ты будзеш гаварыць да яго і перакажаш словы Мае ў ягоныя вусны. Я вось буду ў вуснах тваіх і ў вуснах ягоных і пакажу вам, што маеце рабіць.

За цябе ён будзе гаварыць з народам, і ён будзе вуснамі тваімі; а ты будзеш яму як Бог.
 
За цябе ён будзе гаварыць да народу, і ён будзе вуснамі тваімі, а ты будзеш яму як Бог.

Таксама вазьмі ў руку сваю кій гэты, якім будзеш учыняць знакі».
 
Таксама вазьмі рукою сваёй кій гэты, якім будзеш чыніць знакі».

Пайшоў Майсей, і вярнуўся да цесця свайго Етры, і сказаў яму: «Прашу цябе, пайду я і вярнуся да братоў сваіх у Егіпет, каб паглядзець, ці жывуць яны дагэтуль». Етра сказаў яму: «Ідзі ў супакоі».
 
І пайшоў Майсей, і вярнуўся да цесьця свайго Етры, і сказаў яму: «Пайду і вярнуся да братоў маіх у Эгіпет, і пагляджу, як яны жывуць». Етра сказаў яму: «Ідзі ў супакоі».

Вось, сказаў Госпад Майсею ў Мадыяне: «Ідзі, вярніся ў Егіпет; бо памерлі ўсе, хто шукаў душу тваю».
 
І сказаў Госпад Майсею ў Мадыяне: «Ідзі, вярніся ў Эгіпет, бо памерлі ўсе, каторыя цікавалі на жыцьцё тваё».

Узяў Майсей жонку сваю і сыноў сваіх і пасадзіў іх на асла; і вярнуўся ў Егіпет, трымаючы кій Божы ў руцэ сваёй.
 
Узяў тады Майсей жонку сваю і сыноў сваіх, і пасадзіў іх на асла, і вярнуўся ў Эгіпет, трымаючы кій Божы ў руцэ сваёй.

І калі ён вяртаўся ў Егіпет, сказаў яму Госпад: «Глядзі, каб усе знакі, якія змясціў Я ў руцэ тваёй, учыніў ты перад фараонам; а Я зраблю цвёрдым сэрца яго, і ён не адпусціць народ.
 
І ў павароце ў Эгіпет сказаў яму Госпад: «Глядзі, каб усе знакі, якія чыніць Я даў моц руцэ тваёй, чыніў ты перад фараонам. А Я зраблю ўпорыстым сэрца ягонае, і ён ня будзе хацець адпускаць народу.

І ты скажаш яму: “Гэта кажа Госпад: “Ізраэль ёсць сын Мой першародны.
 
Ты скажаш яму: «Гэта кажа Госпад: Ізраэль — гэта сын Мой першародны.

Я кажу табе: “Адпусці сына Майго, каб ён служыў Мне; а калі не хочаш яго адпусціць, то Я заб’ю твайго першароднага сына”».
 
Я кажу табе: Пусьці сына Майго, каб ён служыў Мне. А калі не захочаш яго пусьціць, то Я заб'ю твайго першароднага сына»«.

І калі ён быў у дарозе, у час начлегу спаткаў яго Госпад і хацеў яго забіць.
 
І калі ён быў у дарозе ў заезьдзе, спаткаў яго (Майсея) Госпад і хацеў яго забіць.

Адразу Сэфара ўзяла востры камень і абрэзала крайнюю плоць сына свайго; і дакранулася да ног яго, і сказала: «Ты мне жаніх крыві».
 
Тады Цыпора ўзяла востры камень і абрэзала плоць сыну свайму, і дакранулася ім нагі (Майсея), кажучы: «Ты мне жаніх крыві».

І адпусціў яго, пасля таго як яна сказала: «Ты жаніх крыві», з-за абразання.
 
І пакінуў (Госпад) яго, калі яна сказала: «Ты жаніх крыві праз абрэзаньне».

І сказаў Госпад Аарону: «Ідзі насустрач Майсею ў пустыню». Ён пайшоў насустрач яму на гару Божую і пацалаваў яго.
 
І сказаў Госпад Аарону: «Ідзі на спатканьне Майсею на пустыню». Ён пайшоў на сустрэчу зь ім на гару Божую і пацалаваў яго.

І Майсей расказаў Аарону ўсе Госпадавы словы, з якімі Ён яго паслаў, і пра ўсе знакі, якія Ён уручыў.
 
І Майсей расказаў Аарону ўсе Госпадавы словы, зь якімі Ён яго паслаў, і ўсе знакі, якія Ён прадказаў.

І прыйшлі яны разам, і сабралі ўсіх старэйшын сыноў Ізраэля.
 
І пайшлі яны, і сабралі ўсіх старшыняў сыноў Ізраэля.

І сказаў Аарон усе словы, якія сказаў Госпад Майсею, і ўчыніў знакі ў прысутнасці народа.
 
І сказаў Аарон ўсе словы, якія быў сказаўшы Госпад Майсею, і ўчыніў (Майсей) знакі ў прысутнасьці народу.

І паверыў народ, і пачулі, што Госпад наведаў сыноў Ізраэля і што заўважыў смутак іх; і, схіліўшыся, яны памаліліся.
 
І паверыў народ, і даведаліся, што Госпад адведаў сыноў Ізраэля і што ўзглянуў на іхняе гора; і, упаўшы на зямлю, пакланіліся да зямлі.