Выхад 12 разьдзел
Выхад
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2002
І сказаў ГОСПАД Майсею і Аарону ў зямлі Эгіпецкай, кажучы:
І сказаў Госпад Майсею і Аарону ў зямлі Эгіпецкай:
«Месяц гэты няхай будзе ў вас пачаткам месяцаў; першым няхай ён будзе ў вас месяцам году.
«Месяц гэты будзе вам пачаткам месяцаў, і будзе ён першым месяцам году.
Прамоўце да ўсёй грамады Ізраіля, кажучы: “У дзясяты [дзень] гэтага месяца няхай возьме сабе кожны ягня для дому бацькоў, ягня на дом.
Гаварыце ўсяму сабраньню сыноў Ізраэля і скажыце ім: У дзесяты дзень гэтага месяца кожны хай возьме ягнё на сям'ю сваю і на дом свой.
І калі малы дом, каб [спажыць] ягня, няхай возьме ён і сусед найбліжэйшы да дому ягонага, паводле ліку душаў; паводле таго, колькі кожны зьесьць, палічыце на ягня.
А калі лік сям'і будзе замалы для спажыцьця ягняці, хай возьмуць каго з бліжэйшых суседзяў каля свайго дому паводле ліку душ, патрэбнага для спажыцьця ягняці.
Ягня беззаганнае, самец аднагодак мае быць у вас; з авечак альбо з козаў возьмеце [яго].
Хай ягнятка будзе без заганы, самец гадавы. Паводле гэтага спосабу можна ўзяць і казьлянё.
І будзеце захоўваць яго да чатырнаццатага дня гэтага месяца. І зарэжа яго ўся царква грамады Ізраіля адвячоркам.
І захаваеце яго да чатырнаццатага дня гэтага месяца, а тады пад вечар заб'е яго ўся супольнасьць сыноў Ізраэля.
І возьмуць кроў [ягоную], і памажуць абодва вушакі і вершнікі ў дамах, у якіх будуць есьці яго.
І возьмуць крыві ягонай, каб памазаць ёю вушакі і парогі дамоў, у якіх будуць яго спажываць.
І будуць есьці ў гэтую ноч мяса [ягонае], сьпечанае на агні, і праснакі; з горкімі травамі будуць есьці [яго].
І будуць есьці ў тую ноч мяса яго, печанае на агні, і праснакі з горкаю травою.
Ня ешце з яго сырога або зваранага ў вадзе, але сьпечанае на агні, галаву ягоную з галёнкамі ягонымі і нутром ягоным.
Ня ешце зь яго нічога сырога ані зваранага ў вадзе, але ешце сьпечанае на агні, галаву з нагамі і нутро.
І не пакідайце [нічога] з яго да раніцы; і тое, што застанецца з яго да раніцы, спаліце на агні.
Нічога зь яго хай не застанецца да раніцы; калі б што засталося, спаліце на агні.
І гэтак будзеце есьці яго: няхай будуць сьцёгны вашыя падперазаныя, абутак ваш — на нагах вашых і кій ваш — у руцэ вашай, і ешце яго пасьпешліва. Гэта — Пасха для ГОСПАДА”.
Так вось спажывайце яго: падперажыце паясьніцы вашыя і мейце сандалы на нагах, трымаючы палкі ў руках, ешце пасьпешна, гэта бо ёсьць Пасха Госпада!
І Я прайду па зямлі Эгіпецкай у гэтую ноч, і заб’ю кожнага першароднага ў зямлі Эгіпецкай, ад чалавека аж да скаціны, і над усімі багамі Эгіпту Я ўчыню суды. Я — ГОСПАД.
У тую ноч Я перайду праз Эгіпет і пазабіваю ўсё першароднае ў зямлі Эгіпецкай, ад чалавека аж да жывёлы, і правяду суд над усімі багамі Эгіпту. Я — Госпад.
І будзе для вас кроў знакам на дамах, у якіх вы будзеце, і Я ўбачу кроў, і абміну вас, і ня будзе сярод вас плягі зьнішчэньня, калі Я буду забіваць у зямлі Эгіпецкай.
Кроў будзе вам на азначэньне дамоў, у каторых будзеце прабываць. Калі пабачу кроў, прайду між вас, і ня будзе між вас плягі зьнішчэньня, калі Я буду караць зямлю Эгіпецкую.
І будзе дзень гэты для вас на ўспамін, і будзеце сьвяткаваць яго як сьвята для ГОСПАДА ў пакаленьнях вашых; як пастанову вечную будзеце сьвяткаваць яго.
Дзень гэты стане вам памятным днём, і сьвяткаваць яго будзеце як сьвята для ўшанаваньня Госпада праз усе пакаленьні вечным сьвятам.
Сем дзён будзеце есьці праснакі; і ўжо ў першы дзень прыміце кісьлю з дамоў вашых; бо кожны, хто будзе есьці кіслае з першага дня да сёмага дня, душа таго будзе выгублена з Ізраілю.
Сем дзён будзеце есьці праснакі. З самага першага дня прымеце ўсё кіслае з дамоў вашых, бо хто б еў кіслае ад першага дня да сёмага, зьнішчана будзе душа тая спаміж Ізраэля.
А ў першы дзень — сьвяты збор, і ў сёмы дзень сьвяты збор будзе ў вас, ніякай работы ня будзеце рабіць у іх; толькі тое, што есьці кожнай душы, адно тое можна рабіць вам.
Першы дзень будзе сьвятым і ўрачыстым, і дзень сёмы будзе сьвяткавацца таксама з урачыстасьцю. Ніякай работы ня будзеце рабіць у тыя дні, за выняткам той, што трэба для прыгатаваньня яды.
І захоўвайце [Сьвята] Праснакоў, бо ў гэты дзень Я вывеў войска вашае з зямлі Эгіпецкай; і захоўвайце гэты дзень у пакаленьнях вашых як пастанову вечную.
Захоўвайце сьвята праснакоў, бо ў гэты дзень Я вывеў дружыны вашыя зь зямлі Эгіпецкай. Захавайце гэты дзень у пакаленьні вашыя як пастанову вечную.
У першы [месяц], у чатырнаццаты дзень месяца з вечара будзеце есьці праснакі аж да вечара дваццаць першага дня таго самага месяца.
Чатырнаццатага дня першага месяца зь вечара павінны вы есьці праснакі аж да вечара дваццаць першага дня таго ж месяца.
Сем дзён кісьля няхай ня знойдзецца ў дамах вашых; бо хто будзе есьці кіслае, выгублена будзе душа тая з грамады Ізраіля, ці гэта прыхадзень, ці той, што нарадзіўся ў гэтай зямлі.
Сем дзён ня будзе ў вашых дамах ніякай кісьлі, бо хто б еў штосьці квашанае, зьнішчана будзе душа яго спаміж сабраньня Ізраэля, ці ён з чужынцаў, ці з тутэйшых.
Нічога кіслага ня будзеце есьці; у-ва ўсіх сядзібах вашых будзеце есьці праснакі».
Нічога квашанага ня будзеце есьці. Ва ўсіх дамах вашых маеце есьці праснакі».
І паклікаў Майсей усіх старшыняў Ізраіля, і сказаў ім: «Выберыце і вазьміце сабе ягнятка паводле плямёнаў вашых і зарэжце яго [як ахвяру] пасхальную.
І склікаў вось Майсей усіх старшыняў сыноў Ізраэля, і сказаў ім: «Выбярыце і вазьміце ягнё для вашых сем'яў і забіце як пасху.
І вазьміце вязку ізопу, і занурыце ў кроў, якая ў мядніцы, і памажаце вершнік і абодва вушакі крывёю, якая ў мядніцы, і вы самі не выходзьце ніхто за дзьверы дому свайго аж да раніцы.
І вазьміце галінку гізопу, і занурыце яе ў крыві, якая ў місе, і крывёй зь місы пакрапіце парог і вушакі. Аж да раніцы не павінен ніхто з вас выходзіць за дзьверы дому свайго.
І пойдзе ГОСПАД, каб губіць Эгіпет, і ўбачыць кроў на вершніку і на абодвух вушаках, і пройдзе ГОСПАД каля дзьвярэй, і ня дасьць нішчыцелю ўвайсьці ў дамы вашыя, каб губіць.
А калі Госпад будзе праходзіць, каб нішчыць Эгіпцянаў, і ўбачыць кроў на парозе і на вушаках, то абміне Госпад такія дзьверы і не дазволіць нішчыцелю ўвайсьці ў тыя дамы, каб забіваць вас.
І будзеце захоўваць слова гэтае, як пастанову для сябе і для сыноў вашых на вякі.
І трымайцеся гэтага прыказаньня, як закону для цябе і для дзяцей тваіх на векі.
І станецца, што, калі вы ўвойдзеце ў зямлю, якую дасьць вам ГОСПАД, як Ён казаў, вы будзеце захоўваць служэньне гэтае.
Калі ўвойдзеце ў зямлю, каторую дасьць вам Госпад, як абяцаў, трымайцеся гэтага звычаю.
І станецца, што скажуць вам сыны вашыя: “Што гэта за служэньне ў вас?",
Калі вас запытаюць дзеці: «Што гэта за сьвяты звычай?»,
а вы адкажаце: “Гэта ахвяра — Пасха для ГОСПАДА, Які абмінуў дамы сыноў Ізраіля ў Эгіпце, калі губіў Эгіпет, а дамы нашыя захаваў”». І схіліўся народ, і пакланіўся.
дык скажыце ім: «Гэта ахвяра Пасхі на чэсьць Госпада, Каторы ў Эгіпце абмінуў дамы сыноў Ізраэля. Эгіпцян пазабіваў, а дамы нашыя захаваў». І народ тады ўкленчыў і пакланіўся.
І пайшлі, і зрабілі сыны Ізраіля; як загадаў ГОСПАД Майсею і Аарону, так і зрабілі.
І, выйшаўшы, сыны Ізраэля зрабілі, як Госпад загадаў Майсею і Аарону.
І сталася а палове ночы, і забіў ГОСПАД усіх першародных у зямлі Эгіпецкай, ад першароднага фараона, які сядзеў на пасадзе сваім, аж да першароднага вязьня, які ў вязьніцы, і ўсіх першародных у жывёлы.
Апоўначы Госпад пазабіваў усё першароднае ў зямлі Эгіпецкай, ад першароднага сына фараона, каторы сядзеў на троне, аж да першароднага вязьня, каторы сядзеў ў вастрозе, і ўсё першароднае жывёлы.
І ўстаў фараон уначы, сам і ўсе слугі ягоныя, і ўвесь Эгіпет; і сталася вялікае галашэньне ў Эгіпце, бо не было дому, у якім не было б памерлага.
І ўстаў ноччу фараон, і ўсе слугі ягоныя, і ўвесь Эгіпет, і падняўся вялікі лямант у Эгіпце, бо не было дому, у каторым не было б нябожчыка.
І паклікаў ён Майсея і Аарона ўначы, і сказаў: «Устаньце, выйдзіце з асяродзьдзя народу майго, і вы, і таксама сыны Ізраіля, і ідзіце, служыце ГОСПАДУ, як вы казалі.
І, паклікаўшы яшчэ ноччу Майсея і Аарона, фараон сказаў: «Уставайце і ідзіце спаміж народу майго, як вы, так і сыны Ізраэлевы! Ідзіце і складайце ахвяры Госпаду, як вы казалі.
Таксама авечак вашых, таксама валоў вашых вазьміце, як вы казалі, і ідзіце, і дабраславіце таксама мяне».
Бярыце авечкі вашыя і жывёлу, як прасілі, і, адыходзячы, дабраславіце мяне».
І прысьпешвалі Эгіпцяне народ, каб хутчэй выслаць яго з зямлі той, бо яны казалі: «Усе мы памром».
І Эгіпцяне прынукалі народ, каб як найхутчэй выходзіў зь зямлі, кажучы: «Усе мы паўміраем».
І панёс народ цеста сваё перш, чым яно скісла, дзежы свае, завязаныя ў шаты свае, на плячах сваіх.
І ўзяў народ цеста незакавшанае, і дзежы, завернутыя накідкамі, і панёс на плячах сваіх.
І сыны Ізраіля зрабілі паводле слова Майсея, і пазычылі ў Эгіпцянаў начыньне срэбнае і начыньне залатое, і адзеньне.
І сыны Ізраэля зрабілі так, як ім загадаў Майсей, і пазычылі ў Эгіпцянаў посуд серабраны і залаты, і мноства адзеньня.
І ГОСПАД даў ласку народу ў вачах Эгіпцянаў, і яны пазычалі ім; і абрабавалі яны Эгіпет.
І Госпад даў спагаднасьць у вачах Эгіпцянаў для народу, так што яны пазычалі і гэтак абрабавалі Эгіпцянаў.
І вырушылі сыны Ізраіля з Рамсэса ў Сукот [у ліку] каля шасьцісот тысячаў пешых мужчынаў, апрача дзяцей.
І вырушылі сыны Ізраэлевы з Рамсэсу ў Сукот у ліку каля шасьцісот тысячаў пешых мужчынаў, апрача дзяцей.
Таксама мноства плямёнаў выйшла з імі, і авечкі, і валы, набытак вельмі вялікі.
Таксама многа іншапляменьнікаў пайшло зь імі, і авечкі, і быдла, і велізарны набытак.
І сьпяклі яны з цеста, якое вынесьлі з Эгіпту, прэсныя аладкі, бо яно яшчэ ня скісла, бо яны былі выгнаныя з Эгіпту і не маглі затрымацца, і нават ежы не прыгатавалі сабе [ў дарогу].
Зь цеста, каторае вынесьлі з Эгіпту, напяклі яны бондачак прэсных, бо ня ўкісла цеста, таму што былі яны выгнаныя з Эгіпту і не маглі затрымацца, каб прыгатаваць сабе страву на дарогу.
А [час] аселасьці сыноў Ізраіля, колькі яны жылі ў Эгіпце, быў чатырыста трыццаць гадоў.
А час прабываньня сыноў Ізраэля ў Эгіпце трываў чатырыста трыццаць гадоў.
І сталася па заканчэньні чатырыста трыццаці гадоў, што ў гэтым самы дзень выйшла ўсё войска ГОСПАДА з зямлі Эгіпецкай.
І вось у той самы дзень па чатырыста трыццацёх гадах выйшлі ўсе дружыны Госпада зь зямлі Эгіпецкай.
Гэта ноч чуваньня для ГОСПАДА, калі Ён вывеў іх з зямлі Эгіпецкай, і гэтая самая ноч — чуваньне перад ГОСПАДАМ для ўсіх сыноў Ізраіля ў пакаленьні іхнія.
У гэтую ноч Госпад чуваў дзеля вываду іх зь зямлі Эгіпецкай. Таму гэтая ноч павінна быць чуваньнем на спахвалу Госпаду для ўсіх сыноў Ізраэля з пакаленньня ў пакаленьне.
І сказаў ГОСПАД Майсею і Аарону: «Вось пастанова Пасхі: ніякі чужынец ня будзе есьці яе.
І сказаў Госпад Майсею і Аарону: «Гэта ёсьць закон Пасхі: Ніводзін чужынец ня можа яе есьці.
А кожны слуга — чалавек, набыты за срэбра, калі ты абрэжаш яго, можа есьці яе.
Аднак нявольнік, куплены за грошы, каторы прыняў абрэзаньне, можа яе спажываць.
Прыхадзень і найміт ня будзе есьці яе.
Прыбылец і найміт ня могуць яе есьці.
У адным доме маеце есьці яе, не выносьце мяса вонкі з дому, і косткі яе не ламіце.
У адным і тым самым доме мае яна спажывацца, нельга выносіць з дому найменшага куска мяса на двор, і косьці яе няхай ня ломяцца.
Уся грамада Ізраіля мае рабіць гэта.
Усё сабраньне сыноў Ізраэля захавае гэта.
І калі чужынец будзе жыць з табою, і [захоча] ўчыніць Пасху ГОСПАДА, абрэж у яго ўсіх мужчынаў, і тады няхай наблізіцца, каб рабіць яе, і будзе ён як тутэйшы ў зямлі; але ніхто неабрэзаны ня будзе есьці яе.
Калі б чужынец, прабываючы ў цябе, захацеў сьвяткаваць Пасху Госпадаву, то абрэж у яго ўсіх мужчынскага роду, і тады можаш дапусьціць яго да сьвяткаваньня Пасхі, бо тады будзе ён мець права тутэйшага. Ніводзін жа неабрэзаны ня можа есьці Пасхі.
Адзін закон будзе для тутэйшага і для чужынца, што жыве сярод вас».
Такі самы закон будзе для тутэйшых і для чужынцаў, што прабываюць у вас».
І зрабілі гэта ўсе сыны Ізраіля; як ГОСПАД загадаў Майсею і Аарону, так і зрабілі.
І ўсе сыны Ізраэля зрабілі так, як Госпад загадаў Майсею і Аарону.
І сталася, што ў той самы дзень ГОСПАД вывеў сыноў Ізраіля з зямлі Эгіпецкай паводле дружынаў іхніх.
У той самы дзень вывеў Госпад сыноў Ізраэля дружынамі зь зямлі Эгіпецкай.