Выхад 24 разьдзел
Выхад
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча
Сказаў таксама Майсею: «Узыдзі да Госпада ты і Аарон, Надаб і Абігу, і семдзесят старэйшын Ізраэля, і здалёк пакланіцеся.
І Масею сказаў Ён: «Узыйдзі да СПАДАРА ты а Аарон, Надаў а Авігу а семдзясят із старцоў Ізраелявых, і пакланіцеся здалеку.
І толькі адзін Майсей наблізіцца да Госпада, а яны хай не набліжаюцца, ані народ не ўзыдзе з ім».
І дабліжыцца Масей адзінюсенькі да СПАДАРА; а яны няхай ня бліжацца, і люд няхай ня ўзыходзе зь ім».
Дык прыйшоў Майсей і расказаў народу ўсе словы Госпада і прыказанні; а ўвесь народ у адзін голас адказаў: «Усе словы Госпада, якія Ён сказаў, — споўнім».
І прышоў Масей, і пераказаў люду ўсі словы СПАДАРОВЫ і ўсі суды; і адказаў увесь люд у вадзін голас, і сказалі: «Усі словы, што сказаў СПАДАР, учынім».
І запісаў Майсей усе словы Госпада; і, зранку ўстаўшы, пабудаваў ён ахвярнік ля падножжа гары і паставіў дванаццаць камянёў, адпаведна дванаццаці пакаленням Ізраэля.
І напісаў Масей усі словы СПАДАРОВЫ, і ўстаў рана нараніцы, і збудаваў аброчнік пад гарою і двананцаць стаўпоў подле двананцацёх плямён Ізраелявых.
І паслаў юнакоў з сыноў Ізраэля, і яны склалі ахвяру цэласпалення; і ўчынілі Госпаду мірнае ахвярапрынашэнне з цялят.
І паслаў маладзёнаў із сыноў Ізраелявых, і абраклі яны ўсепаленьні і супакойныя аброкі з валоў СПАДАРУ.
Такім чынам, узяў Майсей палову крыві і ўліў у чары; а астатняй часткаю крыві пакрапіў ахвярнік.
І ўзяў Масей палавіцу крыві, і ўліў у чары, а палавіцаю крыві пакрапіў аброчнік.
І, узяўшы кнігу запавету, чытаў ён пры ўвазе народа, які сказаў: «Усё, што сказаў Госпад, — споўнім і будзем паслухмяныя».
І ўзяў кнігу змовы, і прачытаў учуткі люду; і сказалі яны: «Усе, што сказаў СПАДАР, зробім, і будзем слухаць».
А ён кроў, што засталася, пакрапіў на народ і сказаў: «Гэта кроў Запавету, які Госпад заключыў з вамі на падставе ўсіх гэтых слоў».
І ўзяў Масей крыві, і пакрапіў на люд і сказаў: «Во кроў змовы, каторую СПАДАР учыніў із вамі, узглядам усёга гэтага».
І ўзышлі Майсей і Аарон, Надаб і Абігу, і семдзесят старэйшын Ізраэля,
І ўзышоў Масей а Аарон, Надаў а Авігу а семдзясят із старцоў Ізраелявых,
і ўбачылі яны Бога Ізраэля, а пад Яго нагамі нешта, падобнае на твор з сапфіравага каменя і падобнае на самое неба, калі яно яснае.
І бачылі Бога Ізраелявага; і пад нагамі ў Яго штось падобнае да работы з чыстага шафіру і, як самае неба, яснае.
І на выбраных сыноў Ізраэля не падняў Ён рукі Сваёй; і глядзелі яны на Бога, і елі, і пілі.
І на абраных із сыноў Ізраелявых Ён ня выцягнуў рукі свае. І яны сузіралі Бога, і елі, і пілі.
І сказаў Госпад Майсею: «Падыміся да Мяне на гару і будзь там; і Я дам табе каменныя табліцы, і закон, і настаўленні, якія Я напісаў, каб ты навучыў іх».
І сказаў СПАДАР Масею: «Узыйдзі да Мяне на гару, і будзь там; і Я дам табе табліцы каменныя а права а расказаньне, каторыя Я напісаў, каб іх вучыць».
І ўстаў Майсей і Ешуа, яго памочнік; і, узыходзячы на гару Божую,
І ўстаў Масей а Ігошуа, слугачы ягоны, і ўзышоў Масей на гару Божую.
сказаў Майсей старэйшынам: «Чакайце тут, пакуль мы не вернемся да вас. Маеце Аарона і Гура з вамі; калі ўзнікне якая справа, звяртайцеся да іх».
А старцом сказаў: «Сядзіце дзеля нас тут, пакуль мы ня зьвернемся да вас; і вось, Аарон а Гур із вамі; хто бы меў справу, няхай бліжацца да іх».
І калі Майсей узышоў на гару, воблака накрыла гару;
І ўзышоў Масей на гару; і пакрыў булак гару.
і заставалася слава Госпада на Сінаі, ахінаючы яе воблакам шэсць дзён; у сёмы ж дзень паклікаў Майсея з сярэдзіны воблака.
І слава СПАДАРОВА вітала на гары Сынай; і пакрываў яе булак шэсьць дзён, і Ён гукнуў сёмага дня да Масея з пасярод булаку.
А выгляд славы Госпада быў, быццам агонь палаючы на вяршыні гары на вачах сыноў Ізраэля.
І выгляд славы СПАДАРОВАЕ быў на версе гары, як агонь зьядаючы перад ачмі сыноў Ізраелявых.
І, увайшоўшы ў сярэдзіну воблака, Майсей узышоў на гару; і заставаўся ён там сорак дзён і сорак начэй.
І іступіў Масей у сярэдзіну булаку, і ўзышоў на гару; і быў Масей на гары сорак дзён і сорак ночаў.