Выхад 26 разьдзел
Выхад
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 2002
Скінію зрабі так: зрабі дзесяць палотнаў: з кручанага вісону, і з гіяцынту, і з пурпуру, і з чырвані, з херубінамі, вытканымі стракатай работаю.
Скінію зробіш зь дзесяці палотнаў: з кручанага вісону, зь фіялетавага і чырвонага пурпуру, з кармазыну, з хэрубімамі, зробленымі мастацкай работаю.
Даўжыня кожнага палатна хай мае дваццаць восем локцяў, а шырыня кожнага палатна хай будзе чатыры локці. Усе палотны павінны быць аднаго памеру.
Даўжыня кожнага палатна — дваццаць восем локцяў, а шырыня кожнага палатна — чатыры локці. Усе палотны павінны мець адну меру.
Пяць палотнаў хай будуць звязаныя адно з адным, і другія пяць палотнаў хай будуць звявязаныя адно з адным.
Пяць палотнаў будуць павязаныя адно з другім, падобна другія пяць палотнаў будуць павязаныя адно з другім.
Зрабі гіяцынтавыя петлі на краі аднаго палатна, на краі злучэння; і такім жа чынам зрабі на краі апошняга палатна ў другім злучэнні.
І прышыеш пяцелькі зь фіялетавага пурпуру па берагах аднаго палатна, дзе павінна быць сьпята; і гэтаксама зробіш па берагах апошняга палатна, дзе павінна быць сьпята.
Пяцьдзесят петляў зрабі на адным палатне і пяцьдзесят петляў зрабі на вяршыні палатна, што знаходзіцца ў другім злучэнні, прасунутыя так, каб пятля прыходзілася насупраць пятлі.
Пяцьдзесят пяцелек прышыеш да аднаго палатна і пяцьдзесят пяцелек прышыеш да другога палатна ў месцы, дзе маюць быць сьпятыя, так, каб пяцелькі былі прышытыя насупраць адна адной.
Зрабі і пяцьдзесят залатых аплікаў, якімі патрэбна злучыць палотны, каб скінія была адным цэлым.
Затым прышыеш пяцьдзесят залатых кручкоў і зьвяжаш палотны пры дапамозе кручкоў тых, і скінія будзе адным цэлым.
Зрабі і адзінаццаць пакрыццяў з казінай поўсці на палатку над скініяй.
Потым зробіш адзінаццаць пакрыцьцяў з казінай воўны на палатку над скініяй.
Даўжыня аднаго пакрыцця хай мае трыццаць локцяў, а шырыня — чатыры; хай ўсе адзінаццаць пакрыццяў будуць аднолькавага памеру.
Даўжыня аднаго пакрыцьця будзе трыццаць локцяў, а шырыня — чатыры; усе адзінаццаць пакрыцьцяў будуць мець аднолькавыя памеры.
Злучы пяць з іх асобна, а шэсць злучы асобна між сабою так, каб шостае пакрыцце зрабіць падвойным адносна шырыні даху.
І палучыш пяць пакрыцьцяў асобна, а шэсьць пакрыцьцяў — асобна; і шостае пакрыцьцё зробіш падвойнае, яно мае вісець ля ўваходу ў скінію.
Зрабі пяцьдзесят петляў на краі апошняга пакрыцця для аднаго злучэння, і пяцьдзесят петляў па краі другога злучэння.
І зробіш пяцьдзесят пяцелек па краі апошняга пакрыцьця для сьпінаньня яго з другім, і пяцьдзесят пяцелек па краі другога пакрыцьця.
Зрабі пяцьдзесят медных аплікаў, якімі павінны злучацца петлі, каб з усяго атрымалася адзіная палатка.
І зробіш пяцьдзесят кручкоў медных, і ўложыш кручкі ў пяцелькі, і злучыш іх, каб з усіх сталася адна палатка.
А што застанецца з пакрыццяў, якія рыхтуюцца на дах, гэта значыць, адно пакрыццё, якое з’яўляецца больш шырокім, — накрый з сярэдзіны яго задні бок скініі;
А што засталося з пакрыцьцяў палаткі, палова пакрыцьця, што застанецца, хай будзе зьвісаць на заднім баку скініі.
і хай вісіць локаць з адной часткі, з другой — другі, які з’яўляецца даўжэйшым за пакрыцці палаткі, накрываючы абодва бакі скініі.
А што засталося ад даўжыні пакрыцьцяў палаткі, на локаць з аднаго і другога боку, хай будзе зьвісаць па баках скініі для прыкрыцьця яе.
Зрабі іншае пакрыццё на палатку з барановых шкур, пафарбаваных у чырвоны колер, і яшчэ другое пакрыццё верхняе з сініх шкур.
Затым зробіш іншае пакрыцьцё на палатку з чырвоных бараніх скураў і яшчэ пакрыцьцё верхняе са скураў дэльфінаў.
Зрабі і дошкі для скініі з дрэва акацыі, каб яны стаялі;
І зробіш дошкі для скініі з дрэва акацыі, каб яны стаялі проста.
у даўжыню кожная дошка хай мае дзесяць локцяў, а ў шырыню — паўтара локця.
У даўжыню кожная дошка будзе мець дзесяць локцяў, а ў шырыню — паўтары локці.
На кожнай дошцы хай будуць два шыпы, каб злучацца адна з адною; так хай будуць прыгатаваны ўсе дошкі скініі.
Кожная дошка будзе мець два шыпы, асаджаныя адзін супраць другога. І так зробіш пры ўсіх дошках скініі.
Так зробіш дваццаць дошак для паўднёвага боку, што глядзіць на поўдзень;
Так зробіш дваццаць дошкаў для паўдзённага боку, што глядзіць на поўдзень.
і пад іх зрабі сорак срэбраных падножжаў, па два пад адну дошку, каб кожнае падножжа падтрымліваліся адным шыпам адной дошкі.
І пад дваццаць дошкаў зробіш сорак серабараных падножак: дзьве падножкі пад адну дошку для яе шыпоў.
Хай будуць таксама дваццаць дошак для другога боку скініі, што глядзіць на поўнач,
І зробіш дваццаць дошкаў для другога боку скініі, што глядзіць на поўнач,
і для іх сорак срэбраных падножжаў; два падножжы хай падкладваюцца пад адну дошку.
і для іх сорак серабраных падножак; дзьве падножкі для двух шыпоў пад кожную дошку.
А для задняга боку скініі, на захад, зрабі шэсць дошак.
Для задняга боку скініі, на захад, зробіш шэсьць дошак.
Зноў дзве другія дошкі, якія будуць стаяць па вуглах на заходнім баку скініі, зрабі.
І дзьве дошкі зробіш для вуглоў скініі на заходнім баку.
І яны хай будуць падвоеныя, злучаныя ў адно цэлае знізу даверху; так хай будзе з гэтымі дзвюма, хай будуць яны на абодва вуглы.
Яны павінны быць злучаныя ўнізе і злучаныя ўверсе адным колцам. Так мае быць зь імі абедзьвюма для абодвух вуглоў.
І так будзе восем дошак, для іх срэбраных падножжаў шаснаццаць, бо налічана два падножжы на адну дошку.
І так будзе восем дошкаў, і для іх серабраных падножак шаснаццаць, па дзьве падножкі пад кожную дошку.
І зрабі жэрдкі з дрэва акацыі, пяць для падтрымкі дошак на адным баку скініі,
І зробіш жэрдкі з дрэва акацыі, пяць для дошкаў аднога боку скініі,
і пяць другіх для другога боку скініі, і такую ж колькасць у заходняй частцы;
і пяць для другога боку скініі, і пяць для дошкаў задняга боку скіні.
а сярэдняя жэрдка хай праходзіць пасярэдзіне дошак ад аднаго краю аж да другога.
А сярэдняя жэрдка будзе праходзіць пасярэдзіне дошкаў ад аднаго канца да другога.
А самі дошкі пакрый золатам, і зрабі для іх кольцы з золата, з дапамогай якіх жэрдкі будуць падтрымліваць дошкі, і пакрый іх залатымі пласцінамі.
А дошкі пацягні золатам, і колцы на ўкладаньне жэрдак зрабі з золата, і жэрдкі пацягні золатам.
І пастаў скінію паводле ўзору, які быў паказаны табе на гары.
І паставіш скінію паводле ўзору, каторы паказаны табе на гары.
І зрабі заслону з гіяцынту і пурпуру, з чырвані і кручанага вісону, стракатай работы, з вытканымі херубінамі.
І зробіш заслону зь фіялетавага і чырвонага пурпуру, з кармазыну і з кручанага вісону, з хэрубімамі, выгафтаванымі мастацкай работаю.
Павесіш яе на чатырох слупах з дрэва акацыі, якія хай будуць пакрытыя золатам, і хай маюць залатыя аплікі, але срэбраныя падножжы.
І павесіш яе на чатырох слупках з акацыі, пацягнутых золатам, з залатымі кручкамі ды на чатырох серабраных падножках.
І прасунь заслону ў аплікі, за ёю пакладзі каўчэг сведчання, і хай ім аддзяляецца месца святое ад найсвяцейшага.
І павесіш заслону на кручках, і ўнясеш туды за заслону Каўчэг Сьведчаньня, і будзе заслона аддзяляць месца Сьвятое ад Найсьвяцейшага.
Пакладзі і перамольню на каўчэг сведчання ў месцы найсвяцейшым.
І паложыш накрыўку на Каўчэг Сьведчаньня ў месцы Найсьвяцейшым.
І стол па-за заслонай, а насупраць стала на паўдзённым баку скініі — падсвечнік; стол жа хай стаіць на паўночным баку.
Паставіш перад заслонай стол, а насупраць стала на паўдзённым баку скініі — сьвечнік; стол жа паставіш на паўночным баку.
Зрабі заслону на ўваходзе ў скінію з гіяцынту і пурпуру, з чырвані і кручанага вісону залататканай работы.
І зробіш заслону над уваходам у скінію зь фіялетавага і чырвонага пурпуру, з кармазыну і кручанага вісону, шматколерна вышываную.
І пакрый золатам пяць слупоў з дрэва акацыі, перад якімі будзе праведзена заслона; хай аплікі да іх будуць залатыя, і падножжы медныя.
І зробіш для заслоны пяць слупкоў з дрэва акацыі, пацягнуўшы іх золатам, кручкі да іх таксама залатыя, і адлі да іх пяць падножак медзяны.