Выхад 36 разьдзел
Выхад
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 2002
Такім чынам, Бесэлеэль, і Агаліяб, і кожны мудры мужчына, якім Госпад даў мудрасць і розум, каб умелі працаваць па-майстэрску, выканалі ўсё, што патрэбна на ўжыванне ў святыні, што загадаў Госпад.
Дык Бэцалеэль і Агаліяб, і кожны здольны мужчына, каторых Госпад надзяліў мудрасьцю і ўмеласьцю, каб разумелі работу рамесьніка, хай выканаюць усё патрэбнае на пабудову сьвятыні і іншае, што загадаў Госпад».
І паклікаў Майсей Бесэлеэля, і Агаліяба, і кожнага ўмелага чалавека, якому Госпад даў мудрасць; і ўсе, хто добраахвотна аддаўся выкананню працы,
І паклікаў Майсей Бэцалеэля і Агаліяба, і кожнага здольнага чалавека, якому Госпад даў мудрасьць, і ўсіх, каторыя ахвотна ахвяроўваліся да выкананьня гэтае працы.
атрымалі ад яго ўсе дары, якія прынеслі сыны Ізраэля на выкананне працы для служэння ў святыні. А тыя штодзень раніцай прыносілі яму новыя дары.
Яны вось атрымалі ад Майсея ўсе дары, якія прынесьлі сыны Ізраэля на выкананьне работаў для служэньня ў сьвятыні. Пры тым штодзень на раніцы ахвяроўвалі новыя дары.
Тады сабраліся ўсе мудрыя рамеснікі, кожны ў сваім рамястве з-за святыні,
Дзеля таго сабраліся ўсе здольныя рамесьнікі, кожны ў сваім рамясьле, для пабудовы сьвятыні,
і сказалі Майсею: «Народ больш прыносіць, чым патрэбна для справы, якую Госпад загадаў выканаць».
і сказалі Майсею: «Народ больш прыносіць, чым патрэбна для справы, якую Госпад загадаў выканаць».
Таму Майсей загадаў абвясціць у лагеры голасам вестуна: «Хай ані мужчына, ані жанчына не прыносяць болей на ўсякую працу для святыні». І, такім чынам, спынілася прынясенне дароў,
Дык Майсей загадаў абвясьціць у табары ў голас: «Хай мужчыны і жанчыны не прыносяць болей на пабудову сьвятыні». Адсюль перасталі прыносіць дары,
бо прынесенага хапала і было аж занадта.
таму што ўжо зложаных аж надта хапала.
І мудрыя сэрцам паміж майстроў скініі зрабілі дзесяць палотнаў з кручанага вісону, і з гіяцынту, і з пурпуру, і з чырвані, з херубінамі, вытканымі стракатай работаю;
І наймудрэйшыя сэрцам спаміж майстроў Скініі зрабілі дзесяць палотнаў з кручанага вісону і зь фіялетавага і чырвонага пурпуру, і з кармазыну, з хэрубімамі, выгафтаванымі мастацкай работаю.
у даўжыню дваццаць восем локцяў, а ў шырыню — чатыры локці: усе палотны былі аднаго памеру.
Даўжыня аднаго палатна двадцаць восем локцяў, а шырыня — чатыры локці; усе ж палотны мелі адну меру.
І злучыў ён пяць палотнаў адно з адным, і другіх пяць палотнаў злучыў паміж сабою.
Пяць палотнаў былі злучаны адно з другім, падобна другіх пяць палотнаў былі злучаны паміж сабою.
Зрабіў і петлі гіяцынтавыя на краі аднаго палатна, на краі злучэння, такім жа чынам — на краі другога палатна ў другім злучэнні.
І прышылі пяцелькі зь фіялетавага пурпуру па берагах аднаго палатна, дзе мае быць сьпята, таксама зроблена па берагах апошняга палатна, дзе павінна быць сьпята.
Пяцьдзесят петляў зрабіў для абодвух палотнаў, каб петлі прыходзіліся адна насупраць адной і злучаліся між сабою.
Пяцьдзесят пяцелек прышылі да аднаго палатна і пяцьдзесят пяцелек — да другога ў месцы, дзе мае быць сьпята, так што пяцелькі былі прышытыя адна насупраць другой.
Тады і пяцьдзесят залатых аплікаў зрабіў ён, якія звязалі петлі палотнаў, і скінія зрабілася адным цэлым.
Затым прышылі пяцьдзесят залатых кручкоў і зьвязалі палотны пры дапамозе гэтых кручкоў так, што Скінія тварыла адно цэлае.
Зрабіў і адзінаццаць пакрыццяў з казінай поўсці на палатку над скініяй;
Таксама зрабілі адзінаццаць пакрыцьцяў з казінае воўны на палатку над Скініяй.
у даўжыню адно пакрыцце мела трыццаць локцяў, а ў шырыню — чатыры локці: усе пакрыцці былі аднолькавага памеру.
Даўжыня аднаго пакрыцьця была трыццаць локцяў, а шырыня — чатыры локці, і гэтыя адзінаццаць пакрыцьцяў мелі аднолькавую меру.
Ён злучыў паміж сабой пяць пакрыццяў асобна, а шэсць другіх асобна.
І зьвязалі паміж сабой пяць пакрыцьцяў асобна, а шэсьць другіх — асобна.
І зрабіў ён пяцьдзесят петляў на краі злучэння апошняга пакрыцця і пяцьдзесят петляў па краі злучэння другога пакрыцця, каб яны злучаліся паміж сабою.
І прышылі пяцьдзесят пяцелек па берагах аднаго пакрыцьця ў месцы, у каторым маюць быць сьцягнуты, і пяцьдзесят пяцелек па берагах другога пакрыцьця ў месцы, у каторым маюць быць сьцягнуты.
І зрабіў ён пяцьдзесят медных аплікаў, якімі звязвалася палатка, каб быць адзінай.
Затым прышылі пяцьдзесят медзяных кручкоў і такім чынам зьвязалі пакрыцьці Скініі, што яны ўтварылі адно цэлае.
Зрабіў і пакрыцце на палатку з барановых шкур, пафарбаваных у чырвоны колер, і другое пакрыццё верхняе з сініх шкур.
Апрача таго зрабілі пакрыцьцё на палатку са скураў бараноў, пафарбаваных на чырвона, і, наастатак, пакрыцьцё на верх са скураў дэльфінаў.
Зрабіў і дошкі для скініі, што стаяць, з дрэва акацыі.
І зрабілі дошкі Скініі з дрэва акацыі, і паставілі іх проста.
Даўжыня адной дошкі была дзесяць локцяў, а шырыня мела паўтара локця.
Даўжыня адной дошкі — дзесяць локцяў, а шырыня дошкі — паўтары локці.
Кожная дошка мела два шыпы, каб злучацца адна з адною: так ён зрабіў на ўсіх дошках скініі.
Кожная дошка мела два шыпы, асаджаныя адзін насупраць другога; і так зроблена на ўсіх дошках Скініі.
З іх было дваццаць дошак для паўднёвага боку, што глядзіць на поўдзень,
І зроблена было на Скінію дваццаць дошак на паўднёвы бок, што глядзіць на поўдзень,
і сорак срэбраных падножжаў. Пад кожную дошку два падножжы размяшчаліся на двух шыпах.
і сорак падножак серабраных, зробленых пад гэтыя дваццаць дошак, пад кожную дошку дзве падножкі на абодва шыпы.
Таксама для другога боку скініі, які глядзіць на поўнач, зрабіў дваццаць дошак,
А на другі бок, на паўночную сьцяну, зроблена таксама дваццаць дошак,
і для іх сорак падножжаў срэбраных: два падножжы пад кожную дошку.
і да іх сорак падножак серабраных, па дзьве падножкі пад кожную дошку.
А для заходняга боку, гэта значыць для той часткі скініі, што глядзіць на мора, ён зрабіў шэсць дошак і дзве другія для кожнага вугла
А на задні бок Скініі, на заходнюю сьцяну, зроблена шэсьць дошак.
знізу даверху скініі ззаду; яны былі падвоеныя, злучаныя ў адно цэлае знізу даверху.
Пры вуглах гэтае задняе сьцяны Скініі пастаўлена па дзьве дошкі.
Так зрабіў ён дзве дошкі на абодвух вуглах,
Прыставалі яны шчыльна адна да другой і ўнізе і ўверсе былі шчыльна злучаны між сабою. Так зроблена з дошкамі на абодвух вуглах.
каб усяго было восем дошак і каб яны мелі шаснаццаць падножжаў срэбраных: гэта значыць, па два падножжы пад кожную дошку.
Такім чынам у задняй сьцяне Скініі было восем дошак, а падножкаў серабраных — шаснаццаць, значыць, па дзьве падножкі на кожную дошку.
Зрабіў і пяць жэрдак з дрэва акацыі для звязвання дошак, пяць для аднаго боку скініі і пяць другіх —
І зрабілі таксама жэрдкі з дрэва акацыі для зьвязваньня дошкаў, пяць для аднаго боку Скініі,
для другога боку скініі; і акрамя іх пяць другіх жэрдак для заходняга боку скініі, насупраць злучэння мора.
і пяць жэрдак для дошкаў другога боку Скініі, і пяць жэрдак для задняй, значыць, заходняй сьцяны Скініі.
І зрабіў ён сярэднюю жэрдку, якая праходзіла праз сярэдзіну дошак ад аднаго краю аж да другога.
Жэрдку сярэднюю зроблена ў такі спосаб, што праходзіла яна ад аднаго канца да другога.
А самі дошкі пакрыў золатам. І ён зрабіў залатымі іх кольцы, у якія маглі быць прасунуты жэрдкі, і самі іх пакрыў залатымі пласцінамі.
Дошкі пацягнуты золатам, і колцы, у каторыя ўкладаліся жэрдкі, зроблены з золата, і жэрдкі пацягнуты золатам.
Зрабіў таксама пакрывала з гіяцынту і пурпуру, з чырвані і кручанага вісону, стракатай работы, з херубінамі вытканымі;
Зроблена таксама заслону зь фіялетавага і чырвонага пурпуру, з кармазыну і кручанага вісону з хэрубімамі, выгафтаванымі мастацкаю работаю.
і зрабіў ён заслону на чатыры слупы з дрэва акацыі, якія з аплікамі іх пакрыў золатам, і чатыры падножжы, адлітыя са срэбра.
І павесілі заслону на чатырох слупках з дрэва акацыі, пацягнутых золатам. Кручкі да іх зроблена з золата, а чатыры падножкі зроблена зь серабра.
Зрабіў таксама заслону на ўваходзе ў скінію з гіяцынту і пурпуру, з чырвані і кручанага вісону залататканай работы;
Зроблена таксама заслону ля ўваходу ў Скінію зь фіялетавага і чырвонага пурпуру, з кармазыну і кручанага вісону, шматколерна вышываную.
і пяць слупоў з іх аплікамі. І пакрыў ён золатам вяршыні і кольцы іх, а падножжы іх зрабіў з медзі.
І зроблена да яе пяць слупкоў і кручкі, і пацягнута золатам іх вярхі і колцы, а падножкі да іх былі зь медзі.