Выхад 9 разьдзел

Выхад
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

І сказаў Госпад Майсею: «Ідзі да фараона і скажы яму: “Гэта кажа Госпад, Бог гебраяў: “Адпусці народ Мой, каб учыніў Мне ахвярапрынашэнне.
 
І сказаў Госпад Майсею: «Ідзі да фараона і скажы яму: Вось што кажа Госпад, Бог Гебраяў: Пусьці народ Мой, каб склаў ахвяру Мне.

Бо калі адмовішся яшчэ раз і будзеш іх утрымліваць,
 
Калі іх ня пусьціш, а будзеш іх трымаць,

тады рука Госпадава будзе на маёмасці тваёй: на палях, на конях, і аслах, і вярблюдах, і валах, і авечках — пошасць вельмі страшная;
 
вось жа рука Госпадава будзе на маёмасьці тваёй; на полі, на конях, аслах, вярблюдах, валах і авечках — зараза вельмі страшная.

але Госпад раздзеліць маёмасць Ізраэля і маёмасць егіпцян, каб нічога не прапала з таго, што належыць сынам Ізраэля”».
 
Але Госпад разрозьніць паміж маёмасьцю Ізраэля і маёмасьцю Эгіпцянаў, каб нічога не прапала з таго, што належыць да сыноў Ізраэля.

І назначыў Госпад час, кажучы: «Заўтра споўніць Госпад слова гэтае на зямлі».
 
Прызначыў Госпад час, кажучы: Заўтра споўніць Госпад слова гэтае на зямлі».

Такім чынам, споўніў Госпад слова гэтае ў наступны дзень, і загінула ўся жывёла егіпцян, а з жывёлы сыноў Ізраэля не загінула нічога.
 
І споўніў Госпад слова гэтае наступнага дня, і загінула ўся жывёла Эгіпцянаў, а жывёла сыноў Ізраэля не загінула.

І паслаў фараон выведаць; і нічога не прапала з таго, чым валодаў Ізраэль. Аднак сэрца фараона зацвярдзела, і не адпусціў ён народ.
 
І паслаў фараон выведаць, і вось нішто не прапала з жывёлы сыноў Ізраэля. Аднак сэрца фараона было зацьвярдзеўшы, і не пусьціў ён народ.

І сказаў Госпад Майсею і Аарону: «Вазьміце поўнымі прыгаршчамі попел з печы, і Майсей хай кіне яго ў неба перад фараонам;
 
І сказаў Госпад Майсею і Аарону: «Вазьміце поўнымі прыгаршчамі сажы зь печы, і Майсей хай кіне яе ў неба ў бок фараона.

і хай падымецца пыл па ўсёй зямлі Егіпецкай; і будуць на людзях і на жывёле нарывы і скулы набухлыя на ўсёй зямлі Егіпецкай».
 
І падымецца пыл па ўсёй зямлі Эгіпецкай, і будзе на людзях і на жывёле выдзяляцца запаленьнем са скуламі на ўсёй зямлі Эгіпецкай».

І прынеслі яны попел з печы, і сталі перад фараонам, і кінуў яго Майсей у неба; і з’явіліся нарывы скул набухлых у людзей і жывёлы.
 
І прынесьлі яны попел зь печы, і сталі перад фараонам, і сыпнуў Майсей пыл пад неба, і зьявіліся запаленьні са скуламі ў людзей і жывёлы.

І чараўнікі не маглі з’явіцца перад Майсеем з-за скул, якія на іх былі, як і па ўсёй зямлі Егіпецкай.
 
А чараўнікі не маглі явіцца перад Майсеям дзеля пухлінаў і скулаў, якія на іх былі, як і па ўсёй зямлі Эгіпецкай.

Але Госпад зрабіў цвёрдым сэрца фараона, і ён не паслухаў іх, як прадказаў Госпад Майсею.
 
Але Госпад закамяніў сэрца фараона, і ён не паслухаў іх, як і сказаў Госпад Майсею.

І сказаў Госпад Майсею: «Устань зранку, і стань перад фараонам, і скажы яму: “Гэта кажа Госпад, Бог гебраяў: “Адпусці народ Мой, каб учыніў Мне ахвярапрынашэнне;
 
І сказаў Госпад Майсею: «Устань рана і ідзі да фараона, і скажы яму: Гэта кажа Госпад, Бог Гебраяў: Пусьці народ Мой, каб склаў Мне ахвяру.

бо ў гэты раз пашлю ўсе плягі Мае на сэрца тваё, і на паслугачоў тваіх, і на народ твой, каб ведаў ты, што няма падобнага Мне на ўсёй зямлі.
 
Бо гэтым разам спашлю ўсе плягі Мае ў сэрца тваё, і на слугаў тваіх, і на народ твой, каб ведаў ты, што няма роўнага Мне на ўсёй зямлі.

Бо цяпер, калі б Я, выцягнуўшы руку, ударыў цябе і народ твой пошасцю, прапаў бы ты з зямлі.
 
Бо вось цяпер, калі б Я выцягнуў руку і ўдарыў цябе і народ твой заразай, прапаў бы ты з паверху зямлі.

Таму Я і захаваў цябе, каб на табе паказаць магутнасць Маю і каб было распавядана пра імя Маё па ўсёй зямлі.
 
Але дзеля таго Я захаваў цябе, каб на табе паказаць магутнасьць Маю, і каб было слаўлена імя Маё па ўсёй зямлі.

Ты ўсё яшчэ ўтрымліваеш народ Мой і не жадаеш адпусціць яго?
 
Дакуль ты будзеш трымаць народ Мой і ня будзеш пускаць яго?

Вось, заўтра, у гэты самы час, Я пашлю град, такі вялікі, якога не было ў Егіпце ад дня яго заснавання і дасюль.
 
Вось жа заўтра, у той самы час, Я спашлю град надта вялікі, якога яшчэ не было ў Эгіпце ад дня яго заснаваньня аж дасюль.

Такім чынам, ужо цяпер пашлі і сабяры жывёлу сваю і ўсё, што маеш на полі; бо на людзей і жывёлу ўсю, што будзе на двары і што не будзе сабрана з палёў, упадзе град, і яны загінуць”».
 
Дык ужо цяпер пашлі і зьбяры жывёлу сваю, і ўсё, што маеш на полі, бо на людзей і жывёлу ўсю, што будзе на двары і што ня будзе сабрана з палёў, упадзе град, і яны пагінуць».

Хто спалохаўся слова Госпадава з паслугачоў фараона, дазволіў паслугачам сваім і жывёле шукаць абароны ў дамах;
 
Хто збаяўся слова Госпадавага са слугаў фараона, скора сабраў слугаў сваіх і жывёлу ў дамы,

а хто пагрэбаваў словам Госпада, той пакінуў паслугачоў сваіх і жывёлу на палях.
 
а хто занядбаў перасьцярогі Госпада, той пакінуў слугаў сваіх і жывёлу на полі.

І сказаў Госпад Майсею: «Выцягні руку сваю ў неба, каб пайшоў град на ўсёй зямлі Егіпецкай: на людзей, і на жывёлу, і на ўсю расліннасць палявую ў зямлі Егіпецкай».
 
І сказаў Госпад Майсею: «Выцягні руку сваю да неба, каб пайшоў град на ўсю зямлю Эгіпецкую, на людзей, і на жывёлу, і на ўсю расьліннасьць палявую ў зямлі Эгіпецкай».

І выцягнуў Майсей кій свой у неба, і Госпад паслаў грымоты, і град, і маланкі, што разбягаюцца па зямлі; і спаслаў Госпад град на зямлю Егіпецкую.
 
І выцягнуў Майсей палку да неба, і Госпад спаслаў грымоты і град, і агонь разьліваўся па зямлі. І спаслаў Госпад град на зямлю Эгіпецкую.

І град, і агонь, змяшаныя разам, з’явіліся; град быў такі велізарны, якога не было на зямлі Егіпецкай ніколі ад часу, калі ён стаўся народам.
 
І быў град, і маланкі з градам на перамену такія велізарныя, што не было такіх на зямлі Эгіпецкай ад часу, калі ён (Эгіпет) стаўся народам.

І ўдарыў град па ўсёй зямлі Егіпецкай, па ўсім, што было на палях: ад чалавека да жывёлы; і ўдарыў град па ўсёй расліннасці палявой і паламаў кожнае дрэва краіны.
 
І падаў град на ўсю зямлю Эгіпецкую, на ўсё, што было на полі, і зьнішчыў град людзей, жывёлу і ўсю траву палявую, поруч паламаў кожнае дрэва на полі.

Толькі ў зямлі Гашэн, дзе былі сыны Ізраэля, граду не здарылася.
 
Толькі ў зямлі Гашэн, дзе былі сыны Ізраэля, граду не было.

І паслаў фараон, і паклікаў Майсея і Аарона, гаворачы ім: «Цяпер я зграшыў; Госпад справядлівы, я і мой народ — вінаватыя.
 
І паслаў фараон, і паклікаў Майсея і Аарона, і сказаў ім: «Цяпер я саграшыў. Госпад справядлівы, а я і мой народ правініліся.

Прасіце Госпада, каб спыніліся грымоты Божыя і град, а я адпушчу вас, і ўжо ніколі больш не застанецеся тут».
 
Прасіце Госпада, каб спыніліся грымоты Божыя і град, а я пушчу вас, і ўжо ніколі ня будзеце тут прабываць».

Сказаў Майсей: «Калі я выйду з горада, выцягну далоні мае да Госпада; і спыняцца грымоты, і граду не будзе, каб ведаў ты, што Госпадава зямля.
 
І сказаў Майсей: «Калі я выйду з гораду, выцягну далоні мае да Госпада, і спыняцца грымоты, і граду ня будзе, каб ведаў ты, што Госпадава зямля.

Але я ведаю, што ані ты, ані паслугачы твае не баіцеся яшчэ Госпада Бога».
 
Але я ведаю, што ані ты, ані слугі твае не баяцца яшчэ Госпада Бога».

Такім чынам, лён і ячмень былі папсаваныя, таму што ячмень выпусціў ужо каласы, а лён ужо меў семя;
 
Лён і ячмень былі пабітыя, таму што ячмень меў ужо каласы, а лён ужо меў семя;

а пшаніца і жыта не былі папсаваныя, бо паспявалі позна.
 
а пшаніца і жыта не былі пашкоджаны, бо яны пазьнейшыя.

І, выйшаўшы ад фараона з горада, Майсей выцягнуў рукі да Госпада; і спыніліся грымоты і град, і не праліваліся больш дажджы на зямлю.
 
І выйшаў Майсей ад фараона з гораду, і выцягнуў рукі да Госпада, і спыніліся грымоты і град, і спыніліся навальніцы на зямлі.

А фараон, бачачы, што і дажджы спыніліся, і град, і грымоты, павялічыў грэх;
 
А фараон, бачачы, што і навальніца спынілася, і град, і грымоты, працягваў грашыць.

і зацвярдзела сэрца яго і паслугачоў яго, і занадта зацвярдзела; і не адпусціў ён сыноў Ізраэля, як і казаў Госпад праз Майсея.
 
І зацьвярдзела сэрца яго і слугаў ягоных, і надта закамянела, і не пусьціў ён сыноў Ізраэля, як і казаў Госпад праз Майсея.